Грамадства

«Якія беларусы цёплыя». Беларускі кубінец — пра свае дзве радзімы і год на Акрэсціна

Кубінца Раберта Касануэва затрымалі на пратэстах 2020-га і год пратрымалі на Акрэсціна ў чаканні дэпартацыі. Потым была высылка ў Расію, пераезд у Літву і з нядаўняга часу — цяжбы з літоўскай міграцыйнай службай, якая не дае беларускаму кубінцу статус уцекача. Пагутарылі з Раберта пра яго шлях і філасофію.

«Складана, калі пастаянна жывеш пад прэсам, у страху. Колькі чалавек можа цярпець такі стан?»

Я прыехаў у Беларусь у 1991 годзе. Памятаю, што яна тады не надта адрознівалася ад Кубы: былі чэргі ў магазінах, прадуктаў не хапала, іх выдавалі па талонах. На Кубе цяпер яшчэ горш, там не прадаюць тавары свабодна. Калі і можна знайсці якую напаўпрыватную краму, то цэны там будуць завышаныя ў дзесяць разоў, і не кожны будзе мець магчымасць там закупляцца. Дзяржава выдае прадуктовыя падачкі, але таго, што яны выдзяляюць на месяц, хапае, можа, на чатыры дні.

Хаця і ў Беларусі было цяжка, я знайшоў сябе і стаў працаваць графічным дызайнерам. Мне гэта прыносіла і прыносіць шчасце. Спрабаваў сябе ў лічбавым фармаце працы, на Кубе тады не было магчымасці так працаваць. Асвойваў не толькі мову, але і новыя тэхналогіі — такі кайф, проста цудоўна. 

Вельмі хутка прывык да Беларусі, ды ў мяне і не было выбару. Мусіў сфармаваць кола зносінаў, вывучыць на хаду мову, каб хоць неяк гутарыць з кліентамі. Раблю дызайн для іншых людзей, і трэба быць трохі псіхолагам, каб разумець, што матывуе чалавека, калі ён замаўляе пэўную працу. Усё гэта віруе ў галаве, і ў выніку я даю чалавеку нейкую выяву, якую мушу абгрунтаваць, а для гэтага трэба лексіка. Але ў мяне на адным дыханні атрымалася яе асвоіць, і калектыў быў вельмі згуртаваны, мы пасябравалі. 

Беларусь каласальна змянілася за гэты час, асабліва за апошнія тры гады пасля выбараў. Да 2020 года беларусы былі народам, які цярпіць і можа гэта рабіць доўга. Але насамрэч гэта не так, і мы бачылі гэта самі, калі ўсе з’ядналіся і выйшлі на вуліцу. Пра гэта можна было толькі марыць у 90-я.

Дзяржава пачала пужаць: не выходзь, бо паб’ём, заб’ём, згвалцім. А тут гэта не атрымалася. Былі людзі, якія страцілі жыццё і засталіся калекамі, але гэта наступствы рэжыму.

У 2020-м людзі выкінулі тое, што іх раней скоўвала. Складана, калі пастаянна жывеш пад прэсам, у страху.

Дыктатарскія рэжымы нічога новага ж не прыдумляюць, яны выкарыстоўваюць той жа інструмент, што быў тысячы гадоў таму, — страх: бойся, бо я мацнейшы, бо я цябе заб’ю. Ты можаш так жыць тыдзень, месяц, год, дзесяць гадоў, але ўсё гэта мае сваю мяжу. Колькі чалавек можа цярпець такі стан?

І прыходзіць час, калі чалавек кажа: хопіць, зараз будзе інакш. Так, ёсць Паўночная Карэя, але ёсць і Паўднёвая.

Якая б ні была краіна, гэта ўсё-ткі толькі адна частка планеты Зямля, і яна не можа жыць паводле зусім іншых законаў прыроды. Людзі могуць мець іншы колер скуры, але яны дыхаюць гэтак жа, як і мы, ім патрэбныя тыя ж самыя рэчы. Усё змяняецца і абнаўляецца. І мы з вамі не нязменныя, і гэта цудоўна.

«І ў Беларусі, і на Кубе людзі жадаюць аднаго — быць шчаслівымі»

Куба доўгі час была іспанскай калоніяй. Іспанцы прывозілі туды на плантацыі вельмі шмат нявольнікаў — афрыканцаў, кітайцаў, усё гэта перамешвалася. З гэтага атрымалася цудоўная нацыя, проста вау! Там можна знайсці чалавека любой знешнасці — ад светлага еўрапейца да цёмнага афрыканца, і ніхто не праяўляе расізму, бо гэта ўсё мы, адно цэлае.

Да 1959 года гэта была шчаслівая краіна. Людзі танцавалі бачату, сальсу, пілі ром, там можна было кайфануць і знайсці рай на зямлі. Але прыйшлі камуністы і абрубілі гэта ўсё сякерай, скончылася шчасце.

Калі цяпер турысты туды едуць, яны таксама могуць бачыць, што мясцовыя танцуюць і спяваюць. Але трэба разумець, чаму чалавек танцуе, калі яму дрэнна, — бо ўжо няма чаго губляць, усё адабралі.

І ў Беларусі, і на Кубе людзі жадаюць толькі аднаго — быць шчаслівымі, але не ўсе ведаюць, як гэтага дасягнуць. Шчасце мусіць быць не ад таго, што хтосьці ля цябе дае табе апору, а ад таго, што ты ззяеш унутры, гэта прыносіць шчасце і табе, і іншым. Мы хочам быць шчаслівымі, а як да гэтага імкнуцца — гэта ўжо іншае пытанне. Ёсць думкі, якія нам дапамагаюць.

Цяпер на Кубе працягваецца ўсё тое, што пачалося там у 1959 годзе (дата Кубінскай рэвалюцыі. — «НН»). Чалавек, які цяпер кіруе краінай, [прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель] належыць прыблізна да той жа таталітарнай школы, што і Кастра. Любы кубінец, які кажа тое, што не падабаецца рэжыму, аўтаматычна робіцца ворагам і будзе рэпрэсаваны: можа апынуцца ў турме ў нечалавечых умовах, можа знікнуць або загінуць. 

У Беларусі цяпер паўтараецца тое, што здарылася на Кубе. Але ў Беларусі было святло ў канцы тунэля: былі пратэсты, кандыдаты, выбары, хаця і сфальсіфікаваныя. На Кубе і гэтага няма. 

Праблема ў тым, што Куба — гэта востраў. Мы жывём у Еўропе, і ў нас ёсць суседзі: для Беларусі гэта, напрыклад, Польшча, Літва, Латвія. Паняволі мы ведаем, як жывуць нашы суседзі: што яны ядуць, як апранаюцца, якія ў іх машыны. Гэта ўплывае на нас, мы імкнёмся стаць такімі ж шчаслівымі, як і яны.

А ў Кубы няма суседзяў, вакол вада. Так як гэта востраў, краіна ізаляваная ад усяго свету. Там бываюць турысты, але іх прывозіць дзяржава, і ўсе прыбыткі ад гэтага ідуць у адну кішэню. Турысты жадаюць адпачываць: мора, пляж, ром, цыгары. Яны не цікавяцца тым, як жывуць мясцовыя жыхары, яны прыязджаюць расслабіцца. Ёсць журналісты, якія, рызыкуючы жыццём, здымаюць рэпартажы пра Кубу, але такое паглядзіць далёка не кожны. 

Канешне, я сачу за навінамі з Кубы, але не быў там з 1991 года, калі з’ехаў у Беларусь. Пералёт на Кубу каштуе дорага, і калі я жыў у Беларусі, у мяне былі іншыя клопаты — сям’я, праца. Дзеля чаго мне ехаць так далёка? Да таго ж не было поўнай гарантыі, што, калі я траплю на Кубу, мяне выпусцяць назад, гэта рулетка.

Згодна з дакументамі я мог прыязджаць туды і выязджаць, але вырашыў не рызыкаваць. Тым больш што бацькоў ужо з намі няма, брат жыве ў Штатах. Толькі мая малодшая сястра засталася на Кубе, але мы з ёй вельмі цесна камунікуем праз месенджары, так што я ведаю, чым яна жыве. 

Ці стала мне Беларусь домам? Прытрымліваюся трошкі іншай канцэпцыі наконт таго, што такое Радзіма і дом. У 1991 годзе я з’ехаў з Кубы, месца, дзе я нарадзіўся, і дзе б я ні апынуўся, я заўсёды буду іншаземцам. Адзінае, што я не марсіянін, я нарадзіўся на планеце Зямля.

Таму для мяне дом — гэта там, дзе я знаходжуся, я не прывязаны ні да якога месца. Хтосьці можа мець негатыўныя эмоцыі, маўляў, сумую па Радзіме, але навошта гэта? У мяне ўсё цудоўна, вунь якая прыгажосць навокал! Магчыма, рэч у тым, што я мастак, ці проста рамантык, ці наіўны, але ўсё гэта напаўняе мне сэрца і не дае магчымасці сумаваць. 

Беларусь — гэта цудоўная краіна. Я там сустрэў выдатных людзей, творчых. У кагосьці закахаўся, з кімсьці ажаніўся, з кімсьці блізка пасябраваў. Для мяне яны сталі як сваякі, але такія, якіх я нібыта выбраў для сябе сам.

Сэрца радуецца ад таго, якія беларусы цёплыя. У мяне ў Беларусі засталося трое дзяцей, я іх усіх люблю, і яны любяць мяне, яны кантактуюць паміж сабой.

«Упэўнены, што і я «галасаваў» на выбарах, хаця я не беларус»

Я разумеў, што адбываецца ў Беларусі, раней за 2020 год, бачыў сфальсіфікаваныя выбары яшчэ ў 2001-м. Тады агітавалі ісці на выбары праз паштовую рассылку. Але і мне, на маё імя і прозвішча прыходзілі такія лісты! Некаторыя людзі не думалі пра тое, што прозвішча незвычайнае, прапіска ёсць — атрымліваеш ліст, а тое, што я не грамадзянін краіны, нікога не цікавіла.

Упэўнены, што і я «галасаваў» [на выбарах], хаця я не беларус, і ў 2020-м мой сын бачыў маё імя на ўчастку ў спісе тых, хто прагаласаваў.

Так як я іншаземец, то не меў права выходзіць [на пратэст] раней, чым трэба, бо самі беларусы да 2020-га не выходзілі на пратэст масава. А вось у 2020-м выйшлі амаль усе. Калі ты бачыш вакол гэтую масу людзей, разумееш, што ты не адзін, багата людзей думае так, як і ты.

Двое з маіх дзяцей ужо дарослыя, яны жывуць самастойна. Бачыў тое самавольства, якое адбывалася ў жніўні 2020-га. Неяк падумаў: калі я буду маўчаць, гэта значыць, што я з усім згодны. І калі ў гэты час мае дзеці выйдуць у магазін па хлеб і раптам трапяць у аўтазак, тады я буду саўдзельнікам, бо ў той час, калі я мусіў казаць, што нязгодны, я маўчаў.

Год на Акрэсціна? Успамінаю, але нячаста.

Днямі я глядзеў інтэрв’ю [Хасэ] Мухіка, экс-прэзідэнта Уругвая. Ён некалькі год сядзеў у турме, яго там моцна прэсавалі. Мухіка сказаў, што нікога не ненавідзіць, бо нянавісць да кагосьці прыводзіць цябе ў стан ідыятызму. Ты не ў стане аб’ектыўна ацэньваць тое, што адбываецца вакол цябе.

Унутры цябе чарвяк, якога ты корміш і які цябе пажырае, нянавісць працуе супраць цябе, і ты сам даеш ёй гэта рабіць.

Цалкам з ім згодны. Тое, што здарылася са мной на Акрэсціна, — гэта выпрабаванне, проста частка жыцця. Я пабачыў свет па-іншаму, выйшаў з зоны камфорту, што, дарэчы, вельмі карысна. Калі ты выходзіш з зоны камфорту, гэта дазваляе табе перастаць скардзіцца.

Вакол нас столькі прыгажосці, а мы часам гэтага не заўважаем. Казурка міма праляцела — вау, якое ж гэта стварэнне! Напрыклад, я больш за год не бачыў Месяца — не было магчымасці, можна было бачыць толькі кавалак неба праз акенца ў камеры ці на шпацыры. І калі я ноччу пабачыў Месяц, я проста афігеў — які ён прыгожы! Расказваў гэта маім сябрам, якія сустракалі мяне ў Маскве [пасля высылкі з Беларусі], і яны былі ў шоку. Заўважыў прыгажосць, якую не мог адчуваць больш за год, бо мяне пазбавілі гэтай магчымасці.

Як бы ні было складана, я магу цяпер успрымаць тыя рэчы, да якіх тады ў мяне не было доступу. Дык нашто скардзіцца? Усё цудоўна. Не лічу, што мая гісторыя складаная, гэта проста гісторыя. Не магу параўноўваць сябе з іншымі, бо не маю права і гэта было б несправядліва. У людзей розныя лёсы і шляхі, і кожны шлях важны для таго, хто па ім ідзе, не менш важны, чым мой. 

Вядома, я бачыў вельмі шмат гвалту і самавольства: маўляў, магу рабіць што жадаю, і нічога мне не будзе. Гвалт бывае не толькі фізічны, але і псіхалагічны, і я гэта ўсё адчуваў на сабе і бачыў на свае вочы. Тым не менш я не лічыў сябе ахвярай, яны не маглі мяне замкнуць. Фізічна я знаходзіўся ў камеры шэсць на сем, мог зрабіць па ёй восем ці дзевяць крокаў у даўжыню ў залежнасці ад таго, які крок рабіць. Часам выходзіў на шпацыр, але для гэтага трэба было дамовіцца з людзьмі ў камеры.

Але яны [сілавікі] не маглі прымусіць мяне думаць так, як яны жадалі, у гэтым плане я быў вольны. І тым не менш я бачыў вялікі гвалт. Такі быў досвед. Не магу сказаць, што карысны, ён проста іншы.

Ці жадаю я помсты? Не, ніякай. Калі я буду жадаць камусьці нечага дрэннага, гэтае жаданне будзе ўнутры мяне, і яно будзе шкодзіць мне самому. Навошта мне карміць такія пачуцці? Яны самі, уласнымі рукамі робяць свой лёс. Сёння яны сеюць насенне таго, што атрымаюць заўтра, і мне не трэба жадаць чагосьці звыш гэтага. 

Тое, што мяне маглі адвесці ў камеру-адзіночку, надзець мне кайданкі або дубасіць мяне, нічога не значыць, гэта іх учынкі, а не мае. Я ім нічога дрэннага не жадаю, зразумела, што і добрага не жадаю. Жывіце ваша жыццё, адпрацоўвайце вашу карму. Вам гэта давядзецца рабіць доўга, бо пасля такога свавольства шчаслівага жыцця вам не ўбачыць.

Дапусцім, кармы няма, але тым не менш мае думкі, учынкі і словы вызначаюць маё заўтра. Гэта насенне, якое я сёння саджаю, і калі яно будзе добрым, то ў мяне будзе добрае жыццё, калі не, то я сам сябе закапаю. Не хацеў бы бачыць, што атрымаецца ў наступным жыцці з Лукашэнкі ці Пуціна, бо гэта будзе нехта вельмі нешчаслівы. І так будзе не праз мае ці вашы жаданні, а праз тое, што яны робяць сваімі рукамі. 

«На жаль, шчасця мне на Кубе не знайсці»

Чаго я жадаю ад жыцця? Дапамагаць іншым усім, чым толькі магу: парадамі, словамі, працай. Калі ў мяне атрымаецца зрабіць кагосьці больш шчаслівым, буду рады.

Як і ў Мінску, цяпер я працую графічным дызайнерам. Рабіць для іншых прыгожыя карцінкі — гэта прыносіць шчасце. Працую цяпер як фрылансер, але ўжо год у мяне адзін кліент, кампанія, для якой раблю ўпакоўку. Іх тавары прадаюцца ў Латвіі — цукеркі, пячэнне, розныя журавіны ў шакаладзе.

Цяпер чакаем перагляду маёй справы па статусе ўцекача, дата апеляцыі яшчэ не прызначаная. Гаварыў з юрыстамі, якія мне дапамагаюць. Яны сказалі, што шансы на поспех у мяне вялікія, бо рашэнне міграцыйнай службы абсурднае. 

Я прыехаў у Літву цалкам легальна, не перасякаў мяжу як нелегальны мігрант. Калі мяне выпусцілі з Акрэсціна і адправілі ў Расію, у мяне атрымалася звязацца з Freedom House і «Байсолам». Дзякуючы ім Літва дала мне гадавую гуманітарную візу, каб я не трапіў на Кубу, бо там у мяне было б зусім іншае жыццё.

Прайшоў год, і яны вырашылі, што мне на Кубе нічога не пагражае, але ж там нічога не змянілася: засталася тая ж улада, людзей гэтак жа рэпрэсуюць. 

Прэзідэнт Кубы падтрымлівае Пуціна і Лукашэнку. Я маю іншыя прынцыпы ў жыцці, і калі траплю на Кубу, буду казаць тое ж самае, што і тут. Зразумела, што там мяне адразу закрыюць, турма ў маім выпадку яшчэ будзе добрым варыянтам. На жаль, шчасця мне там не знайсці.

Плюс дэмакратычных краін у тым, што ў іх ты маеш магчымасць даказаць сваю праўду, гэта мы і будзем рабіць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →