Усяго патроху11

Убачыць Беларусь з вышыні: топ-5 цікавых аглядных пляцовак

У Беларусі, як і ў любой іншай краіне, ёсць месцы, з якіх можна пабачыць найбольш маляўнічыя краявіды гарадоў, мястэчак ці прыродныя цікавосткі краіны. На некаторыя з іх уваход вольны, на некаторыя за сімвалічную плату ці квіток у музей. Budzma.org віртуальна наведала некалькі абласных цэнтраў, першую сталіцу ВКЛ, «гару» сярод азёраў і іншыя прыгожыя для фота і насалоды даляглядамі мясціны.

панарама Гродна
Панарама Гродна. Фота: tuda-suda.by

Гродна

ЦУМ (Савецкая, 18)

Вядома, варта пачаць з аднога з самых улюбёных на гэты момант турыстамі гарадоў Беларусі. У Гродне некалькі аглядных пляцовак, але самай папулярнай з найлепшай панарамай горада лічыцца тая, што на даху сённяшняга ЦУМа, які знаходзіцца на Савецкай вуліцы — галоўнай турыстычнай артэрыі горада.

Плошча пляцоўкі каля 800 метраў, вышыня ўсяго 25, але менавіта з гэтай вышыні найлепш можна разгледзець дахі старой гродзенскай забудовы, асноўныя архітэктурныя славутасці горада.

панарама Гродна 02
Панарама Гродна. Фота: sputnik.by

На тэрыторыі пляцоўкі працуе кавярня. Раней сюды меў магчымасць трапіць кожны ахвотны задарма, але ўласнік змяніўся і ўваход на дах стаў платным — 2 BYN. Для наведвальнікаў кавярні ўваход на аглядную пляцоўку застаецца вольным. Узняцца на пляцоўку магчыма на панарамным ліфце — таксама адна з улюбёных атракцый гасцей Гродна, ці па лесвіцы.

панарама Гродна 03

Панарама Гродна. Фота: sputnik.by

Наваградак

Курган Міцкевіча

Наваградак вядомы сваім унікальным рэльефам: умацаванае паселішча тут узнікла на самым высокім пагорку Наваградскага ўзвышша на вышыні 332 метры. З замчышча таксама адкрываецца цудоўны від на горад, але ў гэтым топе гаворка пойдзе пра яшчэ вышэйшы пункт — курган Адама Міцкевіча. Ён знаходзіцца недалёка ад замчышча, уваход на якое сёлета стаў платным — 1 BYN. 

курган Міцкевіча
Наваградак з кургана Міцкевіча

Курган Адама Міцкевіча мясцовыя жыхары і турысты насыпалі на месцы Ніжняга замка. Зямлю адданыя прыхільнікі паэта прывозілі са сваіх родных мясцінаў, некаторыя дасылалі яе поштай. Рашэнне пра насып мемарыяла песняру было прынята ў 1924 годзе, але скончаны курган быў да 75-годдзя са дня спачыну паэта — у 1930 годзе.

На вяршыне насыпу знаходзіцца невялікая аглядная пляцоўка, на якой адначасова можа змясціцца ўсяго некалькі чалавек. З восені па вясну, калі няма густой лістоты, з кургана можна пабачыць узгорыстыя далягляды Наваградскага ўзвышша. Вядома, адкрываецца адтуль і панарама на рэшткі вежаў Наваградскага замка з фарным касцёлам побач.

курган Міцкевіча 02
Наваградак з кургана Міцкевіча

Віцебск

Ратуша (Леніна, 36)

Наступнай агляднай пляцоўкай будзе Віцебская ратуша, якая месціцца ў самым сэрцы гістарычнага горада. Віцебская ратуша — адна з нешматлікіх ацалелых у аўтэнтычным выглядзе ратушаў Беларусі.

Першы сімвал гарадскога самакіравання тут быў пабудаваны ў 1597 годзе пасля атрымання горадам Магдэбургскага права 17 сакавіка таго ж года. Будынак ратушы быў драўляным і неаднойчы цярпеў праз пажары. Толькі ў 1775 годзе была ўзведзеная каменная ратуша ў стылі віленскага барока, якую мы можам пабачыць сёння.

Вядома, з тых часоў будынак неаднойчы рэканструяваўся. Напрыклад, у 1873-1875 гады была праведзена ўнутраная перапланіроўка ратушы, часткова зменена завяршэнне вежы: замест высокага шпіля была абсталяваная назіральная пляцоўка з невялікай ратондай. У 1911 годзе быў дабудаваны трэці паверх, які парушыў прапорцыі будынка, закрыў ніжні ярус вежы і зрабіў масіўным корпус будынка. У такім выглядзе ратуша захавалася да нашых дзён.

панарама Віцебска з Ратушы
Панарама Віцебска з ратушы. Фота: belarusgid.com

З 1925 года ў будынку ратушы размяшчаецца краязнаўчы музей. Усе наведнікі могуць узняцца на вежу з ратушным гадзіннікам, дзе месціцца аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца найлепшы ракурс на Віцебск і на ягоную ацалелую ды адноўленую гістарычную забудову.

На гэтай агляднай пляцоўцы абарончыя элементы дастаткова нізкія, а сама яна вузкая, адначасова там можа змясціцца ўсяго некалькі чалавек. Экскурсіі на ратушу супрацоўнікі музея праводзяць кожную гадзіну, самастойна ж туды трапіць не атрымаецца. Квіток, каб узняцца на вежу, каштуе 7 BYN з чалавека.

панарама Віцебска з Ратушы 02
Панарама Віцебска з ратушы. Фота: belarusgid.com

Магілёў

Ратуша (вул. Ленінская 1А)

Наступнай пляцоўкай у гэтым топе будзе самая высокая ратуша ў Беларусі — магілёўская, з якой можна пабачыць горад з усіх бакоў. Будынак мае амаль 47 метраў вышыні, гэта параўнальна з шаснаццаціпавярховым домам!

Ратуша была адноўленая паводле гістарычных крыніц у 2008 годзе. Вежа адноўленай ратушы атрымалася вышэйшая за гістарычна вядомыя прапорцыі, але з агляднай пляцоўкі на ёй адкрываецца маляўнічы від на Дняпро і ўсё гарадское наваколле.

панарама Магілёва
Панарама Магілёва

Першы будынак ратушы згадваецца ў інвентары за 1604 год. Узведзена яна была пасля атрымання Магілёвам Магдэбургскага права 28 студзеня 1577 года. Драўляны будынак неаднаразова цярпеў ад пажараў, каменная ж ратуша была ўзведзеная толькі ў 1681 годзе. Той будынак шмат разоў перараблялі, але ў больш-менш аўтэнтычным выглядзе ён захаваўся да сярэдзіны XX стагоддзя.

З невядомых прычын сімвал гарадскога самакіравання Магілёва, ацалелы нават падчас вайсковых дзеянняў Другой сусветнай вайны, у 1957 годзе быў узарваны. Аднаўленне адбылося толькі ў 2007-2008 гады.

панарама Магілёва 02
Панарама Магілёва

Сёння ў будынку месціцца краязнаўчы музей з мноствам цікавых экспанатаў: арыгінальным Статутам ВКЛ, напісаным на старабеларускай мове, арыгіналам кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча, фрагментамі слуцкіх паясоў і іншымі рарытэтамі. Каб узняцца на аглядную пляцоўку, трэба набыць квіток, каштуе 7 BYN. Варта звярнуць увагу, што музей не працуе не толькі ў панядзелак, але і ў аўторак.

панарама Магілёва 03
Панарама Магілёва

Маяк

Плюскі сельсавет, Браслаўскі раён, Віцебская вобласць

55.719858, 27.055784 

Ну, і нельга пакінуць гэты топ без самай вядомай агляднай пляцоўкі ў ваколіцах Браслаўскіх азёраў — гары Маяк. Яе вышыня адносна навакольных азёраў каля 45 метраў, а абсалютная вышыня над узроўнем мора — 174 метры.

Сённяшняя назва за ўзгоркам, які раней называлі Бізняй, замацавалася ад геадэзістаў. Напачатку XX стагоддзя яны паставілі трыангуляцыйную вежу, якую месцічы пачалі называць «маяком». Вежы даўно ўжо няма, але на самай вяршыні «гары» ўзведзеная шматузроўневая аглядная пляцоўка, з якой падрабязна можна азнаёміцца з маляўнічымі ваколіцамі. Уваход каштуе 4 BYN.

гара Маяк
Аглядная пляцоўка, гара Маяк. Фота: planetabelarus.by

Адсюль варта звярнуць увагу на возера Снуды, адкуль адкрываецца панарама на касцёл у вёсцы Плюсы. За вёскай ужо знаходзіцца мяжа з Латвіяй. З заходняга боку бачныя паўвыспа і вежы касцёла ў Слабодцы. З паўднёвага боку можна разгледзець касцёл у вёсцы Іказнь, возера Струста з маляўнічымі паўвыспамі, а сярод узгоркаў бачныя і абрысы Замкавай гары ў самім Браславе.

Маяк узвышаецца сярод шэрагу ўзгоркаў, плошчай у некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў, якія маюць назву Кезікоўскія горы (паводле назвы вёскі Кезікі). Маяк — адзін з самых высокіх узгоркаў тут. Быць на Браслаўшчыне і не наведаць самую папулярную тут аглядную пляцоўку для турыста — маветон, таму раім не зацягваць.

гара Маяк 02
Вежа на гары Маяк. Фота: braslaw.by

Каментары1

  • Алесь
    12.09.2024
    Шкада, што няма Мазыра. Там неблагі далягляды з гарадзішча.

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве16

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Усе навіны →
Усе навіны

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

Кіраўнік Пентагона патлумачыў, навошта ЗША перадаюць Украіне супрацьпяхотныя міны

Сілавікі на вучэннях адпрацоўвалі змаганне з чэргамі на выбарчых участках5

«Прэтэнзія не фармальная і не юрыдычная, гэта чыста этычная праблема». Аляксей Дзікавіцкі расказаў, як і чаму пайшоў з «Белсата»6

Гаворка пра магчымыя махінацыі на $1,7 мільёна: пракуратура Польшчы пракаментавала ператрус на «Белсаце»2

УСУ ўпершыню ўдарылі па Расіі брытанскімі ракетамі Storm Shadow3

У Мінску прадаюць 24-гадовую Alfa Romeo 166 за 15 тысяч даляраў. Што ў ёй такога?4

Правакатара і даносчыка Яўгена Какойту афіцыйна прызналі палітвязнем3

Сясцёр-беларусак, якія зніклі ў турэцкіх гарах, знайшлі жывымі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве16

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Галоўнае
Усе навіны →