Эканоміка33

З Беларусі масава рэлакуюцца не толькі IT-кампаніі, але і транспартныя

У выніку санкцый, накладзеных на Беларусь за саўдзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, па шляху рэлакацыі былі вымушаныя пайсці не толькі шматлікія IT-кампаніі, але і прадстаўнікі транспартнай галіны.

Беларускія транспартныя кампаніі з 6 красавіка не могуць працаваць на тэрыторыі ЕС. Забарона дзейнічае ўжо больш за паўгода і прывяла да таго, што беларускія перавозчыкі пачалі ўсё часцей адкрываць фірмы ў суседніх краінах Еўропы. 

Як паведаміў «Нашай Ніве» чалавек, які не адзін год працуе ў сферы лагістыкі, працэс адкрыцця фірм беларусамі ў Еўропе не спыняецца.

«У Беларусі і раней былі буйныя перавозчыкі, якія мелі фірмы і транспарт, зарэгістраваны не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і ў ЕС. Тое самае рабілі і некаторыя буйныя еўрапейскія перавозчыкі, у якіх былі даччыныя кампаніі ў Беларусі, Расіі ці Казахстане. Тады гэта ў першую чаргу было звязана з пытаннямі атрымання дазволаў на перавозку. Цяпер прычыны іншыя, хочаш дастаўляць грузы з Еўропы — адкрывай там фірму».

Па словах суразмоўцы, менавіта кампаніі, якія ўжо мелі дзейныя фірмы ў Еўропе, першымі пачалі актыўна пераводзіць бізнэс у іншыя краіны, бо ім не трэба было марнаваць час на адкрыццё фірмы і атрыманне ліцэнзіі. Дастаткова было толькі набыць дадатковыя грузавікі на ўжо існуючую замежную фірму.

Складаней з пераходам пад еўрапейскія сцягі было тым, каму давялося пачынаць бізнэс у ЕС з нуля. На адкрыццё фірмы і атрыманне ліцэнзіі патрэбны час. У сярэднім працэс займае 3—4 месяцы. 

Пачаткова на такія крокі наважваліся буйныя і сярэднія перавозчыкі, паколькі трэба было мець пэўную падушку бяспекі, каб накіраваць сілы на куплю транспарту і адкрыццё фірмы ў ЕС. Цяпер жа, па словах перавозчыкаў, да гэтага прыходзяць і дробныя транспартнікі.

«У людзей застаецца ўсё менш страху перад адкрыццём фірмы ў ЕС, таму працэс працягваецца, бо на рэйсах у Расію і далей на ўсход асабліва не заробіш», — прызнаецца перавозчык, які знаходзіцца ў працэсе продажу беларускіх фур.

Перавод бізнэсу пад польскую фірму даволі хутка акупіўся

«Асноўная праблема — гэта не адкрыць фірму ў ЕС і набыць там машыны, а пазбавіцца транспарту, зарэгістраванага тут — у Беларусі. Нават калі машына не знаходзіцца ў лізінгу, то знайсці купца цяпер даволі складана, бо попыт на такі транспарт знізіўся», — кажа перавозчык.

Іншы суразмоўца ўжо цалкам перайшоў да працы пад польскім сцягам. На перавод бізнэсу ў Польшчу ў яго сышло каля чатырох месяцаў. 

«Рашэнне выдаткаваць час і грошы на перавод бізнэсу ў Польшчу даволі хутка акупілася, бо тарыфы на перавозку з ЕС у РБ цяпер высокія. Апроч гэтага, трэба разумець, што ў краінах Еўропы сам транспарт каштуе значна танней, чым у нас.

За тры бусы, прададзеныя ў Беларусі, у Польшчы можна набыць чатыры-пяць аналагічных машын.

Гэта яшчэ адзін плюс на карысць працы там, бо розніца ў цэнах на транспарт пакрывае лішнія выдаткі на ўтрыманне фірмы, адкрыццё ліцэнзіі і г.д.», — дзеліцца іншы перавозчык.

Апроч гэтага, суразмоўца дадае, што наяўнасць фірмы, зарэгістраванай у ЕС, дае магчымасць перавозіць грузы не толькі з ЕС у Беларусь, але і ўнутры Еўропы. 

«Пакуль што выгадней працаваць менавіта на ўсходнім кірунку, але калі раптам здарыцца, што перавозкі ў Беларусі стануць не выгаднымі, то можна будзе рабіць па Еўропе».

Польшча, Літва, Латвія і нават Грузія

Крыху асабняком сярод перавозчыкаў стаяць тыя, хто займаецца дастаўкай аўто. У маі беларускі бок паслабіў контрсанкцыі, калі дазволіў аўтавозам дастаўляць грузы не толькі да ТЛЦ, а на любы ўнутраны пункт мытнага афармлення. 

«Амаль усе, хто меў аўтавозы ў Беларусі, хутка перайшлі пад еўрапейскую юрысдыкцыю. Сярод найбольш папулярных кірункаў — адкрыццё фірмы ў Польшчы і Літве, але ёсць і тыя беларусы, хто цяпер працуе пад латвійскім і нават грузінскім сцягамі».

Па назіраннях перавозчыка, большасць фірм, якія дастаўляюць машыны ў Беларусь, належыць менавіта беларусам. Па словах суразмоўцы, частка яго калег вырашылі не закрываць ІП і не распрадаваць беларускія грузавікі, паспрабаваўшы перанакіраваць іх на па маршруце Беларусь — РФ.

«Але хапае і тых, каму ўдалося распрадаць аўтапарк і цалкам ліквідаваць сваю дзейнасць у Беларусі», — адзначае перавозчык.

Санкцыі не дзейнічаюць?

Працэс рэлакацыі транспартнікаў за межы Беларусі чарговы раз даказвае, што санкцыі дзейнічаюць, але адбываецца гэта не аднамомантна, бо шмат для якіх рэчаў патрэбны час. Як і ў выпадку з рэлакейтам у IT-сферы, сыход часткі беларускіх перавозчыкаў пад юрысдыкцыю іншых краін прывядзе да таго, што падаткі і іншыя адлічэнні, якія раней паступалі ў наш бюджэт, — сыдуць у Польшчу, Літву і іншыя краіны. Добра, калі ўласнікі бізнэсу застануцца жыць у Беларусі і траціць заробленыя грошы ўнутры краіны, але горш, калі разам з бізнэсам з краіны з'едуць і людзі. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: Дзве кампаніі з беларускімі каранямі ўвайшлі ў топ-3 IT-кампаній у Літве 

Санкцыі засталіся, а дастаўка ў Беларусь падаражэе. Што змянілася ў дачыненні да еўрапейскіх перавозчыкаў?

Каментары3

  • Шлагбаум
    30.10.2022
    -Динамо рэлякуется ? - Всё рэлякуются !
  • SHOS
    30.10.2022
    Вывод статьи хоро, да. Медленная адаптация экономики, схлопывание фирм, деградация.
    Браво, вялики иканамист!
  • Справка
    30.10.2022
    [Рэд. выдалена]
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Валерый Цапкала расказаў, чым цяпер займаецца5

Валерый Цапкала расказаў, чым цяпер займаецца

Усе навіны →
Усе навіны

Як выглядае Юрась Зянковіч пасля вызвалення ФОТАФАКТ4

Уначы на пажары ў лесе ў Воранаўскім раёне маліліся ксёндз, вяскоўцы і блогер9

Гарадскія ўлады патлумачылі, чаму прыбралі «разумны» прыпынак на Нямізе1

Іканапісец і мастачка Ксіша Ангелава мае патрэбу ў дапамозе3

Былы палітзняволены Юрась Зянковіч накіроўваецца дадому ў Тэхас5

Рада дырэктараў Tesla пачала шукаць замену Ілану Маску3

У Крымінальны кодэкс дададуць новы артыкул — пра беспілотнікі3

Менавіта Макрон і Стармер пераканалі Трампа змяніць думку адносна Пуціна4

Самая модная беларуская апазіцыянерка Марына Гірын пайшла ў крыжовы паход супраць Еўрарадыё30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Валерый Цапкала расказаў, чым цяпер займаецца5

Валерый Цапкала расказаў, чым цяпер займаецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць