Сёння ў Музеі Якуба Коласа будуць расказваць гістарычныя і літаратурныя анекдоты пра беларускіх класікаў
Сёння, 12 снежня, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў межах музейнага праекта «Простыя словы» адбудзецца выступленне даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана «Колас, Купала і «Маладняк» у жанры літаратурнага анекдота», піша Reform.by
Што ёсць літаратурны, што ёсць гістарычны анекдот?
Такія анекдоты — гэта своеасаблівыя побытавыя і гістарычныя хронікі, часам дакладныя, часам міфалагізаваныя. Без іх бытапісанне любой нацыі няпоўнае хоць бы таму, што персанажы тут — пераважна асобы, якія не маюць патрэбы ў прадстаўленні.
Размова пойдзе найперш пра песняроў Якуба Коласа і Янку Купалу, а таксама пра іх сучаснікаў: Змітрака Бядулю, Уладзіміра Дубоўку, Андрэя Александровіча, Сымона Баранавых, Петруся Броўку, Пятра Глебку, Кандрата Крапіву, Максіма Лужаніна.
З чаго жартавалі амаль стагоддзе таму і якія забаўныя (а часам і драматычныя) гісторыі захаваліся ў архівах гэтага, на першы погляд, несур’ёзнага жанру?
Сяргей Шапран ужо дваццаць гадоў калекцыянуе беларускія гістарычныя і літаратурныя анекдоты. Ён аўтар кнігі «Беларускі гістарычны анекдот», першага выдання ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраны часам дакладныя, часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця вядомых беларускіх літаратараў і дзеячаў культуры.
Дата: 12 снежня
Час: 18.00
Месца: Мінск, вуліца Акадэмічная, 5
Кошт уваходнага білета — 5 рублёў.
Каментары