У Ізраілі абвешчаны нацыянальны страйк. Людзі патрабуюць вызвалення ўсіх закладнікаў
Дзясяткі тысяч ізраільцян у нядзелю ўзялі ўдзел у дэманстрацыях з патрабаваннем вызваліць закладнікаў, захопленых ХАМАС падчас нападу на Ізраіль у мінулым кастрычніку. Тым часам ізраільская Федэрацыя прафсаюзаў Гістадрут абвясціла аб правядзенні ў краіне ўсеагульнай забастоўкі. Акцыі пратэсту праходзяць неўзабаве пасля таго, як ізраільскія вайскоўцы выявілі ў сектары Газа целы шасцярых закладнікаў.
Дэманстранты з ізраільскімі сцягамі ўчора прыйшлі ў цэнтр найбуйнейшых гарадоў краіны, у тым ліку Тэль-Авіва і Ерусаліма, піша Бі-бі-сі.
Яны абвінавачваюць прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху ў тым, што яго ўрад робіць недастаткова для заключэння ўгоды з ХАМАСам у справе вызвалення закладнікаў.
Старшыня прафсаюза Арнон Бар-Давід заявіў, што пагадненне аб вызваленні закладнікаў «важнейшае за ўсё астатняе».
«Габрэяў забіваюць у тунэлях Газы. Гэта немагчыма ўсвядоміць і трэба спыніць», — заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў Тэль-Авіве пасля сустрэчы з Форумам закладнікаў і зніклых без вестак (арганізацыя аб'ядноўвае сваякоў ізраільцян, захопленых у палон пасля нападу ХАМАСа на Ізраіль у кастрычніку мінулага года).
Забастоўка пачалася а 6 раніцы і працягнецца на працягу ўсяго дня. З 8 раніцы будзе закрыты міжнародны аэрапорт «Бэн-Гурыён».
Бар-Давід заявіў, што рашэнні аб далейшых дзеяннях будуць прынятыя пазней. «Замест угоды[аб вызваленні закладнікаў] мы атрымліваем мяшкі з трупамі», — дадаў ён.
Гістадрут начытвае каля 800 тысяч членаў.
Дэманстрацыі былі ў асноўным мірнымі, аднак у Тэль-Авіве ўдзельнікі акцыі пратэсту прарваліся праз паліцэйскія загароды і заблакавалі адну з асноўных магістраляў. Некаторыя з дэманстрантаў распалілі вогнішчы.
У Ерусаліме вялікая колькасць праціўнікаў Нетаньяху сабралася каля яго офіса.
Адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту сказаў, што ў ёй бярэ ўдзел нашмат больш людзей, чым у папярэдніх выступах. «Сёння ўсё зусім па-іншаму. Іншы маштаб у параўнанні з усім, што было», — кажа гэты чалавек.
«Пасля таго як мы пачулі пра шэсць [загінулых] закладнікаў, мы больш не маглі маўчаць. Гэта вельмі важна. У нас больш няма выбару», — сказаў нашаму карэспандэнту Ётам Піір, яшчэ адзін удзельнік дэманстрацыі, 21-гадовы брат якога быў забіты падчас нападу 7 кастрычніка.
Гібель закладнікаў
Акцыі пратэсту і страйк праходзяць неўзабаве пасля таго, як ізраільскія вайскоўцы выявілі целы шасці закладнікаў у сектары Газа.
У заяве Арміі абароны Ізраіля гаворыцца, што целы загінулых былі выяўленыя ў суботу ў падземным тунэлі ў раёне Рафаха на поўдні анклава.
Прэс-сакратар ЦАХАЛ Даніэль Хагары сказаў, што, паводле папярэдняй ацэнкі, яны былі «жорстка забітыя тэрарыстамі ХАМАС незадоўга да таго, як мы здолелі да іх дабрацца».
Форум сем'яў закладнікаў заявіў, што ўсе шасцёра ізраільцян былі « забітыя ў апошнія некалькі дзён, перажыўшы амаль 11 месяцаў здзекаў, катаванняў і голаду ў палоне ХАМАС».
«Затрымка з падпісаннем здзелкі прывяла да іх гібелі і гібелі многіх іншых закладнікаў», — гаворыцца ў ім.
На прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху аказваецца ўсё большы ціск з мэтай дасягнення пагаднення аб вяртанні пакінутых закладнікаў.
Нетаньяху заявіў, што мае намер заключыць пагадненне, але «той, хто забівае закладнікаў, не хоча здзелкі».
Незразумела, колькі закладнікаў засталося ў Газе. У ходзе беспрэцэдэнтнага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка мінулага года баевікі ХАМАС выкралі больш за 250 чалавек і забілі 1200 чалавек на ізраільскай тэрыторыі.
Ізраіль у адказ пачаў маштабную аперацыю ў сектары Газа і паабяцаў знішчыць ХАМАС. Паводле звестак падкантрольнага баевікам Міністэрства аховы здароўя Газы, з 7 кастрычніка там было забіта больш за 40 тысяч чалавек.
Каментары
А падпісчыкі НН навіну аб гэтым люта плюсуюць.
Мабыць таму і папулярны цяпер тэмы пра дамовы з Лукашэнкам аб вызваленні палітвязняў.
Калі б украінцы з таксама на страйк выйшлі з патрабаваннем дамовіцца з Пуціным гэта можа таксама плюсавалі бы?