Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры55

Зьбітыя лётчыкі

Сяргей Астравец зьмяшчае на сваім блогу апавяданьне пра самалётную гарэлку.

Мы, лётчыкі, маем крылы, паветра і сьпірт, адрозна ад іншых, якія поўзаюць і бегаюць або як краты закапаўшыся сядзяць у норах. Нашы фуражкі блакітныя, нашыя эмблемы з прапэлерамі з адлегласьці выклікаюць пачуцьцё лёккасьці, зухавы настрой,.. ты адрываешся ад бэтонкі, адштурхоўваешся, падскокваеш наперад, лёт! Ты крэпкі, ты ўпэўнены ў сабе, трымаеш у руках сваё жыцьцё, твае падмуркі — спакой і раўнавага. Франтавыя спакой і раўнавага, можна сказаць. Ты засяроджаня і пільны, ты валодаеш сытуацыяй, ведаеш, што з табой нічога ня здарыцца, што вы з машынай сёньня — зладжаная прылада, каб працаваць у паветры, як нехта калісьці сказаў.

Калі раптам адчуеш зьнянацку нават ня прыкрасьць, кволую нехаць толькі, тады пішы рапарт на зямлю або звальняйся. Калі страціш сэнс, засумняешся, згубіш глебу, апірышча ў паветры. Вось гэтага рэальна баішся, хоць не прызнаешся ніколі і нікому, ні пры якіх абставінах. Гэта носяць у сабе як апэндыкс, пухліну, што не павінна зрабіцца небясьпечнай. Толькі завядзі размову пры чарцы, зжарэ як іржа. Так, самалёт — гэта таксама служба, дзяжурствы, руціна, але руціна з адрэналінам, з пастаяннай небясьпекай па-за кадрам. На вайне немагчыма трываць і ваяваць без здабытага вонкавага спакою, бяз унутранай раўнавагі, на мяжы абыякавасьці нават, калі баішся, нічога ня можаш з сабой зрабіць, ты — першы кандыдат… І лётчыку нельга інакш: ты моцна трымаеш, скажам, яйцы ў руках, ты гаспадар, яна цябе слухаецца, вы дзейнічаеце сінхронна, у вас у парадку са здароўем, вы ў выдатнай форме. “А ўместа сэрца пламенны матор!” — як любіў паўтараць наш Квачэнка, добры лётчык быў і сябра таксама, такія застаюцца ў памяці на жыцьцё.

Валодзя Квачэнка лятаў у зьнішчальным палку, а я на базе ў дальнікаў служыў, так і пазнаёміліся на аэрадроме. Я тут успамінаў пра тых, што поўзаюць, ад зямлі адарвацца бяз шанцаў. Убачыш гады ў рады танкіста, перапэцканага мазутам, ніякавата робіцца міжволі. Мы — іншая парода, у нас гразі ня знойдзеш, мы па бэтонцы, па асфальце ў чыстых чаравіках, пад гальштукам, мы дыхаем на поўныя грудзі, праўда, вушы глухнуць, ідэальна не бывае таксама. Для танкіста, скажам, фляжка сьпірту — гэта быццам каньяк “мноства зорак”, недаступная раскоша, у санбаце не бяздонная бочка. А мы як чай маглі піць, можа й дарэмна часам, перабіралі нярэдка, але ўсе да нас з прыязнасьцю, ведалі, што нам не шкада, што на аэрадроме больш сьпірту, чым ў тым лазарэце.

Канечне, у зьнішчальнікаў таксама небагата было адносна, мы, дальнікі, усе запасы мелі. Я не пра сябе кажу, агулам, служба гэсээм загадвала, распараджалася, але хто лятаў — заўжды меў, гэта само сабой. Прыпамінаю, у нас адзін полк на ту чацьвертых яшчэ быў спачатку, другі — перавучыўшыся на ту шаснаццаць, а пазьней атрымалася, гэтых перасадзілі на наступныя — ту дваццаць два, а тых — на шаснаццатыя. Дзьвесьце восемдзесят літраў залівалі ў іх, ня жартачкі. Калі ў палёце, ліхтар пачынае замярзаць, кнопку націскаеш, расьцякаецца па ім і лёд раставаў. А залівалі разбаўлены дыстылятам, да трыццаці васьмі градусаў, гарэлка атрымлівалася, накшталт “стралецкай”. Нармальны сьпірт быў, рэкціфікат, усе яго пілі, і ў штаб передавалі: зьнішчальнікі сваім, дальнікі — у Энск, там армія раней была, потым разагналі. Каністрамі набіралі і ляцелі, усім хапала. Склад гэсээм быў у нас вялікі.

Я гэтым тады мала цікавіўся. Хаця, сапраўды, у гарадку сьпіртнога не прадавалі, такі парадак існаваў. Нейк сутыкнуліся з капітанам, начальнікам гэсээм, чаго, кажа, не зьвяртаешся? Я, кажа, усім каністрамі даю, ледзь ня бочкамі, і даў мне фляжку. Вось табе маеш! Адмаўляцца ж ня будзеш, пакрыўдзіцца. Потым яшчэ выпадак быў, жылі раней з адным, Яромін прозьвішча, на адной кухні, тэхнікам самалёта быў. І потым нейк ня бачыліся і ён у нядзелю аднойчы запрасіў да сябе, жонкі якраз не было: на стале трохлітровы слоік, пад сталом трохлітровы. Наліў, пакаштаваў, не, ня вельмі, і ў другім не зусім спадабалася, хадзем, гаворыць, у гараж. А ў гаражы ў яго двухсотлітровая бочка закапана. Карацей, уразіў. Дык гэта ж у кожнага так, напэўна? — падумалася мне тады, але пытацца ня стаў.

Квачэнка, бывала, любіў жартаваць: у вас на сьпірт манаполія і лятаеце вы далёка, але мы затое — хутчэй і вышэй. А што там зьнішчальнаму належала? Сьлёзы! Два літры васемсот, у сто разоў меней, словам. (На дзевятнаццатых самалётах, калі памяць ня здраджвае). Што казаць, нашы хлопцы ўсе хімічылі потым ужо. Тэхнік зьвяна, тэхнік самалёта бярэ, скажам, лічбу вылетаў, час палёту, усё складалі, дзялілі, памнажалі, каб сэканоміць. Не зьлівалі цалкам, як належала, а дадавалі да неабходнага ўзроўню, даводзілі да патрэбнага градусу, такая вось алхімія. І ўсе пра гэта ўвогуле ведалі. Успамінаецца карціна, як пасьля палётаў ішлі ўздоўж шэрагу, адкручвалі і каштавалі: дзе смачнейшая захавалася. З нейкай зухавасьцю, з жартамі.

Да сябе павінен ставіцца, як да мэханізму: табе ляцець, а ў цябе галава баліць, нястраўнасьць, нос не ў парадку. Калі крочыш да свайго самалёта, калі па лесках наверх, калі ўжо ўладкаваўся, калі ліхтар зачынены, хваробы трэба пакінуць на бэтонцы. Апроч звычайных, асабліва псавала нямоц пасьля нашай самалётнай гарэлкі. Былі такія, што трымалі сябе ў руках, жалезнае правіла мелі: напярэдадні ні кроплі. Але ж не ва ўсіх так выходзіла. А горш няма, калі ліхтар зачыняецца, а ў цябе па чэрапе боль гуляе пасьля ўчорашняга і дзесь там на патыліцы, на задворках, бакавым зрокам ня зьмеціш, не дацягнешся, сутыкаецца не са страхам тваім нават, а з заціснутым у далёкі кут веданьнем, што ўсё можа здарыцца, калі не чакаеш, менш за ўсё прынамсі, калі стрэлка неспакою амаль на нулі… Можа й добра, што Валодзю Квачэнку сьпісалі, пачалі ў яго бадай нэрвы здаваць, хоць ніколі пра гэта не размаўлялі з ім, шклянка-дзьве нанач, за некалькі гадзінаў да вылету, гэта пра штосьці сьведчыла.

Каментары5

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

Расіянка некалькі гадоў прахадзіла з арэхам у носе. Але пасля стала цяжка дыхаць2

«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту69

У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў» 8

Лукашэнка стаў прадзедам29

На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу

«Камунарка» паказала свой адвэнт-каляндар і атрымала хвалю крытыкі9

Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць2

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →