Беларуска стварыла інстаграм-рэаліці. Паспяхова ідзе ўжо пяты сезон
Здымаюць шоу на тэлефоны, ніякага мантажу няма, а пабачыць новыя серыі можна ў сторыс інстаграма. Такі незвычайны фармат рэаліці запусціла беларуская блогерка Маша Сас, якая мае 434 тысячы падпісчыкаў. Што ж там паказваюць?

Маша Сас спецыялізуецца на тым, што дапамагае людзям пахудзець. Але ў 2023 годзе блогерка ўпершыню вырашыла запусціць рэаліці-шоу ў незвычайным фармаце, адаптаваным пад інстаграм.
З таго моманту паспяхова прайшло ўжо чатыры сезону праекта «Weekend на 1000». І цяпер інста-рэаліці ідзе ў пяты раз.

У чым жа сутнасць? Дванаццаць удзельніц заязджаюць у адзін з дамоў у сядзібе «Дынараўка», якая знаходзіцца пад Мінскам. Жанчын дзеляць на дзве каманды. Каля тыдня яны выконваюць розныя заданні. Каманда, якая прайграла, вымушана праз галасаванне вырашыць, хто з яе ўдзельніц пакіне праект. Калі галасы дзеляцца пароўну, то гледачы вырашаюць, каго пакінуць — ім прапаноўваюць галасаваць у сторыс, каб выратаваць любімую ўдзельніцу.
Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца здароваму харчаванню (гатуюць жанчынам стравы з рацыёну Машы Сас) і фізічнай актыўнасці. Напрыканцы праекта ўдзельніцы становяцца на вагі і падлічваюць, колькі скінулі.

Эмоцыі на «Weekend на 1000» зашкальваюць. Падчас галасавання, калі трэба апусціць у скрыню здымак дзяўчыны, супраць якой ты аддаеш голас, шмат хто плача.
— Чаго ты плачаш? — пытаецца голас за кадрам у дзяўчыны ў фіялетавай майцы.
— Адчуваю сябе жудасна, я стараюся думаць наперад, думаць пра будучыя іспыты. Таму я галасую за Іру. Іра, прабач мне, калі ласка.
У выніку супраць Іры галасуюць тры чалавекі, і яна вымушана тэрмінова шукаць маршрутку да роднай Ліды. У гэты час некалькі жанчын рыдаюць, абняўшы яе.

Стваральніца інста-рэаліці расказвала, што анкеты для ўдзелу ў яе праекце дасылалі дзяўчаты з Польшчы і Расі: «Цікавыя дзяўчаты, але мы не ўзялі іх па адной простай прычыне. Мне будзе вельмі дрэнна на душы, калі іх выганяць першымі, а ім потым дадому доўга дабірацца будзе».

Выпрабаванні для жанчын падрыхтаваны самыя розныя — напрыклад, гульня ў стылі «Форт Баярд» ці забег у гіганцкіх ботах, у якіх трэба бегчы ўчатырох.
А вечарамі для ўдзельніц праводзяць майстар-класы — ад роспісу кашпо да пляцення кос з канекалона (штучных пасмаў). Маша кажа, што гэта дапамагае канкурсанткам расслабіцца пасля эмацыянальна цяжкага дня.
Тэлефоны ўдзельніцам выдаюць толькі на кароткі прамежак часу.

Блогерка таксама ладзіць жывыя эфіры ў інстаграме і тыктоку, каб гледачы маглі задаць пытанні ўдзельніцам інста-рэаліці. А фанаткі потым пішуць жанчынам і прыватныя паведамленні, як заўзеюць за іх і як плачуць, калі ў любімай каманды нешта не атрымліваецца.
Для фіналу Маша выдумляе нешта незвычайнае. Напрыклад, у мінулым сезоне фіналісткам трэба было ўгаварыць выпадковага мужчыну на спатканне. Хаця фактычна — упрошваць незнаёмца сесці разам на вуліцы за раскладны столік і выпіць сок з прыгожых фужэраў. «Паляванне» праводзілі побач з гандлёвым цэнтрам «Дана Мол».

Пераможцу інста-рэаліці таксама выбіраюць гледачы шляхам галасавання ў сторыс. Галоўны прыз — 1000 рублёў.
Калі вы захочаце спытаць, ці сапраўды нехта глядзіць шоу ў сторыс інстаграма, дык ведайце: у 4 сезоне праекта ў фінальным галасаванні прыняло ўдзел каля 50 тысяч чалавек. Здаецца, супрацоўнікі БТ могуць кусаць локці ад зайздрасці.
Каментары
У здаровым грамадстве / калектыве такога не бывае. Нават у першабытнасці. Здаровыя суполкі не накіраваныя на самазнішчэнне.
Вось што за смецце ў галовах арганізатараў? Прыдумляць антыутопыі, гульні, ў якіх заахвочваюцца склокі і ўзаемная падазронасць. Што за смецце ў галовах гледачоў такіх шоў?
Ці мала прыкмет антыўтопій у рэальным жыцці, тым больш, беларускім? Хай згуляюць у калонію, дзе выйграе ў начальства той, хто першы данясе на суседа/суседку. Дзе прайграўшую ставяць у клетку на вуліцы.
І ўвогуле ўся дзяржаўная сістэма адмоўнага адбору горшых з выканаўцаў і ёсць такая ж хворая гульня. У хворым соцыўме выйграюць людзі з асацыяльнымі ўменнямі.