Грамадства22

Дзе на карце польскага Кракава знайсці Беларусь? Вось як звязаныя з нашай краінай месцы гэтага горада

Лёсы Беларусі і суседніх краінаў часта пераплятаюцца так, што часам вельмі няпроста разабрацца ў гэтых сувязях. Так і між сцежкамі Кракава заблыталіся сляды беларускіх вёсак і гарадоў. Ідучы імі, вандроўнікі могуць знайсці новыя месцы сілы, звязаныя з радзімай. Ініцыятыва Maldzis запрашае ў Кракаў, на карце якога можна заўважыць беларускія мясціны, расказвае «Люстэрка». 

Станькава

Цяпер Станькава — вёска ў Дзяржынскім раёне, дзе жыве крыху болей за паўтары тысячы чалавек. Калісьці тут нарадзіўся і пражыў шмат часу Эмерык фон Гутэн-Чапскі — граф, дзяржаўны дзеяч, калекцыянер, нумізмат. Тут ён сабраў найбагацейшую прыватную музейную калекцыю, дзе захоўвалася 20 тысяч кніжных тамоў, сярод якіх былі рэдкія кнігі з аўтографамі і рукапісы, больш за 30 тысяч манет, 11 тысяч ордэнаў і медалёў, 16 слуцкіх паясоў.

Скарбніца сядзібы Гутэн-Чапскіх у Станькаве, дзе захоўвалася багатая калекцыя Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, 2024 год. Фота: travel.by

У калекцыі былі 2383 адзінкі гравюр, 76 выяваў караля Яна ІІІ Сабескага, 70 выяваў Тадэвуша Касцюшкі. Цікава, што некаторыя кнігі суправаджаліся аўтарскімі пазнакамі і былі пераплеценыя майстрамі з Беларусі. Былі там карты і экслібрысы.

У 1894 годзе па Еўропе хадзіў «прывід рэвалюцый». Менавіта таму, як мяркуецца, Гутэн-Чапскі сабраў сваю калекцыю і ў шасці таварных вагонах перавёз у Кракаў. Тады горад знаходзіўся па-за межамі Расійскай імперыі, у Галіцыі, на тэрыторыі Аўстра-Венгрыі, дзе было адносна бяспечна. Так уся станькаўская нумізматыка, зброя, бібліятэка, геалагічная і мінералагічная калекцыі былі вывезеныя з тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У Кракаве Чапскі набыў дом — двухпавярховы неакласіцыстычны будынак, які перабудаваў пад свае патрэбы. Тут ён і размясціў свае калекцыі (ul. Piłsudskiego 12).

Тады Кракаў быў навукова-культурным цэнтрам усіх былых земляў Рэчы Паспалітай: тут дзейнічаў Ягелонскі ўніверсітэт і выдаваліся гістарычныя і этнаграфічныя часопісы. І адначасова з гэтым пачала фармавацца сетка музеяў: сюды перавезлі сваю калекцыю Чартарыйскія, падаравалі рарытэты са сваіх збораў Францішак БагушэвічАляксандр Ельскі. Літаратуразнавец і гісторык Адам Мальдзіс выказваў здагадку, што «такая інтэлектуальна-патрыятычная аўра не магла не паўплываць на станькаўскага збіральніка».

Цэнтр Кракава, Польшча. Фота: pixabay.com

Граф не пакінуў тэстаменту, таму яго нашчадак Ежы Чапскі ў пачатку 1903 года прапанаваў Кракаву прыняць музей пад апеку. Аднак з адной умовай — каб той захаваў сваю назву і быў адкрыты для наведнікаў.

Да 1945 года так і было, але потым збор перастаў быць самастойнай калекцыяй: экспанаты часта выстаўляліся ў межах іншых збораў Нацыянальнага музея, што выклікала занепакоенасць даследчыкаў. Цяпер музей Чапскага функцыянуе як філіял Нацыянальнага музея, а сляды графскай калекцыі можна знайсці па ўсім Кракаве — з імі мы яшчэ сустрэнемся ў гэтым матэрыяле.

Нясвіж

Калі ж вы хочаце трапіць у Нясвіж, прасцей за ўсё зазірнуць на кракаўскую вуліцу Grodzka 52A. Там вы ўбачыце барочны касцёл святых Пятра і Паўла, пабудаваны паводле праекта італьянскага архітэктара Джавані Бернардоні.

Вы дакладна знойдзеце падабенствы з іншай пабудовай слыннага «беларускага» італьянца, як часта называюць Бернардоні, — з нясвіжскім касцёлам Божага Цела. Нясвіжская бажніца стала першай цалкам барочнай пабудовай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і Усходняй Еўропы, храм у Кракаве — першым барочным храмам у горадзе.

Касцёл святых Пятра і Паўла ў Кракаве (злева) і касцёл Божага Цела ў Нясвіжы пасля рэстаўрацыі. Калаж «Люстэрка»; арыгіналы фота: Jakub Hałun, Чаховіч Уладзіслаў, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

У Нясвіж Бернардоні прыехаў на запрашэнне Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, які, выправіўшыся ў паломніцтва ў 1582 годзе, пабачыў прыклады барочнай архітэктуры і вырашыў зрабіць дома не горш. Таму праз некалькі гадоў Джавані Марыя Бернардоні прыехаў у Нясвіж, дзе пражыў 13 гадоў. Радзівілы замовілі ў яго будаўніцтва велічнага мураванага храма, падобнага да базілікі Іль Джэзу ў Рыме (у пабудове гэтай рымскай святыні Бернардоні таксама браў удзел). Архітэктар будаваў храм чатыры гады (з 1589 да 1593 года).

Прыбыўшы з Нясвіжа ў Кракаў у траўні 1599 года, ён пачаў будаваць копію нясвіжскага касцёла — адрозненні мелі быць хіба што ў інтэр'еры. У выніку атрымаўся касцёл святых Пятра і Паўла, аднак Бернардоні так і не пабачыў вынікаў сваёй працы, бо памёр у 1605-м, за тры гады да завяршэння будовы. Узвядзенне храма заканчвалі ўжо яго вучні. Касцёл вядомы яшчэ і тым, што стаў месцам спачыну вядомага тэолага Пятра Скаргі.

Дарэчы, насупраць касцёла месціцца друкарня Уладзіслава Анчыца, дзе ў 1891 годзе ўпершыню пабачыла свет «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча. Калі хочаце пабываць у месцы, дзе з-пад друкарскага станка выйшлі словы «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» — вам да будынка на вуліцы Kanonicza 9.

Калі, натхніўшыся гэтай гісторыяй, вы захочаце ўбачыць яшчэ больш Нясвіжа, раім вам падысці ў Нацыянальны музей (al. 3 Maja 1). Прайдзіцеся ціхімі заламі да велічэзнага габелена (памерам ён тры на амаль шэсць метраў), які называецца «Прагляд літоўскіх войск перад Аўгустам ІІІ пад Заблудавам». Ён выраблены ў Альбе, што пад Нясвіжам, і быў адным з адзінаццаці габеленаў, якія віселі ў нясвіжскім палацы ў часы Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі.

Габелен Радзівілаў «Прагляд літоўскіх войск перад Аўгустам ІІІ пад Заблудавам», што захоўваецца ў Кракаве. Фота: zabludowskiearchiwumcyfrowe.pl

Экспанаты ж Музея Чартарыйскіх (ul. Świętego Jana 19) збірала заснавальніца першага польскага музея ў Пулавах княгіня Ізабэла Чартарыйская, літаратарка, мецэнатка, калекцыянерка і палітычная дзяячка. Тут можна знайсці партрэт знакамітай «Чорнай панны Нясвіжа». Барбара Радзівіл выяўленая ў дыптыху разам з першай жонкай караля Жыгімонта Аўгуста — Лізаветай Аўстрыйскай. Партрэт аўтарства невядомага мастака выраблены ў Вільні ў сярэдзіне XV стагоддзя.

Юравічы

Ёсць у Кракава сувязі і з беларускай вёскай Юравічы, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Яшчэ ў 1673 годзе ксёндз-місіянер Марцін Тыраўскі пабудаваў там капліцу, якой падараваў цудадзейны абраз Маці Божай. Паводле паданняў, святар ехаў з абразом на Валынь, аднак на выездзе з Юравічаў коні не маглі крануцца з месца. Тады святар пачуў голас Божай Маці, якая сказала, што ён мусіць застацца тут, каб умацоўваць хрысціянства.

Абраз Маці Божай Юравіцкай, што захоўваецца ў касцёле святой Барбары ў Кракаве. Фота: Waraciła, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Так і сталася. Абраз ацаляў і суцяшаў людзей, чым стаў вядомы далёка па-за межамі беларускай вёскі. Гэта вабіла шматлікіх паломнікаў. Як адзначыў адзін летапісец: «Часам было цяжка адрозніць звычайны дзень ад святочнага: так шмат было народу ля святыні». У апісаннях багасловаў ёсць сведчанні нават пра тое, што абраз уваскрашаў мёртвых, якія згарэлі ў пажары ці патанулі.

Аднак амаль праз два стагоддзі, у 1860-я гады, на беларускіх землях было неспакойна: чыніліся рэпрэсіі пасля паўстання. Таму з абраза напісалі копію, якую пакінулі ў касцёле, а арыгінал ксёндз Гуга Гадзецкі перадаў на захаванне сваёй прыхаджанцы Габрыэлі Горват, якая была жонкай рэчыцкага маршалка. Ксёндз імкнуўся захаваць абраз, бо непакоіўся, што царскія ўлады хутка могуць закрыць касцёл. Так і сталася — неўзабаве з касцёла зрабілі праваслаўную царкву.

Былы касцёл і калегіум езуітаў у Юравічах, перабудаваны ў праваслаўную царкву; цяпер там знаходзіцца праваслаўны Юравіцкі Свята-Раство-Багародзічны мужчынскі кляштар. Фота: Мікалай Барысенка, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Спадарыня Горват таемна захоўвала абраз у сябе амаль два дзесяцігоддзі. Але незадоўга да сваёй смерці, у траўні 1885-га, перавезла яго са свайго палаца ў Кракаў. Там яна пакінула святыню езуітам, але ўзяла пісьмовае абяцанне вярнуць яе ў Юравічы, калі там адродзіцца касцёл.

Спачатку кракаўскія езуіты змясцілі абраз у капліцы калегіума, а потым — у касцёле святой Барбары (ul. Mały Rynek 9), дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Доўгі час абраз лічыўся зніклым, пакуль Адам Мальдзіс не знайшоў яго сляды, выпадкова пабачыўшы фотаздымак у адным з часопісаў.

Касцёл святой Барбары ў Кракаве, дзе абраз знаходзіцца цяпер. Фота: Zygmunt Put, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Абраз шануецца як каталікамі, так і праваслаўнымі. На ім была срэбная карона, таму некаторыя даследчыкі лічаць, што ён быў каранаваны. Гэта вялікая рэдкасць — за ўвесь час існавання Рэчы Паспалітай каранавалі 28 абразоў.

Налібакі, Урэчча, Слуцк

У XVIII стагоддзі на тэрыторыі Беларусі існавала некалькі буйных мануфактураў, якія былі слынныя далёка за межамі краіны. Сярод іх — налібацкая і ўрэцкая. Там стваралі рэдкае рубінавае шкло, выраблялі посуд і першымі ва ўсёй Рэчы Паспалітай пачалі выпускаць люстэркі.

У Налібаках першую шкляную мануфактуру адкрыла Ганна Радзівіл у 1722 годзе. Майстрамі тут працавалі запрошаныя замежнікі. Ва Урэччы вытворчасць пачалася на дзесяць гадоў пазней, першапачаткова тут выраблялі толькі люстэркі. Яны ўпрыгожвалі залы палаца ў Нясвіжы і замка ў Міры. Мануфактуры праіснавалі амаль паўтара стагоддзя, пасля чаго былі закрытыя праз крызіс.

Келіх, выраблены ў налібацкай шкляной мануфактуры ў 1730 годзе. Фота: vk.com/volatvydannie

Вырабы з гэтых мануфактураў разляцеліся па ўсім свеце, аднак у Беларусі захоўваюцца толькі іх копіі. Вялікія калекцыі арыгіналаў ёсць у Польшчы, некаторыя захоўваюцца ў Літве, Расіі, Украіне.

Частка з іх акурат выстаўленая ў кракаўскіх музеях. Налібацкае і ўрэцкае шкло з калекцыі Эмерыка Гутэн-Чапскага можна пабачыць у Нацыянальным музеі (al. 3 Maja 1), на стэндзе, дзе можна знайсці вырабы, падпісаныя як «Барочнае шкло з польскіх і саксонскіх мануфактураў». Некаторыя вырабы ёсць у Музеі Чартарыйскіх (ul. Świętego Jana 19).

Тамсама можна знайсці і прадукцыю іншай беларускай мануфактуры — слуцкі пояс, выраблены прыблізна ў 1780−1807 гадах на радзівілаўскай мануфактуры.

Слуцкі пояс. Фота: выданне Jan Samek «Polskie rzemiosło artystyczne — spektrum sarmatyzmu w epoce baroku», Wydawictwo Uniwersytetu Śląskiego, commons.wikimedia.org

Вядома, гэта не ўсе месцы Кракава, звязаныя з беларускай гісторыяй. Горад можа расказаць пра беларускіх навучэнцаў слыннага Ягелонскага ўніверсітэта; паказаць падзямеллі, якія памятаюць Францыска Скарыну; правесці мастацкімі галерэямі з беларускімі каранямі і запрасіць схіліць галаву перад пахаваннямі выбітных нашчадкаў нашай зямлі. Але ў гэтае падарожжа мы выправімся іншым разам.

Каментары2

  • 29.09.2024
    Ў артыкуле шмат ўсяго ўсяго . Маю ўвагу працягнуў :
    Бывший костел и коллегиум иезуитов в Юровичах, перестроенный в православную церковь; сейчас там находится православный Юровичский Свято-Рождество-Богородицкий мужской монастырь. Фото: Николай Борисенко, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
    Калі зірнуць відавочна што архітэктура ніяк ні рпцшная . Як і у большасці старых храмаў на Беларусі . Ў Мінску напрыклад . Да і па усёй краіне ( для руzzкіх , краіна - страна . Отцепитесь уже от Украины ) .
    Калі пашукаць ў сетцы , высвятляецца што болей за 70 % рэлігійных пабудоў ў межах сучаснай Беларусі належала уніатам , каталікам ... і іншім канфесіям .
    Параўнайце з сучастнасцью .
  • Lolek
    29.09.2024
    "Карце"? Чаму не Мапе?

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?25

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Пірог з хурмой — рэцэпт4

Абхазскі кіраўнік Бжанія пакінуў Сухумі4

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?25

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →