Сталі вядомыя першыя пяць прозвішчаў палітвязняў, вызваленых па новым памілаванні
Пра пяць памілаваных палітвязняў лукашысты гэтым разам даручылі паведаміць Раману Пратасевічу.

Прозвішчы вызваленых палітвязняў:
1. Аляксандр Фікаў. Яму 44 гады, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Арыштаваны зімой 2023 года за данаты. Асуджаны 20 чэрвеня 2023 года па арт. 361-2 КК («фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання») на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

2. Таццяна Біруля. Жанчыне 42 гады, яна з Салігорска. Была затрыманая 13 снежня 2021 года за распаўсюд пратэсных газет, пасля ёй выставілі абвінавачанні адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. 12 снежня 2022 года суддзя Алена Міснік прызнала Таццяну вінаватай і прызначыла ёй шэсць гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Напрыканцы зімы 2024 года стала вядома, што на Таццяну завялі новую крымінальную справу.

3. Анжэла Сікорская. Жанчыне 50 гадоў, яна з Мінска. Была затрыманая 15 чэрвеня 2023 года, абвінавачвалася ў абразе Лукашэнкі і іншых службовых асоб, а таксама пагрозах на іх адрас. 6 верасня 2023 года суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Кацэр прызначыў Анжэле 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

4. Міхаіл Корзун. Мужчыну 33 гады, затрымалі яго 10 студзеня 2022 года. Абвінавачваўся ў распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Суддзя Брэсцкага абласнога суда Кацярына Груда ў кастрычніку 2022 года асудзіла яго на 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

5. Кацярына Джыг. Ёй 53 гады, затрыманая за каментары ў сацсетках 8 чэрвеня 2023 года. Судзілі яе па трох крымінальных артыкулах за абразу і паклёп на Лукашэнку і «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы». У Кацярыны 4 дзяцей, адзін з іх непаўналетніх, старэйшая дачка з інваліднасцю 2 групы. 26 і 27 ліпеня 2023 года ў Мінскім абласным судзе справу разгледзела суддзя Алена Бачышча, прысуд — 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Усяго, як паведамлялася, Лукашэнка сваім сённяшнім указам памілаваў 37 чалавек.
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары