«Да здачы ў палон ён не дажыў дзесяць дзён, мы нават магілы яго не маем». Бацька распавёў пра загінулага пры абароне Марыупаля ўраджэнца Беларусі
Яўген Логінаў з пазыўным «Мальдэр» загінуў яшчэ 5 мая 2022 года ў ваколіцах «Азоўсталі». Яму было 27 гадоў. Служыць у войска ён пайшоў добраахвотнікам. У палку «Азоў» быў сяржантам і камандаваў аддзяленнем. Яго бацька распавёў «Нашай Ніве» пра жыццё і смерць сына.
Яўген Логінаў. Фота з бацькоўскага альбома
«Жэня ў нас быў адзіным сынам, не жанатым»
Пра гібель Яўгена Логінава паведаміў яго саслужывец Руслан «Давід». У допісе ён адзначыў, што Яўген нарадзіўся ў Беларусі, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехаў у Мікалаеў.
Яўгенавы бацька і маці дагэтуль жывуць у гэтым паўднёва ўкраінскім горадзе, які да поўнамаштабнай вайны быў пабрацімам беларускага Магілёва.
Бацькі Яўгена перабраліся ва Украіну ў 1995 годзе, калі яму быў год. Нарадзіўся ён у Брэсце і быў у сям’і адзіным дзіцём. Яўгенаў бацька Аляксандр з сям’і савецкага вайскоўца, які служыў у Польшчы, а па скарачэнні за Хрушчовым асеў у беларускім горадзе.
«Пераехалі мы, бо мой старэйшы брат жыў ва Украіне. Спачатку перацягнуў да сябе бацькоў, а потым нас. Перажылі ў Мікалаеве дужыя абстрэлы, калі рускія былі за 20 кіламетраў ад гораду. Кожны дзень стралялі. Штодня вокны мянялі. Шмат людзей забілі рускія», — расказвае Аляксандр.
Па яго словах, Яўген лічыў сябе ўкраінцам. Ён вывучыўся ў мясцовай школе, разумеў украінскую мову. У сям'і гаварылі па-руску.
«У нас у сям’і лічылася, што галоўнае не нацыянальнасць, а які ты чалавек. Каб быць добрым і годным чалавекам, каб пакінуць па сабе добрую памяць. Мы не думалі, што ў нашай сям’і будзе такая трагедыя. Жэня ў нас быў адзіным сынам, не жанатым. Вырас добрым інтэлегентным чалавекам. Казаў, што спачатку яму важная кар’ера, а потым асабістае жыццё. Рускія забралі ў нас яго. Усё забралі, і я не ведаю, як з гэтым жыць. Мы адны засталіся ва Украіне», — кажа Аляксандр.
У жонкі Аляксандра Ірыны засталіся родзічы ў Беларусі. У самаго Аляксандра большасць сваякоў у Расіі, з якімі, як пачалася вайна, ён перастаў падтрымліваць сувязі.
«У 2018 годзе сам пайшоў у ваенкамат»
Яўген хацеў стаць афіцэрам, працягнуць сямейную традыцыю бацькі.
«У дзяцінстве забаўляўся салдацікамі, будаваў крэпасці. Гуляўся ў вайнушку на дыванку. Займаўся спортам: футболам, плаваннем. Глядзеў за сабою. Нават, калі прыязджаў у водпуск з «Азова» не прамінаў турнікоў. Спартовым быў хлопцам, не піў, не курыў. Я не асэнсоўваў тады, але ён быў падарункам ад бога», — расказвае Аляксандр.
Калі рускія акупавалі Крым ды пачалі вайну на Данбасе, Яўгену было 20 гадоў. Ён вучыўся ў Мікалаеўскім караблебудаўнічым універсітэце імя Макарава і атрымаў вышэйшую адукацыю.
«У 2018 годзе Жэня сам пайшоў у ваенкамат. У яго была плоскаступнёвасць і ён быў не прыдатны да вайсковай службы. Медыкі дзівіліся, што нямала прызыўнікоў шукаюць падставаў, каб адмазацца ад службы, а тут сам просіцца», — апавядае далей Аляксандр.
Спачатку Яўгена ўзялі ў нацыянальную гвардыю. Служыў у часці ў Марыупалі. Яна разам з паліцыяй патрулявала прыфрантавы горад. Восенню 2018 году ён падпісаў на тры гады кантракт з «Азовам», здаў неабходныя нарматывы. Тады лінія фронту з рускімі праходзіла за 20 кіламетраў ад Марыупаля.
«Раней я не разумеў, але азоўцы — сапраўдныя ўкраінскія патрыёты. Сваім подзвігам на «Азоўсталі» яны пацвердзілі гэта. «Азоў» быў найбольш баяздольным вайсковым фармаваннем. Гэта былі вайскоўцы прафесіяналы. Яны ад пачатку праходзілі падрыхтоўку па натаўскіх стандартах. Яны пазбыліся ўсяго савецкага», — адзначае Аляксандр.
У аблозе перажываў за бацькоў у прыфрантавым Мікалаеве
У 2019-ым Яўген удзельнічаў у баях на Светладарскай дузе і яму ўручылі адзнаку «За ўдзел у вайсковых дзеяннях». Да поўнамаштабнай вайны Яўген адслужыў у палку «Азоў» тры з паловай гады.
У Мікалаеў да бацькоў Яўген прыязджаў два разы на год у водпускі. Апошні раз яго бачылі бацькі ў кастрычніку 2021 года.
У лютым 2022-га Яўген праходзіў разам з групай саслужыўцаў сяржанцкія курсы. Яго прызначылі камандзірам падраздзялення і ў вучэбцы ён меўся пацвердзіць падрыхтаванасць да пасады.
Па словах бацькі, у Яўгена была магчымасць застацца на захадзе Украіны, але ён 26 лютага вярнуўся ў Марыупаль і неўзабаве яго абаронцы апынуліся ў аблозе.
«Час ад часу яму ўдавалася спісацца з намі. Цікавіўся, як мы. Ведаў, што Мікалаеў абстрэльваюць, што пашкодзілі водаправод і горад без вады. Перажываў за нас. Раіў з'язджаць з горада. Пра сябе казаў, што яны трымаюцца. Мы малілі бога, каб ён выбраўся з таго пекла, застаўся жывым», — згадвае Аляксандр.
Ён кажа, што разумеў тое, што адбываецца на «Азоўсталі». Вайскоўцы сцягнулі на сябе шмат расійскага войска, але, на думку Аляксандра, яны больш карысці прынеслі б, калі пакінулі да аблогі Марыупаль.
«Такі подзвіг увойдзе ў гісторыю. Жэня казаў, што ім нельга здавацца, бо іх усіх заб’юць. Да здачы ў палон ён не дажыў дзесяць дзён. 5 мая ён загінуў, а 15 спыніліся ваенныя дзеянні. Там жа не толькі «Азоў» быў, а таксама пагранічнікі, марпехі», — расказвае Аляксандр.
«Ці знойдзецца магіла нашага сына, не ведаю»
Бацькам пра смерць Яўгена паведаміла патранажная служба «Азова». Яго ўзнагародзілі пасмяротна ордэнам «За мужнасць» 3 ступені.
Праз паўгода намеснік камандзіра роты, які вызваліўся з палону, расказаў, што Яўген быў смяротна паранены ў баю на яго вачах. Атаку рускіх тады ўдалося адбіць і забраць Яўгенава цела.
«Жэня загінуў адразу, не мучыўся, так грэх казаць, але мне крыху лягчэй ад гэтага. Мы спадзяваліся, што ён жывы, што памылка. Праглядалі відэа з вызваленымі азоўцамі. Да восені спадзяваліся», — кажа Аляксандр.
Цела Яўгена дагэтуль не знойдзена і дзе яно, не вядома.
«І гэта нам удвая баліць. Родныя паміраюць, іх хаваюць, ходзяць на магілу, а мы знаходзімся між небам і зямлёю. Няма сынавай магілы. Не вядома, ці знойдзецца яго цела пасля вайны. Марыупаль акупаваны. Загінулых там — проста кашмар колькі людзей».
Жывучы са стратай сына, Аляксандр кажа, што не шкадуе аб пераездзе ва Украіну. Паводле яго, тут больш свабоды, няма паліцэйскага дыктату, як у Беларусі, хоць былі праблемы, якія на фоне вайны выглядаюць дробяззю цяпер.
«Я рускі, але перажыўшы абстрэлы, гібель сына, ненавіджу рускіх, — прызнаецца Аляксандр. — Каго рускія вызвалілі? Нас яны «вызвалілі» ад нашага сына. Я размаўляў са сваімі родзічамі. Яны жывуць у іншай рэальнасці. 80 працэнтаў крыважэрныя. З выгляду нармальныя, адэкватныя, але заяўляць, што варта ўсіх забіць, гарады сцерці. Яны не хочуць нічога чуць і расплюшчваць вочы».
Аляксандр кажа, што ўкраінцы пакрыўджаныя, што з тэрыторыі Беларусі рускія напалі на Украіну. Ён разумее, што ў гэтым не народ вінаваты, а рэжым, які знаходзіцца пры ўладзе.
Па яго словах, жонка перад вайною была ў Беларусі і расказвала, што там у яе было адчуваньне, што вярнулася ў Савецкі Саюз.
«Не шукаў публічнасці, узнагарод ці ўласнай выгады»
Баец палка «Азоў» Руслан «Давід» у сваім допісе адзначае, што Яўген не шукаў публічнасці, узнагарод ці ўласнай выгады.
Паводле яго, 5 мая на завод зайшла вялікая група расійскіх спецназаўцаў, якія ад палонных дазналіся, дзе знаходзяцца ўкраінскія салдаты. Яўген загінуў падчас перастрэлкі з нападнікам. Куля трапіла яму ў сонную артэрыю.
«Ён не хаваўся за тоўстымі сценамі і падваламі, не еў спакойна кансервы і пайкі, ён быў смелы, і такіх людзей у Марыупалі было не так шмат, — адзначае Руслан «Давід». — Ён адчуў на сабе ўвесь цяжар сапраўднай вайны і гарадскіх баёў. Бязмежная табе павага, Мальдэр».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары