Гісторыя1212

Антон Луцкевіч і ягонае «падвойнае жанімства»

Анатоль Сідарэвіч піша пра адзін з эпізодаў кнігі Алега Латышонка «Нацыянальнасць — Беларус».

Ужо даўнавата я прачытаў у адным тэксце доктара Алега Латышонка, што Антон Луцкевіч быў двойчы жанаты. А з тае прычыны, што рымска‑каталіцкая Царква не давала разводу з першаю жонкай, перайшоў у кальвінізм. Тады я не занатаваў крыніцу інфармацыі. І вось цяпер маю кнігу д‑ра А. Латышонка «Нацыянальнасць — Беларус».

Кніга выйшла ў той самай серыі, што і грунтоўныя тамы твораў доктара Юрыя Туронка, ксяндза Адама Станкевіча і таго ж Антона Луцкевіча. А перад кнігаю «Нацыянальнасць — Беларус» у серыі свет убачыла кніга таго самага аўтара «Жаўнеры БНР».

Абяцаючы вярнуцца да кнігі «Жаўнеры БНР», зараз я хачу спыніцца на момантах, якія найбольш закранулі мяне ў кнізе «Нацыянальнасць — Беларус».

У артыкуле «Беларускія палітыкі і пратэстанты. Ад «Гомона» да Грамады» я знайшоў тую цытату пра падвойнае жанімства і пратэстантызм А. Луцкевіча. Аўтар піша, што ў сярэдзіне 1920‑х А. Луцкевіч быў ужо пратэстантам. Далей цытую: «Праўду кажучы, ён перайшоў у кальвінізм па фармальных прычынах (развод і другі шлюб) і сапраўды быў атэістам».

Што А. Луцкевіч, перакладчык (разам з баптысцкім пастарам Лукашом Дзекуцем‑Малеем) Новага Запавету і Псалмаў на беларускую мову, быў атэістам — гэта шчырая праўда. Але выклікае пярэчанне сцверджанне аўтара пра развод і другі шлюб А. Луцкевіча. Наколькі мне вядома, А. Луцкевіч у канцы 1919‑га ці то на пачатку 1920‑га ажаніўся першы і адзіны раз з выпускніцай Сарбоны доктарам Зоф’яй Абрамавічанкай.

А. Луцкевіч ведаў панну Зоф’ю і да сусветнае вайны, бо ў Вільні ў той час усе ведалі ўсіх. Можна меркаваць, што ў час побыту ў Парыжы (чэрвень—жнівень 1919 года) ён пазнаёміўся з паннай Зоф’яй бліжэй. Яна была значна маладзейшая за А. Луцкевіча і прыгожая. Сам жа А. Луцкевіч у 1919 годзе быў ужо ва ўзросце «шляхецкага кавалера» — яму споўнілася трыццаць пяць. (Тагачасныя шляхцічы жаніліся і пазней. Прыкладам, Ян Баляслаў Луцкевіч, Антонаў бацька, першы раз стаў пад вянец у сорак тры.)

А. Луцкевічу падабалася панна Зоф’я Абрамавічанка, а панне Зоф’і, мусібыць, падабаўся красамоўны «версальчык» (так за шляхетныя манеры А. Луцкевіча называў адзін з ягоных вучняў). Але на перашкодзе стаялі Царква і родзічы Луцкевіча. Радня паўстала супраць шлюбу Танюська (на польскі лад Антона называлі ў сям’і Toniusiek) з габрэйкай. Царква ж не магла ўдзяліць намінальнаму каталіку Луцкевічу таемства шлюбу з юдэйкай. Упарты і відавочна закаханы Танюсек ігнараваў пратэсты сям’і і забарону ксяндзоў. Паколькі ў той час шлюб мог быць толькі царкоўны, намінальны каталік стаў намінальным пратэстантам.

Кальвінская царква ў Вільні месцілася ў той час ў будынку на Завальнай, у якім за саветамі быў кінатэатр Kronika. Там, дарэчы, былі ахрышчаныя абодва сыны Антона і Зоф’і Луцкевічаў. У 1980‑х Юрка і Лявон Луцкевічы жартавалі, што іх хрысцілі ў кінатэатры.

* * *

Латышонак Алег. Нацыянальнасць — Беларус. Беласток—Вільня, 2009. — 558 с.

Каментары12

Цяпер чытаюць

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м61

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі летась рэкордна знізілася колькасць забойстваў6

У Століне студэнтка вылепіла са снегу вялікага цмока ФОТАФАКТ8

Стала вядома, калі выйдзе першы сезон новага серыяла «Гары Потэр»3

У Валожынскім ешыбоце правялі старажытны абрад падпісання ктубы17

Стартап з беларускімі каранямі заключыў здзелку з Microsoft на 750 мільёнаў даляраў2

Арына Сабаленка прайграла фінал Australian Open13

Работнікі МНС пад Мінскам выратавалі 28‑гадовага хлопца, які замярзаў у полі1

Сіноптыкі палохаюць халадэчай да 33 градусаў

У палове Малдовы знікла электрычнасць, маштабны блэкаўт адбыўся таксама ва Украіне4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м61

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць