Меркаванні2727

Гэты філосаф пісаў пра віну краіны-агрэсара і тое, хто павінен несці адказнасць. Яго развагі маюць значэнне і для нас

Нямецкі філосаф Карл Ясперс правёў усю Другую сусветную ў Германіі, але не быў замешаны ў сувязях з нацыстамі і жыў пад пагрозай арышту. Таму пасля вайны, калі надышоў час нямецкага пакаяння, яго аўтарытэту хапіла, каб стаць адным з ідэйных архітэктараў пераасэнсавання той вайны народам, які яе распачаў. 

Фота: ВК Першамайскага райкама БРСМ

24 лютага 2022 года, калі расійская армія напала на Украіну ў тым ліку і з беларускай тэрыторыі, Беларусь ператварылася ў краіну-суагрэсара. Шмат хто з нас, калі бачыў кадры бамбардзіровак, крыві і слёз, задаваў сабе пытанне: а ці мог я нешта зрабіць, каб усяго гэтага не было? Ці ёсць у гэтым мая віна?

Немцы пасля Другой сусветнай праходзілі шлях пакаяння. Пра палітычную адказнасць гэтага народа Карл Ясперс разважаў у творы «Пытанне пра вінаватасць».

Крыху пра пазіцыю самога філосафа. Ясперс ніколі не падтрымліваў ні нацызм, ні камунізм, ні таталітарызм, затое верыў у гуманістычныя ідэалы, індывідуальную свабоду і абмежаванне функцый урада. Ён быў жанаты з хрышчонай яўрэйкай і разыходзіўся ў поглядах з іншым вялікім нямецкім філосафам Марцінам Хайдэгерам праз тое, што Хайдэгер падтрымліваў нацызм.

У 1937 годзе Ясперса пазбавілі звання прафесар, але ён працягваў працаваць «у стол». Да самага падзення нацызму ён чакаў, што па яго прыйдуць. А пасля вайны вярнуўся да выкладання і прачытаў шэраг лекцый, што і леглі ў аснову яго «Пытання пра вінаватасць».

Тут трэба сказаць, што ў 1945 годзе немцы былі не надта настроеныя на пакаянне. У частках Германіі, акупаваных заходнімі краінамі, праводзілася інфармацыйная кампанія з мэтай навязаць немцам адчуванне віны, але грамадства, якое знаходзілася ў дэпрэсіі і расчараванні, не было да гэтага здольнае. Што да нямецкіх рэгіёнаў, дзе пазней утварылася ГДР, то там увогуле спрабавалі пазбавіцца ад любых напамінаў пра таталітарнае мінулае.

Фота: сацсеткі

Але пра віну казалі нямецкія інтэлектуалы, і голас Ясперса быў адным з самых гучных. Філосаф сцвярджаў: так, народ адказвае за сваю дзяржаўнасць, і кожны немец адказны за злачынствы Вермахта. Ён адмаўляў, аднак, тое, каб слепа навязваць немцам калектыўную віну, і дзеля гэтага падзяліў феномен віны на чатыры тыпы:

  • Палітычная адказнасць, якую нясе кожны немец і праз якую ён мусіць пакрываць нанесеную шкоду ў юрыдычна ўсталяванай форме. Немец мусіць пакутаваць ад выніку дзеянняў пераможцаў.
  • Крымінальная адказнасць, якая датычыць непасрэдна тых, хто здзяйсняў злачынствы.
  • Маральная адказнасць, то-бок адказнасць перад уласным сумленнем за зробленае.
  • Метафізічная адказнасць за тое, што чалавек не здолеў перашкодзіць злачынству.

Ясперс таксама аддзяляў актыўны ўдзел у злачынствах ад пасіўнага і разважаў пра тое, хто мае права прызнаваць чалавека ў нечым вінаватым. Крымінальную віну вызначае суд, палітычную — прыналежнасць да іншай краіны, а вось за маральную і метафізічную віну збольшага адказнае наша сумленне, хіба што ў выпадку з маральнай віной магчыма абмеркаваць яе з блізкімі людзьмі.

А яшчэ нямецкі філосаф адказвае ўсім тым, хто лічыць, што вайна і злачынствы іх радзімы — не іх справа, і хто проста лічыць, што ён «па-за палітыкай»: «Хтосьці спытаў: ці нясуць народы віну за кіраўнікоў, якіх яны цярпяць? Напрыклад, Францыя за Напалеона. Маецца на ўвазе, што пераважная большасць ішла за Напалеонам, жадала магутнасці і славы, якія ён здабыў. Напалеон быў магчымы толькі таму, што французы жадалі яго. Яго веліч — дакладнасць, з якой ён зразумеў, чаго чакалі народныя масы, што хацелі чуць, якіх хацелі ілюзій, якіх матэрыяльных каштоўнасцей».

Фота: прэс-служба МУС

У першыя гады пасля вайны Ясперса не разумелі, ды і ён сам бачыў, што ў палітычным клімаце Германіі захоўваюцца згубныя, з яго пункту гледжання, погляды. Хутка філосаф пераехаў у Швейцарыю, а яго калега Ханна Арэнт, якая эмігравала яшчэ да перамогі, так і не вярнулася на радзіму. У тым грамадстве панавалі, напрыклад, палярныя погляды на Нюрнбергскі трыбунал, які часам успрымалі як правасуддзе ад пераможцаў. У канцы 1952 года 37% апытаных жыхароў ФРГ казалі, што краіне было б лепш без яўрэяў, і нават у 1965 годзе такіх было 19% сярод апытаных.

Віну заўсёды лягчэй прызнаваць, калі яна не твая. З часам вырасла новае пакаленне, якое не ўдзельнічала ў тым, што рабілі яго бацькі, і яно пагадзілася перагледзець нацысцкае мінулае краіны. Інакш не было б падзеі 7 снежня 1970 года, калі нямецкі канцлер Вілі Брант у знакамітым жэсце стаў на калені перад помнікам героям Варшаўскага гета. І не было б 80-х, калі пераасэнсаванне мінулага нарэшце стала справай усяго нямецкага народа.

Карл Ясперс пракладае праз прызнанне віны шлях да палітычнай свабоды — і нацыянальнай, і асабістай; і для яго нямецкае ачышчэнне — абавязковая рэч. З іншага боку, ён не адмаўляе таго, што на шляху Гітлера ў свой час маглі аказацца замежныя краіны. Інтэлектуал згадвае настроі ў сваім асяроддзі ў 1933 годзе, калі шмат надзей было звязана з іншымі краінамі. Магчыма, хоць нехта з іх прыме рашэнне пра ваенную інтэрвенцыю ў Германію, пакуль яшчэ хоць нешта можна выправіць? 

Але складваецца інакш: 14 ліпеня 1933 года нацысцкая партыя робіцца дзяржаўнай і ўжо 20 ліпеня Ватыкан першым і не апошнім прызнае легітымнасць гітлераўскага ўрада.

Ясперс параўноўвае гітлераўскую Германію з турмой, з якой, калі ты ўжо там апынуўся, ніяк не выбрацца без старонняй дапамогі. Ён успамінае, што першымі вязнямі канцлагераў былі самі немцы, ды і пасля пачатку вайны нямецкіх вязняў у лагеры было багата. Гэта ўказвае, паводле філосафа, на тое, што супраціў унутры Германіі быў заўсёды, але ж узровень тэрору ў краіне амаль не даваў яму шансаў на поспех.

Ці сведчаць гэтыя і іншыя адзначаныя філосафам варыянты апраўданняў пра тое, што грамадзяне таталітарнай краіны-агрэсара мусяць зняць з сябе віну? Зусім не. Філосаф толькі пратэстуе супраць таго, каб гэтая віна была навязанай, штучнай і аўтаматычна калектыўнай.

Тое, што трэба і што можа даць пачатак новаму грамадству, — гэта шчырае асэнсаванне сваёй віны, якое мусіць ісці ад разумення таго, што ты мог зрабіць інакш, але не зрабіў.

Яно ў Ясперса падобнае да хрысціянскай метанойі — пакаяння, у цэнтры якога змяненне розуму, спроба перайначыць свае паводзіны і, нарэшце, пачаць жыць па-іншаму, не «па-за палітыкай», а як жывы і абазнаны грамадзянін сваёй краіны.

«Што яно, насельніцтва, ведае пра сваю адказнасць — гэта першая прыкмета абуджанай у ім палітычнай свабоды. Толькі калі ёсць і прызнаюцца такія веды, свабода сапраўды прыходзіць, а не застаецца толькі знешнім дамаганнем несвабодных людзей. Унутраная палітычная няволя паслухмяная, а з іншага боку, яна не пачуваецца вінаватай. Усведамленне сваёй адказнасці — гэта пачатак унутранага перавароту, які імкнецца ажыццявіць палітычную свабоду», — пісаў Ясперс.

Фота: Alexandr Zemlianichenko Jr / AP Photo

Але што ў атмасферы татальнага тэрору і страху ўзяць на ўзбраенне? Як паменшыць сваю віну, калі турма вакол нас ужо збудаваная і ўмацаваная, і бурыць сваімі рукамі яе сцены мы не гатовыя? Пра гэта кажа іншы аўтар, які ў часы лекцый Ясперса пра нямецкую вінаватасць знаходзіўся за сценамі ГУЛАГа, — Аляксандр Салжаніцын. У сваім эсэ «Жыць не па хлусні» ён прапануе ўзяць на ўзбраенне такі метад:

«Гвалту няма чым прыкрыцца, акрамя хлусні, а хлусня можа трымацца толькі гвалтам. І не кожны дзень, не на кожнае плячо кладзе гвалт сваю цяжкую лапу: ён патрабуе ад нас толькі пакоры хлусні, штодзённага ўдзелу ў хлусні — і ў гэтым уся вернападданасць.

І тут вось ляжыць самы просты, самы даступны ключ да нашага вызвалення, якім мы грэбуем: асабісты няўдзел у хлусні! Няхай хлусня ўсё накрыла, няхай хлусня пануе над усім, але ў самым малым упромся — няхай кіруе не праз мяне! І гэта — прарэз ва ўяўным коле нашай бяздзейнасці! — самы лёгкі для нас і самы разбуральны для хлусні. Бо калі людзі адштурхоўваюць ад сябе хлусню — яна проста перастае існаваць».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Андрэй Скурко: Cтаранна захоўваючы дэкарацыі мінулага, чалавек падсвядома імкнецца да бессмяротнасці

Пра «ілюзію Бабарыкі» і «непрадказальнае, якое нас чакае». Гісторык Фрыдман параўноўвае лукашызм з іншымі дыктатурамі і ўпэўнены, што моладзь спытае: «Як так атрымалася, што ўсё навокал расійскае?»

«Свядома ці падсвядома, але ўсе ў Беларусі разумеюць, што ўсё залежыць ад тых, хто трымае ў руках зброю»

Каментары27

  • жнівень
    08.03.2023
    Сумняюся, што беларусы гатовыя да прызнання маральнай віны за Лукашызм. За тое, што былі внеполітікі, за тое, што сябравалі з ябацькамі, за тое, што заплюшчвалі вочы на фальсіфікацыі, бо гэта ж начальнік фальсіфіцыраваў і сварыцца не трэба. За тое, як здавалі апазіцыянераў губазіку, баючыся застацца без прэміі, за тое, як фальсіфікавалі, баючыся звальнення, за тое, што хавалі і прычмоківалі з рук Лукашэнкі гасцінцы, купленыя на гэную крывавую расейскую нафту.
    Кожны мог зрабіць на 20% больш, але не зрабіў. Уставіць слаўцо па-беларуску. Раз на год у краме папрасіць кілбасу вэнджаную, а не колбасу вяленую.Але не зрабілі і сваёй памяркоўнасцю і бесхрыбетнасцю ператварылі свой дом у філіял ада, найгоршы рэжым на планеце. Чаму у Расейцаў не калечаць настолькі масава, як у Беларусі? Можа таму, што баяцца таго, на што здольная пьяная матрасня, а беларус - сагнецца нават не пад дубінкай, а ад страху як бы чаго не выйшла.
  • Dzianis
    08.03.2023
    жнівень, а потым будзеш здзіўляцца, чаму гэта "народзец" мог, але не зрабіў. бо такія як ты навязвальнікі віны і аматары прысаромець яшчэ ў 1994-м годзе адбілі ў народа жаданне ісці за вамі. то "па-беларуску з памылкамі гаворыце", то "гісторыі не ведаеце", то яшчэ што. вялізная колькасць людзей у 2020-м годзе прачнулася або нават перайшла з "таго" боку на бок праўды, а некаторыя, замест таго каб іх падтрымаць, пачалі вось гэтае гаўно ліць у стылі "а дзе вы былі раней, чаму вы так доўга спалі, ах вы такія сякія" 
  • не такі як ёсць
    08.03.2023
       Большасць беларусаў не атаясамляюць сябе ні з лукой ні з губазікам ні з іншымі прыкарытнымі, таму і не хочуць несці адказнасць за іх учынкі. 
       Магчыма ўсё было б інакш калі б не 2020 год, але ён быў і хоць мы безумоўна прайгралі барацьбу за сваю краіну, але мы выйгралі барацьбу за сваё сумленне. 
       Але трэба прызнаць што 25-30 адсоткаў краіны падтрымліваюць абодвух састарэлых маньякаў, хапае такіх і ва Украіне, Польшчы, Нямеччыне і гэтак далей. Безумоўна тыя хто хоць неяк дапамагаў маскалям ваяваць ва Украіне мусяць за гэта адказаць, і не прыкрыюцца яны ані клятвай Гіпакрата, ні крэдытамі на кватэру, ні ''я же не знал''. 
      Асабіста я не веру ў пакаянне але веру ў пакаранне. А тое што адбывалася ў Нямеччыне з аднаго боку і добра, бо ніхто ніколі ў гісторыі гэтага света не зрабіў больш для загладжвання сваёй віны, але ў той жа час выхаваў пакаленні людзей з комплексам гэтай самай віны якія нават думаць баяцца каб даць адпор рашцы, якую даўно трэба паставіць на месца. У хуткім часе гэта наўпрост прывядзе да з'яўлення новай плыні правых немцаў.
       І калі беларусы, якія проста цяпер і так досыць забітыя і запалоханыя, будуць выхоўвацца з пачуццём нейкай калектыўнай адказнасці, то нічога добрага з гэтага не атрымаецца, давайце ўжо ўспомнім хто мы на самой справе.
       Калі мы не трываем, то не трываем ні ад каго.

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў5

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў

Усе навіны →
Усе навіны

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек5

Рэктар БДУ пра жонку: У нас цывілізаваныя дагаворныя адносіны8

У Стаўрапольскім краі РФ выбухнуў ларок з феерверкамі ВІДЭА1

Самалёт ЗША падбілі «сяброўскім агнём» над Чырвоным морам1

«Гэта літаральна зрывае дах!» Тэлевядучая Люцыя Герашчанка распавяла пра паездку ў Індыю з сынам7

Ужо тыдзень у Расіі не могуць знайсці мужчыну, які забіў паліцэйскага, а пасля згвалціў і забіў яго маладую жонку12

«Скралі тры партсігары, тры курткі». Віцебскі губернатар абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару3

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года69

Афіцыйна пацвердзілася трагічная прычына смерці хакеіста Уладзіміра Цыплакова1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў5

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў

Галоўнае
Усе навіны →