«Дасведчаныя дактары лётаюць на дзяжурствы з Польшчы ў Англію». Колькі зарабляюць беларускія медыкі ў Еўропе
Па апошніх звестках, у краіне не хапае 8 тысяч дактароў і медыцынскіх сясцёр. Адна з прычын, чаму так адбываецца, — адток медыкаў за мяжу. Летась толькі ў Польшчы працаўладкавалася каля 1 000 нашых спецыялістаў. «Наша Ніва» пагутарыла пра заробкі з беларускімі медыкамі, якія працуюць за мяжой.
Лекар у доме для пажылых людзей у Варшаве
Святлана амаль год працуе лекарам у доме для пажылых людзей у Варшаве. Жанчына ўладкоўвалася на працу па спрошчанай праграме, якая дазваляе працаваць без здачы экзамена цягам пяці год.
Але яна вырашыла не зацягваць гэты працэс і ўжо паспела здаць медыцынскі экзамен для атрымання ліцэнзіі. Засталося здаць моўны экзамен, пасля чаго яна зможа паўнавартасна працаваць у Польшчы на ўзроўні мясцовых лекараў, што пазітыўна адаб'ецца на заробку. Цяпер, працуючы на поўную стаўку, беларуска на рукі атрымлівае 5 700 злотых (каля 1 200 еўра).
У Беларусі да пандэміі Святлана працавала тэрапеўтам з зарплатай да 1 000 рублёў. Калі ж аказалася ў кавіднай брыгадзе, з улікам надбавак атрымлівала чыстымі каля 3 000 рублёў у месяц.
Асістэнт стаматолага ў Вільні
Іншая чытачка да ад'езду за мяжу працавала доктарам агульнай практыкі ў адной са сталічных паліклінік. Цяпер жанчына ў Літве.
Працуючы на поўную стаўку, у Беларусі яна атрымлівала на рукі каля 1 000 рублёў у месяц.
«У Літве пакуль уладкавалася не доктарам, а асістэнтам стаматолага, бо без валодання мовай доктарам тут працаваць нельга. Трэба здаць моўны экзамен на ўзровень В1», — кажа Хрысціна.
Першыя два месяцы пасля месяца стажыроўкі ёй плацілі па 5 еўра за гадзіну, цяпер яе аклад складае 7 еўра за гадзіну на рукі.
«У залежнасці ад загружанасці, «чыстымі» атрымліваецца 1 000—1 200 еўра за месяц», — кажа жанчына.
Пасля здачы моўнага экзамену і вырашэння іншых фармальнасцяў, звязаных з пацвярджэннем дыплома, яна плануе вярнуцца да працы ў паліклініцы. Яе заробак як сямейнага лекара (аналаг беларускага доктара агульнай практыкі) мусіць быць не меншы за 1 500 еўра.
Экс-афтальмолаг з Беластока
Анжэла працуе лекарам у польскім Беластоку ўжо другі год. Дзяўчына спачатку год праходзіла інтэрнатуру ў афтальмалагічным аддзяленні. Цягам года яе зарплата складала не больш за 4 000 злотых (каля 850 еўра). Пасля праходжання інтэрнатуры і здачы ўсіх неабходных экзаменаў у Анжэлы не атрымалася застацца афтальмолагам. На гэтым профілі вельмі высокая канкурэнцыя, а ў яе быў далёка не самы высокі бал па выніках агульнапольскага экзамену, які здаюць усе медыкі, у тым ліку тыя, хто заканчвае польскія ВНУ.
Праз гэта яна сышла ў аддзяленне нуклеарнай медыцыны. Цяпер на рукі атрымлівае каля 5 000 злотых (каля 1 050 еўра) у месяц за поўную стаўку.
«Я працую з 8 да 15 гадзін, таму адносна невялікі заробак кампенсуецца вялікай колькасцю вольнага часу. Калі будзе патрэба зарабляць больш, то з часам, калі ў мяне з’явіцца магчымасць браць дзяжурствы, змагу гэта рабіць», — падсумоўвае доктарка.
Анжэла кажа, што ў Польшчы ўсе лекары, якія хочуць многа зарабляць, бяруць шмат дзяжурстваў. Некаторыя нават лётаюць на дзяжурствы ў больш заможныя краіны ЕС.
«Калі ў цябе ёсць жаданне зарабляць больш, то ў Еўропе для гэтага нашмат больш магчымасцей, — лічыць Анжэла. — Тут ёсць лекары, якія за гадзіну дзяжурства атрымліваюць да 17 еўра. Ёсць тыя, хто працуе ў Беластоку, а на дзяжурствы ездзіць у Варшаву».
Доктарка таксама адзначае, што сярод польскіх лекараў дагэтуль застаецца папулярнай праца за мяжой. Праз гэта, па яе словах, у Польшчы маюць недахоп дактароў, які перакрываюць за кошт спецыялістаў з краін СНД.
«Дасведчаныя польскія лекары, якія ведаць замежную мову, не толькі з’язджаюць у больш багатыя краіны Заходняй Еўропы на заробкі і ПМЖ, але і лётаюць туды на падпрацоўкі па выхадных. За дзяжурствы ў Англіі ці Германіі плацяць нашмат больш, чым у Польшчы», — кажа беларуска.
Якія заробкі ў сярэдняга медперсаналу і іншых лекараў?
Іншыя беларускія лекары, якія працуюць у Польшчы з таго часу, як у краіне спрасцілі патрабаванні для працаўладкавання медыкаў з трэціх краін, таксама называюць заробкі ў межах 5 000—6 000 злотых (каля 1 050—1 250 еўра). Столькі атрымліваюць на рукі, калі размова ідзе пра працу на стаўку без дадатковых дзяжурстваў. Калі ў беларускага лекара з’яўляецца магчымасць браць дадатковыя дзяжурствы, то звычайна заробак узрастае да 1 500 еўра ў эквіваленце.
Лекар-прадпрымальнік
Малодшы медыцынскі персанал, натуральна, зарабляе менш. Ратаўнік (аналаг беларускага лекара на хуткай) атрымлівае ад 3 000—3 500 злотых (каля 650—750 еўра) у месяц. Значна павялічыць заробкі можна за кошт дадатковых дзяжурстваў. Таксама ў Польшчы даволі распаўсюджанай з’явай у медыцыне з’яўляецца праца на сябе. У такім выпадку медык заключае з установай дамову падраду, сам дамаўляецца аб памеры стаўкі за гадзіну працы і г. д. Так можна адначасова супрацоўнічаць з рознымі ўстановамі. Узровень заробкаў у такім выпадку моцна залежыць ад жадання чалавека працаваць, аднак, прынамсі, на першых парах, гэтая лічба не перавальвае за адзнаку больш чым 2 000 еўра ў месяц чыстымі.
Каментары