«Квіткоў было не купіць!» Што за спектакль з аншлагам прэзентавалі «Купалаўцы»
«Гэта былі эксклюзіўныя паказы і паўтарыць іх не ўдасца», — кажуць у трупе пра новы спектакль паводле Адама Міцкевіча.
«Гэта былі эксклюзіўныя паказы і паўтарыць іх не ўдасца»
8 і 9 кастрычніка ў Польскім тэатры ў Варшаве адбыліся дзве прэм’еры спектакля «Рамантыка» паводле «Баладаў» Адама Міцкевіча. Над новай пастаноўкай акцёры працавалі два месяцы. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам быў Мікалай Пінігін. Ужо на пачатку верасня квіткі на спектакль былі раскупленыя.
Пра спектакль расказвае актрыса Валянціна Гарцуева. Яна дзеліцца, што паставіць «Балады» Міцкевіча прапанавалі купалаўцам калегі з польскага тэатра. Купалаўцы «ўчапіліся за яе, бо ўгледзелі ў ёй перспектыўнасць».
Ролі ў спектаклі выконвалі 18 купалаўцаў. Сярод іх Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская, Зоя Белахвосцік, Віктар Манаеў. Усяго ў пастаноўцы задзейнічаныя больш за тры дзясяткі супрацоўнікаў тэатра.
«Гэта быў масавы спектакль, — адзначае Валянціна Гарцуева.
У нас быў аншлаг. Шмат гледачоў, беларусаў. Мы разумелі, што так і будзе, бо гэта, можна сказаць, эксклюзіўныя паказы. Іх паўторы немагчымыя, бо патрэбна вялікія трупа. Мы разумеем, што не збяромся яшчэ раз».
Маладога Адама Міцкевіча да напісання баладаў натхніла яго гісторыя з закаханасцю ў дзяўчыну, з якой ён пазнаёміўся ў 1818 годзе падчас летніх вакацый у маёнтку пад Наваградкам. Яго балады сталі наватарскімі і заявілі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму. У многіх выкарыстаны паэтычныя вобразы беларускага фальклору, фантастыкі і дэманалогіі. На сцэне Польскага тэатра праз 200 гадоў беларускія акцёры паказалі сваю версію твора Міцкевіча.
«Для мяне безумоўна гэты спектакль пра каханне, любоў паміж намі. Пра любоў да згубленай радзімы. Пра надзею яе зноў адшукаць», — кажа Валянціна Гарцуева.
«На паклоне дужа хацелася плакаць»
«Пакуль імкліва каціліся ў траву жнівеньскія зарапады, купалаўцы пачалі рэпетыцыі ў варшаўскім Тэатры Польскім. Для пастаноўкі мы выбралі рок-зорку, прарока і хулігана польскага рамантызму, нашага земляка — Адама Міцкевіча», — пісалі купалаўцы пра працу над новай пастаноўкай.
Валянціна Гарцуева іграла ў трох баладах: «Люблю я», «Уцёкі», «Рамантыка». Усе акцёры выконвалі шмат роляў, а калі іх не было ў нейкай баладзе, то ім знаходзілася месца ў хоры.
«Мы пастаянна былі на сцэне. Усе павінны былі ведаць увесь тэкст. Гэта была вялікая праца для ўсіх», — адзначае яна.
Актрыса кажа, што не можа дагэтуль зразумець сваіх пачуццяў ад таго, што ёй давялося перажыць, іграючы ў «Рамантыцы» на польскай сцэне для беларускай публікі.
«Ці гэта былі моцныя пачуцці ад спаткання купалаўцаў з гледачамі. Ці гэта пачуцці пад уплывам спектакля, таму зрабілася магія паміж намі. Ці гэта наша стомленасць. Мы працавалі шмат, амаль два месяцы над спектаклем. Кожны дзень рэпетыцыі. Магчыма, гэта ўсё разам. На паклоне мне дужа хацелася плакаць», — згадвае свае эмоцыі на прэм'еры суразмоўца.
«Для мяне адно з самых галоўных было тое, што я пабачыла нашых людзей, нашых гледачоў, — адзначае яна. — Мы існуем таму, што яны існуюць. І мы патрэбныя гледачам».
«Міцкевіч не разгаданая намі загадка»
Валянціна Гарцуева прызнаецца, што ў яе была перад спектаклем боязь, бо ёй разам з калегамі даводзілася прэзентаваць палякам беларускага Міцкевіча. Яна ўпэненая: беларусы павінны ставіць спектаклі па творах Міцкевіча, чытаць іх.
«Мы мусім ураўнаважыць гісторыю з Міцкевічам польскім, літоўскім і беларускім».
У творчасці Міцкевіча моцная сувязь з тэмаю продкаў, з тэмаю адказнасці перад продкамі за свае ўчынкі.
«У гэтыя цёмныя часы, калі столькі рэпрэсій, гвалту, бачым вайну на свае вочы ў суседняй краіне, такія тэмы дужа актуальныя», — адзначае Гарцуева.
Тэатр валодае такімі рэсурсамі, каб не казаць пра складанае і вусцішнае проста ў лоб. Тэатр дапамагае самастойна думаць.
«Гэты спектакль мае вялікае поле для фантазій. Беларусам не трэба цяпер казаць, які Міцкевіч актуальны, бо яны самі здольныя адшукаць у ім усе сэнсы. Але асабіста я бачу ў творчасці Міцкевіча больш любові.
Міцкевіч наогул неразгаданая пакуль намі загадка, у якой ёсць містычная сувязь нашага свету з іншым».
«У выгнанні сталі больш незалежнымі»
Цяпер «Купалаўцы», як і тысячы беларусаў, у выгнанні. Ці адбіваецца сум па краіне на працы акцёра?
«На тое мы і акцёры, каб перадаваць на сцэне толькі тое, што неабходна для спектакля, ролі, што патрабуе рэжысёр — такая наша прафесія», — адказвае Валянціна Гарцуева.
«З іншага боку мы сталі больш незалежныя,
— падкрэслівае яна. — Мы так і называемся «Свабодныя Купалаўцы». Мы можам цяпер самастойна збіраць матэрыял для спектакля. Запрашаць рэжысёра. Можам казаць са сцэны тое, што менавіта цяпер баліць, то-бок быць больш актуальнымі, чым раней. Можам гаварыць праўду. Нават на мове мастацтва, але гэта не важна».
У адным са зваротаў да гледачоў купалаўцы пішуць: «Каханенькія-родненькія! Цяжка паверыць, але мы з вамі ёсць адно ў аднаго ўжо два гады! І для нас гэта якасна новы ўзровень гульні: з грувасткай дзяржаўнай махіны мы ператварыліся ў спрытную і незалежную тэатральную групу, гатовую да самых розных выклікаў: хоць драматычных, хоць рамантычных».
Валянціна Гарцуева прызнаецца, што досвед быць незалежнымі большасць купалаўцаў атрымлівае толькі цяпер, у выгнанні.
«Я спала доўгі час, — працягвае акцёрка. — Калі на самым галоўным узроўні няма ніякай крытыкі, то і на іншых узроўнях яе не будзе. Я нават не думала часам, ці гэта добра. Я проста год за годам рабіла так, як разумела ў прафесіі. Ніякіх сэнсаў больш не было.
Цяпер я магу сапраўды рабіць больш тое, што мне хочацца, падабаецца. І вядома ж, я шкадую, што раней не зрабіла шмат праўдзівых рэчаў».
«У Беларусі мы выходзілі на сцэну кожны дзень»
Купалаўцы гастралююць па Польшчы. 12 кастрычніка ў Беластоку з аншлагам прайшоў спектакль «Гусі-Людзі-Лебядзі» паводле адной з частак рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Гэтую ж пастаноўку паказалі ва Уроцлаве.
Валянціна Гарцуева адзначае, што ў Польшчы купалаўцы выступаюць, сустракаюцца з гледачамі, але параўноўваць насычае тэатральнае жыццё ў Беларусі з тым, якім яно ёсць, усё ж немагчыма.
«Тады мы кожны дзень выходзілі на сцэну, — тлумачыць яна. — Цяпер жа тое адбываецца добра калі раз на месяц, таму для нас кожны спектакль, кожныя гастролі — гэта вялікая, вялікая падзея. Мы нашмат больш хвалюемся, чым раней. Але гэта частка нашай прафесіі. Мы нават адчуваем, што нешта губляем, але кожны акцёр павінен быць тэхнічна і маральна гатовы да такіх рэчаў».
Валянціна Гарцуева кажа, што не бачыць сябе польскай акцёркай у польскім тэатры і прагне вярнуцца ў Беларусь.
«Я бачу сэнс існавання ў Беларусі, тут мы, каб захаваць нашу трупу, яе якасць і вярнуцца некалі ў сцены нашага роднага будынка. Мы ўсе, як мне падаецца, бачым у гэтым сэнс», — даводзіць яна.
Ці ёсць пачуццё шкадавання, злосці на тое, што давялося пакінуць акцёрскі дом, якім быў Купалаўскі тэатр для большасці трупы?
«Ужо няма, — адказвае Гарцуева. — Першы час мы былі абураныя, расчараваныя ў людзях, калегах. Была туга. Усё гэта не ўкладалася ў галаву. Цяпер мы разумеем, што гэта не мае дачынення да Купалаўскага тэатра. За падзеямі сачыць перасталі».
«Калі нам пішуць штодня, то разумеем: мы сапраўды патрэбныя, — падсумоўвае актрыса. — На тым выжываем і трымаемся.
Мы безумоўна засяроджваемся на сабе трохі. У нас ёсць шмат вялікіх праблемаў і страшных падзей вакол нас, каб іх перажываць. Неяк нават не хочацца каментаваць, што там адбываецца».
Калектыў Купалаўскага тэатра 13 жніўня 2020 году запатрабаваў спыніць гвалт супраць мірных грамадзян і выступіў за перападлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах з удзелам незалежных назіральнікаў. 16 жніўня акцёры падпісалі адкрыты зварот. На наступны дзень дырэктара тэатра Паўла Латушку звольнілі. За ім былі звольненыя яшчэ 58 акцёраў і супрацоўнікаў.
Як адрэагавала публіка на прэм’еру Купалаўцаў
Гледачы, якім пашанцавала трапіць на прэм'еру, адзначаюць шыкоўныя касцюмы, прыемную атмасферу і бліскучую ігру купалаўцаў.
На прэм'еры былі і вядомыя асобы. Напрыклад, рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна і плыўчыха Аляксандра Герасіменя.
«На ўсю Варшаву моцная культурная падзея — прэм’ера нашых геніяльных купалаўцаў у Тэатры Польскім. Брава, уся трупа і маэстра Пінігін! Другі аншлаг запар! Білетаў не купіць! Вось якім павінен быць наш адказ на ўсе неспрыяльныя для нас абставіны — рабіць свае, працаваць шмат і не ныць!» — дзеліцца водгукам у сацсетках адна з глядачак.
«Але скажу шчыра — першая частка такая сумная, што рамантычнасцю я б не назвала… — выказваецца іншая. — Наогул гаворка на тэму славянскага стаўлення да кахання і адданасці гэта вечная пакута і страты, хрысціянства падкідвае толькі мацнейшай пакуты, але гэта ж якраз да рэфлексіі і асабістага ўспрымання».
«Купалаўцы, а ці не можаце вы застацца ў гэтым тэатры? — напісала яшчэ адна глядачка. — У нейкі момант падалося, што мы ў Купалаўскім».
Каментары