Мінуў год пасля сустрэчы старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава і кіраўніка Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Яна адбылася 27 студзеня 2009 года з ініцыятывы старшыні ТБМ. Тады А.Трусаў агучыў сем прапаноў кіраўніцтву НДТРК па выпраўленні моўнай палітыкі дзяржаўнага тэлебачання.
Нагадаем, А.Зімоўскі пагадзіўся з пяццю пунктамі: заснаваць на адным з дзяржаўных тэлеканалаў перадачу «Гаворым па‑беларуску»; стварыць цыкл беларускамоўных перадач на гістарычную тэматыку; зрабіць перадачу, прысвечаную 10‑й гадавіне Міжнароднага дня роднай мовы; раз на месяц ладзіць на тэлебачанні тэматычныя круглыя сталы па пытаннях беларускай мовы і культуры з удзелам незалежных грамадскіх арганізацый; аднавіць дубляж замежных фільмаў на беларускую мову.
Дзве прапановы ТБМ (зрабіць Першы нацыянальны канал цалкам беларускамоўным і рабіць зніжку за рэкламу па‑беларуску) не знайшлі водгуку. А.Зімоўскі адзначыў, што пытанні патрабуюць «асобнага дэтальнага разгляду».
Што ж з абяцанага было зроблена за год? А.Трусаў так каментуе вынікі:
«Створана на АНТ перадача «Гаворым па‑беларуску», і мы вельмі гэтым задаволеныя.Зараз ідуць перамовы па з’яўленні аналагічнай на Першым канале. Што датычыць цыкла беларускамоўных перадач на гістарычную і культурніцкую тэматыку, у нейкай ступені гэта рэалізавана на АНТ. Там існуе перадача пра гісторыю беларускіх слоў. Былі перадачы, прысвечаныя Дню роднай мовы».
На думку А.Трусава, павісла ў паветры абяцанне раз на месяц ладзіць на тэлебачанні абмеркаванне праблем нацыянальнай мовы і культуры. «Было ток‑шоу «Выбар», прысвечанае стаўленню да мовы і культуры. Але пасля таго, як дзесяць тысяч гледачоў выказалася ў падтрымку нацыянальных каштоўнасцяў, на тэлебачанні спалохаліся».
Колькасць мастацкіх фільмаў, дубляваных на беларускую мову, не павялічылася, кажа А.Трусаў. Дадамо: быў нуль і застаўся нуль.
Затое пры канцы 2009‑га Белтэлерадыёкампанія перавяла на беларускую мову рэгіянальныя навіны, адзначае А.Трусаў. Гэта, напэўна, і было самым важным крокам да беларусізацыі БТ. Караценькая перадача «Гаворым па‑беларуску» з экзатычным вядучым шмат для каго застанецца незаўважнай цікавосткай, а штодзённыя беларускамоўныя навіны з іх высокім глядацкім рэйтынгам будуць мець большы эфект.
![Клас Клас](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-like.png)
![Панылы сорам Панылы сорам](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-facepalm.png)
![Ха-ха Ха-ха](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-smile.png)
![Ого Ого](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-omg.png)
![Сумна Сумна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-sad.png)
![Абуральна Абуральна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-anger.png)