Параўналі цэны на курыцу ў Беларусі, Польшчы і Літве. Дзе танней?
Раздзеланая тушка курыцы, а дакладней яе кошт і рэакцыя Лукашэнкі, выклікалі цэлы вір падзей: ад мараторыя на рост цэн да новых крымінальных спраў. «Наша Ніва» паглядзела, як адрозніваюцца цэны на курынае мяса ў Беларусі і суседніх краінах ЕС.
У Беларусі ахалоджаная тушка кураняці-бройлера прадаецца па цане 5 рублёў 77 капеек за кілаграм.

У Польшчы аналагічны прадукт каштуе 12 злотых за кілаграм — гэта каля 6 рублёў.

Філе грудкі ў нас каштуе каля 11.50 рубля за кіло. У Польшчы яго прадаюць па 26 злотых за кілаграм, ці па 13 рублёў. У Літве курынае філе з грудной часткі каштуе 5.50 еўра, ці каля 13.50 рубля. Пры гэтым падчас акцыі гэтае самае мяса можна набыць па 3 еўра за кілаграм, што эквівалентна 7.50 рубля.

Цэны на курыныя голені выглядаюць так:
- Беларусь — 7.35 рубля;
- Польша — 6 рублёў (12 злотых);
- Літва — 8.75 рубля (3.50 еўра).
А што з цэнамі на іншае мяса?
Свіная лапатка без косткі ў Беларусі прадаецца па 16 рублёў за кілаграм. У Польшчы — менш за 10 рублёў за кіло (19 злотых). У Літве такое мяса прадаюць па 11.50 рубля (4.50 еўра).

За кілаграм мяса свінні з шыйнай часткі ў Беларусі давядзецца заплаціць каля 23 рублёў.

Шыйная частка ў Польшчы каштуе 12.50 рубля (25 злотых). У Літве — каля 16 рублёў (6,50 еўра).
Варта адзначыць, што заробкі ў Польшчы і Літве прыкладна ўдвая вышэйшыя, чым у Беларусі, а даходы людзей — нават больш, чым удвая, бо доля прыватнага сектара ў эканоміцы вышэйшая, а з ёю — і даходы не з зарплат. Якасць мясных прадуктаў у Еўрасаюзе таксама вышэйшая, бо санітарны кантроль стражэйшы.
Каментары