У Маскве выкралі жонку былога першага намесніка міністра абароны. У Расіі новы від тэлефоннага махлярства
У Маскве выкралі жонку былога першага намесніка міністра абароны і камандуючага Паветрана-дэсантнымі войскамі Аляксандра Калмакова. Магчыма, гэта справа рук тэлефонных махляроў.

Тое, што жонка знікла, генерал, які цяпер кіруе ДТСААФ Расіі, выявіў увечары 10 мая. Калмакоў вярнуўся з працы і не знайшоў яе дома. Апошні раз яны бачыліся раніцай — жанчына пайшла на працу, і нічога дзіўнага Калмакоў не заўважыў. Тым жа вечарам генералу патэлефанаваў невядомы, які заявіў, што жонка Калмакова выкрадзена і за яе трэба заплаціць выкуп мільён расійскіх рублёў (13 300 даляраў), інакш яе чакаюць непрыемнасці. Калмакоў патэлефанаваў у паліцыю, піша Baza.
Хутчэй за ўсё гэта справа рук тэлефонных «выкрадальнікаў»: апошнім часам у Расіі пачасціліся выпадкі «выкрадання» людзей па тэлефоне.
Ахвярам тэлефануюць ашуканцы, распавядаюць ім гісторыю пра пераслед і прымушаюць хавацца ад родных, не адказваць на званкі і паведамленні, а затым патрабуюць выкуп у сваякоў «выкрадзеных». Нядаўна так выкралі маці памочніцы сенатара Савета федэрацыі Андрэя Шаўчэнкі. Жанчына купіла новую сімку, каб яе не маглі адсачыць, пастаянна мяняла транспарт і хавалася некалькі дзён. Яе знайшлі ў адной з падмаскоўных гасцініц.
Каментары