Культура

Беларускія рэчы: пра тых, хто будаваў параходы і круціў колы часу

Хто ствараў беларускую матэрыяльную культуру? Якім было першае на нашых землях афіцыйна запатэнтаванае вынаходніцтва і хто яго здзейсніў? Ці вядомыя прыклады, каб на беларускіх землях больш за 100 гадоў таму бізнэсам займалася жанчына? Імёнаў майстроў-рамеснікаў мінулых вякоў захавалася не так і шмат — дакладней, наогул адзінкі. Пра іх распавядае гісторык Андрэй Кіштымаў у размове з парталам kultura-info.by.

Як чалавек, трохі за вас старэйшы, я не раз сутыкаўся з безапеляцыйным сцверджаннем: Беларусь у ХІХ стагоддзі была адсталай аграрнай ускраінай Расійскай імперыі, — рэагуе на маю заўвагу суразмоўца, — а дасягненне ў паноў-эксплуататараў было хіба адно: яны актыўна стваралі перадумовы для перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі. Не маючы намеру ідэалізаваць тагачасны лад, лічу патрэбным усё ж унесці пэўныя карэктывы…

— Аднак, чытаючы ці не кожную гістарычную працу, можна прыйсці да высновы, нібы прадстаўнікі заможных родаў, шыкуючы за кошт сялян, у найлепшым выпадку засноўвалі прыгонныя тэатры, а ў найгоршым — каталіся ўлетку на санях…

— Рэч у тым, што свет старадаўняй беларускай сядзібы, які склаўся яшчэ ў часы ВКЛ, істотна змяніўся пасля адмены прыгоннага права. Таннай працоўнай сілы ўжо не было, і адчуваць сябе феадалам болей не атрымлівалася. Галоўным «таварам» стала асабістая ініцыятыва. Ейная роля ў эканоміцы і абумовіла рост прадпрымальніцтва. У сельскую гаспадарку пранік дух капіталізму, і кожная сядзіба была прасякнутая тысячамі нітак рынкавых адносін. Прыстасавацца да іх стала для паноў пытаннем выжывання.

— А ці многія здолелі прыстасавацца? Або ўсё было, як у тым «Вішнёвым садзе»?

— Беларускія памешчыкі прыстасоўваліся да новых умоў куды лягчэй, чым расійскія. Прычым многія змаглі ў поўнай меры новымі эканамічнымі варункамі скарыстацца. Былі нават тыя, хто не толькі засвоіў рынкавыя адносіны, але і пайшоў далей — здолеў сам уплываць на стан рынку сваёй эканамічнай дзейнасцю.

Адным з піянераў тут быў, канешне ж, Аляксандр Скірмунт — прадстаўнік вядомага роду, якому заўсёды была ўласцівая прадпрымальніцкая жылка. Ён, дарэчы, здзейсніў першае на нашых землях афіцыйна запатэнтаванае вынаходніцтва. Як вы думаеце, што б гэта магло быць?

— Мо нейкі дыван-самалёт? Шляхта ж была такой летуценнай…

— Зусім не! Хлопец з палескага Моладава ўжо ў 20 гадоў меў дыплом фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Далей, узяўшы ў бацькі грошай, ён рушыў у Заходнюю Еўропу — ды не лынды біць, але каб навучыцца прымяняць веды ў галіне хіміі на практыцы, у вытворчасці. Праз пару гадоў вярнуўся на радзіму, з часам сам стаў гаспадарыць у Моладаве — і збудаваў у 1830 годзе першы на тэрыторыі Беларусі цукровы завод. Там быў усталяваны вынайдзены ім самім апарат, які з дапамогай пары паскараў выпарэнне цукровага сіропу. Прычым паскараў вельмі істотна: раней працэс доўжыўся 5 гадзін, а ў Скірмунта — усяго 3 хвіліны!

— Аднак чаму прадстаўнікі вышэйшага саслоўя заўсёды ўспрымаліся як бервяно ў колах прагрэсу?

— Гэта яшчэ адзін стэрэатып. Насамрэч нярэдка менавіта яны былі тымі, хто гэтыя колы зрушваў з месца. Нават у прамым сэнсе слова… Скажам, першыя на Беларусі фабрыкі з паравымі рухавікамі — у мястэчках Хомск і Косава — належалі магнату Войцеху Пуслоўскаму.

— Куды больш увагі сёння надаецца яго сыну Вандаліну. І ўсё дзякуючы раскошнаму палацу ў тым самым Косаве, які ён збудаваў, — з акварыумам замест падлогі ды іншымі дзівосамі…

— Хаця гэтыя падзеі варта ўспрымаць у сукупнасці. Калі б бацька — які, дарэчы, і набыў тое мястэчка — не быў таленавітым прадпрымальнікам, наўрад ці сын змог бы сабе дазволіць такі шык. Ды і падчас экскурсіі па знакамітым палацы ў Гомелі няблага было б прыгадаць, што яго ўладальнік граф Мікалай Румянцаў быў не толькі інтэлектуалам і мецэнатам, але і прагрэсіўным прадпрымальнікам. Скажам, менавіта з яго ініцыятывы на нашых землях быў збудаваны першы беларускі параход — у 1824 годзе. Ды і першая беларуская электрастанцыя з’явілася не ў Мінску, як многія думаюць, а ў Добрушы, якім валодаў новы гаспадар гомельскага палаца граф Фёдар Паскевіч. Зрэшты, і граф Чапскі, які ініцыяваў «электрыфікацыю» Мінска, будучы яго мэрам, таксама да таго саслоўя належаў. Прычым яго ўласны маёнтак Станькава быў вельмі прасунутым, як на свой час, сельгасхолдынгам.

А вось яшчэ адзін прыклад. Ці ведаеце вы, хто такі Баляслаў Ялавецкі? Выбітны інжынер з-пад Лынтупаў атрымаў падзяку імператара за арганізацыю будаўніцтва Адміралцейскай набярэжнай, напісаў бестселер для чыгуначнікаў (пад немудрагелістай назвай «Вада, паліва і паравозныя катлы»), зрабіў шыкоўную кар’еру… Але раптам падаў у адстаўку і распачаў рызыкоўны, як сказалі б сёння, стартап: будаўніцтва прыватных вузкакалеек.

Што адметна, самую першую лінію заснаванае ім акцыянернае таварыства праклала ў родных мясцінах— ад Свянцянаў да Глыбокага (дакладней, Беразвечча). Напрыканцы ХІХ стагоддзя гэта была адзіная прыватная чыгунка на тэрыторыі Беларусі — усе астатнія паспелі адысці да дзяржавы. І калі царскі ўрад будаваў чыгункі, зважаючы найперш на свае інтарэсы — што не адмяняе іх станоўчы ўплыў на развіццё нашых земляў, — то гэтая вузкакалейка працавала выключна на патрэбы мясцовых жыхароў. Па сутнасці, гэта дарога, якую беларус збудаваў для сваіх суродзічаў. І з’яўленне паравоза стала сапраўдным лакаматывам для развіцця ўсяго краю — як эканамічнага, так і культурнага.

Ялавецкі дасягнуў шалёнага поспеху — яго нават называлі каралём вузкакалейкі. Таварыству належала 1150 вёрст такіх чыгунак — недзе палова ад усіх расійскіх. Найбліжэйшы канкурэнт — Маскоўскае таварыства пад’язных шляхоў — меў толькі 300 вёрст.

Можа, каб не Першая сусветная ды не заўчасная смерць, Ялавецкі здзейсніў бы і свой самы грандыёзны праект — працягнуць лынтупскую вузкакалейку ажно да Балтыкі на поўнач, а на поўдзень да станцыі Льгоў, якая ўжо мела злучэнне з Чорным морам. Агулам — ажно тысяча вёрст! Такі сабе чыгуначны шлях з варагаў у грэкі…

— А ці лёгка сабе ўявіць, каб у той час бізнэсам займалася жанчына? У гісторыі вядомыя хіба адзінкавыя прыклады — скажам, Юлія О’Брыендэ Ласі, якая стварыла ў Пінску суднаверф і будавала параходы. Але яна ўсё ж родам з Ірландыі — хай сабе і глыбока пусціла на Беларусі карані…

— Аднак наконт каранёў Марыі Патоцкай (у дзявоцтве Сапега) сумневаў узнікаць не павінна. Вельмі цікавы лёс, варты цэлага тэлесерыяла. Ужо ў 17 яна выйшла замуж, нарадзіла дзетак… Але шлюб нешта не заладзіўся, з мужам яны сталі жыць паасобку. І тады княгіня ўшчыльную занялася сваім маёнткам Высока-Літоўск. Нават цяжка меркаваць, адкуль у арыстакраткі ўзнікла такая цяга да фермерства…

Маёнтак спецыялізаваўся на вытворчасці элітнага насення. Акліматызавалі найлепшыя замежныя гатункі, селекцыянавалі свае… І з часам насенне з Высокага стала міжнародным брэндам. Яно брала найвышэйшыя ўзнагароды на ўсіх кірмашах — спярша ўсерасійскіх, а потым і сусветных: у Парыжы і Чыкага. А таксама там былі элітныя галандскія каровы, вінакурня, персікі, вінаград, мёд…

— Мы гаворым пра тых, хто ўжо меў нейкі базавы капітал. А ці былі прадпрымальнікі сярод сялянаў?

— На жаль, гісторыя захавала толькі адзінкавыя прыклады, аднак адметна ўжо тое, што яны былі. Скажам, прыгонны таго ж графа Румянцава Васіль Прывалаў у 1815 годзе ўзяў у свайго пана крэдыт — ажно тысячу рублёў — ды, мяркуючы па ўсім, не прагарэў, бо надалей вёў актыўную гандлёвую дзейнасць на тэрыторыі ад Прусіі да Украіны. Пагадзіцеся, гэты прыклад парушае стэрэатып пра цёмнае і безыніцыятыўнае беларускае сялянства.

— Ці дбалі беларускія прадпрымальнікі пра культуру або развіццё грамадства? Або толькі пра ўласны прыбытак?

— Бадай усе, каго я ведаю, былі людзьмі сацыяльна адказнымі. Той жа Пуслоўскі будаваў храмы розных канфесій, дбаў пра сялян… Ялавецкі, будучы шчырым католікам, праславіўся сваёй дабрачыннасцю.

А наконт спалучэння прыбытку з карысцю для грамадства… Прывяду такі прыклад. У 1901 годзе найлепшы гадзіннікавы майстар Мінска Абрам Лейзероўскі звярнуўся ў гарадскую думу з прапановай аддаць яму за памысны кошт у арэнду ўчастак зямлі ў цэнтры горада — ля Аляксандраўскага сквера. Там ён хацеў збудаваць сабе майстэрню ў гатычным стылі і размясціць на ёй вежу з гадзіннікамі з электрычнай падсветкай. У ёй была вялікая карысць для ўсіх — свае гадзіннікі ж тады былі раскошай.

Пагатоў можна было не сумнявацца, што новы твор майстра літаральна «ўзарваў» бы Мінск — каб хадайніцтва не адхілілі. Лейзероўскі вырабляў такое, што ажно дзіву даешся: метровай вышыні крэпасць з механічнымі вартавымі, на вежы якой, уласна, гадзіннік. Замест звыклай зязюлі праз кожныя пяць хвілін з брамы выходзіць цягнічок, насустрач яму выскокваюць тры чалавечкі, адзін звоніць, другі выстаўляе сцяг, трэці апускае шлагбаум. А ў рове тым часам плыве параход — і пры гэтым жаўнеры адбіваюць атаку ворага, які хоча прарвацца праз мост… Калі б такая «цацка» захавалася, сёння яна б упрыгожыла самы добры музей.

— Адпаведна, бізнэс часам межаваў з мастацтвам?

— Я заўсёды настойваю на тым, што слова «культура» мае шмат вымярэнняў, і падзяліць іх паміж сабою немагчыма. Без матэрыяльнага складніка і людзей, якія яго стваралі, наша гісторыя будзе няпоўнай.

Каментары

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі3

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска вельмі хацела ў Парыж. Ёй давялося падаваць дакументы на візу пяць разоў за год2

Торт «Селядзец пад шубай» за 16,99 апынуўся ў цэнтры гарачых спрэчак6

У Смаленскай вобласці гарыць нафтабаза пасля атакі беспілотнікаў2

Вяселле і драма кахання года, самы гучны зліў і нечаканае вяртанне — асноўныя людзі і падзеі 2024 года6

Гардон заявіў, што гістарычная сустрэча Трампа і Пуціна па Украіне сарвалася30

Ці трэба мыць цытрусавыя? Адказ здзівіць9

Ціханоўская пачне сваю віншавальную прамову за 12 хвілін да Новага года32

За «экстрэмізм» судзяць героя публікацыі «СБ» тыднёвай даўніны1

Аб'явілі «экстрэмісцкім» сайт «Першы»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі3

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі

Галоўнае
Усе навіны →