Цэслер распавёў, як жыве на Кіпры: Аліўкі можна выносіць па два вядры
У новым выпуску «Ток» вядомы мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер распавёў пра жыццё на Кіпры і нечаканую складанасць, з якой там сутыкнуўся.
Пра жыццё на Кіпры
Уладзімір Цэслер распавядае, што знайсці дом на Кіпры яму дапамаглі сябры — каб было дзе прымаць гасцей. Усе дрэвы, што растуць у двары, унесены ў асобны рэестр. Сярод іх — аліва, якой пяцьсот гадоў. «Ва ўраджайны год можна праз дзень па два вядры выносіць. Сыплюцца. А што з імі рабіць, я не ведаю», — дзеліцца мастак.
Кіпр у якасці свайго новага месца жыхарства Цэслер, па яго словах, выбраў выпадкова. «Не было моманту выбіраць. Ніколі не выбіраў, дзе буду жыць. Калі ўжо некуды перамяшчаюся, то ўжо ўсё. Я і ездзіць не вельмі люблю. Звычайна, як куды едзеш, то потым цяжка вяртацца».
Па слова Цэслера, на Кіпры не вельмі можна разгарнуцца ў плане працы, бо дом арандуецца. «Памяшканне чужое. Калі пачнеш тут вошкацца з фарбамі, з нечым яшчэ, давядзецца за свой кошт рабіць рамонт». У выніку дызайнер больш працуе на камп'ютары.
Цэслер адзначае, што яму ёсць з кім на Кіпры сустрэцца. Там хапае беларусаў. У жыцці на востраве яму падабаецца клімат, які спрыяе здароўю. «У кожнага чалавека майго ўзросту, ёсць нейкія зрухі ў самаадчуванні. Я звярнуў увагу, што тут яны знаходзяцца ў латэнтным стане. Здароўе не робіцца горш. Акрамя гэтага, магчыма, тут гаючы клімат. Тут добрае спалучэнне міжземнаморскай сасны і эўкаліпту. І гэта вельмі адчуваецца ў паветры».
Нягледзячы на ўсе станоўчыя бакі, мастак адзначае, што яму цяжка прызвычаіцца да перамены месца жыхарства.
«У любым узросце, як мне падаецца, гэта цяжка, а ў маім асабліва. Да таго ж, чалавеку творчаму яшчэ цяжэй. Творчасць замяшана на нейкіх адчуваннях, эмоцыях. Яны складваецца не толькі з таго, дзе ты тэрытарыяльна жывеш. Гэта і пах прэлай лістоты, пах лісця, што паляць у горадзе, пах снегу. Гэтага ўсяго не хапае. Даводзіцца ўнутры сябе нешта адключаць, каб пра гэта зусім не думаць».
Каб быць мастаком, трэба здароўе
На думку Уладзіміра Цэслера, калі чалавек вырашае прысвяціць сябе творчасці, павінен разумець, з якімі цяжкасцямі яму давядзецца сутыкнуцца. «Трэба разумець, што табе неяк трэба жыць. Магчыма, трэба будзе падпрацоўваць нейкім іншым чынам (можа, нават, сторажам), для таго каб жыць. Калі ты зразумееш, што не зможаш утрымліваць сябе, напрыклад, як мастак, і кінеш гэтую задуму, значыць, ты памыляўся. Ты не мастак. Мастак ніколі не кіне сваёй задумы. Нават, калі яму ніхто нічога не будзе плаціць».
Цэслер назваў рэчы, неабходныя для таго, каб стаць мастаком:
«Разумею, што павінны быць нейкія здольнасці, талент. Але павінна перад усім быць апантанасць, вельмі вялікая працаздольнасць. Яна ідзе аднекуль з сярэдзіны. Ты не можаш гэта развіць. Яно ці ёсць, ці яго няма. Трэба вельмі шмат працаваць.
І потым ты прыходзіш да таго, што, аказваецца, для таго, каб стаць мастаком, трэба мець каласальнае здароўе. Здароўе — гэта самае першае, што патрабуецца. Калі здароўя няма, вельмі хутка згарыш і не вытрымаеш, бо апантанасць у працы патрабуе шмат сіл і здароўя».
Навошта абліваецца халоднай вадой
Уладзімір Цэслер мае даўнюю звычку кожны дзень аблівацца халоднай вадой. «Мне падабаецца гэты стан. Аднойчы я цэлы дзень хадзіў і адчуваў нейкую незавершанасць. І я згадаў, што ў гэты дзень не абліўся вадою. Калі тут была гарачыня і павальнае захапленне інфарктамі, адзін знаёмы параіў схадзіць праверыцца. Доктар сказаў, што ў мяне выдатнае сэрца», — распавядае мастак.
Цэслер дадае, што яго захапленне на цёплым Кіпры сутыкаецца з праблемай, дзе ўзяць халодную ваду. «Я ўжо прызвычаіўся. Набіраю ў тазік вады з вечара, затым раблю лёд і дадаю», — дзеліцца мастак.
Глядзіце цалкам:
-
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
-
Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
-
Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі
Каментары