Андрэй Скурко ў лістах: Няма гарантаванай і пэўнай адплаты за перажытае. Толькі сам гэты шлях, уласна, і ёсць
Паўліна Скурко, жонка палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко, публікуе ў фэйсбуку чарговыя вытрымкі з яго лістоў. Тут развагі пра Сусвет, Грунвальдскую бітву і «каралеўства ў канцы шляху».
«Цікава мне было падумаць пра паралельныя ўмоўныя сусветы, дзе нам можа быць адначасова 30, 45, 70 гадоў. І пра тое, што б сам сабе сказаў у тым веку. Пэўны адказ, трохі геданістычны, дае Эклезіяст, цар Іерусаліма. Ён заклікае жыць як мага больш поўным жыццём, пакуль здароўе і абставіны даюць такую магчымасць:) Геданістычна трохі гучыць, хоць і ў Бібліі напісана:)
Экзістэнцыйна ж можна было б сфармуляваць сённяшнія думкі так: няма ніякага «каралеўства ў канцы шляху» — гэта значыць гарантаванай і пэўнай адплаты за перажытае. Толькі сам гэты шлях, уласна, і ёсць.
І ад таго, як па ім ідзеш, трохі залежыць, што трапіцца за колькі наступных крокаў (а часам — і далёка наперадзе). Хоць і нечаканасці — як прыемныя, так і не — трэба ўлічваць таксама. І вось сама магчымасць ісці і ёсць шчасцем.
Зрэшты, тут яшчэ многае залежыць ад індывідуальнага ўспрымання. Бо рэчы, якія адному пададуцца невыноснымі, іншы проста не заўважыць:) І ўвогуле, цікава, што я пра гэта ўсё скажу ў 70:)))
…Падумалася, што Вітаўт з Ягайлам (дый, пэўна, большасць баярства, асабліва з паўночна-заходніх ргіёнаў), пабачыўшы раніцай 15 ліпеня 1410 года самаўпэўненых крыжакоў, якіх яны змусілі сабрацца разам і завабілі на грунвальдскае поле, пад налётам бягучых клопатаў і трывог мелі цвёрдую пэўнасць: сёння яны пазбавяцца ад праблемы, якая вісела над імі ўсё жыццё, якой не маглі даць рады іх бацькі, дзед, прадзед. Думаю, пасля ім нават нейкі час давялося прывыкаць да новых рэалій, у якой Ордэн перастаў штосьці значыць:))
…У бібліятэцы спяшаўся — схапіў, што пад руку трапілася: «Доктара Жывага» Пастэрнака. Чытаць не змог — такі морак. Што гэта, што «Жыццё Кліма Самгіна» Горкага — нейкае вечнае беспрасвецце, спробы апраўдваць тое, чаму апраўдання быць не можа, і абмалёўваць нейкімі прыгожымі словамі ўласнае рабства. Ну іх.
…Твой аповед пра Тамашовы фрустрацыі, звязаныя з паездкай у Ратамку [Тамаш пабачыў там дзяцей на машынках, а таксама абсталяваны машынкамі дзіцячы сад, куды не мог патрапіць і вельмі расстроіўся], выклікалі падобныя пачуцці ў мяне. Хтосьці ж казаў, што быць бацькамі — гэта жыць у пастаянным страху.
Натуральнае дзіцячае жаданне трохгадовага чалавека — шукаць забаваў і задавальненняў. Трэба ж будзе неяк тлумачыць, што жыццё не толькі з іх складаецца і што часам іх пошук ператвараецца ў самамэту і стае перашкодай на шляху самарэалізацыі ў працы, сям’і, творчасці. Каб малыш без крыўды на нас (і сябе) успрыняў думку, што немагчыма мець усё на свеце. Тое, што нам недаступна ў матэрыяльным сэнсе — што ж — будзем старацца замяняць максімумам любові, увагі, камунікацыі, сумесных спраў, паездак і паходаў, чытання і глядзення. А знайсці пракат малышовых машын — класная Твая ідэя. Пэўна ж, не толькі наш малы з апетытам на іх паглядае. Правільна, што ты вырашыла не прасіцца ва ўласнікаў той машынкі — гэта неяк прынізліва было б.
…Сацыяльнае расслаенне — вельмі старажытная з’ява:) і нашы продкі не раз фармулявалі, што лепей (г. зн. прасцей) мець зносіны з роўнымі. У багацейшых (як і ў бяднейшых) іншыя праблемы, цяжкасці і вартасці. І часта — іншы экзістэнцыйны выбар.
…Увесь час адчуваць, што цябе любяць, — гэта падтрымлівае і ў 40 гадоў, і ў 70, не толькі ў трохгадовым веку.…
Чытаў Твае развагі пра страчаныя сямейныя дарэвалюцыйныя фота — і лавіў сябе на тых самых думках адносна матэрыяльнай спадчыны былых пакаленняў, жывога і нежывога. Яно ўсё прыемна, але ўрэшце разумееш, што галоўны здабытак продкаў, іх галоўная нам спадчына — гэта мы самі. Наша магчымасць жыць на свеце, радавацца і рэалізоўвацца.
…Чай з водарасцямі, які ты каштавала [і даслала фота], на выгляд нагадвае планету Венера. Я цяпер чытаю падручнік па астраноміі:) Браў яго з надзеяй разабрацца ў сузор’ях і ўзыходжаннях-заходах планет, але там трохі пра іншае, хоць і таксама карысна. Раней у мяне была ілюзія, што Сусвет працуе як заведзеная машына — ну, рух планет, камет, зорак — гэта накшталт перыяду распаду ізатопаў — паступовае, раўнамернае і нязменнае. Аказалася, што Зямля (і іншыя) рухаюцца вакол Сонца з рознай хуткасцю ў розны час году і ад гэтага суткі ў розных месяцах адрозніваюцца на +-30 хвілін. Што зямная вось калышацца, што праз некалькі тысяч год Палярнай зоркай будзе не тая, што цяпер (а некалькі тысяч год таму таксама была не гэта). Што сузор’і з часам мяняюць канфігурацыю. Што з дапамогай школьнай геаметрыі можна лічыць адлегласці да зорак, іх вагу і памеры.
…Некалі бабуля Вера, калі мы жаніліся, зычала нам, каб мы жылі весела і дружна. Тады слова «дружна» мне падавалася не зусім дарэчным, нібы з іншай сферы. А цяпер я ацаніў яго адпаведнасць.
.…Успомніў адну сваю нядаўнюю думку адносна Ягайлы:) Відаць, падчас Вялікай вайны (1409-1411) яны з Вітаўтам адчувалі маральную перавагу над Ордэнам. Дый тагачасны цывілізаваны свет (Папа рымскі, імператар Святой Рымскай імперыі і г. д.) таксама яе бачылі. Бо тэўтоны са сваёй пафаснай цынічнай хлуснёй пра высокія мэты сваёй дзейнасці яўна ім ужо надакучылі.
Не ведаю, наколькі такое мела значэнне ў феадальныя часы, але, відаць, усведамленне слушнасці ўласнай пазіцыі моцна падтрымлівае чалавека ва ўсе часы.
…Дапісваю ўвечары, пасля бібліятэкі. Якраз трапілася кніга ў тэму — «Крыжакі. Грунвальдская бітва» (зборнік дакументаў). Узяў яшчэ тэматычны раман Міхася Машары, каб зноў жа мець уяўленне пра лукішскія рэаліі (хоць аўтар усеагульна лічыцца слабым). І падручнік «Фізіка ад А да Я» — актуалізаваць трохі веды пра будову свету, электрычнасць і г. д. Бо ўсё ж трэба будзе тлумачыць найменшаму Зайцу:) Бо гэтых малышоў усё цікавіць:)
…Мне падаецца, што падыход ісландцаў да вершаскладання (калі вершы пішуць усе і з любой нагоды), па-першае, ідзе ад вельмі старажытнай скальдычнай традыцыі, а па-другое, вельмі здаровы. Бо выключае графаманства:) У нас вакол паэзіі пэўная сакралізацыя ёсць. Можа таму, што не вучаць вершаскладанню ў школах (як рабілі гэта ў калегіумах некалі). І кожны (асабліва калі чалавек не дужа разумны), зрыфмаваўшы два радкі, ужо ледзь не Янкам Купалам сябе лічыць).
Дарэчы, пра калегіумы. Напэўна, грэчаскае слова «аладзіён» (ад якога пайшлі «аладкі») прыйшло праз іх. Як і «Каляды» з лаціны.
…Вянок на хату вешалі, калі сканчалі рабіць кроквы (тое, на чым трымаецца страха). Гэтым адзначалі сканчэнне асноўных будаўнічых работ — павесіўшы на кроквы вянок, рабілі стол з пачастункам для будаўнікоў. Стаў успамінаць таксама нашы словы, якія пазначаюць элементы страхі: ключЫ (так у нас называлі кроквы), дзядЫ (гэта слупы па краях страхі), мАціца (доўгае бервяно пад каньком), лАты (дошкі, якія набіваюць на ключы), траскА (дранка).
…Цікава ты пісала, што ў Мінску дзесьці быў дарэвалюцыйны помнік, прысвечаны пацярпелым у 1863 годзе. А цяпер ніхто нават не ведае, дзе ён стаяў. А таксама ж некалі падаваўся вечным (і не раз, думаю, такое пры ім гаварылася:) Гэта да пытання памяці і таго, што ў ёй застаецца ўрэшце».
Каментары