Міністэрства адукацыі адмовіла Таццяне Шапуцьцы ў аднаўленні на вучобе, паведамляе прэс‑служба зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт».
Нагадаем, што дзяўчына была адлічана з 2 курса спецыяльнасці «паліталогія» юрыдычнага факультэта БДУ пасля ўдзелу, у складзе беларускай дэлегацыі, у форуме Грамадзянскай супольнасці «Усходняга Партнёрства», які прайшоў у Брусэлі (Бельгія).
У адмоўным адказе за подпісам першага намесніка міністра А.І.Жука паведамляецца, што «ўсе дзеянні здзейсненыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.
Прававых падстаў для адмены загаду аб адлічэньні не маецца».
Дзяўчына лічыць, што Міністэрства адукацыі не адрэагавала на ніводны довад, прыведзены ў яе скарзе.
«Былі праігнараваныя такія рэчы, як тое, што меркаванне факультэта пры вызначэнні дысцыплінарнага спагнання павінна быць прыярытэтным — у маім выпадку факультэт прасіў пра вымову. Акрамя таго, адказ міністэрства не тлумачыць, чаму ў маім выпадку была абрана самая жорсткая форма спагнання, якая абсалютна не адпавядае г.зв. правапарушэнню. Ліст наўпрост змяшчае гісторыю майго залічэння й адлічэння з БДУ, а таксама працэдуру ўжытку дысцыплінарнага спагнання.
З гледзішча зместу ён абсалютна пусты, гэта можна назваць адпіскаю», — кажа Таццяна Шапуцька.
Яна мае месяц, каб абскардзіць рашэнне Міністэрства адукацыі ў судзе. «Аднак, у станоўчае вырашэнне майго пытаняне верыць ужо не даводзіцца», — мяркуе Таццяна.
Каментары