Гісторыя1111

Гісторыя аднаго мудрага рашэння 1915 года, ці Чаму Маргарыта Ляўчук у 2020-м дзейнічала так, як дзейнічала

Нават калі сляды гісторыі сціраюць з публічнай прасторы, мінулае працягвае жыць у сямейнай памяці, і нават сцёртае з сямейнай памяці, яно жыве ў тых прынцыпах, якія перадаюцца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне, у тых інстынктах і рэфлексах, якія намі кіруюць. Але каб сфарміраваць моцную нацыянальную свядомасць, якая б грунтавалася на рэальных, а не надуманых уроках гісторыі, мы мусім па фрагментах рэканструяваць гісторыю праўдзівую, поўную, і якая пачынаецца не з 1994 ці 1944 года, піша на «Банку ідэй» Андрэй Дынько.

«Дружныя людзі»

Мы са спявачкай Маргарытай Ляўчук — з адной зямлі, нашы продкі з сёл між Брэстам і Коднем.

Мяне ўразіла, што Маргарыта не ведала пра вызначальны факт з гісторыі месцаў сваёй сілы. Таго факта то і амаль ніхто ўжо не ведае (пакуль вы не прачыталі гэты артыкул), але што не ведала і Маргарыта — мяне ўразіла. Бо, па-мойму, што менавіта гэты факт тлумачыць, чаму Марго такая, якая ёсць, і зрабіла той выбар, які зрабіла.

Фотаздымак: Маргарыта Ляўчук з татам у вёсцы Страдзічы, Tut.by

Студэнтам, шукаючы абрыўкі фактаў у нудных краязнаўчых выданнях, я спатыкнуўся на незразумелым для мяне факце. Чамусьці да Першай сусветнай вайны Прылукі (сяло, скуль родам мая баба па маме, Пелагея, па-нашаму: Полька), было ў паўтара разу большым, чым Страдзічы (сяло, скуль родам Маргарыціна прабаба па маме, Ганна, па-нашаму, Гандзя).

Ад Прылук да Страдзіч кіламетраў пяць.

У 1905 годзе ў Прылуках жыло 1459 жыхароў, у Страдзічах — 1090.

У 1921-м у Прылуках засталося 383 чалавекі, у Страдзічах — 807.

Страдзічы так і застануцца ўтрая большым сялом, праз другую вайну і да нашых дзён. Страдзічы і цяпер называюць «Кітай-сяло».

Я стаў пытацца ў сваёй бабы, чаму так. Усё аказалася проста. Так некалі праз гадоў сто нашым нашчадкам тое, што мы рабілі ў 2020-м будзе здавацца выключна простым і адназначным.

«А бо страчукі дружны люды! Нэ далыся до Росеі вывэзты, — расказала баба. — Прылучаны поіхалы, а страчукі запэрлыся і нэ далыся, хоть іх казакі былы».

У нас быў такі харошы дыялект, Маргарыта на ім спявае песні, я спадзяюся, яна запіша цэлы цыкл іх. «Запэрлыся» азначае «ўпёрліся». Жыхары Страдзіч не даліся, каб іх вывезлі ў Расію ў бежанства, засталіся ў сваіх хатах, хоць казакі іх білі.

1915-ы

У 1915-м расійскія войскі адступалі і адступалі. Тактыка Расійскай Імперыі была: пры адступленні пакідаць выпаленую, пустую зямлю. Улады змушалі жыхароў эвакуявацца.

Распаўсюджвалі хлусню, што немцы будуць усіх забіваць, а хто не верыў — вывозілі сілай.

Уцекачы ў чарзе па ежу ў Бабруйску у верасні 1915 г

Страдзічы былі адзінай вёскай у нашай зоне, жыхары якой катэгарычна адмовіліся выехаць — прынамсі, большасць грамады адмовілася.

Лінія фронту пракацілася праз сяло неўзабаве, пасля была аўстрыйска-нямецкая акупацыя з яе рэквізіцыямі, пасля яшчэ пяць разоў улада мянялася — немцы адступалі, прыйшлі ўкраінцы, пасля палякі, пасля бальшавікі, пасля зноў палякі, зноў бальшавікі, зноў палякі — з боем гэтым разам, кожны дзёр сялян, у 1920-м быў страшны голад, але ўсё гэта разам, аказалася, не так страшна, як бежанства ў Расіі.

Кожная трагедыя страшная, кожны чалавек унікальны. Але ўсё ж удумайцеся ў маштабы: у выніку бежанства ў Расіі згінула каля 1200 жыхароў Прылук, а ў Другую сусветную вайну ўсяго-ўсяго, на фронце, ад абстрэлаў 1939-га, 1941-га, ад расстрэлаў, ад рук партызан, паліцыі, ад абстрэлаў 1944-га, на мінах, ад рук пасляваенных партызан, тут загінула ўсяго 35 чалавек, у 21 раз менш.

Катастрофа, якой, магчыма, ва ўсёй тысячагадовай гісторыі гэтага сяла не было — Прылукі страцілі трох з чатырох жыхароў, і ніякага знаку, ніякай памяткі няма пра тую трагедыю, нічога, нуль. Як і не было нічога.

Як няма ніякага знаку ў Страдзічах у памяць пра мудрасць страчукоў у 1915-м, без якой многіх з цяпер жывых — можа і Маргарыты таксама — не было б. Толькі статыстычныя даныя яшчэ кажуць нам, што між 1905 і 1921 тут здарылася нешта жахлівае.

Яшчэ дзве гісторыі аб 1939-м і 1945-м.

1939-ы

Другім паваротным годам для Страдзіч быў 1939-ы. Вакол адбудаванай пасля падзення СССР страдзецкай царквы шмат магіл. На іх даты — 19, 20, 21 верасня 1939 года. Чаму 19 верасня 1939 года, не мог я зразумець, калі быў малы. Нам жа казалі, што вайна пачалася ў 1941-м.

Між тым найбольшая трагедыя Страдзіч здарылася ў 1939-м. Палякі, адступаючы, абаранялі масты цераз Буг, адзін з такіх быў проці Страдзіч. Пасля 17 верасня, пасля ўступлення ў вайну Савецкага Саюза дарогай жыцця для польскай арміі і польскіх эліт стала дарога ў Румынію. Абарона Брэсцкай крэпасці доўжылася да 17 верасня, далей палякі сталі адступаць на поўдзень, у кірунку Валыні, Карпат. А немцы насядалі, абстрэльвалі сяло за ім, бамбілі. Згарэла царква, шмат народу загінула, людзі яшчэ не гатовыя былі да вайны, не падрыхтаваныя, не ўмелі бліндажы будаваць, гэта быў першы шок.

Ізноў: у Страдзічах няма ні помніка, ні шыльды, ні экспазіцыі ў школьным музеі памяці таго трагічнага дня. Яго проста няма ў афіцыйнай памяці, між тым ён таксама многа тлумачыць і многаму вучыць. Толькі даты на помніках пра яго яшчэ нагадваюць.

У Прылуках трагедыя магла быць яшчэ большай, але не стала: немцы пашыхтавалі людзей, каб расстраляць у адплату за абстрэл свайго авангарду, і толькі паляк-настаўнік, які ўмеў гаварыць па-нямецку, здолеў пераканаць афіцэра, што сяляне то тут ні пры чым. Мая баба на ўсё жыццё запомніла прозвішча настаўніка: Родзай. Бабе тады было 23, у яго на руках была мая мама, якой быў годзік. Калі б не пан Родзай, то не было б бабы, не было б мамы, і мяне б не было, і вы б гэтага не прачыталі. Пан Родзай быў з цэнтральнай Польшчы, выжыў у вайну, і прылучане, якія былі доўга ўдзячныя за тое выратаванне, нават ездзілі да яго ў Польшчу пасля вайны.

Нічога гэтага вы не знойдзеце ні ў кнізе «Памяць», ні ў музеях, не кажучы пра мемарыяльны знак у Прылуках, якога пан Родзай заслугоўвае.

1945-ы

І трэцяя падзея, якая вызначыла тое, якімі сталі Страдзічы, і Прылукі, і Заказань, і Дурычы цяпер — гэта савецкае высяленне.

Гэта ўсё старыя селішчы. Даліна Буга — такое месца, дзе людзі жылі без перапынку ад часу засялення чалавекам, першыя людзі акурат па Бугу на поўнач падымаліся. Выгода: шырокі Буг, а на яго правым беразе — урадлівая даліна, а каля яе сасновыя лясы на пясчаных дзюнах.

Пасля таго як нацысты і саветы правялі мяжу па Бугу першыя два гады людзі працягвалі жыць пры граніцы, насілі ўброд кантрабанду з савецкага берага на нямецкі і назад. У 1941-м людзей выселілі, пасля прыходу немцаў людзі вярнуліся назад у свае хаты, якія не паспелі разабраць, а ў 1945-м ці 1946-м, я сам не ведаю дакладна, выселілі ўжо другі раз, канчаткова. Усе паселішчы, дзе людзі да таго жылі дзесяць тысяч гадоў, сталі «нейтральнай зонай», адрэзанай калючым дротам. Гэта была страшная драма для людзей, іх сядзібы векавыя, сады, старыя могілкі аказаліся за дротам, яны ніколі іх не пабачаць— ніколі. Мая мама расказвала: на старой сядзібе ў дзеда быў раскошны сад, ён любіў гэта, а там дзе іх перасялілі, не было ні дрэўца. А ёй так хацелася яблыка, грушкі. Малая — восем годзікаў, хочацца вітаміну. І яна памятае, як шукала на дарозе кінутыя недагрызкі, падымала і ела.

Цэнтр Страдзіч не высялялі, але тыя прыселкі, якія змяшчаліся бліжэй да Буга, спазналі тое, што і ўсе прыгранічныя сёлы. Баба Маргарыты акурат з такога прыселка — Белагораў.

У Маргарыты ёсць пра гэта шчымлівая песня «Над Бугам», напісаная на словы яе мамы.

І пра гэты драматычны эпізод зусім жа нядаўняй гісторыі няма ні знаку, ні запісу ў кнізе «Памяць».

Лукашысцкая версія гісторыя Беларусі — гэта фальшыўка, з якой не зразумець, чаму ўсё стала так, як стала, і чаму цяпер робіцца тое, што робіцца.

Грамадзянская супольнасць

Уявіце сабе, што было б, калі б усе заходнія беларусы ў 1915 годзе адмовіліся ехаць у бежанства. Дагэтуль не падлічана, але выказваюцца гіпотэзы, што тады загінуў нават мільён чалавек. Анета Прымака з Падляшша напісала моцную кнігу «1915. Забытыя бежанцы», вельмі раю.

Страчукі аказаліся мудрыя. Гэта была моцная грамада, раз яны не толькі разважылі і пастанавілі застацца, але і адстаялі сваё рашэнне. Процістаяць казакам — тагачаснаму амапу — было рызыкай, але яна аплацілася.

Складанае пытанне — чаму менавіта страчукі былі такія «дружныя», як паважліва характарызавала іх мая баба. Трэба шукаць: былі, значыць, там аўтарытэтныя, з крытычным мысленнем людзі. Маю і такую гіпотэзу: гэта ўплыў суседняга гарадка Кодань, на другім беразе Буга. Стагоддзямі ад Страдзіч да Кодня было 5 км — уброд, ці на чаўне, ці на пароме, ці мостам. Гэта цяпер ад Страдзіч да Кодня трэба ехаць 60 км і стаяць на граніцы дзень, а калісьці — каробку чарніц назбіраў, і на базар. Гэта быў гарадок з магдэбургскім правам! Там быў замак, а ў ім царква, пабудаваная ў 1520-м Паўлам Сапегам — маленькі шэдэўр праваслаўнай готыкі.

Царква ў Кодне ва ўнікальным стылі праваслаўнай готыкі. Фота: Wikimedia Commons

Гэта быў свет розных культур. У Кодне суіснавалі роўналікія праваслаўная (доўгі час — уніяцкая), каталіцкая і жыдоўская грамады. У Страдзічах жылі таксама жыды і цыганы. Побач на поўдзень былі паселішчы галендраў — перасяленцаў з Нідэрландаў.

У Страдзічах царкву адбудавалі ў 1990-х — замест той, якая згарэла ў 1939-м. Але ўбогай мураўёўскай архітэктуры, вядома, без рэмінісцэнцый праваслаўнай готыкі.

У падручніку гісторыі жыхары Страдзіч і іх рашэнне 1915 года заслугоўвае асобнага раздзела.

І зрабіць бы музей памяці тых падзей у Страдзічах, сабраць памяткі — яны яшчэ ёсць у сем’ях, хоць не ўсюды ўжо разумеюць, што значаць тыя ці іншыя рэчы, дакументы. І аднавіць бы мост ці паром цераз Буг у Кодань. Турыстаў заварожвала б. І архітэктура, і краявіды надбужанскіх выдмаў. І гэтая добрая зацятасць страчукоў, і іх дружнасць — тая салідарнасць, грамадзейскасць, запёртасць, якія прабудзіліся праз пакаленні ў Маргарыце Ляўчук.

Каментары11

  • Лідкін боршч
    16.10.2022
    Згодны, адзін вусаты мужык вырашыў, што гісторыя ў Беларусі пачынаецца з 1944г. Нажаль, вельмі шмат гісторыкаў з'явілася, якія галовамі ды шыямі ківалі на яго дуркаватыя гістарычныя прамовы.
  • Кош
    16.10.2022
    Дыялект дыялектам, прыгожы, не адмаўляю, але лаецца вашая Маргарыта расейскай бруднай лаянкай. Каму не лянота, можаце паслухаць. Дзе набралася? Можа ў Італіі якой ? Хутчэй за ўсё там, ну не ў Страчуках жа ?..
  • Железный Дровосек
    16.10.2022
    Лишнее подтверждение—как только куда-то влазят недоразвитые со своёй ымперыяй,будет все загажено и уничтожено. Чужая земля,чужой язык и народ,вам какого х..а здесь надо? Что вам в своих еб***нях не сидится?
    Нет,надо влезть в чужой дом и все изломать,выселить,намотать свою вонючую колючую проволоку. А потом—«ой,а откуда у вас такая русофобия? А как же пушкин-кукушкин и хруст французской булки,медведи в кокошниках и горящие избы на конях с бабами?»

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні11

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?5

Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу3

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай9

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

Аляксей Лявончык пра фільм на АНТ: Нашу базу ніхто не ўзломваў6

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні11

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →