Вінны гуру, аўтар бэстсэлераў і амерыканскі мультымільянер з Бабруйска. Хто такі Гары Вайнерчук?
Пра шлях станаўлення, цяперашні капітал і сакрэты поспеху аднаго з самых значных беларусаў Амерыкі распавяло выданне ValueWalk.
48-гадовы прадпрымальнік Гары Вайнерчук (пры нараджэнні — Генадзь), больш вядомы ў ЗША як Гары Ві (Gary Vee), з'яўляецца адным з самых паспяховых амерыканскіх мультымільянераў у сферах лічбавага маркетынгу, відэаблогінгу і продажу вінаў.
Бізнэсмен стварыў свой капітал самастойна і на дадзены момант яго чысты кошт складае больш за 200 мільёнаў даляраў (каля 640 мільёнаў беларускіх рублёў), піша выданне ValueWalk.
Гары Вайнерчук нарадзіўся ў Бабруйску ў 1975 годзе і праз тры гады разам з сям'ёй эміграваў у Злучаныя Штаты, першапачаткова пасяліўшыся ў горадзе Куінс, штат Нью-Ёрк, а потым пераехаўшы ў Эдысан, штат Нью-Джэрсі. Сям'і з цяжкасцю ўдавалася наладзіць фінансавае становішча, таму Вайнерчук з ранніх гадоў навучыўся шанаваць упартую працу.
У сярэдняй школе Вайнерчук прадаваў бейсбольныя карткі па выхадных. Пасля сканчэння школы хлопец паступіў у каледж па навучанні малому бізнэсу ў Ньютане, штат Масачусэтс. Менавіта тады ён пачаў працаваць у вінным бізнэсе свайго бацькі Аляксандра Вайнерчука.
У 1998 годзе Гары Вайнерчук атрымаў вышэйшую адукацыю і цалкам прысвяціў свой час развіццю віннай крамы бацькі. У той час інтэрнэт пачаў імкліва эвалюцыянаваць і Вайнерчук скарыстаўся гэтым, перайменаваўшы бацькоўскую краму ў Wine Library (Вінатэка) і ператварыўшы яе ў вінную гандлёвую анлайн-пляцоўку, якая стала адным з першых бізнэсаў электроннай камерцыі ў ЗША.
Тым самым прадпрымальнік павялічыў сямейны капітал з 3 да 60 мільёнаў даляраў прыкладна за дзесяць гадоў, адзначае ValueWalk.
Потым Вайнерчук стварыў уласны папулярны відэаблог Wine Library TV, дзе амаль штодзённа дэгуставаў розныя віны, павышаючы ўзровень ведаў падпісчыкаў пра іх і даючы карысныя парады па выбары і піцці напояў.
Акрамя гэтага, у наступныя гады Вайнерчук стварыў некалькі паспяховых тэхналагічных кампаній і стартапаў, такіх як:
- VaynerX — сетка агенцтваў па лічбавым маркетынгу, якая апрацоўвае найбуйнейшыя карпарацыі свету (Johnson and Johnson, PepsiCo, Chase і іншыя).
- Sasha Group — кампанія, якая прапануе брэндынгавыя і маркетынгавыя паслугі для прадпрыемстваў з прыбыткам ад 1 да 100 мільёнаў даляраў у год.
- Gallery Media Group — лічбавае медыя-агенцтва, якое кіруе брэндамі PureWow і ONE37pm. Гэтыя брэнды арыентаваны на стварэнне кантэнту пра стыль жыцця, поп-культуру і прадпрымальніцтва.
- VCR Group — стартап і аднайменны папулярны ў ЗША дадатак для браніравання рэстаранаў.
- Vayner/RSE — буйны фінансавы інкубатар тэхналагічных стартапаў.
Парады Вайнерчука
Гары Вайнерчук таксама піша кнігі пра дасягненне фінансавага поспеху і манетызацыю хобі, грунтуючыся на ўласным жыццёвым вопыце. Газета The New York Times пяць разоў уносіла кнігі прадпрымальніка ў спіс бэстсэлераў.
Выданне ValueWalk прыводзіць некалькі парадаў ад Вайнерчука для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў.
- Прынцып: «Даваць, даваць, даваць, даваць, а потым прасіць». Гэтая мантра і самая вядомая філасофія Вайнерчука заклікае прадпрымальнікаў прапаноўваць сваім кліентам штосьці карыснае (кантэнт, рэсурсы ці іншае), перш чым прасіць у іх нешта наўзамен. Вайнерчук лічыць, што для стварэння базы лаяльных кліентаў трэба спачатку аддаваць, што зробіць вашу наступную просьбу значна больш эфектыўнай.
- Спачатку дакументаваць, а не прыдумляць. Бізнэсмен раіць пачаткоўцам у стварэнні кантэнту адмовіцца ад спробаў стварыць ідэальны кантэнт і замест гэтага засяродзіцца на дакументаванні свайго жыццёвага шляху. Вайнерчук мяркуе, што аўдыторыя наладжвае больш душэўную і трывалую сувязь з тымі, хто не баіцца паказваць памылкі ці неапрацаваныя моманты.
- Не аналізаваць занадта шмат. Сучасны свет перапоўнены інфармацыяй, якая многіх можа збіць з панталыку. Па словах Вайнерчука, з-за гэтай перапоўненасці многія прадпрымальнікі-пачаткоўцы становяцца ахвярамі празмернага аналізу. Бізнэсмен заклікае людзей ставіць у прыярытэт аператыўнасць у дзеяннях, а не трапляць у залежнасць ад бясконцага ацэньвання перспектыў і рызык.
- «Лепш сем разоў упасці, але восем разоў падняцца». Устойлівасць ляжыць у аснове філасофіі поспеху Вайнерчука. Ён лічыць, што няўдачы непазбежныя, але галоўнае — гэта падняцца пасля падзення, атрымаць урокі са сваіх памылак і працягваць рухацца наперад.
- Ствараць асабісты брэнд. Вайнерчук настойліва раіць прадпрымальнікам ствараць моцныя асабістыя брэнды. Ён лічыць, што стварэнне асабістага брэнда — гэта першы крок да поспеху ў доўгатэрміновай перспектыве. Па словах Вайнерчука, гэтая парада тычыцца ўсіх: бізнес-лідараў, серыйных прадпрымальнікаў і творчых людзей.
Каментары
У тым жа годзе з іньшага падьезда з'ехала семья але чамусці " павярнулісь" Нават у праграме" Час Время" транслявалі аб " жыці на захадзе" і саўдэпаўскам раю .Мясцовые" мрійнікі"аб рэпатрыацыі нейкі час " байкатавалі" У рэшце рэшт унукі зьехалі " апошнім цягніком" у 00, але ні пашчасціла зьежалі да Ізраіля)) Мабыць Штаты " узгадалі" здрадніцтва.