«Рэкрутарка мяне спытала, ці змагу я не казаць нікому, што я з Беларусі». Беларуску не ўзялі на працу, бо ўкраінкі былі супраць
Беларуска Святлана знайшла працу пакаёўкі ў адным з гатэляў Апольскага ваяводства. Але ўладкавацца туды не змагла: іншыя пакаёўкі былі з Украіны і наадрэз адмовіліся працаваць з беларускай. Польская начальніца нічога не змагла з гэтым зрабіць, як расказвае «Мост».

Святлана пераехала ў Польшчу каля года таму. Яна жыве ў Апольскім ваяводстве і ўвесь гэты час занятая пошукам працы. Працэс ускладняецца яе ўзростам і неідэальным веданнем польскай мовы. Але з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце яна сутыкнулася ўпершыню.
— Я хацела ўладкавацца ў адзін з гатэляў пакаёўкаю, з перспектывай росту. Дзяўчына-полька, якая са мною гутарыла, праверыла мой узровень польскай, валоданне камп’ютарам. Я так зразумела, што ейныя супрацоўніцы не валодаюць у патрэбнай меры камп’ютарам і польскай, таму для яе гэта было важна. У мяне ж за плячыма вялікі досвед працы ў турызме, у тым ліку з камп’ютарам. Ды і польскую, як я зразумела, я ведаю лепш, чым яе супрацоўніцы.
Рэкрутар была гатова ўзяць Святлану на працу. Дамовіліся, што жанчына прыйдзе ў панядзелак, каб пазнаёміцца са сваімі абавязкамі і калектывам. У напарніцах павінны былі быць украінкі, таму, як запэўнівала начальніца, ніякіх праблем у зносінах не ўзнікне: яны гавораць і па-польску, і па-руску.
— Я прыйшла, як мы і дамовіліся, у панядзелак да 8-й раніцы на працу. І рэкрутар кажа, што ўзнікла складаная сітуацыя.
Украінскія пакаёўкі паставілі ўмову ў дачыненні да мяне: «Вы ведаеце, адкуль яна? З Беларусі! Таму мы не будзем з ёю. Ніколі! Ці мы, ці яна». А калі мяне ўсё ж такі возьмуць на працу, то яны будуць рабіць мне ўсякія «шкодніцтвы», рабіць так, каб я сама пайшла.
Святлана вырашыла паразмаўляць з будучымі напарніцамі. Яна вучыцца на курсах з украінкамі, і ніякіх супярэчнасцяў з імі ніколі не ўзнікала. Жанчына лічыць сябе прыязным чалавекам і ўжо ніяк не ворагам для ўкраінцаў.
— Рэкрутарка запрасіла пакаёвак і папрасіла, каб яны паказалі мне фронт работ, навучылі ўсяму, паколькі я тут навічок. Яны памахалі галавой.
Потым мы выйшлі з імі ў калідор, і яны адразу ж разбегліся па нумарах і зачынілі дзверы ў мяне перад носам. Я грукалася ў адны дзверы, у другія. Яны ніяк не рэагавалі. Як быццам мяне і няма, не існуе.
Беларусцы нічога не заставалася, як вярнуцца да рэкрутаркі. Тая толькі паціснула плячыма: «На жаль, нічога не магу зрабіць. Яны не хочуць з вамі працаваць, таму што вы з Беларусі».
Святлане так і не ўдалося паразмаўляць з украінкамі, яна не паспела ім сказаць ніводнага слова, растлумачыць, чаму яна прыехала ў Польшчу, у якой сітуацыі знаходзіцца, чаму ў яе гуманітарная віза.
— Гэта было глыбока крыўдна, што я ні да кога не магла дастукацца. Гэтыя ўкраінкі ніяк не тлумачылі сваёй пазіцыі. Проста: «Яна з Беларусі, таму не будзем з ёй працаваць».
Рэкрутарка мяне яшчэ спытала, ці змагу я не казаць нікому, што я з Беларусі. Але ж я беларуска. І па менталітэце, і па псіхалогіі. І дзеці мае беларусы, і муж. І гэта так і застанецца.
Святлана падкрэслівае, што ў Польшчы ў яе ніколі не было праблемаў з украінцамі. Часам украінцы маглі проста прайсці міма, праігнараваць. Але падобная сітуацыя для беларускі першая. І паводле яе слоў, гэта шок.
Наогул, паводле слоў жанчыны, украінцы мала ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі і пра тое, чаму людзі з'язджаюць з краіны. Святлана расказвае выпадак, калі яе аднакурсніцы па курсах вырашылі зрабіць для Facebook фота сваіх работ і сумеснае сэлфі.
— Я адмовілася фатаграфавацца. Мяне спыталі чаму. Я адказала, што я з Беларусі і любыя фотаздымкі мне будуць не на карысць, пакуль у мяне сваякі застаюцца там. Тым больш што ва ўсіх украінак з нашага класа на аватарках украінскія сцягі. Мне тады задалі пытанне: «А што ў вас у Беларусі такога робіцца?» Гэта значыць, яны ўвогуле не ў тэме. Некаторыя краем вуха нешта чулі, але большасць задае вось такія пытанні.
Каментары