Грамадства1616

«Трэба адмаўляцца ад таго, што 2,5 года не працуе». Прадстаўніца Кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова расказала, чым зоймецца на гэтай пасадзе

Былая палітзняволеная і кіраўніца грамадскага аб’яднання «Радзіслава» Вольга Гарбунова расказала «Нашай Ніве», як бачыць вырашэнне пытання па палітвязнях. Нядаўна яна стала прадстаўніцай па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Фота: Офіс Ціханоўскай

«Наша Ніва»: Вы спачатку адмовіліся ад гэтай пасады. «Дзе я і дзе палітыка», — казалі вы. Што змянілася?

Вольга Гарбунова: Калі здарыўся 2020 год, было шмат падзей, ініцыятыў, якія я не заўсёды падзяляла. Напрыклад, 12 жніўня з'явіўся чат, дзе жанчыны прыдумалі выходзіць у белым. Убачыла сябе ў ім і зразумела, што я не нашу сукенкі, заўсёды насіла чорную байку, джынсы. Не разумела, як можна стаяць з кветкамі, калі адбываецца гвалт. Але тады не магла нічога прыдумаць сама, таму падтрымлівала любыя акцыі, якія рабілі іншыя беларускі і беларусы.

З Кабінетам у мяне адбылося такое таксама. Спачатку адмовіла, была ў цяжкім маральным стане, калі апынулася ў Літве адна з дачкой. Тады мне было вельмі балюча, што я не змагла застацца ў Беларусі.

Потым я згадала свой досвед 2020-га: прапануеш нешта сама і робіш ці падключаешся да таго, што ўжо створана. Я ўбачыла для сябе Кабінет як магчымасць рабіць нешта ўжо на іншым узроўні.

Наогул ніколі не імкнулася ў палітыку, увогуле не ведаю, хто такія палітыкі. Стаўленне да іх, па праўдзе кажучы, у мяне заўсёды было спецыфічнае.

Карані маёй грамадзянскасці з беларускага анархісцкага руху. З вялікай крытыкай ставілася да ўсіх палітычных рухаў, партый. Напэўна, на фоне юнацкага максімалізму, які захаваўся часткова ўва мне да гэтага часу.

Але потым я перагледзела для сябе слова «палітыка». Прапаганда працавала так, што мне падавалася, што палітыка — гэта брудная справа, бессэнсоўная. Думала, што палітыкі ніколі не ставяць на чале інтарэсы людзей. Падалося, што мой голас заслугоўвае быць пачутым, таму змяніла рашэнне.

«НН»: Як вы з’язджалі з Беларусі?

ВГ: Тая ноч, калі я нелегальна перасякала мяжу Беларусі, мне падалася больш цяжкай, балючай, страшнай, чым дзень майго затрымання.

Калі я сядзела ў СІЗА, не ведала, што мяне чакае далей, але было разуменне, што я на сваёй зямлі. Ведала, што за сцяною стаіць маці, якая прыносіць перадачы, дачка недзе побач.

Калі нелегальна перасекла мяжу, зразумела, што страціла гэтую апошнюю апору. 

Пра тую ноч расказваю акуратна, таму што людзі да гэтага часу пакідаюць краіну нелегальна, чым менш будзе інфармацыі, як мы гэта робім, тым лепш. Гэтая магчымасць павінна заставацца ў людзей.

«НН»: Як цяпер сябе адчуваеце?

ВГ: У мяне няма ў планах адаптацыі, адмяняю яе для сябе. Не хачу шукаць тут працу, вучыць мову, планаваць сваё жыццё надоўга. Выбрала Вільню, таму што яна за 34 кіламетры ад мяжы з Беларуссю. Гэта максімальная адлегласць для мяне. Калі ад'язджаю далей, то паміж мной і Беларуссю нацягваецца спружына.

Мне цяпер лягчэй, ужо прайшло чатыры месяцы. Энергія з'явілася. Усе знаёмыя смяюцца, што я не разглядаю нейкага доўгага планавання свайго жыцця. Я разумею, што магу тут застацца надоўга, але ўнутрана я не буду пускаць карані.

Пасадзіла ў сябе пад вокнамі ў Вільні сасну, вырашыла, што няхай дрэва расце, пускае карані. Але не я.

«НН»: Чым вы збіраецеся займацца на гэтай пасадзе?

ВГ: Мы ў Кабінеце абмеркавалі, што ў фокусе нашага прадстаўніцтва будзе чалавек. У прыярытэце — палітвязні, іх сваякі, рэпрэсаваныя, людзі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Таксама беларусы і беларускі, якія вымушаны былі пакінуць краіну і зараз сутыкаюцца з сацыяльнымі праблемамі.

Фота: spring96.org

Я ведаю, як часта людзям у стрэсе незразумела, куды звяртацца па дапамогу. Разумею, як узмацніць інклюзію, уключыць уразлівыя групы, бо не заўсёды сэрвісы даступныя для людзей. Важна ўлічваць гэты індывідуальны падыход.

Акрамя стварэння агульных пляцовак дапамогі, запланавана работа на перспектыву — стратэгічная, якая звязана з заканадаўствам. Мы ўсе гэтыя гады чулі, што Беларусь — сацыяльна-арыентаваная дзяржава, былі сведкамі таго, як гэта запісана ў законах, але не працуе на практыцы.

У мяне ёсць свая экспертыза па абароне правоў жанчын, працы з уразлівымі групамі. Але ёсць іншыя эксперты, якія шмат гадоў працавалі ў Беларусі з гэтымі праблемамі. Мы будзем аб'ядноўваць гэтую экспертызу, праводзіць аўдыт цяперашняга беларускага заканадаўства, каб зразумець, што працавала дастаткова эфектыўна, а ад чаго варта адмовіцца ў Новай Беларусі. Напрыклад, антыдыскрымінацыйны закон, які доўгі час лабіравалі праваабаронцы на чале з Алегам Гулаком.

Яшчэ адзін кірунак — рэабілітацыя людзей, якія выйшлі з месцаў зняволення. Цяпер мы не можам забяспечыць ім прававую рэабілітацыю, фінансавую кампенсацыю, сацыяльна-медыцынскую дапамогу, але на будучыню трэба стварыць гэтыя механізмы, якія ўсіх нас на заканадаўчым узроўні рэабілітуюць.

Зразумела, што прадстаўніцтва — гэта не адна персона ў асобе Гарбуновай. Патрэбна каманда. Буду займацца яе фармаваннем, каб адмыслоўцы пачыналі займацца па пэўных кірунках. Спадзяюся, што ў сацыяльных пытаннях атрымаецца знайсці саюзнікаў.

Часта сацыяльнае адсоўваюць на задні план. Кажуць, што пакуль рэжым не абрынецца, вайна не скончыцца, гэта ўсё немагчыма. Я разумею, што хочацца думаць, што ёсць прыярытэт вызвалення Беларусі, але мая задача будзе нагадваць, што кожны чалавек важны. Жыццё праходзіць тут і цяпер. Я сама чакаю чалавека з будучыні, які прыляціць і скажа, як трэба паступіць тут і зараз напэўна. Цуду ўсё яшчэ няма. І мне здаецца, што не трэба забываць адно пра аднаго, салідарнасць — наша зброя.

«НН»: Як лічыце вы, ці трэба таргавацца з рэжымам па пытанні палітвязняў?

ВГ: Думаю, што ў прыняцці такіх рашэнняў павінна выступіць усё грамадства, асабліва палітвязні, іх сем'і. Не будзе аднаго канкрэтнага чалавека, які прыме рашэнне за ўсіх. 

У мяне няма разумення, як правільна завяршаюцца войны, дыктатарскія рэжымы, як правільна дамаўляцца з рэжымам аб вызваленні палітвязняў. Але я ведаю, што гэта баліць многім беларусам. І тады я бачу сваёй задачай аб'яднаць гэтыя меркаванні і выпрацаваць супольную стратэгію.

Усе чакаюць ад мяне адказу на пытанне, ці трэба таргавацца з рэжымам адносна палітвязняў. Я не ведаю. Бачу шмат прыкладаў, як іншыя краіны гандлююць, усё часцей чую меркаванне, што любая вайна заканчваецца дыпламатычнымі перагаворамі. Адчуваю, што мая пазіцыя мяняецца дзякуючы майму досведу ў СІЗА.

Калі я сядзела, чакала, што мяне і маіх сукамерніц хтосьці выратуе. Казалі аб гэтым кожны дзень. Думалі, няхай ім што-небудзь прапануюць.

​​У Марфы Рабковай крышацца зубы, Марыя Калеснікава ледзь не загінула. У гомельскай калоніі загінула жанчына з-за несвоечасовай медыцынскай дапамогі. Людзі павольна гінуць. За маёй унутранай перакананасцю, што трэба стаяць да канца, бачу пакалечаныя лёсы.

Мне і вялізнай колькасці беларусаў баліць, што нашы суайчыннікі, блізкія наўпрост цяпер паміраюць, а мы як быццам нічога не робім. Гэта тое, што я адмаўляюся прымаць.

Хачу стварыць такую сітуацыю, калі любая ідэя будзе пачутая, нават калі яна будзе ад прадстаўніка рэжыму. Веру, што чалавек — самая вялікая каштоўнасць для любой дзяржавы, палітыка. Мы павінны рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля таго, каб выратаваць чалавека.

Фота: 34mag.net

Упершыню на сайт Святланы Ціханоўскай я зайшла, калі была ўжо ў Літве. Пакуль я два гады была ў Беларусі, канешне, была падпісаная на тэлеграм-каналы, але была пагружаная ў тое, што адбываецца ў краіне.

Я жыла ў сітуацыі, калі на першы план выходзілі зусім іншыя рэчы. Ішла па вуліцах горада, зазірала ў вочы мінчукоў і мінчанак і бачыла, што на адной хвалі, свае.

Разумела, што дэмакратычныя сілы жывуць і працуюць не ў Беларусі, але не абясцэньвала іх працу. Разумею, наколькі важную працу яны робяць на міжнародным узроўні, каб ніхто не забыўся, у якім жаху людзі жывуць у Беларусі. 

Мы мала на што можам паўплываць, але нам важна захаваць сувязь адно з адным.

Нам трэба адмаўляцца ад таго, што не працуе гэтыя два з паловай гады. Прызнацца ў тым, у чым не мелі рацыі, прыдумаць нешта іншае, дамаўляцца. Калі войны заканчваюцца дыпламатычнымі перамовамі, то нам трэба зрабіць выснову з гэтага.

«НН»: Ці будзеце разглядаць пытанне аб дапамозе ветэранам вайны, якія вярнуліся з Украіны?

ВГ: Так, гэта важна. Людзі вяртаюцца адтуль у цяжкім псіхалагічным стане. І гэта таксама мы не можам перанесці на потым, таму што проста цяпер ім патрэбна дапамога і падтрымка. Таму, безумоўна, гэта таксама будзе ў фокусе маёй працы.

«НН»: Вы казалі, што цяпер падумаеце пра каманду. Хто вам трэба ў яе?

ВГ: Пакуль у мяне не вельмі ўстойлівае ўяўленне аб тым, як будзе выглядаць каманда і колькі чалавек спатрэбіцца. Але я дакладна ведаю, што ў ёй павінны быць сабраныя людзі з вялікім досведам працы з рознымі сацыяльнымі праблемамі. Буду імкнуцца, каб туды ўвайшлі прадстаўнікі ўразлівых груп. Планую ў хуткім часе аб'явіць адкрыты набор ідэй, каб людзі прапаноўвалі сябе ці кагосьці ў якасці кандыдатуры.

Перамовы, якія я зараз вяду, гэта тэмы, звязаныя з палітвязнямі, гендарнай роўнасцю. Калі мы заяўляем сябе як дэмакратычныя сілы, то мусім разумець, што «дэмакратыя» — гэта не пустое слова, яна патрабуе пэўных пазіцый, прынцыпаў працы. 

Безумоўна, гендарная роўнасць — адзін з найважнейшых прынцыпаў, як і правы чалавека, антыдыскрымінацыя. Думаю, што менавіта такія спецыялісткі будуць прыцягнуты, і яны дапамогуць глядзець шырэй на вырашэнне сацыяльных пытанняў і ў цэлым на праблемы. Тады ў нас не атрымаецца, як у краіне ўсе гэтыя гады, — асабістая думка аднаго чалавека важнейшая, чым закон.

Чытайце таксама: 

Ціханоўская прызначыла прадстаўніцу па сацыяльных пытаннях

Вольга Гарбунова: Агенцтва ААН не знайшло смеласці напісаць для суда характарыстыку на мяне пасля 10 гадоў супрацоўніцтва

Актывістку і экс-кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі»

Каментары16

  • Ну и што
    01.01.2023
    даведка, отказались уже в августе 2020, так они никак уходить не хотят
  • Толя
    01.01.2023
    Мда.
    Планов пока нет.
    Торговаться ли за политзаключенных - не знаю.
    Какая команды будет- не знаю.
    Будем привлекать специалистов по гендерному равенству.
    Короче, ясно-понятно. Тихановскую критиковали что фокуса на политзаключенных и их родных - ноль. Ну вот, отмазка есть. Результат будет тот же, но чуть что - смотрите, вот у нас есть «гендерноравная» женщина (простите, «членка кабинета»), мы все делаем.
  • Толя
    01.01.2023
    даведка, эти ребята забыли, что в августе 20го люди голосовали не за кого-то, а против кого-то. Кое-кто сам говорил, что она не политик и идет на выборы, только чтобы провести новые. Ну и какой результат? Имеем очередную «раду БНР», скандалы, интриги между собой и сливы баз силовикам.
    Но сейчас не про это. У меня вопрос к Светлане следующий. Ты проводишь якобы десятки деловых встреч с президентами, начиная с Байдена, премьерами и прочими сильными мира сего. Ты заявляешь что в центре этих встреч политзаключенные. Теперь вопрос. Если с политзаключенными ничего не может сделать Байден и весь ЕС с НАТО, то что тогда можешь сделать ты? Либо ты нам лукавишь и это тупо смотрины детей лейтенанта Шмидта, чтобы фонды выделяли больше денег?
    PS называйте меня уже гебней, да.

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі дэпутат, якога судзяць за антываенныя заявы, у апошнім слове выступіў з пакаяннем перад украінцамі. Суддзя выскачыў з залы4

ГУБАЗіК пагражае Мікіту Мелказёраву — за грубыя словы пра Панамарэнку. А прапагандыст Казакоў заклікае расстраляць43

У ДТЗ у Талачынскім раёне загінулі два чалавекі

Крэмль стаў выдаляць метаданыя з усіх відэа з удзелам Пуціна2

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны4

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Галоўнае
Усе навіны →