Якім атрымаўся апошні сезон «Палавога выхавання» — самага папулярнага серыяла пра сучасных падлеткаў
Надышоў час развітацца з апантанымі сэксам вучнямі і настаўнікамі сярэдняй школы Мурдэйл. Стваральнікі серыяла паспрабавалі ўявіць свет, у якім падлеткі атрымлівалі б не «вывераную інфармацыю», якую прапануюць на ўроках палавога выхавання, а сапраўды надзейныя парады, звязаныя з іх жыццём. Нават калі гэтыя парады раздае не вельмі дасведчаны хлопец, які гандлюе сваімі ведамі за гатоўку ў падпольнай «сэкс-клініцы».
«Палавое выхаванне» ад Netflix стала адным з найлепшых арыгінальных шоу за апошнія некалькі гадоў, бо прапанавала не толькі шмат сэксу, але і гісторыю пра сапраўдныя праблемы падлеткаў: пра іх перажыванні, спробы наблізіцца адно да аднаго, пошук самавыяўлення і стасункі з бацькамі.
Стаўшы сучасным адказам на састарэлыя навучальныя відэаролікі, серыял даследаваў усе магчымыя грані сэксуальнага жыцця з пункту гледжання падлетка. У ім закранута ўсё: ад гігіены, мастурбацыі і ўспрымання свайго цела да падлеткавай цяжарнасці і абортаў, — а таксама ў ім далікатна вядзецца размова пра сэксуальны гвалт, наркаманію і псіхічнае здароўе. Шоу — не толькі пра сэкс і інтымнасць, але і пра сяброўства, адносіны і прыняцце сябе такім, які ты ёсць. Да таго ж яно нязменна застаецца пацешлівым.
У нечым свет, які дэманструецца ў «Палавым выхаванні», можа выклікаць сум і зайздрасць: калі мы ўзгадаем уласныя школьныя гады, з’явіцца адчуванне, што нам відавочна бракавала такіх размоў з сябрамі пра сваю пачуццёвасць, сэксуальнасць і ідэнтычнасць. Застаецца спадзявацца, што сучасныя падлеткі змогуць размаўляць менавіта так, як паказвае нам гэта камедыйная драма.
Першы сезон Sex Education выйшаў у 2019-м годзе, і з яго гледачы даведаліся, што галоўны герой Оціс разам з сябрам Эрыкам перайшлі ў старэйшую школу. Мама Оціса — сэксолаг, і Оціс вырашае ўзяць з яе прыклад і пачынае кансультаваць школьнікаў наконт пытанняў інтымнай блізкасці — праўда, у яго няма кабінета, таму для задушэўных размоў даводзіцца выкарыстоўваць школьную прыбіральню. Галоўны герой не тое каб вельмі дасведчаны, аднак ён шчыра жадае дапамагчы кожнаму, і яго «сэкс-клініка» становіцца папулярнай.
Перад гледачом паўстае галерэя цікавых персанажаў — ад не вельмі паспяховага вучня Адама, які даследуе сваю бісэксуальнасць і пакутуе ад нападкаў тыранічнага бацькі, да таленавітай, але вельмі закрытай дзяўчынкі Мэйв, якая вельмі рана была вымушаная стаць дарослай, бо яе маці мае праблемы з наркотыкамі. Ёсць тут і лініі дарослых, напрыклад, гісторыя дэпрэсіўнага і тыранічнага дырэктара школы Марціна Грофа.
Дзеянне чацвёртага сезона, які выйшаў 21 верасня, разгортваецца ва ўтапічна талерантнай школе, куды пераехалі вучні. У новай школе ёсць месца для ўсіх і кожнага — бісэксуалаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і дэфектамі знешнасці — і наогул вітаюцца любыя спосабы самавыяўлення. А ўсе праблемы вучні абмяркоўваюць і прымаюць рашэнні самастойна, а не пад ціскам кіраўніцтва.
Оціс хоча працягваць весці кансультацыі, аднак высвятляецца, што ў кампусе ўжо ёсць свой сэксолаг — дзяўчынка, якую завуць О. Оціс і О пачынаюць канкураваць, а паралельна з гэтым разгортваюцца сюжэтныя лініі іншых герояў: Эрык усё менш камунікуе з Оцісам і ўсё лепш пачуваецца ў кампаніі новых сяброў, Кал перажывае стрэс, звязаны з яе небінарнай ідэнтычнасцю, былы спартсмен Джэксан падазрае ў сябе злаякасную пухліну і спрабуе знайсці свайго бацьку, а Джын, мама Оціса, змагаецца з пасляродавай дэпрэсіяй і адначасова спрабуе ўладкавацца вядучай радыёшоу пра сэкс і адносіны.
На жаль, не ўсе гэтыя сюжэтныя лініі атрымліваюць належнае развіццё: па-першае, паколькі іх вельмі шмат, не ўсе героі паспяваюць як след раскрыцца, па-другое, некаторыя канфлікты проста выглядаюць не надта пераканаўчымі.
Як і папярэднія сезоны, чацвёрты таксама багаты на паказ прадстаўнікоў ЛГБТК+ з шэрагам розных праяў сэксуальнасці і ідэнтычнасці. Аднак галоўным недахопам серыяла стала тое, што яго тон пачаў нагадваць сацыяльную рэкламу. Тое, што шоу так добра ўдавалася ў мінулым — распавядаць пра інклюзіўнасць і адносіны па мадэлі «паказвай, а не расказвай», — у гэтым сезоне знікла, і глядач часта атрымлівае ідэйныя палымяныя прамовы замест рэальных чалавечых паводзін. «Цудоўныя разбэшчаныя падлеткі, якіх мы ведалі і любілі, ператварыліся ў сур'ёзных зануд, якія размаўляюць тэрапеўтычнай мовай і існуюць у серыяле галоўным чынам для таго, каб паставіць птушачкі», — піша аглядальніца The Guardian Люсі Манган.
Горка-салодкае развітанне: паколькі гэта апошні сезон, то ў канцы стваральнікі спрабуюць развязаць лініі, звязаныя з персанажамі, максімальна акуратна — і гэта ўдаецца, хоць некаторай магіі папярэдніх сезонаў прыкметна не хапае. Тым не менш прыхільнікі ўсё адно будуць сумаваць па «Палавым выхаванні» як па ўтапічнай прасторы, дзе кожнага чалавека могуць прыняць такім, якім ён ёсць, дзе гумар, шчырасць і сяброўства пераадольваюць усе перашкоды.
Каментары
І за што тольькі гэтую рэдакцыю НН з такімі поглядамі ў краіне Еўрасаюза трымаюць? ))
https://nashaniva.com/327289