«Мы будзем лічыць легітымным любы вынік», — сказаў прэзідэнт Турцыі.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў у пятніцу пра гатоўнасць пакінуць пасаду прэзідэнта, калі прайграе на запланаваных на 14 мая выбарах, піша ТАСС.
«Мы прыйшлі да ўлады ў Турцыі дэмакратычным шляхам. Гэтак жа, як мы прыйшлі да ўлады, калі наш народ вырашыць інакш (прагаласуе за кандыдата ад апазіцыі). Мы зробім усё, што неабходна для дэмакратыі. Мы будзем лічыць легітымным любы вынік, які будзе на выбарах», — сказаў турэцкі лідар у інтэрв'ю турэцкім СМІ за два дні да выбараў.
Пры гэтым Эрдаган выказаў упэўненасць, што «турэцкая нацыя на выбарах у гэтую нядзелю падтрымае яго і ягоную партыю [Справядлівасці і развіцця]».
Выбары прэзідэнта Турцыі прызначаныя на 14 мая. Рэджэп Таіп Эрдаган і лідар апазіцыі Кемаль Кылычдароглу лічацца асноўнымі прэтэндэнтамі на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Для перамогі ў першым туры неабходна набраць 50% галасоў плюс адзін голас. У адваротным выпадку адбудзецца другі тур, які пройдзе 28 мая. Аналітыкі не выключаюць правядзення выбараў у Турцыі ў два туры. Сёння ў Турцыі — дзень цішыні.
Эрдаган — аднагодак Лукашэнкі, ён нарадзіўся 26 лютага 1954 года. Ён ва ўладзе 20 гадоў. З 2003 па 2014 год ён быў прэм'ерам Турцыі, з 2014 года — прэзідэнт краіны.
Каментары