Ежа11

Як правільна прыгатаваць хатнія запасы і не атруціцца імі?

Бадай, самая вялікая небяспека, якая падсцерагае аматараў хатніх нарыхтовак, — рызыка заразіцца батулізмам. Гэта захворванне рэдкае, але паўсюднае. Адкуль бярэцца батулізм і як ад яго абараніцца, расказала «Звяздзе» доктарка-інфекцыяністка 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар’я Петрачук.

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

— Дар’я Ігараўна, што гэта за хвароба і дзе жыве бактэрыя-забойца?

— Батулізм з’яўляецца вострай харчовай токсікаінфекцыяй, якая развіваецца ў выніку пападання ў арганізм чалавека батулатаксіну. Яго сіла неверагодная, яна ў 15 000—100 000 разоў вышэйшая, чым у баявога атрутнага газу зарыну. Таксін дзейнічае як прафесійны забойца, непрыметна, ціха і бязлітасна. Ён блакіруе нервова-мышачную перадачу, і смерць надыходзіць з прычыны паралічу дыхальных мышцаў.

Асноўнай крыніцай інфекцыі з’яўляюцца жывёлы, пераважна траваедныя, а таксама птушкі, рыбы, у кішэчніку якіх Clostrіdіum botulіnus назапашваюцца ў велізарных колькасцях і вылучаюцца са спаражненнямі ў навакольнае асяроддзе, дзе ператвараюцца ў споры і могуць захоўвацца ў такім выглядзе шматлікія гады.

Асемянёнасць глебы, вады можа быць вельмі значнай. З глебы споры рызыкуюць трапіць на прадукты харчавання, у якіх пры ўзнікненні спрыяльных умоў, а менавіта без доступу паветра, могуць прарастаць і вылучаць таксін. У страўнікава-кішачным тракце чалавека пад уплывам стрававальных сокаў таксін не толькі не знішчаецца, але сіла яго можа ўзрастаць у дзясяткі і сотні разоў. Часцей заражэнне адбываецца пры ўжыванні кансерваў. Прадукцыя таксіну не змяняе арганалептычных уласцівасцяў прадуктаў, можна толькі адзначыць лёгкі пах ёлкага масла.

— Якія прадукты і загатоўкі самыя небяспечныя?

— У Беларусі батулізм звязаны пераважна з ужываннем марынаваных грыбоў хатняга прыгатавання, радзей з вэнджанымі мяснымі прадуктамі, кансерваванай гароднінай і рыбай. Грыбы заўсёды багаты кантамінаванымі спорамі C. botulіnum з глебы, нават пасля прамывання вадой.

Распаўсюджана памылка, што саленне грыбоў у негерметычна закаркаванай тары не прыводзіць да ўтварэння батулатаксіну. Неабходна памятаць, што пры выкарыстанні для салення вялікіх шкляных, эмаліраваных, поліэтыленавых ёмістасцяў у цэнтры грыбной масы ўтворацца бескіслародныя ўмовы, спрыяльныя для бактэрый. Характэрна нераўнамернае назапашванне таксіну, і менавіта з гэтым звязаны выпадкі выбарачнага пашкоджання батулізмам пасля ўжывання агульнага прадукту.

Часта крыніцай атручванняў становяцца такія нізкакіслотныя кансервы, як баклажанная ікра, фаршыраваны перац, марынаваныя баклажаны. З мясных прадуктаў хатняга прыгатавання найбольшую небяспеку ўяўляюць сыравэнджаныя кумпякі і каўбасы.

Гэта звязана з тым, што ў хатніх умовах могуць дапускацца санітарныя і тэхналагічныя парушэнні, якія прыводзяць да заражэння кумпякоў і каўбас узбуджальнікам батулізму, да яго размнажэння і таксінаўтварэння. Што датычыцца рыбы, то споры C. botulіnum пранікаюць у кішэчнік рыб з глеем і забруджанай вадой, а калі рыба да засолкі захоўвалася ў цяпле, споры прарастаюць, і ўзбуджальнікі батулізму вылучаюць таксін. Нарыхтоўваць рыбу можна толькі вытрыбушаную.

— Захварэць можна толькі пасля ўжывання кансерваў, ці небяспечнай можа быць і свежапрыгатаваная ежа, тыя ж грыбы?

— Атручванне батулатаксінам не можа быць звязана са свежапрыгатаванай ежай, нават калі яна ўтрымлівае тэрмаўстойлівыя споры, бо тыя не могуць прарастаць у кішэчніку, што неабходна для вылучэння таксіну. Таму харчовая форма захворвання заўсёды з’яўляецца вынікам ужывання ў ежу папярэдне сфарміраванага таксіну.

Выключэнне — толькі дзіцячы батулізм, ён унікальны па сваіх праявах. У дзяцей да 1 года споры батулізму могуць прарастаць непасрэдна ў кішэчніку. Гэта адбываецца з-за адноснага дэфіцыту ў ім страўнікавай кіслаты, паніжанага ўзроўню нармальнай мікрафлоры і няспелай імуннай сістэмы. Усё пералічанае спрыяе вытворчасці таксінаў, і таму батулізм у немаўлят можа ўзнікнуць у выніку ўжывання спор, прысутных у непрыгатаваных прадуктах, такіх як мёд.

— Як праяўляецца хвароба?

— Найбольш частымі сімптомамі харчовага батулізму з’яўляюцца дысфагія (парушэнне глытання, у тым ліку сліны) — у 96%, сухасць у роце — 93%, дыплапія (дваенне ў вачах) — 91%, дызартрыя (парушэнне маўлення) — 84%, дрэннае валоданне канечнасцямі — 73%, востры запор — 73%, памутненне зроку — 65%, млоснасць — 64%, задышка — 60%, ваніты — 59%, спазмы ў жываце — 42%, дыярэя — 19%.

Відавочна, што частку гэтых сімптомаў немагчыма праверыць у немаўлят. Таму для іх праявы крыху іншыя. Гэта неэфектыўнае смактанне, якое раптам узнікла, — 96%, дрэннае трыманне галавы і рухі галавой — 96%, гіпатанія шкілетных мышцаў — 93%, слабы плач — 84%, востры запор — 83%, летаргія — 71%, слабасць тваравых мышцаў — 69%, раздражняльнасць — 61%, гіпарэфлексія — 52%, страта рухальных навыкаў — 50%, цяжкасць дыхання — 43%.

Клінічныя праявы хваробы могуць наступаць востра і паступова, без ліхаманкі, з сіметрычнасцю неўралагічнай сімптаматыкі і захаванасцю прытомнасці. Смерць можа наступіць на працягу сутак ад паступлення батулатаксіну ў арганізм.

Пры падазрэнні на батулізм неабходна выклікаць брыгаду хуткай дапамогі. Пакуль яна едзе, хвораму можна даць слабіцельны сродак, зрабіць прамыванне страўніка, ачышчальную клізму, даць энтэрасарбенты. Дзейнічаць неабходна неадкладна, бо лячэнне заключаецца ва ўвядзенні батулінічнага анатаксіну, і ўвесці яго неабходна як мага раней.

Абараняйцеся!

1. Найлепшы метад прафілактыкі харчовага батулізму — выкананне санітарна-гігіенічных нормаў падчас прыгатавання ежы ў хатніх умовах. Шэраг рэчываў, задзейнічаных пры кансерваванні, — нітрыты, сарбітолавая кіслата, фенолавыя антыаксіданты, поліфасфаты, аскарбінавая кіслата — тармозяць рост C. botulіnum і таксінаўтварэнне. Малочнакіслыя бактэрыі (Lactobacіllus, Pedіococcus, Lactococcus) таксама інгібіруюць рост C. botulіnum дзякуючы прадукцыі кіслаты.

2. Акрамя таго, не варта ўжываць стравы, дабраякаснасць якіх выклікае сумневы. Трэба ўважліва аглядаць кансервы перад ужываннем. Надзьмутыя банкі варта неадкладна выкідваць. З хатнімі нарыхтоўкамі, калі вы не ўпэўненыя ў іх бяспецы, трэба паступаць гэтак жа. Памятайце, што батулатаксін не ўплывае на колер, смак і пах ежы.

3. Усе нарыхтаваныя хатнія прадукты перад ужываннем неабходна награваць да 85—100° С на працягу 5 хвілін.

4. Не варта даваць мёд дзецям да 1 года. Грудное кармленне запавольвае развіццё дзіцячага батулізму.

5. Не варта вырабляць слоічныя кансервы з мяса, рыбы, грыбоў, зеляніны.

6. Кансерваваць гародніну (агуркі, зялёны гарошак і інш.), якая не змяшчае натуральнай кіслаты, можна толькі з дабаўленнем кіслаты.

7. Важна выконваць чысціню пры апрацоўцы сыравіны, не выкарыстоўваць для кансервавання ляжалую, сапсаваную гародніну і садавіну.

8. Строга выконвайце правілы апрацоўкі слоікаў, вечкаў і рэжымаў цеплавой апрацоўкі прадуктаў у хатніх умовах.

9. Абавязкова захоўвайце хатнія кансервы пры тэмпературы 3-6° С, адбракоўвайце і знішчайце падазроныя слоікі.

Каментары1

  • Гарошак Глобус
    13.10.2023
    Не займацеся этай х..й, у магазiне усё цяпер можна набыць, i кансервы i грыбы i памiдоры

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»23

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

Самая дарагая кватэра ў Мінску за 2024 год — у доме, дзе жыве Наталля Эйсмант7

У Мінску больш не трэба насіць у ДАІ папяровую медыцынскую даведку

Сабаленка: Часам хочацца, каб пасмяяліся з маёй тупасці3

Новы лідар Сірыі расказаў, якім будзе лад у краіне, калі пройдуць выбары і якія будуць адносіны з Расіяй7

Вярхоўны дыпламат ЕС: Расія датычная да актаў дыверсій у Еўропе

Галоўчанка расказаў, што аліўе сёлета патаннеў3

У Чылі паліцыя знайшла скрадзеныя ў Лос-Анджэлесе гадзіннікі Кіяну Рыўза

Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і пайшоў з канала9

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»23

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →