Міхась Скобла піша ў сябе ў фэйсбуку з нагоды дня нараджэння Міхася Стральцова.
«Сёння — дзень нараджэння Міхася Стральцова.
У паваеннай беларускай літаратуры яго няма з кім параўнаць, у сваім пакаленні ён глядзіцца непадобным на другіх адзінцом.
Магчыма, гэтым сваім непадабенствам ён кагосьці і раздражняў. Але Стральцова любілі і шанавалі тыя творцы, каму не засціла вочы зайздрасць, хто цаніў адметнасць чужога таленту — Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль.
Вось напісаў я пра немагчымасць параўнання і ўспомніў, што Брыль сугучнага Стральцову пісьменніка ўсё ж знайшоў. Праўда, не ў беларускай літаратуры. Прадстаўляючы трыццацігадовага Стральцова тады яшчэ ўсесаюзнаму чытачу (у Маскве ў перакладзе на расійскую мову выходзіла кніга «Что будет сниться»), Іван Антонавіч параўнаў свайго маладога калегу з… Іванам Буніным («абодвух чытаў на адной хвалі прыёму»). Празорлівы і начытаны Брыль ведаў, што гаворыць, і ўсё роўна словы ягоныя выглядалі як нечувана шчодры аванс, які належала адпрацаваць. І Стральцоў адпрацаваў — колькі паспеў.
«Милый Ваня, мой бог свободен от цензуры, и я ликую,» — гэтак Буніну надпісаў свой дарэвалюцыйны здымак Фёдар Шаляпін. Савецкая ўлада хутка разабралася з усімі багамі, і ўжо напачатку 20-х і знакаміты пісьменнік, і славуты спявак, ратуючы свае таленты, апынуліся за мяжой, у Францыі. Эмігранцкі хлеб горкі, але жылі яны ў культурнай сталіцы Еўропы — Парыжы, вандравалі па свеце, ім былі даступныя здабыткі сусветнай культуры.
Грамадзянін другой краіны і жыхар другой эпохі Міхась Стральцоў таксама цягнуўся да сусветнай культуры — наколькі гэта было магчыма ў СССР. «Плач па Гарсія Лорку», «Калі сын Феба — Фаэтон / памчаў адзін на калясніцы…», «У Анны у Андрэеўны Ахматавай / ёсць невялікі вершык…» — так пачынаюцца першыя, якія прыйшлі на памяць, стральцоўскія вершы.
Цікава, вядома ж, паназіраць за Фаэтонам на калясніцы ці паразмаўляць з музай, якая калісьці дыктавала старонкі «Пекла» самому Дантэ. Але барабанна-барацьбітная эпоха вымагала іншых тэмаў і герояў. І сапраўдныя паэты, каб не здрадзіць сабе, не могучы эміграваць кудысьці далей (мяжа была на сямі замках), эмігравалі — хто ў перакладчыкі (як Арсеній Таркоўскі), хто ў казачнікі (як Уладзімір Дубоўка), хто ў сумную краіну маўчання або ў вясёлае на першы погляд царства Вакха (такіх лічыць — не пералічыць). Міхась Стральцоў таксама пабываў і там, дзе сум, і там, дзе весялосць. І калі сябры пачыналі дакараць за празмернае маўчанне, паэт абараняўся таленавіта, як умелы фехтавальнік: «Над словам і над гукам, / даўмешыся пары, / спярша на рукі хукай, / пасля ужо твары». Тонкі, дасціпны ўкол тым творцам, якіх прынята называць пладавітымі.
Невыпадкова апошняя кніга Стральцова атрымала назву «Мой свеце ясны» — ён так бачыў свет, без бруду і хамства. Гэты невялікі, густоўна выдадзены зборнік — як эталон чысціні, чысціні пачуццёвай і паэтычнай.
Калі паэт дачасна пакінуў гэты свет у шпіталі ў Бараўлянах (1987 год), літфункцыянеры спахапіліся і ўзнагародзілі ўжо мёртвага Стральцова Дзяржаўнай прэміяй. Як чатыры гады перад гэтым узнагароджвалі — таксама пасмяротна — Уладзіміра Караткевіча. Але ж — «гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым». Ды што паробіш, калі ўлада, як правіла, заўважае найперш дзяржаўны падхалімаж. Няма яго — няма і прэміі.
А запабягаць перад кімсьці было не ў характары Міхася Стральцова. Памятаю, у рэстаране Цэнтральнага дома літаратара ў Маскве пасля прысвечанай Алесю Адамовічу вечарыны я апынуўся поплеч з вядомым крытыкам Валянцінам Аскоцкім. Ён уразіў мяне веданнем сучаснай беларускай паэзіі і зусім ужо ашаламіў, калі разам з паэткай Рымай Казаковай зацягнуў беларускую народную песню. «Адкуль гэта ў вас?» — спытаўся я ў Аскоцкага. «Ад Мішы Стральцова», — прагучаў адказ.
Ужо дома ў стральцоўскім аднатомніку я прачытаў прысвечаны сябру-масквічу верш, які заканчваўся радкамі: «Далёкі друг, я даль тваю люблю, / далёкі друг, любі маю таксама». І аніякага табе шапказдымання перад уплывовым крытыкам. Сказана з пачуццём уласнай годнасці і раўнапраўнай дружбы.
Ён так і застаўся ў айчыннай літаратуры пяцідзесяцігадовым патрыцыем, які, аднак, не захінаўся ў тогу высакамернасці, калі, «хукнуўшы на рукі», ціха прамаўляў непачутыя своечасова ісціны, выяўляў сваю захопленасць светам (абавязкова — ясным). Сёння многія стральцоўскія радкі гучаць афарыстычна: «Калі душа маўчыць, не гаварыце лепш», «Павер, што болей чым імгненне / не прыме вечнасць ад цябе», «Хай слова будзе як патрэба, / як у прыпар вады глыток, / але ж бывае слова — срэбра, / маўчанне — золата, браток». І калі афарызмы гэтыя гучаць сапраўды неяк па-патрыцыянску, то ўмеў Стральцоў і пра высокія матэрыі сказаць проста і даходліва, нібы знарок для якога Хведара ці Панаса, якія мільгаюць у адным з ягоных вершаў. Прычым сказаць на папулярнай у народзе ва ўсе часы трасянцы: «Цвічок ва ўласным боце / страшней, чым «Фауст» Гёце».
Як і кожнаму творцу, Міхасю Стральцову хацелася быць пачутым. У тым апошнім для яго 1987-м ён згаджаўся на ўсе выступы. У сталічным Доме літаратара прэзентаваліся «Мой свеце ясны» і кніга крытыкі «Пячатка майстра». А ўсяго за тры месяцы да смерці ў бараўлянскім шпіталі ён сустракаўся са сваімі чытачамі ў Гародні і Лідзе. І ў восеньскай журбе спрабаваў дапільнаваць імгненні жыццёвай весялосці…
Ужо са смяротнай лажніцы ён прашаптаў схіленаму над ім Янку Брылю: «Мне без вас нельга». Сёння ўсім нам нельга абысціся без Міхася Стральцова, без яго паэтычнага «свету яснага», без ягонай светлай «рэчанькі Галубы, якую прыгалубіў Сож»…
Стаяў і я на гэтай кручы:
Бы звон, быў дзень — каціўся Сож
Туды, дзе гэты бераг злучан
З маленствам, — тым, што басанож,
З парою той, якою далі
Сваю сінечу і смугу
На развітанне мне аддалі —
Аддаць назад ім ці змагу?
Ды як аддаць, мой свеце любы,
Аднойчы ўзяўшы падарож,
Святло той рэчанькі Галубы,
Якую прыгалубіў Сож?
Ці тыя засень або ясень,
Той лог, аблогу, мурагі,
На сенакосе Касю з Ясем,
За імі — копы і стагі;
Каня над рэчкаю іржанне
І нават голасу дрыжанне
У словах — родны, дарагі?
Яны са мной — і мною сталі,
Праз вёскі і праз гарады
Мяне раптоўна даставалі,
І паўставалі, і ўрасталі
У мае трывогі і гады.
І ўсё вяла, вяла дарога —
То хмель пры ёй, то дзераза.
І так хацеў спазнаць я многа,
І так хацеў сказаць, нябога, —
І шмат чаго я не сказаў!
Я вінават, што скрухай змучан,
Што даль юначую заву…
А ты даруй — я з гэтай кручы
Хілю павінна галаву».
Каментары