Свіны грып выявіў усе недахопы і хібы прапагандысцкай машыны ўлады. Сталася відавочна, што ідэалагічная праца, у якую ўбухваюць мільярды, нічога не вартая. Піша Руслан Равяка.

Нябачны воку вірус, як заходні шпіён, паказаў давер беларусаў да дзяржаўнай прапаганды. А таксама і стаўленне той улады да народу.

Чэргі ў аптэках — яскравы прыклад таго, як народ ставіцца да дзяржаўных СМІ. «Праўды па тэлевізары не скажуць — ціха кажуць у чэргах па «арпетол» бабулькі паміж сабою. — У Баранавічах ужо пад дзясятак памерлых. А ў Менску дык наогул больш 60 чалавек загінулі ад грыпу. Дактарам забаронена нешта расказваць. Нябожчыкаў спісваюць на іншыя хваробы…».

І народ верыць чуткам, а не разумным і дагледжаным дзядзькам з тэлевізара.

Згадваюць Украіну, тамака мясцовыя СМІ на думку нашага простага люду, не хаваюць праўду, а крычаць крыкам на ўвесь свет.

Мо нават і перабольшваюць… Але ж вось яна гэткая неабходная на сёння свабода слова.

Патрэбных лекаў у аптэках не хапае, людзі хапаюць усё, што толькі можа на іх думку прыдацца — крэмы, мазі, вітаміны, травы… Адзін аднаму перадаюцца прачуткі — калі і дзе будзе новы завоз лекаў.

Мой бацька ўвечары таксама ідзе ў адну з аптэкаў, дзе мусіць быць прывоз і, адстаяўшы дзве гадзіны ў чарзе, сапраўды вяртаецца з пакункам патрэбных (разрэкламаваных праз інтэрнэт) лекаў — для сябе, для нас і для знаёмых. У гэты час жонцы сяброўка праз тэлефон расказала пра дзіцятка знаёмых, у якога ўжо дзевяты дзень трымаецца тэмпература 40 градусаў і толькі цяпер пачала паціху збівацца не на тры, а на пяць гадзінаў. Хуткая ж не прыязджае ў час, а бальніцы перапоўненыя і туды нікога не бяруць…

Беларускія ўлады ўпершыню не здолелі даць рады чуткам, якія пачалі ўжо перарастаць у паніку. Да таго ж працяг вакацый у школах без каранціну, але і без асаблівых тлумачэнняў падагрэла напружанне… Калі гэта было, каб у кастрычніку ўводзілі каранцін? Нешта тут не тое, нешта Лукашэнка зноў не дагаворвае. Як тлумачыла мне знаёмая — маўляў, калі смерць дарослага магчыма неяк спісаць і прыхаваць,

дык смерць дзіцяці схаваць будзе цяжэй, таму улады і пайшлі на дадатковыя канікулы.

У панядзелак ўвечары тэлепраграма «Выбар» была прысвечана адмыслова грыпознаму гармідару. Спешна запрошаныя першыя асобы розных інстытутаў аховы здароўя распавядалі, як у нас усё добра і пад кантролем і як дрэнна ва Украіне, дзе улады не падрыхтаваліся да эпідэміі і не дбаюць пра свой народ. Высокія асобы каяліся, што не здолелі прадбачыць сітуацыю з малой інфармаванасцю насельніцтва адносна грыпу — і абяцалі выправіцца.

Амаль адразу паказалі сюжэт, як напярэдадні намеснік міністра аховы здароўя казала пра поўную забяспечанасць беларускіх аптэк сродкамі ад разнастайных штамаў вірусу грып… Праз два дні выявілася, што словы не адпавядаюць рэальнасці. Цяпер спасылаюцца на выхадныя дні, калі не было падвозу лекаў, але быў шалёны попыт.

У перадачы шмат гаварылася пра тое як бараніцца ад грыпу, пра хуткае паляпшэнне і задавольваньне попыту на раптам стаўшы знакамітым «арпетол». Не паўстала толькі галоўнае пытанне, чаму гэта наш народ гэтак раптоўна і нечакана пачаў некантраляваны гармідар. Ад чаго гэта простыя чуткі разнесліся паміж людзей гэтак хутка і арганізавалі той ў даўжэзныя чэргі ў аптэкі.

Руслан Равяка, Баранавічы

Усе навіны на тэму эпідэміі грыпу, парады, даведкі і жарты

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0