Меркаванні77

Навошта кіраўнік МЗС Венгрыі прыехаў у Мінск?

У Мінск прыляцеў міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта. З чым гэта можа быць звязана? Найбольш відавочная мэта візіту — даведацца, што Лукашэнка можа прапанаваць Еўрасаюзу ў сэнсе зніжэння ваеннай напружанасці ў рэгіёне, піша на «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

Петэр Сіярта. Фота: AP Photo/Virginia Mayo

Некаторыя звязваюць гэты візіт з асаблівай пазіцыяй Будапешта, з тым, што ўрад Віктара Орбана прытрымліваецца самых лагодных падыходаў да Расіі з усіх урадаў дзяржаў ЕС.

Але варта адзначыць, што гэта насамрэч адценні, акцэнты, а не кардынальна іншая пазіцыя, адрозная ад супольнай пазіцыі Еўрасаюза.

Палітычныя ацэнкі, скажам, вайны Расіі з Украінай, санкцыі адносна Расіі і Беларусі ЕС прымае кансэнсусам. Гэта значыць, іх падтрымлівае і Венгрыя.

На тое, што ў Мінск паехаў кіраўнік МЗС Венгрыі (а не, скажам, Партугаліі і тым больш не Польшчы ці Літвы), безумоўна, паўплывалі прыгаданыя акцэнты і адценні пазіцыі Будапешта. Гэты візіт, апроч іншага, і дэманстрацыя Венгрыяй іншым чальцам Еўрасаюза і кіраўніцтву ЕС асобнай пазіцыі краіны. Але, магчыма, не толькі.

Цяперашні кантакт заходняга палітыка з дзейнымі беларускімі ўладамі беспрэцэдэнтным не назавеш. Так, ёсць агульная пазіцыя ЕС і ЗША, якія не прызнаюць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. Але яшчэ ў 2020 годзе яму ў такой якасці тэлефанаваў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. У 2021 годзе яму двойчы тэлефанавала тагачасная канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель. У 2022 годзе, праз пару дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, з ім вёў тэлефонную гутарку прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль неаднаразова кантактаваў з папярэднікам цяперашняга міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка — Уладзімірам Макеем — і пасля 2020 года.

Так што не выпадае казаць, што спадар Сіярта сваім візітам у Мінск парушыў нейкую супольную непахісную пазіцыю.

Ну дык а ў чым жа мэта візіту? Прамацаць глебу, паслухаць, што Лукашэнка і яго паплечнікі могуць прапанаваць Еўрасаюзу. Прычым галоўная тэма — гэта пытанні бяспекі, пытанні вайны і міру.

«Відавочна, што шмат хто будзе нападаць на візіт, але наша пазіцыя адназначная: каналы сувязі павінны быць адкрытыя. Калі б мы не дзейнічалі такім чынам, я не змог бы нават сёння перадаць пасланне закліку да міру», — заявіў венгерскі міністр па прыездзе ў Мінск.

У перакладзе з дыпламатычнай мовы на звычайную гэта азначае: даведацца, што Мінск можа прапанаваць у рэчышчы зніжэння ваеннай напружанасці. У практычным плане — як мінімум непаглыбленне ангажаванасці Беларусі ў вайну Расіі, а ў ідэале — зніжэнне ўзроўню гэтай ангажаванасці.

Калі прапановы будуць цікавыя і змястоўныя, безумоўна, ім аддадуць належную ўвагу не толькі шэф спадара Сіярта прэм'ер Орбан, але і кіраўніцтва ЕС.

Уласна з Венгрыяй у Беларусі няма ніякіх праблем у сферы бяспекі, з Еўрасаюзам — ёсць. І венгерскі міністр прыехаў пацікавіцца, ці ёсць шляхі іх вырашэння.

Ну, а калі спадар Алейнік і іншыя мінскія суразмоўцы венгерскага госця нічога змястоўнага яму не прапануюць, то ў Мінск жа прыязджаў не кіраўнік дыпламатыі ЕС Барэль, не міністр Нямеччыны, Францыі ці Італіі.

Калі бясплённай акажацца паездка кіраўніка МЗС Венгрыі — гэта будзе ягоным асабістым фіяска, а не фіяска ўсяго Еўрасаюза ці яго «грандаў».

Асаблівую актуальнасць візіту венгерскага міністра надае тое, што ён адбываецца ў разгар дыскусій у ЕС, якія новыя санкцыі ўводзіць адносна Беларусі, а якія, можа, і аслабіць.

Санкцыі — гэта інструмент уплыву на паводзіны дзяржаў, на якія яны скіраваныя. Петэр Сіярта прыехаў удакладніць, як могуць змяніцца гэтыя паводзіны пры розных сцэнарах санкцыйнай палітыкі.

Можна прыгадаць гістарычны прэцэдэнт. У 2011 годзе, менш як праз год пасля разгрому Плошчы-2010, Мінск раптоўна наведаў міністр замежных спраў Балгарыі Мікалай Младэнаў.

Тады галоўнай тэмай у стасунках паміж Мінскам і ЕС былі палітвязні, цяпер — вайна. Але сэнс візіту Младэнава быў такі самы, як і цяперашняга візіту ягонага венгерскага калегі — высветліць, што можа прапанаваць Мінск.

Пасля таго візіту кіраўніка МЗС Балгарыі былі нават спробы ўвасобіць у нейкае пагадненне вынікі перамоў у Мінску. Плёну гэта не мела. Але праз чатыры гады палітвязні былі вызваленыя і пачалася нармалізацыя адносін паміж Беларуссю і ЕС.

І гэта таксама было вынікам дыпламатычных высілкаў, перамоў, пачатак якім паклаў міністр Младэнаў.

Цяперашнія праблемы ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС — больш вострыя і небяспечныя, чым тады.

Нельга сказаць, што візіт міністра Сіярта мае вялікія шанцы на поспех. Але ў выпадку яго няўдачы ніхто нічога асабліва не страціць.

Чытайце таксама:

Алейнік і Сіярта падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2023 год

Кіраўнік МЗС Венгрыі: Я прыбыў у Мінск гаварыць пра мір ва Украіне

Кіраўнік МЗС Венгрыі прыляцеў у Мінск

Каментары7

  • Абу
    13.02.2023
    А я вам зараз пакажу, як я магу аслабіць напружанасць у рэгіёне. Чатыры спосабы, дарожную карту прывёз. Гэта ж не мы пачалі гэту вайну. І калі б за шэсць гадзін да вайны вы да мяне, гаспадзін Сіярта, прыехалі, то...
  • хх
    13.02.2023
    ...а шчэ ў ходзе сустрэчы было агучана пажаданне, каб Мінск зноў стаў пляцоўкай перамоў...
    без каментароў
  • Я
    13.02.2023
    Ціханоўская і Латушка, ці заўтра пікеты ля амбасады Вугоршчыны ў Варшаве ды Вільні?

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы5

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы

Усе навіны →
Усе навіны

Дзіўнае ДТЗ у Брэсцкай вобласці: загінулі два чалавекі2

Аляксей Протас працягвае ззяць у НХЛ. Закінуў пятую шайбу ў сезоне

Што робіцца на межах Беларусі ў пачатку вялікіх выходных

«Не адчайвайцеся»: Камала Харыс выступіла перад прыхільнікамі5

«Нам по**й. Калі па руках не дадуць за незаконнае затрыманне, можам і бабулю разам з імі закрыць»13

Нечакана распалася кіроўная кааліцыя Германіі. Краіну могуць чакаць датэрміновыя выбары9

Харыс і Байдэн павіншавалі Трампа з перамогай і абмеркавалі з ім перадачу ўлады2

Пазняк павіншаваў Трампа з перамогай29

Беларус, якога закранула апошняя масавая аблава КДБ, расказаў, як праходзілі ператрус і допыт5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы5

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы

Галоўнае
Усе навіны →