Грамадства

«Пакуль у краме ёсць макароны за 30 цэнтаў і каўбаса за 90, — я магу быць без грошай». Моладзь — пра жыццё ў эміграцыі без дапамогі бацькоў

Дар’я вымушана пераехала ў Літву ў 19 гадоў, Андрэй — у 21 ва Украіну. У кожнага з іх было з сабой па невялікай суме, якую яны назбіралі яшчэ ў Беларусі. Дзяўчына і хлопец расказалі Budzma.org, як гэта — быць маладым у эміграцыі.

«Вучылася на дзённым і працавала фул-тайм. Больш такіх эксперыментаў паўтараць не хачу»

Дар’я Гардзейчык з’ехала ў Вільню ў верасні 2021 года. Яе адлічылі з Гродзенскага ўніверсітэта, дзе яна была студэнткай філалагічнага факультэта.

Дзяўчына паступіла вучыцца ў Віленскі ўніверсітэт на маркетолага. Тады ВНУ набірала студэнтаў на праграму бескаштоўнага навучання. Курс складаў 3,5 гады.

«У мяне была невялікая сума грошай, якой мусіла хапіць на першыя паўгода на жыццё ў Вільні. Іх мне пакінула бабуля, якая памерла за паўгода да таго, як я эмігравала. Маці яшчэ прапанавала даць сваю картку, маўляў, буду нешта табе туды закідваць. Але было ясна, што на арэнду кватэры ў Вільні і ежу яна дакладна не зможа закідваць, бо даходы ў Беларусі зусім малыя. Таму картку я і не ўзяла», — расказвае яна.

Спачатку Дар’я валанцёрыла ў Віленскім музеі імя Івана Луцкевіча. Потым яе ўзялі туды на працу.

«Атрымліваецца, з дзённай вучобай фул-тайм стала працаваць яшчэ фул-тайм у музеі, — тлумачыць яна. — Пасля пачатку вайны ва Украіне фінансавання ў музея стала нашмат менш, таму давялося перайсці яшчэ на іншыя працы — пісаць артыкулы, шарашыць у тры змены.

Тады яшчэ па сваёй наіўнасці не ведала пра праграмы, на якія можна падацца, пра НДА, якія дапамагаюць студэнтам. Было нейкае разуменне, што праблемы эмігрантаў шэрыфа не хвалююць, тыпу як у Беларусі».

У перапынках паміж лекцыямі ва ўніверсітэце Дар’я працавала, наколькі гэта было магчыма.

«Вечарам пасля заняткаў прыязджала ў музей, дзе была арганізатаркай якой-небудзь выставы, альбо павінна была пісаць пра якое-небудзь мерапрыемства. Улюбёны мой дзень быў панядзелак: 5 лекцый — гэта значыла, што ў гэты дзень немагчыма было ўціснуць нейкую працу. Як я выжыла, — я не ведаю. Больш такіх эксперыментаў я паўтараць не хачу».

«Гэтыя 3,5 гады сама амаль нічога не купляла з рэчаў»

У Вільні Дар’я здымала кватэру за 300 еўра, на якую цалкам зарабляла сама.

«За такую нізкую цану атрымалася, бо ўладальніца кватэры была наша знаёмая праз трэція рукі, — кажа яна. — Варта расказаць, што гэта была за кватэра: былы інтэрнат сямейнага тыпу, пяты паверх. Калі падымалася, там стаяў моцны пах ацэтону. Побач з маёй кватэрай жыў чалавек з моцнай алказалежнасцю. Ён стала не мог адчыніць дзверы, кожны раз з імі размаўляў. Яшчэ да мяне перыядычна запаўзалі прусакі, але я беларуска, таму мяне гэтым не напалохаеш», — расказвае яна.

На свой заробак Дар’я магла забяспечваць сябе прадуктамі. Тое, што заставалася, дзяўчына адкладала, бо адчувала вялікую трывогу за будучыню.

Ужо напрыканцы вучобы ў Віленскім універсітэце Дар’я перабралася жыць у Варшаву.

«У Варшаве жыву ўжо больш заможна, назавем гэта так. Ужо свабодна купляю сабе адзенне. Увогуле я сабе магу дазволіць набываць усякую электроніку, як толькі ёсць такая неабходнасць. Але такога, каб я ўзяла і набыла сабе новы тэлефон, проста таму што выйшла новая мадэль, — не. За гэтыя грошы можна месяц жыць!

У Вільні за гэтыя 3,5 гады сама амаль нічога не купляла з рэчаў. За ўвесь час у Вільні набыла сабе толькі абагравальнік за нейкія шалёныя грошы, але ён быў вельмі патрэбны», — расказвае яна.

Дзяўчына прызнаецца, што ў яе была думка кінуць універсітэт і займацца толькі кар’ерай.

«Але пасля вырашыла, што неяк шкада, бо паступала, шмат прайшла. І ўвогуле, як я буду без вышэйшай адукацыі, усе мае аднакласнікі атрымалі дыплом, а я хіба горшая», — тлумачыць яна.

«З забаў у мяне было катацца на віленскім аўтобусе»

У ліпені 2023 года Дар’я пераехала з Вільні ў Варшаву.

«Напэўна, была нейкая траўма, што гэты горад не абірала, Вільня моцна асацыявалася з гэтай страшнай кватэрай, працоўнымі перагрузкамі і са сталым дрэнным надвор’ем, — тлумачыць яна. — І да таго ж з Вільні з’ехалі на той момант тры мае сяброўкі. То і вырашыла, што хачу пераехаць у Варшаву».

Няпростыя часы Дар’і дапамагала перажываць псіхатэрапія, антыдэпрэсанты і інфраструктура Віленскага ўніверсітэта.

«Ён вельмі класна зроблены, з яго можна нават не выходзіць. На калідоры ёсць закуточкі, дзе можна спакойна сядзець працаваць, там смачная сталовая, бібліятэка неймаверная. Акрамя розных кніг, ёсць паўканапы, паўкрэслы, дзе можна ляжаць, камп’ютары, доступ да ўсялякіх амерыканскіх бібліятэк, які я выкарыстоўвала для працы», — расказвае яна.

Калі дзяўчына разумела, што з-за перагружанасці ёй становіцца дастаткова складана канцэнтравацца на вучобе і працы, яна сядала на любы віленскі аўтобус і падарожнічала па горадзе.

«Яшчэ ў мяне было хобі прыехаць у адзін з аддаленых раёнаў Вільні, дзе быў мост, на якім напісана Never give up. Сядзела, глядзела на рэчку і гэты мост. І яшчэ перыядычна брала кагосьці з сябровак пахадзіць па букіністычных крамах, на прэзентацыі якіх-небудзь зборнікаў, кніг», — кажа яна.

Пасля атрымання дыплома (у пачатку 2024 года) Дар’я стала займацца выключна сваімі праектамі — падкастамі, артыкуламі, часам падпрацоўвае перакладчыцай з ангельскай мовы.

«Увогуле быць маладым у эміграцыі — гэта калі людзі, старэйшыя за цябе, кажуць: «Ой, да калі б я эміграваў у 19 год, горы б пазварочваў». А ты сядзіш глядзіш на гэтага 40-гадовага чалавека, у якога працоўны досвед, вялікае рэзюмэ, жонкі ці мужы, якія зарабляюць і іх падтрымліваюць, і проста губляешся. Яны ж у свае 19-20 гадоў яшчэ жылі з бацькамі альбо бацькі ім давалі нейкія грошы на жыццё, пакуль вучыліся. А ў цябе ўжо зусім іншы кейс».

«З мамай дамовіліся, што пра палітыку не размаўляем, калі хочам працягваць зносіны»

Андрэй (імя зменена ў мэтах бяспекі) апынуўся ў вымушанай эміграцыі ў канцы 2021 года. Ён перахаў з Беларусі ва Украіну, а пасля пачатку вайны — у Літву.

«З 21 года я без усялякай фінансавай падтрымкі бацькоў. Калі з’ехаў з Беларусі, нікому не казаў пра гэта. Толькі сваёй партнёрцы і аднаму знаёмаму. Потым мама пачала мяне шукаць, тэлефанаваць. Я ўсё расказаў, але тэму фінансаў тады не абмяркоўвалі зусім. Бо ў 16 гадоў я са свайго невялікага мястэчка пераехаў у абласны цэнтр. І тады, калі яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце (у Беларусі малады чалавек вучыўся ва ўніверсітэце, але не скончыў яго з-за ад’езду, — заўвага рэд. Budzma.org), пачаў працаваць. Гэта ўжо было самастойнае жыццё», — расказвае ён.

Хлопец тлумачыць, што з-за палітыкі ў яго няпростыя стасункі з бацькамі. У 2020 годзе шмат сварыліся з-за таго, што Андрэй хадзіў фатаграфаваць пратэсты (хлопец прафесійна займаецца здымкамі).

«Нашыя адносіны яшчэ больш абвастрыліся пасля таго, як я адсядзеў 15 сутак. А пасля пачатку вайны ва Украіне мы з бацькам перасталі размаўляць, таму што ён стаў вельмі ўцягнуты ў прапаганду, глядзеў шмат такіх праграм па тэлебачанні, хоць я тады знаходзіўся ва Украіне, спрабаваў расказваць яму, як усё на самой справе, але ён не слухаў. З мамай дамовіліся, што пра палітыку не размаўляем, калі хочам працягваць зносіны», — расказвае хлопец.

«Калі трэба было проста паесці, посціў у Інстаграм, што прыходзьце да мяне на тусоўку, з мяне кватэра, а з вас — ежа і алкаголь»

Ва Украіну хлопец пераехаў разам з партнёркай. На той момант у Андрэя было 800 еўра сваіх адкладзеных грошай.

«Яна мяне цалкам забяспечвала, пакуль я не пачаў браць нейкія першыя замовы. Іх шукаў праз цік-токі, пусціў відэа з аб’явай аб пошуку мадэляў для фотаздымкі. Пару месяцаў папрацаваў, а потым — вайна.

Пасля пераезду ў Вільню ў мяне засталося, мусіць, каля 600 еўра. Таксама тут дапамагала партнёрка, якая мела стабільную працу. Мне нават падаецца, што я без яе нават не змог бы пераехаць з Украіны», — расказвае Андрэй.

У Вільні хлопец зноў стаў шукаць замовы праз тыкток. Такім чынам зноў з’явіліся першыя замовы на новым месцы.

«Бацькі тады прапаноўвалі фінансавую дапамогу, але я адмаўляўся, —кажа Андрэй. — Калі ўпершыню атрымаў заробак у еўра, перавёў гэта ў беларускія рублі, і зразумеў, што гэта прыкладна як у майго бацькі, які ўжо дзясяткі гадоў на адной і той жа працы».

Цяпер Андрэй зарабляе фатаграфіяй, яму цалкам хапае на жыццё.

«У мяне зараз таксама ёсць партнёрка (з мінулай дзяўчынай Андрэй расстаўся праз некаторы час пасля пераезду ў Вільню. — заўвага рэд. Budzma.org), з якой у розныя перыяды мы адно аднаго забяспечваем. Напрыклад, яна пераехала пазней, чым я, у яе быў этап, калі яна шукала працу, тады забяспечваў яе я. Гэта абсалютна о’кей, бо пра тое, што мы людзі і зараз такая сітуацыя, а не пра тое, што хлопец павінен.

Увогуле калі мне два месяцы не плацілі заробак, я звяртаўся да знаёмых, сяброў па дапамогу, і яны заўсёды адклікаліся. Калі трэба было проста паесці, посціў у Інстаграм, што прыходзьце да мяне на тусоўку, з мяне кватэра, а з вас — ежа і алкаголь. Так гэта працуе. Увогуле ўсё, што я перажываю ў эміграцыі, мае літоўскія сябры не перажываюць. У іх вочы па пяць капеек, калі расказваю пра такое жыццё», — разважае ён.

Бліжэйшым годам хлопец плануе назбіраць грошай і паехаць вучыцца на фатографа ў Італію.

Андрэй упэўнены, што калі ты малады ў эміграцыі, трэба рабіць усё, каб сацыяфобія цябе баялася.

«Быць маладым у эміграцыі — гэта, напэўна, быць крыху хітрэйшым, разумнейшым, прашараным, чым іншыя людзі, у якіх не было такога досведу. Пакуль у літоўскай краме ёсць макароны за 30 цэнтаў і вараная каўбаса за 90 цэнтаў, то я магу жыць без грошай колькі заўгодна», — падсумоўвае ён.

Каментары

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка18

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

Прафесара Кіеўскага ўніверсітэта звальняюць за абразлівыя словы пра «галодных украінак» і еўрапейскіх «мужыкоў з грашыма»1

10% беларускіх дзяцей пачынаюць вэйпіць ужо ў пачатковых класах5

Лукашэнка замахваецца на 10 «Арэшнікаў»3

Амерыканская сям'я ўжо шмат гадоў наўмысна выбірае на Каляды самую непрыгожую ялінку

У Расіі за тыдзень зафіксавалі 55 падпалаў банкаматаў і паліцэйскіх машын

«Надзея можа з’явіцца ў любы момант». Прагноз на 2025 год2

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх6

У выбарчых камісіях новых людзей толькі 3%8

Стала вядома, як перабудуюць закінуты будынак на Алібегава ў Мінску ФОТА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка18

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →