Грамадства3333

Актывіст Максім Чарняўскі збіраўся стаць жанчынай, а цяпер ён — бацька двайнят у дэкрэце. Як так?

Максім Чарняўскі ў 2011 годзе стаў вядомы пасля таго, як зліў  кадэбэшніка, які спрабаваў яго вербаваць, апублічыўшы аўдыя перамоваў з супрацоўнікам органаў і яго здымак. Пасля гэтага ўчынку Максіму, на той момант студэнту журфака БДУ, адміністратару суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» і стваральніку сайта Gonzo.by, прыйшлося з’ехаць з Беларусі. У 2021 годзе Максім дзяліўся тым, што адчуў сябе жанчынай і плануе змяніць пол, але сёння ён — бацька двайнят у дэкрэце.

«Я адчуў вялікую агіду ад быцця мужчынам»

Згадваючы 2021 год, Максім кажа, што на той момант у ролі жанчыны ён адчуваў сябе максімальна аўтэнтычна — настолькі, што прайшоў усе псіхалагічныя тэсты і пачаў планаваць аперацыю па карэкцыі полу, атрымаўшы ўсе неабходныя лекі напярэдадні (эстраген, прагестэрон, блакатары тэстастэрону). Але потым ён асэнсаваў, што гэта было рэакцыяй псіхікі на траўматычныя падзеі ў свеце.

Максім у момант адчування сябе жанчынай

«Тады я працаваў у інстаграме як мадэратар рускамоўнага рынку. І там быў змрочны бок: забойствы людзей, катаванні, самагубствы ў навінах… Расстрэл сотні чалавек у Новай Зеландыі, гвалт з маленькай дзяўчынкі ў анлайне — усё гэта я мусіў шматкроць аглядаць і выдаляць. І мая псіхіка не вытрымала. Я адчуў вялікую агіду ад быцця мужчынам, бо гэта мяне яднала з гвалтаўніком, а я не хацеў мець нічога супольнага з такім злачынцам.

Гэта не было нейкае рацыянальнае рашэнне, проста я адчуў што мужчынам не магу больш быць. А жанчынай — так, з радасцю. І я як бы пачаў жыццё наноў», — дзеліцца ўспамінамі Максім.

Усё змянілася, калі Макс пазнаёміўся з будучай маці сваіх дзяцей Магдаленай: дзякуючы ёй, ён прыняў сваю «жаноцкую мужчынскасць», і патрэба быць жанчынай паступова адышла.

«Я быў пасля разводу. Былая жонка шматкроць наракала, што я недастаткова мужчынскі, гэта таксама адыграла пэўную ролю ў маім трансгендарным пераходзе.

Магдаленка ж прыняла мяне такім, якім я ёсць. Далікатным мужчынам. Гэта першая жанчына ў маім жыцці, якая не патрабавала Мужыка (можаце тут згадаць увесь набор стэрэатыпаў пра тое, якім павінен быць Мужык)», — тлумачыць суразмоўца.

Сваю ролю адыграла і тое, што дзяўчына адвучылася на «рэсацыялізацыі» і акурат спецыялізуецца на рэабілітацыі людзей, якія згубілі сябе, дапамагае інтэграваць іх у грамадства.

Пры гэтым Максім адзначае, што і цяпер вызначае сябе як небінарную персону:

«Зашмат стэрэатыпаў пра тое, якімі павінны быць мужчына і жанчына. Гэта ўжо не актуальна ў сучасным прагрэсіўным грамадстве».

«Магдаленка ад пачатку заяўляла, што будзе развіваць кар'еру, а я буду займацца дзецьмі»

Яшчэ калі Максіму толькі выпісвалі гарманальныя прэпараты па карэкцыі полу, яго папярэджвалі, што гэта можа прывесці да бясплоднасці. Таму, калі яны захацелі завесці дзяцей, не былі ўпэўненыя ў тым, што ўсё ўдасца.

«Мы зразумелі, што, каб нашыя адносіны мелі будучыню, важна, каб мы маглі мець дзяцей. Мы падрыхтаваліся сур'ёзна: спачатку я зрабіў тэст на якасць спермы, ён выйшаў пазітыўны. Потым мы ўсталявалі дадатак на тэлефон, які па цыклу месячных падказваў, у які дзень самая вялікая імавернасць зацяжарыць. У нас удалося з першай спробы! Калі праз некалькі тыдняў тэст паказаў дзве палоскі, мы раўлі ад шчасця. А калі на УГД нам паведамілі, што будуць блізняты, мы былі проста ў шоку!» — не хавае эмоцый малады бацька.

Дзяўчынак-двайнят назвалі Ружа і Лілія

У іх сям’і менавіта Максім адправіўся ў дэкрэт, а яго дзяўчына, якая абараніла магістарскую перад родамі, пайшла працаваць, бо для яе важнае развіццё кар’еры.

«Такое рашэнне далося лёгка: мы феміністы, Магдаленка ад пачатку заяўляла, што будзе развіваць кар'еру, дапамагаць бедным, бяздомным, алкаголікам, а я буду займацца дзецьмі. Яна праверыла, як я апекаваўся яе хамяком і сваімі коткамі, і зрабіла выснову, што я буду добрым апякуном. Дагэтуль не расчаравалася.

Пры гэтым я на ўласнай скуры адчуў, якая гэта цяжкая праца — гадаваць дзяцей. І вельмі прыкра, што ў грамадстве яна недаацэньваецца. Нашмат прасцей хадзіць на працу і прыносіць дадому грошы. А яшчэ ж жанчынам дакідваюць гатоўку, прыборку, пранне і гэтак далей. Я лічу, іх мужчыны за гэта павінны ім даплачваць!»

Максім расказвае, што ў Польшчы, дзе яны жывуць, кожны з бацькоў можа пайсці ў дэкрэт, прычым аплачваны дэкрэт (70% заробку) — гэта 41 тыдзень (для блізнят крыху больш). З гэтых дзён адзін бацька можа ўзяць не больш чым 32 тыдні, а рэшта застаецца другому партнёру, і калі ён яе не выкарыстае, яна згарыць.

«Па 15 разоў за ноч прачынаўся мяняць памперсы»

Сваім самым вялікім выпрабаваннем у ролі бацькі Максім называе першыя месяцы пасля нараджэння малых.

«Памятаю, я па 15 разоў за ноч прачынаўся мяняць памперсы, праз гэта не мог зусім выспацца, псіхіка расхіствалася і я прымаў заспакаяльныя конскімі дозамі. Цяпер ужо нашмат лягчэй — малышкі часамі толькі раз за ноч просяць змяніць памперс (тут я раю набыць памперсы з бамбукавага матэрыялу, яны даражэйшыя, але лепш усмоктваюць вільгаць).

Але галоўная парада ад Макса будучым бацькам: не ахвяраваць сабою дзецям з галавой.

«Вельмі істотна не забываць пра свае патрэбы. Мы ходзім да псіхіятра і псіхатэрапеўта, бо клапаціцца пра псіхіку важна. Я пайшоў на муай-тай, каб выпускаць пару, Магдаленка займаецца з трэнеркай таксама. Выпрабаванне ёсць і ў захаванні саміх адносін паміж бацькамі — той, хто больш займаецца дзецьмі, можа злаваць на другога, тут важна прагаворваць усе моманты».

«Ёсць амбіцыі пайсці ў дэпутаты ў вольнай Беларусі»

У Польшчы Максім скончыў бакалаўрыят па міжнародных адносінах, магістратуру па кіраванні праектамі і год адвучыўся на юрыдычным факультэце.

«Калі Магда зацяжарыла, то я забраў дакументы, каб пайсці ў IT — на юрыдычным трэба вучыцца пяць год плюс тры гады ліцэнзія, гэта зашмат».

Не так даўно хлопец скончыў курсы тэсціроўшчыкаў, а цяпер, калі дзеці спяць, вывучае Java і не губляе надзеі ўвайсці ў IT.

Нягледзячы на тое, што Максім ужо атрымаў польскі пашпарт, ён працягвае адчуваць сябе найперш беларусам, сочыць за навінамі з радзімы і плануе выхоўваць дзяцей у тым ліку на беларускай мове.

«У мяне ёсць амбіцыі, каб у вольнай Беларусі (спадзяюся, у парламенцкай рэспубліцы) паспрабаваць пайсці ў дэпутаты. Зрабіць нашую краіну трошкі лепшай для людзей. Гэта маё прызначэнне: я ад 2010 года адчуваў, што жыву ў дыктатуры, што немагчыма жыць у краіне з такой уладай. Хадзіў на Плошчу, «Стоп-бензін», маўклівыя пратэсты.

Працы трэба будзе шмат зрабіць, і мяркую, мая адукацыя і досвед жыцця ў дэмакратычнай краіне могуць спатрэбіцца», — дзеліцца хлопец. «Я планую вярнуцца ў Беларусь, калі буду патрэбным. Калі ж (не дай божа) Беларусь аддадуць Расіі ў якасці суцяшальнага прыза пасля паразы ва Украіне, я наўрад ці прыеду туды са сваёй сям'ёй. Іншы варыянт: калі я буду разумець, што ў палітыку там ідуць людзі больш абазнаныя і адукаваныя, чым я, тады, магчыма, я таксама займуся нечым іншым».

Каментары33

  • Эюя
    06.04.2024
    Дзякуй дзяўчыне, што ўратавала хлопца. А так стаў бы трансформерам і да канца жыцця няшчасным шукаў бы сябе .
  • П
    06.04.2024
    Чорт чорта пазнаў - і на піва пазваў. Дзяцей шкада.
  • Брэст сіла
    06.04.2024
    Удачы, Максіме! Гадуй дзяцей! І цешся, што па дурасці не застаўся без яіц.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка спрабаваў высветліць, хто настукаў Пуціну пра георгіеўскія стужкі6

Лукашэнка спрабаваў высветліць, хто настукаў Пуціну пра георгіеўскія стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

«Абсалютны хаос». Камала Харыс раскрытыкавала Трампа ў першай прамове пасля паразы на выбарах8

Наталля Эйсмант: Зянковіча вызвалілі па просьбе Вашынгтона18

Спецпасланнік Трампа заявіў пра гатоўнасць Зяленскага да тэрытарыяльных саступак Расіі13

Прагматычная аўтобусная кампанія запусціла рэйс з Мінска ў Абхазію. Але ёсць нюанс4

Сіноптыкі папярэдзілі пра замаразкі да -5°С у ноч на пятніцу, а ў нядзелю — складаныя ўмовы надвор'я

Польшча расследуе гібель пяці чалавек, целы якіх вылавілі ў рацэ Буг2

Як выглядае Юрась Зянковіч пасля вызвалення ФОТАФАКТ4

Уначы на пажары ў лесе ў Воранаўскім раёне маліліся ксёндз, вяскоўцы і блогер9

Гарадскія ўлады патлумачылі, чаму прыбралі «разумны» прыпынак на Нямізе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка спрабаваў высветліць, хто настукаў Пуціну пра георгіеўскія стужкі6

Лукашэнка спрабаваў высветліць, хто настукаў Пуціну пра георгіеўскія стужкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць