Грамадства11

«Чырвоны Крыж у Беларусі — гэта ніякі не нейтралітэт». Былыя валанцёры арганізацыі расказалі, як сітуацыя ў ёй выглядае знутры

Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў апошнім часам зрабіў нямала шакавальных заяваў. Кіраўнік арганізацыі, асноўнымі прынцыпамі якой з'яўляюцца гуманнасць, бесстароннасць і нейтральнасць, палохае заходнія краіны ядзернай зброяй і прызнаецца ў саўдзеле вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Пасля такіх заяў украінскі Чырвоны Крыж заклікаў выключыць Беларусь з Міжнароднага руху. Такія навіны дзівяць і тых, хто калісьці быў у складзе беларускай арганізацыі. Былыя валанцёркі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа расказалі выданню «Салідарнасць» пра свой досвед валанцёрства ў ім.

Марыя (імя зменена), была валанцёркай БТЧК з 2017 да 2020 года

«У цэлым ад валанцёрства ў Чырвоным Крыжы ў мяне засталіся станоўчыя ўражанні. Хоць, хутчэй, ад валанцёрства ў праекце, які дапамагаў дзецям ва ўразлівым становішчы. Гэты праект быў створаны на базе БТЧК, але калі ад яго сталі ўсплываць умовы, каму і як трэба дапамагаць, праект стаў існаваць самастойна.

За час, які я валанцёрыла, некалькі разоў памянялася кіраўніцтва ў Цэнтральным раёне Мінска. Калі я толькі прыйшла, валанцёры і работнікі былі на адной хвалі, усё рабілі на ініцыятыве, дамаўляліся аб навучальных лекцыях.

Але калі кіраўніцтва змянілася, ніякага пазітыву не было. Каб тваю ініцыятыву падтрымлівалі, трэба было быць вельмі зручным валанцёрам і быць на кароткім ланцужку — удзельнічаць у фандрайзінгах і г. д. Мы дапамагалі і з нейкімі дакументамі, і са зборамі ахвяраванняў па горадзе, але было так крыўдна, што ў нейкія паездкі для абмену вопытам або на цікавыя канферэнцыі адпраўлялі людзей, якіх мы ў валанцёрстве не бачылі. Яны рабілі працу, пра якую мы не ведалі, ці проста былі блізкія з кіраўніцтвам. Атрымліваецца, што ты стараешся, а цябе не заўважаюць, трэба было гуляць зусім па іншых правілах.

Яшчэ адна праблема ў тым, што мінскі Чырвоны Крыж дзеліцца на раённыя арганізацыі. Мне не падабалася гэтая палітыка падзелу па раёнах і гарадах. Нам выразна патлумачылі, у які раён мы павінны ездзіць, дзе дапамагаць можна, а дзе — не. Гэта значыць, у дзіцячы дом або СПЦ не Цэнтральнага раёна мы не мелі права ездзіць. Нам казалі, што будуць канфлікты з іншымі раёнамі, таму што кожнаму трэба выканаць свой план. Гэта ўсё такі абсурд.

Я б не сказала, што ад Чырвонага Крыжа была нейкая асаблівая падтрымка для нашага праекта дапамогі дзецям. Часам ад ЧК мы ладзілі фандрайзінг, збіралі ручкі, сшыткі, цацкі для дзяцей. Куды гэта ўсё падзелася? Большасць рэчаў, у якіх мелі патрэбу дзеці, да якіх мы ездзілі ў дзіцячыя дамы ці яшчэ кудысьці, мы збіралі самі, альбо знаходзілі людзей, якія нас спансавалі.

Адзіны плюс — гэта тое, што мы на афіцыйнай аснове маглі наведваць СПЦ Цэнтральнага раёна.

«Ты разумееш, што табе давядзецца прасіць грошы?»

«Быў момант, калі я хацела ўладкавацца працаваць у беларускі Чырвоны Крыж. Я гутарыла з кіраўніцтвам і мне прапаноўвалі пасаду памочніка кіраўніка раёна. Прагучала: «Ты разумееш, што табе давядзецца прасіць грошы?» Гэта значыць, мне адкрытым тэкстам сказалі, што мая праца будзе заключацца ў выкананні плана, выпрошванні грошай, і ад гэтага будзе залежаць мой заробак.

Таксама было агучана, што заробак будзе маленькім, і я павінна быць да гэтага гатовая, але я калі я змагу знаходзіць грошы ў нейкіх арганізацый або кампаній, мне будзе ад гэтага працэнт. Пасля гэтага дыялогу я канчаткова расчаравалася ў гэтай арганізацыі і працаваць туды не пайшла.

«Сістэматычнай дапамогі пажылым з інваліднасцю не было»

«Акрамя дапамогі, дзецям я таксама старалася ўдзельнічаць у акцыях дапамогі пажылым людзям. Гэта былі адзінокія старыя з цяжкай інваліднасцю або зусім пажылыя людзі, у якіх з-за ўзросту былі праблемы з абслугоўваннем сябе. Ім дапамагалі так. Была нейкая разавая акцыя накшталт «Дапамажы пенсіянеру». Ніякай цэнтралізаванай сістэматычнай дапамогі не было.

Я заўсёды пыталася: а можа, мы замацуем за сабой некалькі пенсіянераў, будзем ім неяк дапамагаць на пастаяннай аснове? Але асаблівага водгуку ў гэтай ідэі не было. Толькі разавыя ініцыятывы ад саміх валанцёраў — мы прыбіралі дамы ў пенсіянераў, размаўлялі, глядзелі фатаграфіі. Ніякай дапамогі ад БТЧК у гэтым не было, адзіны плюс — гэта тое, што ты можаш сказаць, што ты адтуль, і табе даверацца, таму што калі патэлефанаваць бабулі і сказаць, што ты звычайны валанцёр і мог бы прыбраць у яе дома, яна б паставілася да гэтага з падазрэннем.

Чырвоны Крыж добра карыстаецца гэтым даверам. У іх ёсць спісы адзінокіх пажылых, якія нам далі, а абзвоньвалі іх і дапамагалі ўжо мы, валанцёры.

Таксама для дзяцей і дарослых часта аддавалі добрую вопратку. Я не раз прыцягвала сваіх знаёмых ці распавядала, што ў Чырвоны Крыж можна прынесці рэчы, абутак. Але, па маіх назіраннях, гэта нікуды не раздавалася. Перыядычна прыходзілі людзі і капаліся там, як у сэканд-хэндзе. Хто працаваў там — чыста зарабляў грошы. Людзі, якія прыходзілі валанцёрыць, з часам разумелі, што гэта мала каму там трэба як місія.

«Чырвоны Крыж у Беларусі — гэта ніякі не нейтралітэт»

«Калісьці даўно я пазначыла ў Facebook, што працую ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа. Зрабіла гэта без задняй думкі, было зручна — калі націскаеш на гэты абразок, можна ўбачыць, хто яшчэ ў Беларусі датычны да Чырвонага Крыжа. Так знаходзяцца нейкія знаёмствы.

У 2020-м я публікавала на сваёй старонцы пасты, што не падтрымліваю гвалт і рэпрэсіі, падтрымліваю Віктара Бабарыку. Тады мне напісалі прадстаўнікі ЧК, каб я прыбрала інфармацыю пра месца працы ў БТЧК, таму што не маю права быць датычнай да гэтай арганізацыі, бо яны прытрымліваюцца палітыкі бесстароннасці і нейтральнасці, а я выстаўляю пасты, у якіх асуджаю палітыку Лукашэнкі.

Я не прыбрала, таму што ўжо тады было зразумела, што БТЧК не бесстаронні і досыць палітызаваны. Я памятаю, як мне ў паштовую скрыню перад выбарамі 2020 года паклалі ўлётку з агітацыяй за Лукашэнку, а там была эмблема Чырвонага Крыжа. Тады яшчэ разгарэўся скандал, пасля якога яны заявілі, што нібыта не датычныя да гэтага і іх эмблему паставілі без дазволу.

«350 рублёў за такую працу?»

У свой час мы сабралі крутую каманду, у якой быў час, магчымасці і жаданне дапамагаць. Мы дапамагалі не для птушачкі. Але нас мала таго, што не падтрымалі, дык яшчэ і палкі ў колы ўстаўлялі. Гэта павінна было быць нейкае шоу — вось, мы ад Чырвонага Крыжа, на ўсіх фота павінны былі быць з эмблемай або бэйджыкі. А па факце нейкай дапамогі ад іх не было.

Памятаю, па чатах шукалі чалавека, які б сядзеў з дзіцем з дзіцячага дома ў бальніцы. Шукалі сядзелку і былі гатовыя плаціць за гэта 300-350 рублёў у месяц. Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца выдзяляў грошы на БТЧК, грошы збіраліся і ў розных кампаніях, установах, а яны былі гатовыя выдзяляць 350 рублёў за такую працу?

Таццяна (імя зменена), была валанцёркай у Чырвоным Крыжы з 2018 па 2020 год

«За час свайго валанцёрства я ўбачыла, у якіх умовах і ў якім стане знаходзяцца нашы пенсіянеры або ветэраны. Памятаю, у 2018 годзе траіх валанцёраў і аднаго супрацоўніка МНС адправілі перад 9 мая да ветэранаў з падарункамі. На гэта нам выдзелілі ўсяго адзін дзень. Мы іх абтэлефанавалі, і тых, хто не быў у шпіталі і мог нас прыняць, было каля 10 чалавек. Але нават для такой колькасці чалавек адзін дзень — нішто.

Мала ў каго з ветэранаў або вязняў канцлагераў быў дома добры рамонт. Многія рыхтаваліся да сустрэчы з намі — куплялі прысмакі, разлічвалі на вячоркі. Ім не патрэбны быў ад нас гэты «падарунак» у выглядзе нейкага сухога пайка, а трэба былі ўвага і клопат. Многія прасілі прайсці да стала, пагаварыць. Было сорамна адказваць, што ў нас ёсць толькі 20 хвілін.

Некаторыя пачыналі плакаць — расказвалі, як пахавалі другую палову, дзяцей і дажываюць апошнія дні ў адзіноце. Хтосьці спяваў песні. Адна бабуля паскардзілася, што ў яе прыватным сектары няма каму касіць траву. Я зразумела, што да нашых ветэранаў заглядаюць толькі перад святамі, а вось каб перыядычна прыходзіць, гаварыць з імі, дапамагаць гатаваць, прыбіраць дамы — не.

Быў таксама выпадак, калі шукалі валанцёра, які б на бязвыплатнай аснове хадзіў да 94-гадовай ветэранкі, каб суправаджаць яе на прагулках. Ёй пашанцавала больш, чым астатнім — да яе прыходзіў сацработнік, дзяржава забяспечвала прадуктамі. Але яна была вельмі самотная, было няма з кім пагутарыць, выйсці на вуліцу сама не магла, таму што кружылася галава.

Нейкі час я хадзіла да яе тры разы на тыдзень, але потым змагла толькі адзін раз на тыдзень. Тады яна сказала, што я ёй не падыходжу — яно і зразумела, я не магла выдзяляць ёй тры-чатыры гадзіны тройчы на тыдзень. Знайшлі такога чалавека ці не — я не ведаю. Але шукалі наўмысна валанцёра і за бясплатна, а не сядзелку, напрыклад.

«Усё было настолькі безадказна»

У перыяд пандэміі каранавіруса ў мяне здарылася поўнае расчараванне ў Чырвоным Крыжы. Эпідэмія пачалася, але БТЧК першы час нічога не рабіў. Праз час валанцёраў сабралі на нараду ў маленькім кабінеце, дзе не выконвалі ніякай дыстанцыі, на многіх не было медыцынскіх масак.

Нам сказалі, што роля Чырвонага Крыжа ва ўсёй гэтай сітуацыі будзе такая — выберацца некалькі паліклінік, валанцёры будуць прыходзіць туды па рэцэпты і разносіць іх пацыентам сталага веку. Планавалася, што такім чынам мы зможам засцерагчы тых, хто больш уразлівы.

Але рэалізацыя гэтай ідэі выглядала жудасна. Нам усім выдалі пяць пар медыцынскіх масак і па адной пары пальчатак, таму што «больш няма». Планавалася, што дабірацца да паліклінік, а потым і да пенсіянераў валанцёры будуць сваім ходам, гэта значыць на метро і аўтобусах, дзе куча людзей. Ніякага транспарту для гэтага не давалі, каб хоць неяк выканаць каранцінныя меры.

Па-другое, ахвотным браць у гэтым удзел валанцёрам не рабілі тэстаў на каранавірус, каб сапраўды засцерагчы пенсіянераў. Нам выдалі дамовы і сказалі падумаць, хто хоча браць у гэтым удзел. У гэтым кантракце было шмат распісана пра тое, што мы не павінны распаўсюджваць асабістыя звесткі, адрасы тых пацыентаў, якім будзем дастаўляць рэцэпты. Але ні слова пра тое, каб выконваць каранцінныя меры, не наведваць масавыя мерапрыемствы, насіць маску і пальчаткі. З нагоды апошняга сказалі: «Мы вас не прымушаем, але спадзяемся на вашу разважлівасць».

Як гэта ўсё павінна было засцерагчы пенсіянераў? Я вырашыла не браць у гэтым удзел. Гэта значыць, усё было настолькі безадказна.

Я бачыла, як некаторыя валанцёры адзначалі дні нараджэння ў вялікіх кампаніях, а на наступны дзень фатаграфаваліся ў масцы і з рэцэптам. Вось, маўляў, мы дапамагаем. Хіба быў ад гэтага толк?

Потым, вядома, быў перыяд выбараў. Людзей збівалі на акцыях пратэсту, і валанцёры нашага раёна сталі цікавіцца ў чаце, чым могуць дапамагчы ад Чырвонага Крыжа.

Нам адказалі: «Ніякай самадзейнасці», і скінулі дакумент з законам аб выкарыстанні эмблемы. Маўляў, мы не можам надзець на сябе майку з эмблемай Чырвонага Крыжа і аказваць першую дапамогу пацярпелым на мітынгах.

Натуральна, валанцёры сталі абурацца — без эмблемы можна было не проста не дапамагчы, але і самому быць затрыманым. Многія прасілі БТЧК дзейнічаць — хоць бы дапамагаць параненым на акцыях пратэсту. Старшыня нашага раёна папрасіла ўсіх «не распальваць і без таго складаную абстаноўку».

14-15 жніўня, ведаю, што шукалі людзей, якія б дапамаглі сартаваць цёплыя рэчы і тавары асабістай гігіены для тых, хто знаходзіцца на Акрэсціна. Але калі я пад'ехала ў офіс, дапамога ўжо была не патрэбная.

Праз нейкі час ад БТЧК на акцыі пратэсту адправілі валанцёраў атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, але некаторых з іх, нягледзячы на тое, што па правілах павінны былі быць недатыкальныя, усё роўна затрымалі.

«Гэта дрэнна, што дзеці лішні раз парадаваліся прадстаўленню, майстар-класу, падарункам?»

У цэлым ад майго валанцёрства засталіся змешаныя адчуванні. Былі там людзі, якія сапраўды хацелі дапамагаць, верылі ў нейкую місію. Калі гэта былі работнікі, то досыць хутка яны выгаралі і звальняліся.

Беларускі Чырвоны Крыж трымаецца толькі на ініцыятыўных валанцёрах, але і іх колькасць пастаянна змяншалася, некаторыя праекты сыходзілі ў свабоднае плаванне.

Здавалася б, БТЧК — мы ўсе робім агульную добрую справу. Але ўявіць толькі, што на валанцёраў аднаго раёна наехалі за тое, што яны з'ездзілі ва ўстанову іншага раёна, маўляў, зайшлі на «чужую тэрыторыю».Ну як такое магчыма? То бок, гэта дрэнна, што дзеці там лішні раз парадаваліся нейкаму прадстаўленню, майстар-класу, падарункам?

«Шкада, што прынцыпы, пра якія нам так часта распавядалі, парушаюцца»

Да 2020 года я не заўважала, каб наша валанцёрская дзейнасць была неяк палітызаваная ці што з намі праводзілі нейкія ідэалагічныя гутаркі. Наадварот, на ўсіх курсах нам распавядалі аб прынцыпах Міжнароднага руху, звяртаючы ўвагу на бесстароннасць і нейтральнасць.

Вельмі часта ўздымалася пытанне грошай. Акцэнтавалі ўвагу, што гэта асабліва добраахвотна і ні ў якіх арганізацыях не павінны нікога прымушаць здаваць грошы на Чырвоны Крыж. Шкада, што прынцыпы арганізацыі, пра якія нам так асабіста распавядалі, БТЧК сёння парушае.

Чырвонаму Крыжу ў Беларусі яўна ёсць, чым займацца. Я зараз знаходжуся за мяжой і спецыяльна звяртаю ўвагу, як тут жывуць людзі з інваліднасцю, напрыклад. Па-першае, невідушчыя, вазочнікі тут інтэграваныя ў грамадства. У нас жа на вуліцы рэдка ўбачыш чалавека з інваліднасцю, таму што, па-першае, у многіх няма магчымасці выбрацца з дому з-за адсутнасці таго ж пандуса, па-другое, таму што той жа Чырвоны Крыж недапрацоўвае з тым, каб адукоўваць наша грамадства, і такія людзі не баяліся выходзіць у свет.

Каментары1

  • Acab
    02.08.2023
    Чырвоны крыж ня толькі ў бсср, а паўсюль і заўсёды палітычнага аншажаваная арганізацыя.

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

У Белавежскай пушчы дзеля рэдкай птушкі выкасяць больш за тысячу гектараў балота

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →