Грамадства33

Вадзім Шышко: «Захаванне беларускай мовы — гэта наша замежная місія». Але пакуль у польскім ТБМ імя Францішка Скарыны ўсяго 17 чалавек 

Вадзім Шышко нарадзіўся на Пастаўшчыне, скончыў гістфак БДУ, працаваў у школе на Мядзельшчыне і ў Пастаўскім краязнаўчым музеі. Потым пераехаў у Польшчу, паўтарыўшы, як ён сам кажа, «шлях звычайнага беларускага экстрэміста»: быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 года, злавіў камісію на нахабных фальсіфікацыях, пратэставаў. Калі пачаліся рэпрэсіі, вырашыў выехаць з Беларусі. Як прадчуваў: неўзабаве сілавікі пачалі яго шукаць, прыйшлі з ператрусамі і да ягоных бацькоў… Цяпер Вадзім жыве ў Лодзі, працуе на фабрыцы. Тут, у Лодзі, 29 студзеня гэтага года ён зарэгістраваў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны — грамадскую арганізацыю, якую лічыць пераемніцай закрытага ўладамі беларускага ТБМ.

Вадзім Шышко. Фота: асабісты архіў Вадзіма Шышко

Статут мадэрнізаваны, але мэта тая самая — захаванне, пашырэнне і развіццё беларускай мовы.

«І беларускай культуры», — дадае Вадзім Шышко, бо ставіць перад арганізацыяй і такую задачу.

«Мяне да болю абурыла і раззлавала закрыццё Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў Беларусі. Я падумаў, што трэба абавязкова аднавіць гэтую арганізацыю, бо яна рабіла шмат карыснага для захавання і распаўсюду беларушчыны. Як падступіцца да гэтага, я не ведаў. Таму спачатку проста ўзяў статут і пераклаў яго на польскую мову. Потым пайшоў па дапамогу: у Лодзі ёсць польскі фонд, які дапамагае з рэгістрацыяй недзяржаўным арганізацыям. Паказаў перакладзены статут, але кансультанты яго істотна адаптавалі пад польскае заканадаўства. Сутнасць дзейнасці, вядома, застаецца ранейшая», — тлумачыць Вадзім Шышко, які стаў заснавальнікам і кіраўніком Таварыства беларускай мовы ў Польшчы.

Пра сваю ініцыятыву Вадзім адразу ж расказаў Алене Анісім, апошняй кіраўніцы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў Беларусі. Яна ўзрадавалася, але пасля яе затрымання і арышту на 12 сутак сёлета ў маі больш на сувязь не выходзіла.

«Я разумею небяспеку для яе, бо Польшчу беларускія ўлады лічаць ворагам. Менавіта таму мы не хочам «падстаўляць людзей у Беларусі і пакуль прымаем у арганізацыю толькі тых, хто жыве ў замежжы. Дзейнасць ТБМ арыентаваная перадусім на іх», — гаворыць Вадзім Шышко. Пакуль у арганізацыі толькі 17 чалавек. І некалькі заяў на разглядзе».

Такая невялікая колькасць чальцоў, з аднаго боку, засмучае, з другога — надае перспектыў, лічыць стваральнік новага ТБМ:

«У беларусаў слабая нацыянальная самасвядомасць. Прынамсі, мала тых, у каго яна выразная. Так было і ў Беларусі, і тое самае я назіраю ў Польшчы. Беларусы, якія апынуліся тут за час кіравання Лукашэнкі і асабліва пасля падзей 2020 года, больш занятыя ўласнымі праблемамі — куды ўладкавацца на працу, дзе зняць кватэру, па вялікім рахунку, як выжыць у новых умовах. Ім не да мовы было. Хаця менавіта мова — гэта галоўны кадыфікатар любой нацыянальнай культуры і прыналежнасці да яе. З другога боку, колькасны паказчык у любой арганізацыі не галоўны, бо ўсё адно працай займацца будуць толькі тыя, каму гэта сапраўды патрэбна і цікава».

У польскім ТБМ таксама трэба плаціць унёскі — у памеры 20 злотых (13 рублёў) штомесяц. Іх збіраюць раз на квартал. Грошы невялікія, але ўсё адно гэта нагода, каб задумацца, ці насамрэч удзел у арганізацыі важны для чалавека. Калі бракуе той самай нацыянальнай самасвядомасці, то лепей схадзіць на гэтыя грошы ў кавярню…

Кіраўнік таварыства тлумачыць, куды ідуць сабраныя сродкі:

«Пакуль што мала тых грошай. Але я ўжо бачу выдаткі, куды яны пойдуць. Мы — юрыдычная асоба, таму мусім мець юрыдычны адрас. Так як уласнага памяшкання ў нас няма, нам даводзіцца юрыдычны адрас браць у арэнду. Плюс яшчэ нам абавязкова патрэбна будзе рабіць фінансавую справаздачу за год, а значыць, наймаць бухгалтара. І гэта толькі абавязковыя выдаткі. А розныя спарадычныя — тут мы закрываем са сваёй асабістай кішэні».

Нягледзячы на тое, што ў арганізацыі ўсяго 17 чалавек — без уліку тых, хто толькі падаў заявы на ўступленне, — польскае Таварыства беларускай мовы ўжо мае тры філіі — у Лодзі, у Беластоку і ў Варшаве. Кожная з іх працуе самастойна.

Незалежнасць ад «цэнтра» і аб'яднаўчая функцыя — гэта два галоўныя прынцыпы, на якіх прапануе будаваць працу стваральнік ТБМ:

«З 2011 года я быў чальцом пастаўскай раённай філіі Таварыства беларускай мовы. У нас было вельмі актыўнае жыццё: мы ездзілі ў краязнаўчыя вандроўкі, арганізавалі курсы беларускай мовы і краязнаўства, праводзілі літаратурна-мастацкія вечарыны і прэзентацыі новых беларускіх выданняў, выдавалі свой бюлетэнь «Шыпшына», ладзілі сустрэчы ў школах — пакуль гэта дазвалялі…

І ўсё гэта рабілі пры мінімальным фінансаванні ці ўвогуле без яго. А галоўнае — ніхто намі з Мінска не кіраваў і мы ні ў кога не прасілі дазволу, ці можна нам зрабіць тое ці гэта. Такі самы прынцып я хацеў бы ўвасобіць у Польшчы — каб кожная мясцовая філія рабіла тое, што лічыць больш важным і патрэбным. Галоўнае — каб толькі дзейнасць адпавядала статуту».

За 7 месяцаў існавання філіі ў Лодзі, дзе жыве Вадзім, ТБМ арганізавала некалькі інтэграцыйных сустрэч — для ахвотных пазнаёміцца і паразмаўляць па-беларуску. Правялі сустрэчы з творцамі: Уладзімірам Арловым, Змітром Бартосікам, Андрэем Хадановічам, Ганнай Янкутай, музычным гуртам «Няміга». Пачалі збіраць беларускую бібліятэку, у якой ёсць ужо каля 300 кніг. Няма памяшкання, дзе іх захоўваць, таму актывісты проста сфатаграфавалі ўсе вокладкі і выдаюць кнігі паводле заявак.

Перспектывы арганізацыі яе стваральнік бачыць у тым, каб аб'яднаць усе беларускія ініцыятывы, якія цяпер ёсць у Польшчы. Не ў тым сэнсе, каб усе ўдзельнікі ўступілі ў ТБМ, а каб Таварыства беларускай мовы стала для іх нейкім апірышчам: «Мне падаецца, што для ўсіх суполак, накіраваных на пашырэнне беларускай мовы і беларускай культуры праз мову, было б карысна мець сталую сувязь з іншымі такімі самымі суполкамі. ТБМ можа стаць у нейкім сэнсе пасярэднікам. Разуменне, што ты не адзін, заўжды павялічвае ўпэўненасць у той справе, якую ты робіш. І калі я ведаю, што ў суседнім горадзе ёсць людзі, якія робяць нешта падобнае, я пераконваюся, што гэта патрэбна не толькі мне».

На пытанне, ці плануе ТБМ прасіць спрыяння польскіх дзяржаўных структур у справе пашырэння беларускай мовы, Вадзім Шышко адказвае адмоўна: «Наша мова — гэта выключна наша справа.

Польскія ўлады не абавязаныя, прыкладам, ствараць беларускія школы ці арганізоўваць для нас культурніцкія мерапрыемствы. Галоўнае, каб гэта дазвалялі рабіць нам, беларусам. Мы, знаходзячыся ў Польшчы, самі абавязаныя паклапаціцца пра тое, каб стаць захавальнікамі ўласнай мовы і культуры».

Яшчэ адна ідэя Вадзіма Шышко — гэта стварэнне асобных Таварыстваў беларускай мовы ў розных краінах.

Менавіта асобных арганізацый, а не філій, бо, да прыкладу, з ліквідацыяй ТБМ імя Францішка Скарыны ў Беларусі знікла ўся разгалінаваная структура грамадскага ўтварэння. Калі замежныя суполкі будуць юрыдычна самастойнымі, то знікненне па нейкіх прычынах адной з іх не пацягне падобных наступстваў.

«Няхай яны атрымаюцца нешматлікія, але гэта будзе хаця б нейкі асяродак беларушчыны, — марыць Вадзім. — У Беларусі зараз пра развіццё беларускай культуры і захаванне роднай мовы гаварыць не даводзіцца. Таму — гэта наша замежная місія на гэты момант».

Каментары3

  • Лепш бы 20 не было
    12.09.2023
    Вось табеі ўся якасць гэтых уцекачоў....
  • Анфиса
    12.09.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Дыфтонґер
    13.09.2023
    Дзякую за выкарыстаньне дыфтонґа "еі". Каму? Табѣ.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў19

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Усе навіны →
Усе навіны

Расія можа напасці на Еўропу ўжо ў 2027 годзе18

Колькі зарабіла кампанія Баскава на мерчы Лукашэнкі11

59-гадовага педагога са Столінскага раёна абвесцілі «тэрарыстам»7

У дом да жанчыны завіталі два ветлівыя алігатары і нават паспрабавалі пазваніць у дзверы4

Як выбіраюць Папу Рымскага: сакрэты канклава і старажытнай сістэмы галасавання

Сказаў «дзякуй» чату джыпіці — і кампанія ўлятае на дзясяткі мільёнаў даляраў12

Хто будзе наступным Папам? Вось хто можа змяніць Францішка11

Папа Францішак: лацінаамерыканец, які мяняў касцёл​

У Мінску адкрыўся японскі сад ФОТЫ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў19

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць