Аўто1313

«Развялі як школьніцу»: горкая гісторыя пра тое, як нельга купляць машыну

Пакуль ёсць залішне даверлівыя пакупнікі транспартных сродкаў, жулікі нікуды не падзенуцца, пра што сведчыць гісторыя Анастасіі, якую яна расказала abw.by. 

Поўны развод

«Пастараюся коратка апісаць сітуацыю, якая са мной адбылася менш за месяц таму.

Я ўпершыню купляла сабе машыну. Знайшла аб'яву аб продажы аўто непасрэдна ад уласніка, як было сказана. Прыехала на агляд, пазнаёмілася з уладальнікам (так ён прадставіўся). Мяне пераканалі, што машына на хаду, абсалютна ліквідная, ніякіх праблем і пашкоджанняў няма, толькі дробныя недахопы. Таму мы адразу дамовіліся аб здзелцы.

Пры наступнай сустрэчы было ўжо трое мужчын: камісіянер, уладальнік — ім аказаўся не той хлопец, з якім я сустракалася як з уласнікам аўтамабіля, і яшчэ адзін, хто ён, я не ведаю.

Мне далі дамову, у якой было сказана, што аплата ідзе на рахунак юрыдычнай асобы і робіцца безнаяўным плацяжом пасля афармлення і пастаноўкі на ўлік новым уладальнікам (гэта значыць мной). Хоць да гэтага мы абгаварылі аплату гатоўкай — і я іх, уласна, прывезла з сабой. Але я не надала гэтаму значэння і падпісала дамову (дарэчы, увесь час адцягвалі маю ўвагу, пакуль я яе чытала). Пры гэтым разлічыцца мяне папрасілі ўсё ж гатоўкай. Я так і зрабіла. Але ніякай распіскі, на жаль, не ўзяла.

Адзначу, што на папярэдняй сустрэчы я пакідала перадаплату за машыну — наяўнымі і з распіскай. Так што пасля падпісання дамовы і разліку я атрымала ключы, мы паціснулі адзін аднаму рукі і раз'ехаліся.

Калі пасля пакупкі я звярнулася на СТА, там мне сказалі, што машына наогул непрыдатная для эксплуатацыі — ездзіць на ёй проста забаронена… А калі правіць, то рамонт абыдзецца ўдвая даражэй за машыну.

Канешне, у мяне быў шок. Я пачала даведвацца, што можна зрабіць. Паколькі дамова заключана з юрыдычнай асобай, па законе аб правах спажыўца я магу звярнуцца да прадаўца з патрабаваннем разарваць здзелку. Я так і зрабіла.

Але праблема ў тым, што ў мяне няма пацвярджэння разліку за машыну. Па законе юрыдычная асоба не мае права прымаць аплату гатоўкай. Акрамя таго, у дагаворы ўказана сума, якая ў 2 разы меншая за тую, што я заплаціла. Вось і атрымліваецца, што па законе я магу звярнуцца ў суд і з вялікай верагоднасцю выйграць справу, але ніякіх доказаў у мяне фактычна няма. Калі прадавец (юрыдычная асоба) будзе сцвярджаць, што аплаты не было, я не змагу даказаць адваротнае. Мне давядзецца і машыну пасля скасавання дамовы аддаць, і грошы страціць.

У надзеі вырашыць сітуацыю мірна я адправіла дасудовую прэтэнзію пазначанай у дамове юрыдычнай асобе. Але гэты ліст «стукаецца» па двух адрасах ужо некалькі дзён — яны яго проста не забіраюць. І я думаю, мой ліст такі не адзіны.

Увогуле, я прызнаю, што мяне развялі як школьніцу. Я відавочна нарвалася на банальных перакупаў. Але змірыцца з гэтым цяжка». 

Што кажуць эксперты

Сказаць, што Анастасія зрабіла вялікую памылку, а дакладней, чараду вялікіх памылак, — гэта нічога не сказаць.

Першае, што павінна было насцярожыць, — розныя ўладальнікі машыны. Недавер да перакупаў у насельніцтва склаўся на ментальным узроўні, таму іх тыповы прыём — паказваць у аб'яве, што машыну прадае менавіта ўласнік. Але праверыць гэта нескладана — дастаткова зверыць тэхпашпарт і пашпарт «уладальніка». Калі вас спрабуюць падмануць на пачатковай стадыі пакупкі машыны, ужо варта задумацца.

Другая сустрэча з прадаўцом павінна была насцярожыць яшчэ больш. Чаму там з'явілася адразу тры персанажы, пры гэтым уласніка сярод іх зноў не было?

Наступны промах паверыць на слова апісанню тэхнічнага стану машыны. «На хаду і абсалютна ліквідная» — гэта, вядома, моцныя аргументы на карысць выбару аўтамабіля … Чаму Анастасія не паехала на СТА, каб праверыць аўтамабіль, да пакупкі? З якіх меркаванняў вырашыла зрабіць гэта ўжо пасля?

Далей — больш. Пункт у дагаворы, што аплата ідзе на рахунак юрыдычнай асобы і праводзіцца безнаяўным плацяжом «пасля афармлення і пастаноўкі на ўлік новым уладальнікам» выклікае асаблівае здзіўленне. Ну як можна ў гэта паверыць? Гэта ўсё роўна што ўзяць булку хлеба ў краме, а разлічыцца за яе потым, калі з'ясі. Пасля пастаноўкі на ўлік пакупнік становіцца ўладальнікам транспартнага сродку, аб чым гаворыцца ў арт. 224 ч. 2 Грамадзянскага кодэкса.

Асобная размова — гатоўка. Анастасія выдатна ведала, што купля машыны за наяўныя грошы, калі прадаўцом выступае юрыдычная асоба (камісійная аўтакрама або ІП), забаронена законам. І гэта менавіта так.

Указ № 504 «Аб мерах па ўпарадкаванню здзелак па адчужэнню транспартных сродкаў» гаворыць: правядзенне юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі разлікаў з фізічнымі асобамі, у тым ліку па дагаворы камісіі, а таксама фізічнымі асобамі разлікаў з юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі за транспартныя сродкі, якія адчужаюцца, дапускаецца толькі ў безнаяўнай форме.

Па факце на руках у Насты толькі дзіўная, юрыдычна няслушна складзеная дамова і распіска аб перадаплаце, якая наўрад ці неяк дапаможа ў судзе. І так, сума ў дамове хоць і пазначана, але ў значна меншым памеры, чым пакупнік заплаціў наяўнымі. Гэта вялізны мінус з пункту гледжання ацэнкі перспектыў. Ну і адсутнасць плацежных дакументаў.

Разгляд грамадзянскай справы ў судзе — гэта не «шпацыр» па судовых кабінетах, гэта складаны працэс, дзе кожны яго бок (пазоўнік і адказчык) павінны самастойна даказваць факты, на якія спасылаюцца. А калі ёсць супярэчнасці, то суд зыходзіць з таго, што напісана ў дакументах. Напрыклад, у дагаворы пазначана, што разлік павінен адбывацца пасля пастаноўкі аўто на ўлік. Тады дзе ж пацвярджэнне гэтага разліку?

Які ў Насты выбар? Рамантаваць машыну, аддаўшы за гэта ўдвая больш кошту самой машыны, ці паспрабаваць судзіцца. Прычым у другім выпадку без дапамогі юрыстаў не абысціся. Улічваючы кошт іх паслуг і слабыя перспектывы ў судзе, невядома, што ў выніку выйдзе даражэй. І гэта яшчэ трэба пашукаць, з кім судзіцца: адрас, паказаны ў дамове, можа аказацца фіктыўным, а фірма банальным «фунтам».

Зыходзячы з усяго вышэйсказанага, вымушаныя канстатаваць, што парадаваць Анастасію няма чым. Сваімі ж рукамі яна практычна знішчыла свае перспектывы выйграць гэтую справу ў судзе.

Каментары13

  • Суродзіч
    24.10.2024
    Феміністка? Жанчыны звычайна машыны самі не выбіраюць і не купляюць, а даручаюць гэта, абсалютна рацыянальна, тым, хто ў гэтым цяміць лепш: сваім мужыкам, братам ці, калі зусім не пашанцавала, спецыялістам па падборы аўто...
  • .
    24.10.2024
    "Эксперты" тут не сказалі (хаця сама Наста згадала), што дамова не толькі не дапаможа ў судзе, яна нават пагоршыць стан новага ўласніка.
    Юрасоба ў любы момант можа разарваць дамову, бо новы ўласнік не заплаціў за аўтамабіль на рахунак юрасобы, і вярнуць сабе аўтамабіль.
    Верагодна, гэта на выпадак, калі новы ўласнік пажадае сам пайсці ў суд, вярнуць перадаплату па распісцы або наяўныя з фізасобы, якой іх давала.
    І з такой пагрозай ад паперкі жыць мінімум 3 гады...

    На жаль, у беларусаў амаль няма звычкі "не падпісваць абы што". Што падсунуць, тое і падпісваюць.
  • —————
    24.10.2024
    Суродзіч, вот бы таким юродивым да лукашенко на всю жизнь, настоящий мужчина, наверняка твой идеал

Допіс беларускі-псіхолага пра сэкс з грузінам-Апалонам выклікаў міжгендарную сварку13

Допіс беларускі-псіхолага пра сэкс з грузінам-Апалонам выклікаў міжгендарную сварку

Усе навіны →
Усе навіны

У Добрушы паставілі тумбу з цытатамі Лукашэнкі ФОТАФАКТ3

Мядзведзеў: ЗША не маюць рацыі, думаючы, што Расія не гатовая ўжыць ядзерную зброю4

З Расіі прыехала выкрываць «міф пра Курапаты» гісторык, якая перапісвае гісторыю Катынскага расстрэлу на карысць чэкістаў38

У Літве загінуў былы расійскі неанацыст «Казак», які быў супраць Пуціна3

Беларускі святар у Маскве трапіў у рэанімацыю3

Моцны вецер нарабіў бяды ў розных рэгіёнах Беларусі

З Лошыцкага яра знік крыж ахвярам бальшавіцкага тэрору19

Лукашэнка заявіў, што Масты лепшыя за Парыж20

Блогер Андрэй Павук працуе ў Вільні дворнікам33

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Допіс беларускі-псіхолага пра сэкс з грузінам-Апалонам выклікаў міжгендарную сварку13

Допіс беларускі-псіхолага пра сэкс з грузінам-Апалонам выклікаў міжгендарную сварку

Галоўнае
Усе навіны →