Як стваралася чараўніцтва, дзе дастаць такія мініяцюрныя фігуркі і ў колькі абышлася самая дарагая з іх — стваральнік вітрыны Кірыл Янулевіч раскрыў «Віцьбічам» гісторыю стварэння каляднага гарадка.

Усе фота: «Віцьбічы»

Усе фота: «Віцьбічы»

Убачыўшы аднойчы ў Мінску невялікую навагоднюю інсталяцыю, Кірыл не мог ад яе адарвацца, зачаравана разглядаў і здымаў на камеру. Пераглядаючы фатаграфіі дома, абавязкова захацеў сабе такую, каб можна было любавацца ў любы час і, што галоўнае, ужывую. 

Маленькі гарадок паўтарае самыя любімыя і вядомыя сцэны з «Гары Потэра»: тут можна знайсці знаёмыя твары многіх персанажаў і не толькі. Вось зачараваная машына містэра Уізлі затрымалася на высокім галінастым дрэве, а вось Хагрыд з малым Гары на лятальны матацыкле, непадалёк на ўсю моц ідзе бітва чараўнікоў з лордам Волан-дэ-Мортам, а наверсе Потэр намотвае піруэты на мятле ў квідзіч у пагоні за залатым снітчам.

Кірыл пачаў рабіць накіды макетаў для навагодняй вітрыны летам.

— Я ўсё прыдумляў сам. Сядаў вечарамі, браў сшытак, аловак — мне важна было намаляваць гэтую вітрыну ў галаве, каб я яе бачыў і разумеў, як гэта ўсё будзе выглядаць. На гэта сышла куча лістоў і вечароў. Паволі пачало нешта вымалёўвацца. На жаль, некаторыя моманты проста не ўлезлі — я рабіў сам поле для квідзіча з паперы, гліны і кучы іншых прадметаў, размалёўваў, але яно не змясцілася. Я падумаў, што ёсць сцэнкі цікавейшыя, і гэтае поле цяпер стаіць у мяне дома, чакае свайго часу — магчыма, калі-небудзь і выстаўлю яго.

Гісторыю Гары Потэра тэмай для сваёй экспазіцыі Кірыл Янулевіч выбраў не выпадкова — ён шчыра лічыць сябе фанатам чараўніка са шнарам у выглядзе маланкі і любіць серыю фільмаў пра яго. Практычна кожны год малады чалавек пераглядае іх з жонкай ці сам. Гары Потэр — гэта пра святочны настрой і цёплыя моманты, якія кранаюць і саграваюць душу доўгімі і халоднымі зімовымі вечарамі.

— Каб гарадок сапраўды ажыў, засвяціўся, замігаў і загучаў, мы пастараліся з маім добрым сябрам Андрэем — ён вялікі майстар у гаспадарчых справах — і работнікамі крамы. Андрэй дапамог усталяваць спецыяльныя лямпы і святлодыёдныя стужкі, усё гэта злучыў у адну вялікую лінію і падключыў, за што яму вялікі дзякуй, — распавядае Кірыл Янулевіч. — Цяпер у вітрыне з'явіліся калонкі, з якіх раздаюцца калядныя песні, і невялікі экран зверху, дзе транслююцца сцэны з «Гары Потэра».

Фігуркі для ўвасаблення сваіх ідэй знайсці аказалася дастаткова цяжка. Самае распаўсюджанае месца для пошуку — маркетплэйсы. Там за мініяцюры нават даводзілася змагацца — іх занадта хутка разбіралі. Некаторыя фігуркі Кірыл купляў у сталіцы, а нейкія замаўляў нават у Еўропе, адкуль іх яму прывозілі знаёмыя.

Цэны на такое задавальненне розныя. На вядомым маркетплэйсе можна знайсці фігурку за 30-120 беларускіх рублёў у залежнасці ад запатрабаванасці героя, а за еўрапейскую прыйдзецца выкласці ад 50 да 70 даляраў. 3D-друк самы недарагі — за штучку можа выйсці і 20, і нават 10 рублёў.

— У асноўным фігуркі мне друкаваў на 3D-прынтары іпэшнік Аляксандр з Баранавічаў. Я знайшоў яго ў інтэрнэце, і мы звязаліся з ім летам. Патлумачыў яму сваю задумку, а ён паказаў мне макеты, якія можа зрабіць. Яму спатрэбіўся час да канца восені, таму што праца была не з лёгкіх. Адзін толькі замак Хогвартс ён пачаў друкаваць летам і скончыў у кастрычніку, а мне ўжо трэба было фарбаваць гэты замак і дадаваць яго ў экспазіцыю, — дзеліцца Кірыл.

Дарэчы, замак Хогвартс — самая дарагая мініяцюра ў калекцыі — абышоўся больш чым у 1500 рублёў. Ехаць за ім прыйшлося ў іншы горад.

Майстар падзяліўся невялікімі хітрасцямі, якія спатрэбяцца тым, хто зацікавіўся яго справай і захацеў паўтарыць.

— Калі хтосьці паглядзіць на мяне і будзе займацца стварэннем калядных вёсак і гарадкоў, я буду вельмі рады. Заўсёды прыемна натхняць, быць штуршком для пачатку нейкай справы. Я б параіў прыступаць да выбару і куплі фігурак з пачатку года, калі святы ўжо прайшлі, і многія крамы зрабілі зніжкі, таму што цэны пад Новы год на мініяцюры і інсталяцыі ўзлятаюць да нябёсаў. Я сам вельмі часта карыстаюся гэтым лайфхакі. Лепш дачакацца канца гэтага года і пачатку наступнага, пайсці ў краму ці залезці на маркетплэйс і парадаваць сябе фігуркамі, зэканоміўшы каля 40-50% бюджэту. А ў новым годзе ўжо будзе больш часу ўсё прадумаць. Таксама трэба закупіцца пенапластам, абавязковы тэрманож — каб не было шмат бруду і смецця, — прыкмячае Кірыл Янулевіч. — І пачынаць трэба з невялікіх інсталяцый, паволі набываючы бясцэнны вопыт.

Чытайце таксама:

«Кот прымае выраб за сапраўдную птушку і пачынае паляваць». Айцішніца ў вольны ад асноўнай працы час стварае ўпрыгожанні неверагоднай прыгажосці

Ці выйдуць апошнія дэтэктывы Роўлінг і Несбё па-беларуску?

Дэніэл Рэдкліф здымае дакументальны фільм пра свайго дублёра, які пацярпеў падчас здымак «Гары Потэра»

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1