Працэсы нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва 1917—1920 гадоў абумовілі першую арганізаваную хвалю палітычнай эміграцыі. Яна складалася з дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), розных вайсковых фарміраванняў, сяброў партыі беларускіх эсэраў, дзеячаў культуры і навукі.

У пачатку 1920-х гадоў гэтыя эмігранты пільна сачылі за падзеямі, што адбываліся на савецкай тэрыторыі. А новыя савецкія ўлады часам імкнуліся іх выкарыстаць для вырашэння задач культурнага будаўніцтва.

Так у жніўні 1921 года ў Коўна і Берлін быў накіраваны Зміцер Жылуновіч. Ён павінен быў арганізаваць друкаванне за мяжою навучальнай літаратуры на беларускай мове для школ Савецкай Беларусі. Да гэтай справы Жылуновіч далучыў эмігрантаў Аляксандра Цвікевіча і Паўліну Мядзёлку. 

Інфармацыя пра дзейнасць выдавецкай місіі Жылуновіча распаўсюдзілася далёка за межы Берліна. Так у 1922 годзе з ім шукаў кантакту Францішак Аляхновіч.

Аляксандр Цвікевіч і Паўліна Мядзёлка

Аляксандр Цвікевіч і Паўліна Мядзёлка

Першыя поспехі нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Савецкай Беларусі выклікалі зацікаўленасць у эмігрантаў, але вяртанню перашкаджала пагроза крымінальнага пераследу.

Становішча змянілася ў 1923 годзе, калі ў ліпені ЦВК БССР прыняў пастанову аб амністыі палітычных і культурных дзеячаў, якія бралі ўдзел у антысавецкіх арганізацыях.

На радзіму тады вярнуліся пісьменнік, былы член прэзідыума Народнай рады БНР Максім Гарэцкі і адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 года Павел Жаўрыд, праваслаўны і грамадска-культурны дзеяч Мікалай Красінскі.

Павел Жаўрыд і Максім Гарэцкі

Павел Жаўрыд і Максім Гарэцкі

Росту прасавецкіх настрояў сярод беларускіх эмігрантаў спрыялі такія мерапрыемствы ўлад, як пашырэнне тэрыторыі Савецкай Беларусі ў 1924 годзе і афіцыйнае прыняцце палітыкі беларусізацыі.

У 1925 годзе ў савецкіх улад нарадзілася ідэя падрыву эміграцыі знутры. Зноў, як і ў 1921 годзе, за мяжу паехаў Зміцер Жылуновіч. Як памятаем, Жылуновіч меў добрыя адносіны з Цвікевічам, які ў той час узначальваў урад БНР.

Асноўная задача паездкі заключалася ў схіленні дзеячаў эміграцыі да афіцыйнага прызнання Савецкай Беларусі і вяртання на радзіму.

Зміцер Жылуновіч

Зміцер Жылуновіч

Вынікам паездкі стала скліканне па ініцыятыве Аляксандра Цвікевіча ў Берліне 12—16 кастрычніка 1925 года Другой Усебеларускай канферэнцыі. Патрэбная Мінску рэзалюцыя была прынята. Амаль усе беларускія інтэлектуалы, якія змагаліся за БНР, выказаліся на канферэнцыі ў падтрымку савецкай улады.

Праз месяц пасля канферэнцыі ў Мінск разам з сям'ёй прыехаў Аляксандр Цвікевіч. Да гэтага, у маі 1925 года, у сталіцу Савецкай Беларусі прыехала Паўліна Мядзёлка. У снежні сюды вяртаецца былы міністр фінансаў БНР Аляксандр Вальковіч. У тым жа годзе з Латвіі перабіраецца былы член урада Украінскай Народнай Рэспублікі Іван Краскоўскі, у 1926 годзе — сябра некалькіх урадаў БНР Лявон Заяц і адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання Уладзімір Пракулевіч.

Уладзімір Пракулевіч, Лявон Заяц, Іван Краскоўскі

Уладзімір Пракулевіч, Лявон Заяц, Іван Краскоўскі

Іншыя яшчэ думалі. На прыняцце рашэння паўплывалі змены ў палітыцы ўлад Польшчы і Літвы адносна нацыянальных меншасцей, якія адбыліся ў 1926 годзе. На шляху нацыянальна-культурнага развіцця беларусаў у гэтых краінах множыліся перашкоды. Новыя ўлады не былі зацікаўленыя ў развіцці незапатрабаванай беларускай ідэнтычнасці, яны імкнуліся найперш развіваць сваю нацыянальную культуру.

Дзеячы культуры і навукі не бачылі перспектыў, а многія заставаліся без сродкаў да існавання, бо іх «бізнэс», арыентаваны на беларусаў, улады закрывалі.

У такіх умовах нацыянальна-культурнае адраджэнне ў Савецкай Беларусі, дзе адкрываліся беларускія школы, працавалі музеі і тэатры, выдаваліся беларускамоўныя часопісы, рабілася яшчэ больш прывабным.

Для таго ж, каб дзеячы эміграцыі на свае вочы паглядзелі на працэсы ў Савецкай Беларусі, асобных з іх запрасілі ў лістападзе 1926 года на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі. На ёй прысутнічалі Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Жылка, Францішак Аляхновіч. Ластоўскі нават стаў старшынёй Графічнай камісіі.

Францішак Аляхновіч, Уладзімір Жылка

Францішак Аляхновіч, Уладзімір Жылка

Пасля канферэнцыі ў Мінску засталіся Уладзімір Жылка і Францішак Аляхновіч. А вось Ластоўскі перабраўся толькі на наступны год, калі літоўскі ўрад спыніў фінансаванне выдання часопіса «Крывіч» і дзейнасць беларускага цэнтра ў Коўне.

На рашэнне пераехаць уплывалі і рэпрэсіі польскіх ці літоўскіх улад. Так, у 1922 годзе літоўскімі ўладамі двойчы арыштоўваўся Максім Гарэцкі, у 1924 годзе латышскія ўлады арыштавалі Паўліну Мядзёлку, а ў 1927 годзе за краты трапіў Аляксандр Галавінскі (былы дарадца МЗС БНР). Пасля вызвалення ўсе яны ў хуткім часе пераехалі ў Мінск.

У Савецкай Беларусі былыя эмігранты ўладкаваліся па-рознаму. Вацлаў Ластоўскі працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, быў абраны акадэмікам Беларускай акадэміі навук.

Аляксандр Галавінскі і Вацлаў Ластоўскі

Аляксандр Галавінскі і Вацлаў Ластоўскі

Аляксандр Цвікевіч уладкаваўся кансультантам у Наркамат фінансаў. Інспектарамі ў тым жа наркамаце працавалі Аляксандр Вальковіч і Лявон Заяц.

Максім Гарэцкі стаў выкладчыкам, правадзейным сябрам Інбелкульта. У Інбелкульце спачатку працавалі Уладзімір Жылка і Паўліна Мядзёлка.

Аляксандр Галавінскі ўладкаваўся ў Навукова-даследчы інстытут прамысловасці. Павел Жаўрыд — у Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых і крэдытных кааператываў. Выкладаць у БДУ пачаў Іван Краскоўскі. Намеснікам дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі БССР стаў Уладзімір Пракулевіч.

А вось Францішак Аляхновіч ужо 1 снежня 1927 года трапіў за краты па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць буржуазнай Польшчы. Атрымаў 10 гадоў турмы і ў 1933 годзе быў абменены на Браніслава Тарашкевіча.

Астатнія героі нашага артыкула былі арыштаваны ў 1930 годзе па справе Саюза вызвалення Беларусі.

«Агітатар» Зміцер Жылуновіч у студзені 1931 года быў выключаны з партыі за «сувязь з нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштавалі яго толькі праз пяць гадоў. Лічыцца, што Жылуновіч скончыў жыццё самагубствам падчас знаходжання ў Магілёўскай псіхіятрычнай лячэбніцы.

Чытайце яшчэ:

«Здацца ў палон на ўмовах рэжыму». Чаму Лукашэнка так часта кажа пра вяртанне «збеглых»

«Патрэбная развязка». Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з ахвотнымі вярнуцца на радзіму

Міністр Кубракоў расказаў, чым займаюцца за мяжой беларусы, якія хочуць вярнуцца

Клас
9
Панылы сорам
9
Ха-ха
1
Ого
8
Сумна
44
Абуральна
23