«Лега», дзіцячую чыгунку і каб тата вярнуўся з-за кратаў. Якіх падарункаў чакаюць дзеці палітвязняў на Новы год
У Беларусі амаль паўтары тысячы палітвязняў. Паводле іншых падлікаў, іх можа быць нашмат больш. Фонд «Байсол» сабраў больш за 22 тысячы еўра на каляднай акцыі «Трэба цуды? Зробім цуды!». Гэтыя грошы пойдуць на падарункі дзецям, у якіх хтосьці з бацькоў за кратамі.
«Байсол» агулам правёў ужо каля 10 кампаніяў збору грошай для дзяцей палітвязняў. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак кажа ў інтэрв'ю Радыё Свабода, што калядны збор для дзяцей перавысіў 22 тысячы еўра. Заявак на атрыманне дапамогі паступіла больш за 200. Гэта трэці калядны збор на дзяцей. Яшчэ фонд збірае грошы для дзяцей традыцыйна перад пачаткам летніх вакацыяў і на «сшыткі» — перад новым навучальным годам.
«Адрасаты нашай дапамогі — і тыя, хто ў Беларусі, такіх пераважная большасць, і тыя, хто вымушаны быў з'ехаць з краіны. Нам пішуць, што сваякі часта кажуць дзецям, быццам гэтыя падарункі ад таты ці мамы, якія сядзяць у турме. Часам дзеці самі вырашаюць, што гэта мама ці тата перадалі. Бо дзеці любяць марыць. Некаторым дзецям бацькі кажуць, што гэта, умоўна кажучы, «злосны Лукашэнка схаваў тату ў турму«. Іншыя бацькі, у залежнасці ад узросту дзяцей, кажуць, што тата ці мама паехалі далёка на заробкі», — тлумачыць Стрыжак.
Ён падкрэслівае важнасць таго, што пэўныя рэчы адбываюцца цыклічна, прыкладам, зборы на дзяцей. «Гэта важна і для тых, хто хоча дапамагчы, і для тых, хто чакае падтрымкі», — кажа кіраўнік фонду.
З словаў Андрэя Стрыжака, з году ў год сума дапамогі прыкладна аднолькавая, як і колькасць заявак.
Цэнтр навукі «Капернік» для чацвярых дзяцей і пачастунак
Маргарыта Касабуцкая разам з мужам Віталём Жуком выхоўваюць чатырох малых дзяцей. Віталь — былы палітзняволены, ён вызваліўся ў 2022 годзе. Пасля таго як мясцовыя міліцыянты ў Кобрыне пачалі пагражаць яму і жонцы крымінальнымі справамі, Жуку разам з сям’ёй давялося тэрмінова ўцякаць з краіны, прыхапіўшы толькі самае неабходнае. Віталь паехаў у Грузію, Маргарыта з дзецьмі — у Польшчу.
Маргарыта кажа, што ў снежні 2022 года яна ў межах каляднай акцыі атрымала грашовую падтрымку на дзяцей. Але патраціць гэтыя грошы ў Беларусі не паспелі, бо давялося тэрмінова з'язджаць.
«У студзені 2023 года мы былі ўжо ў Варшаве. Вырашылі з дзецьмі на тую падтрымку пайсці ў цэнтр навукі «Капернік«. З чатырма малымі некуды пайсці — заўсёды цяжка і дорага. Дзякуючы каляднаму збору нашы дзеці трапілі ў легендарны цэнтр навукі. Зрабілі такую прыгоду. Пра эмоцыі могуць сказаць здымкі — дзецям надта ўсё спадабалася», — кажа Маргарыта.
Пасля наведвання цэнтра яны пайшлі на піцу. «Ці варта казаць, што гэта было вельмі радасна для дзяцей. Бо ў нас дружная сям’я, мы заўсёды ўсюды ходзім разам», — дадала Маргарыта.
Цэнтр навукі «Капернік» — музей навукі ў Варшаве, там больш за 450 інтэрактыўных экспанатаў, з дапамогай якіх наведнікі могуць праводзіць эксперыменты. Цэнтр вельмі папулярны і лічыцца адным з перадавых у Еўропе.
Атрымліваюць дапамогу, каб дапамагчы потым іншым
Шматдзетная маці Іна Шырокая цяпер вымушана жыве за мяжой. Ад BySol яна атрымлівала дапамогу на дзяцей — Соф’ю і Мацвея. Яны непаўналетнія, маюць 14 і 16 гадоў.
«Я атрымлівала дапамогу перад школай, перад летнімі вакацыямі. Мацвей вельмі любіць маляваць, таму за дапамогу да школы ён купіў сабе нейкія адмысловыя асадкі для малявання. Дзеці ўжо не малыя, таму яны загадзя плануюць, што ім неабходна, што ім трэба купіць», — кажа Іна.
Яна расказвае, што пасля пераезду ў Польшчу мела дапамогу не толькі ад «Байсол». Ёй дапамагала ініцыятыва «Партызанкі», а таксама дыяспара з Нямеччыны. «Мы атрымлівалі такія прыемныя дробязі, як гадзіннік, касметыку, паўэрбанк, іншае», — удакладніла Іна.
Яна далучылася да Асацыяцыі беларускіх палітвязняў. Кажа, што імкнецца дапамагаць тым, хто застаецца ў Беларусі пасля вызвалення з турмы.
«Гэта працуе так: калі мы можам неяк, сваімі каналамі, дапамагчы палітвязням у Беларусі, то яны стараюцца дапамагчы там, на месцы, іншым людзям. Пытаюцца ў нас адрасы, шлюць пасылкі. Гэта працуе так, што калі чалавек атрымаў дапамогу, ён яе прымае, але і «перадае далей», — дадала Іна.
Падарункі, якіх хочуць дзеці, а не тыя, на якія хапае грошай
Сваякі палітвязняў падзяліліся з фондам «Байсол» сваімі гісторыямі. Адзін з атрымальнікаў «дзіцячай» дапамогі пасля адбыцця пакарання мусіў зʼехаць з Беларусі, бо не здолеў наладзіць там жыццё.
«Але і тут жыццё няпростае. Майму сыну мяне вельмі не хапае. Мы часта на сувязі, і сын пытаецца, калі я ўжо прыеду. Я хачу купіць яму канструктар «Лега», бо раней мы часта разам збіралі канструктары. Такі падарунак яму дакладна спадабаецца і падыме настрой», — піша былы зняволены.
Многія атрымальнікі дапамогі пішуць словы падзякі. «Гэта не проста матэрыяльная падтрымка. Гэта поўныя шчырай радасці вочы нашых дзяцей. Гэта крыніца радасці і падтрымкі бацькоў, гэта вера ў перамогу і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, перакананасць, што ты не адзін», — дзякуе жонка палітзняволенага.
Муж яшчэ адной беларускі ўжо больш за два гады ў зняволенні.
«Заробку хапае толькі на самае неабходнае. Дзякуючы вашай падтрымцы мы зможам з'ездзіць з дзеткамі ў Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза. Сёлета дзеці атрымаюць падарункі не тыя, на якія хапіла грошай у мяне, а тыя, якія яны самі замовілі Дзеду Марозу. Грошай мне хопіць яшчэ і на зімовую вопратку для дачкі. Гэта вялікая дапамога для нас. У такія часы дзецям як ніколі патрэбнае свята», — падзялілася жонка палітвязня.
Іншая жонка палітвязня піша, што за матэрыяльную дапамогу купіць для сына дзіцячую чыгунку і машынку з пультам кіравання. «Гэта тое, пра што ён даўно марыць. Пакладу яму пад ялінку і скажу, што гэта падарунак ад таты. Расстанне з ім нам даецца вельмі цяжка. Сыну я кажу, што тата працуе за мяжой і перадае яму падарункі», — піша беларуска.
«Наш сын вельмі ўсцешаны, што да яго сёлета таксама прыйдзе Дзед Мароз. Ён прасіў у падарунак вялікі набор «лега», дзе будзе верталёт, тры машынкі і дыск з гульнёй. Сын вельмі сумуе па тату, чакае яго дахаты», — піша жонка палітвязня.
Іншая беларуска падзялілася бядой: яе дачка ніколі не бачыла тату. Яго пасадзілі, калі жанчына была цяжарнай. Цяпер дзяўчынка бачыць тату зрэдку праз відэасувязь. «Яна прыкладае далонь да тэлефона і кажа «люлю», што значыць «люблю«. Старэйшае дзіця часта пытаецца: «Дзе тата? Ён ужо не вернецца, ён нас кінуў?«. Гэтыя пытанні разрываюць маё сэрца», — шчыруе жонка зняволенага.
Беларуска, дачка якой нядаўна вызвалілася, піша, што «ўнукі будуць на сёмым небе ад шчасця», бо з імі будзе мама і падарыць усё, што яны хацелі«.
«Дзеці не мусяць быць пакараныя, малыя беларусы мусяць быць шчаслівыя, бо ім будаваць Новую Беларусь», — піша жонка зняволенага.
Каментары