«Кажуць, што я шпіён». Былога беларускага памежніка затрымалі ў Літве і могуць дэпартаваць
Івана Страшкевіча затрымалі ў Літве і могуць дэпартаваць у Беларусь, дзе яму пагражае турма. Літоўскія службы падазраюць яго ў шпіянажы. Ён звольніўся са службы ў 2019 годзе і выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі, піша «Радыё Свабода».
Служыў у «памежным спецназе», тры гады жыў у Польшчы
Івану Страшкевічу 29 гадоў. Нарадзіўся ў мястэчку Крэва Смаргонскага раёна. Два гады адслужыў у войску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Берасці. Потым перайшоў на кантракт у памежныя войскі. Там служыў яшчэ 3,5 года ў аддзеле падвышанай баявой гатоўнасці ў Смаргоні.
Як патлумачыў Іван «Свабодзе», пасля службы ў дэсанце ён хацеў абараняць людзей. Яму прапаноўвалі служыць у АМАПе, аднак перашкодай сталі адміністрацыйныя справы, заведзеныя на яго за распіванне алкаголю на вуліцы і пераход чыгуначных пуцей у недазволеным месцы.
«У простыя памежнікі я б не пайшоў. А ў памежнай часці, дзе служыў брат, быў аддзел падвышанай баявой гатоўнасці, так званы «памежны спецназ». Я памятаў словы трэнера «Служыць, дык у эліце», і пайшоў туды», — расказаў былы памежнік.
Страшкевіч звольніўся ў 2019 годзе, бо яму не падабалася, як адбываецца кіраванне Узброенымі сіламі. Тады ж з'ехаў у Польшчу і пражыў там тры гады. Атрымаў польскі дазвол на жыхарства.
«У Польшчы я выдатна жыў і добра зарабляў. Працаваў і аўтадэтайлерам, і электрыкам, і каардынатарам у агенцтве па працаўладкаванні. У Польшчы мне вельмі падабалася, я ведаю польскую мову, прадзед быў палякам», — расказвае Іван.
Апошні раз ён прыязджаў у Беларусь на пачатку 2020 года. Потым, са слоў Страшкевіча, яго пачалі пераследаваць за палітычную пазіцыю. Бацькам называлі некалькі крымінальных артыкулаў на сына, у тым ліку «Распальванне варожасці».
«Прыходзіць да бацькоў з допытамі, ператрусамі і па мяне пачалі пасля першага мітынгу ў Варшаве ў падтрымку арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты. Я там некалькі інтэрвʼю даў, у тым ліку «Белсату». Быў у форме дэсантніка, паказваў, што вайскоўцы, якія думаюць галавой, з народам», — расказвае Іван.
«Я законаў не парушаў»
У Страшкевіча цяпер ёсць адвакат, які займаецца ягонай справай. Адвакат абскарджвае адмову ў візе і падазрэнне ў небяспецы Страшкевіча для Літвы. Калі суд вынесе рашэнне па гэтых пытаннях, Іван не ведае.
«Суд прыняў абскарджванне і запатрабаваў ад уладаў доказаў, за што мяне палічылі небяспечным. Шанцы застацца на волі, мне здаецца, вялікія. Я законаў не парушаў, заўсёды легальна (за мяжой) знаходзіўся і працаваў, своечасова вырашаў усе пытанні. Пытанне, што ў галовах у людзей, якія мяне закрылі», — кажа беларус.
«Свабода» даслала запыт міграцыйнай службе Літвы з пытаннем пра статус Івана Страшкевіча і імавернасць ягонай дэпартацыі ў Беларусь. Там паведамілі, што «інфармацыю пра статус уцекача можа атрымаць толькі чалавек, які падаўся на ўцякацтва. Гэта інфармацыя канфідэнцыйная».
Каментары