Меркаванні2323

«Калі Беларусь пасля вайны апынецца ў амерыканскім хаўрусе, расплаты не будзе». Вялікая гутарка з прафесарам Латышонкам

«Беларусь акупаваная з 1994-га», — кажа прафесар гісторыі Алег Латышонак. «2020 год ажывіў веру ў будучыню нацыі», — канстатуе ён. «Лёс Беларусі цяпер залежыць ад выніку вайны ва Украіне, — упэўнены ён. — Амерыканцы магутныя, але вынік вайны непрадказальны. Калі выйграюць украінцы, можна чакаць і змены рэжыму ў Беларусі». «Наша Ніва» пагаварыла з выбітным гісторыкам пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускай нацыі і нашу нацыянальную ідэю.

Прафесар Алег Латышонак. Фота: Алесь Аркуш

Алег Латышонак — прафесар на факультэце гісторыі і міжнародных адносін універсітэта ў Беластоку. Ён старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы і адзін з лідараў беларускай меншасці на Падляшшы, паслядоўны абаронца яе інтарэсаў.

Днямі ў Беластоку гісторык прэзентаваў новую сваю кнігу «Europa Wschodnia w zderzeniu cywilizacji», у якой разбіраецца ў цывілізацыйнай прыналежнасці Усходняй Еўропы, яе гісторыі, нацыянальных праблемах, а таксама адасобленасці ўкраінцаў ды беларусаў ад расіян.

«У 2020 годзе беларусы паказалі, што ўсё яшчэ іх вядзе «мара аб свабодзе»

У 2007 годзе Алег Латышонак абараніў доктарскую работу па тэме «Ад белых русінаў да беларусаў. Вытокі беларускай нацыянальнай ідэі». Энцыклапедычныя даведнікі акцэнтуюць увагу, што яна дае адказы на пытанні: што за народ беларусы і якая іх нацыянальная ідэя. Такая думка няслушная, кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

«Мяне цікавіла проста, адкуль узялася такая назва — беларусы, чаму я менавіта так называюся. Як цяпер падумаю, дык гэты загаловак крыху перабольшаны», — кажа ён.

На яго думку, «сённяшняя Беларусь зусім іншая, чым даўняя, калі нараджалася беларуская нацыянальная ідэя».

«Раней Беларусь, — даводзіць гісторык, — праектавалася не толькі для беларусаў, але як супольная краіна з літоўцамі і палякамі, а з канца ХІХ стагоддзя і з яўрэямі. Гэты ідэал спрабавалі ўвасобіць у БССР з яе чатырма афіцыйнымі мовамі».

Надалей для саміх беларусаў купалаўскае «людзьмі звацца» стала асноватворным. Паводле гісторыка, без павагі да «людзьмі звацца» можа ставіцца толькі той, хто не разумее, як важна «не быць скотам» не толькі беларусу, а кожнаму чалавеку.

«На жаль, розныя паны і падпанкі безупынку заганяюць усё чалавецтва і саміх беларусаў у быццё «скоту», — працягвае Алег Латышонак. — У 2020 годзе беларусы паказалі, што іх усё яшчэ вядзе «бясконца наша мара аб свабодзе» (радок з верша Уладзіміра Някляева, які стаў песняй — НН). Менавіта свабода для 10 мільёнаў людзей, якія ў такім месцы свету, як Беларусь, інакш як беларусамі свабоднымі быць не могуць, гэта і ёсць беларуская нацыянальная ідэя».

«У 2020 годзе адбыўся цывілізацыйны бунт»

Алег Латышонак лічыць: «беларуская нацыя не закончыла свайго фармавання», а «падзеі 2020 году ажывілі веру ў будучыню нашай нацыі».

«Галоўнае, я паверыў, што Беларусь можа быць дэмакратычнай краінай. Раней быў перакананы, што беларускае грамадства настолькі прымітыўнае, што Лукашэнку заменіць чарговы дыктатар», — прызнаецца гісторык.

Ён кажа, што «ў 2020 годзе адбыўся цывілізацыйны бунт найбольш прасунутай праслойкі грамадства».

«На жаль, найбольш актыўная частка гэтай праслойкі ў вялікай ступені была выціснутая з краіны. Прытым большасць збунтаваных яшчэ не вызвалілася з аковаў «рускага свету».

Так доўга, як беларусы будуць гаварыць па-маскоўску, ніякай беларускай нацыі не будзе.

Таму ўсім, хто пытаецца, што ў гэтай сітуацыі рабіць, раю — гаварыце па-беларуску, ці прынамсі старайцеся», — даводзіць гісторык.

«Паўставаць з катастрофы давядзецца цэламу пакаленню»

Алег Латышонак лічыць: тое, што дзеецца цяпер у Беларусі, наступствы выбару, які зрабілі беларусы ў 1994 годзе. Беларусь апынулася пад акупацыяй Расіі ўжо з прыходам да ўлады Лукашэнкі.

«Тое, што ёсць, выбралі бацькі і дзяды тых, хто пакутуе цяпер. Яны прагаласавалі на першых прэзідэнцкіх выбарах за Лукашэнку. Хацелі вяртання ў Савецкі Саюз, а адзіным спадкаемцам СССР абвясціла сябе Расія. У яе і вядзе ўвесь шлях Лукашэнка ад самага пачатку. Пасля гэтага выбару нічога ўжо прадухіліць было немагчыма. Паўставаць з гэтай катастрофы давядзецца цэламу пакаленню», — адзначае гісторык.

«Вельмі цяжка на ўсё гэта глядзець, — заўважае ён, — Надзеі на лепшае мала, але не складаю рук».

Сцяг з Пагоняй у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні

«Толькі меншасць неяк разумее нацыянальны інтарэс і дзейнічае згодна з ім»

У беларускай гісторыі багата трагедый. Мо гэта праклён?

«Не веру ў аніякія праклёны, — адказвае ён. — Наш лёс не лічу асабліва трагічным. Беларуская нацыя ўсё яшчэ фармуецца і толькі меншасць неяк разумее нацыянальны інтарэс, дзейнічае згодна з ім. Астатнія служаць як біямаса чужынцам, расплачваюцца гэтыя дзейныя, а біямаса кожнаму карысная».

Акрамя таго, працягвае гісторык, ёсць падзеі, якія немагчыма прадухіліць, напрыклад, Другая сусветная вайна.

«Тут што ні зробіш, усё адно рашаюць твой лёс чужынцы. І гэта тычыцца не толькі беларусаў, але таксама ўкраінцаў і нават палякаў, якія мелі дзяржаву і вялікую армію, змагаліся з немцамі нават у Афрыцы, а вырашалі лёс Польшчы без іх».

«Спадзяюся дажыць, калі прэзідэнт БНР перадасць свае паўнамоцтвы прэзідэнту вольнай Беларусі»

Чаму толькі зрэдку згадваюць пра ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі?

«Мусіць, таму, што цяпер голас маюць тыя, для якіх Беларусь гэта РБ, — мяркуе Алег Латышонак. — У ёй яны выраслі або пражылі ўсё дарослае жыццё. Я лічу сябе грамадзянінам БНР і мой беларускі прэзідэнт — Івонка Сурвіла. РБ і БНР — паралельныя светы, але маю надзею, што дажыву да моманту, калі яны сальюцца ў адзін і прэзідэнт БНР перадасць свае паўнамоцтвы прэзідэнту вольнай Беларусі».

Святлана Ціханоўская і падпалкоўнік Валер Сахашчык. Фота Офіса Ціханоўскай

Якое месца адвядзе беларуская гісторыя Святлане Ціханоўскай?

Алег Латышонак лічыць, што Святлана Ціханоўская ўвайшла ў гісторыю Беларусі як жанчына, якая кінула выклік дыктатару.

«Пачаткова я ёй не давяраў, як і ў цэлым новай, абвешчанай у 2020 годзе апазіцыі, — прызнаецца ён. — Але ж цяпер Ціханоўская годна прадстаўляе Беларусь у свеце. Чакаць ад яе больш можа толькі той, хто палітыкай займаецца ўсяго апошнія два гады».

«Адзіным украінскім палітыкам, які спачуваў беларусам, быў Вячаслаў Чарнавол»

Алега Латышонка «зусім не цікавіць, што ўкраінцы думаюць пра беларусаў».

«Я люблю Украіну, даволі шмат чытаю па-ўкраінску гістарычных, палітычных, а часам і літаратурных тэкстаў, — кажа ён.

— Самай цікавай гістарычнай загадкай лічу праблему, як мы раздзяліліся з украінцамі на дзве нацыі, нягледзячы на тое, што гаворым амаль на адной мове. Праблему, дарэчы, можна павярнуць і так: чаму мы гаворым на адной мове, хаця такія адзін да аднаго непадобныя».

Паводле яго, «адзіным украінскім палітыкам, які спачуваў беларусам, быў Вячаслаў Чарнавол, але яго забілі».

«За трыццаць гадоў украінцы пальцам не кіўнулі, каб памагчы беларускаму нацыянальнаму руху, і гавару гэта з асабістага досведу, бо я ж сам у свой час палітыкай займаўся, — адзначае гісторык. — Не маю за гэта да ўкраінцаў аніякіх прэтэнзій, але ж і іхнімі прэтэнзіямі пераймацца не буду. «Політика, пане, то є велике поганьство», як сказаў колісь майму бацьку адзін украінец».

«Не бачу таксама палітычнага сэнсу ў змаганні «за вашу і нашу свабоду», — працягвае ён.

«Палякі думалі, што Напалеон уваскрэсіць Польшчу, а той паслаў іх душыць паўстанне чорных рабоў у Гаіці і змагацца са свабодалюбнымі гішпанцамі. А Польскае каралеўства і так уваскрэсіў расійскі імператар Аляксандр І. Пра Другую сусветную я ўжо гаварыў. Палякаў у падзяку нават на парад перамогі ў Лондане не запрасілі…», — нагадвае Алег Латышонак.

Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю з 1994 года. Адкрытыя і ўскосныя субсідыі Масквы ўзамен за русіфікацыю за гэты час склалі больш за 100 мільярдаў даляраў. Фота: скрыншот з відэа, май 2022 года

«У прасавецкай Польшчы рэжым быў польскі, а ў цяперашняй Беларусі — расійскі»

Алег Латышонак быў у руху «Салідарнасць» і восем месяцаў адседзеў пад арыштам. Гэта быў пачатак 1980-х гадоў. Тады было ваеннае становішча ў Польшчы і панавала прасавецкая ўлада.

Ці верылася тады яму, што Польшча стане іншай і ці бачыць у тагачаснай Польшчы цяперашнюю Беларусь?

«Я верыў у перамогу, хаця не спадзяваўся, што яна надыдзе так хутка. Сябрам я казаў тады, што 2000 год будзем святкаваць у вольнай Польшчы», — згадвае ён.

«Розніца між Польшчай і Беларуссю такая, што польскі рэжым [Ярузэльскага] быў польскі, а беларускі [Лукашэнкі] — расійскі», — заўважае суразмоўца.

«Калі чую або чытаю, як абыходзяцца з арыштантамі ў беларускай турме, дык мне здаецца, што я [ў 1982-м] сядзеў у нейкай санаторыі спецыяльнага рэжыму. Над Беларуссю пануе антыбеларускі рэжым, таму цяжка сабе ўявіць добраахвотную перадачу ўлады апазіцыі, як гэта адбылося ў Польшчы, — адзначае Алег Латышонак.

«Плакаць па беларусах палякі не будуць»

Як палякі ўспрымаюць беларусаў, ці ведаюць яны, хто такія беларусы? Калі Беларусь як дзяржава знікне, ці застануцца для палякаў беларусы?

«Наагул [гістарычна] палякі слаба адрознівалі людзей з усходу, для іх усе былі «рускія», — тлумачыць Алег Латышонак.

«Ну, быў яшчэ стэрэатып украінца-рэзуна. У 2020 годзе палюбілі беларусаў, але цяпер разлюбілі, затое палюбілі ўкраінцаў, якіх раней значная частка палякаў проста ненавідзела. Плакаць па беларусах палякі не будуць, хаця безумоўна аддаюць перавагу мець за суседку Беларусь, чымсьці Расію», — лічыць ён.

«Не Лукашэнку выстаўляць за гэта рахункі»

Цяпер улада Лукашэнкі навязвае грамадству думку, што палякі, Польшча шмат кепскага зрабілі беларусам, выстаўляе за рахункі, нішчыць польскія пахаванні. Як на тое рэагуе беларуская меншасць Польшчы? Ці ўдасца ўзбагаціць Лукашэнку беларускія фобіі наконт Польшчы і ці ёсць яны наагул?

«Я ад імя Беларускага гістарычнага таварыства апублікаваў пратэст супраць знішчэння рэжымам могілак польскіх жаўнераў. Думаю, нікому нармальнаму такое варварства не можа падабацца. Гэта праўда, што Польшча калісьці шмат кепскага зрабіла беларусам, але не Лукашэнку выстаўляць за гэта рахункі», — адказвае Алег Латышонак.

17 верасня Лукашэнка зрабіў Днём народнага адзінства. Як мусяць успрымаць беларусы аб’яднанне краю ў 1939 годзе?

«Тагачаснае аб'яднанне беларускіх земляў гэта станоўчая зʼява, — падсумоўвае суразмоўца. — Але гэта не прычына да святкавання, бо не беларусы гэта зрабілі і не дзеля беларусаў тое рабілі».

За незалежнасць Украіны ваюе некалькі соцень беларусаў. Фота з сацсетак

Пра палітычныя амбіцыі палка Каліноўскага: народ пасля вайны захоча палітыкаў мірнага часу

Ці ратуе ў вачах украінцаў Беларусь полк Каліноўскага? Яго прадстаўнікі заяўляюць пра палітычныя амбіцыі, ці яны апраўданыя?

«Безумоўна, полк Каліноўскага дапамагае выправіць імідж беларусаў ва Украіне», — кажа Алег Латышонак. Але падкрэслівае: не імідж важны, важны вынік вайны, ад яго залежыць будучыня Беларусі.

Гаворачы пра палітычныя амбіцыі жаўнераў палка імя Каліноўскага, гісторык заўважае: яму цяжка што-кольвек сказаць пра тое, бо ён не ведае, якая, паводле іх, мае быць Беларусь пасля іхняй перамогі.

«Іх палітычны ўплыў на будучыню Беларусі, думаю — будзе ясным толькі ў адным выпадку, калі Лукашэнка поўнасцю ўваходзіць у вайну, Украіна перамагае ў гэтай вайне, здзяйсняе ўварванне ў Беларусь ды ўсталюе каліноўцаў як хунту. У любых свабодных выбарах каліноўцы набяруць каля аднаго працэнту галасоў. Каб далёка не шукаць, як тыя азоўцы.

Народ пасля вайны хоча палітыкаў мірнага часу, а не вайскоўцаў. Ангельцы пасля перамогі звольнілі Чэрчыля, хаця той айчыну абараніў», — даводзіць Алег Латышонак.

Вайсковец медытуе каля неразарванага снарада. Фота з сацсетак

«Амерыканцы магутныя, але вынік вайны ва Украіне непрадказальны»

Алег Латышонак упэўнены: у рэаліях, якіх апынуўся рэжым Лукашэнкі і праз яго Беларусь, выбару, ці дазваляць Расіі страляць па Украіне, ці дазваляць расійскаму войску ўрывацца ў суседнюю краіну з тэрыторыі Беларусі, не было.

«Яшчэ раз паўтараю — Беларусь акупаваная Расіяй», — настойвае ён.

Паводле яго, «вайна ва Украіне паказала выразна падзел свету на англасаксаў, іх ворагаў і нядобразычліўцаў». На баку англасаксаў у Еўропе адназначна знаходзяцца Польшча, краіны Балтыі, Чэхія і Славакія.

Адказваючы на пытанне, чым скончыцца вайна ва Украіне для Беларусі і ці будзе расплата за саўдзел у ёй, суразмоўца адзначае:

«Амерыканцы магутныя, але вынік вайны непрадказальны. Калі выйграюць украінцы, можна чакаць і змены рэжыму ў Беларусі. Калі Беларусь пасля гэтага апынецца ў амерыканскім хаўрусе, расплаты не будзе. А што будзе, калі выйграе Расія або хаця б прыйдзе да нейкага міру Расіі з Украінай, напрыклад, коштам адрачэння Украіны ад Крыму, нават не хочацца думаць…»

Каментары23

  • Valadzimir
    30.10.2022
    Спадар Латышонак разумее ТОЛЬКІ гісторыю "белоруссов-беларусаў", якой 150 год, якая адпачатку тупіковая і якая, мяркуючы па ўсяму, ужо даволі хутка завершыцца. 
    І, на жаль, ён НІЧОГА НЕ РАЗУМЕЕ ва ўсёй гісторыі тутэйшага народа, якой больш тысячы год, - гісторыю аднаго з плямёнаў, утварыўшых тутэйшы народ, па пісьмовых і іньшых крыніцах можна прасачыць недзе на паўтары тысячы год, а мо і болей. 
  • Пеця
    30.10.2022
    Так, лукаш i яго хеура мусяць быць скiнуты, iнакш суды i млрд$ныя рэпарацыi
  • фцф
    30.10.2022
    даволі аб'ектыўна, хоць крыху і дыстанцыйна, па-над болем, страхам і "працэсам"...

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы адказалі, які падарунак ад працадаўцаў іх найбольш бы парадаваў3

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?6

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?5

Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу3

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай9

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →