Мюзікл, трылер ці проста доўгі кліп Лэдзі Гага: якім атрымаўся новы «Джокер»
Разам з «Гладыятарам II», новы «Джокер: шаленства на дваіх» — адна з найгучнейшых прэм'ер восені. Ці была яна вартая чакання?
Крытыкі паставіліся да новага «Джокера» строга. Сіквэл, якога свет чакаў пяць гадоў, мае нечакана нізкія рэйтынгі — да прыкладу, 33% на рэсурсе з кінаводгукамі Rotten Tomatoes ці 5,3 бала з 10 на ўплывовым кінасайце IMDB. Кінакрытыкі з буйных заходніх рэсурсаў пішуць, што гэта фільм «ні для каго» (Time Magazine), што ён марнуе акцёрскі талент Лэдзі Гага (Vulture) ды і проста з’яўляецца «сур’ёзна нецікавым» (The New York Times).
Падобна, што сіквэл паўторыць гісторыю першага «Джокера» ад 2019 года, які таксама атрымаў неадназначную рэакцыю крытыкаў — праўда, аналагічных нізкіх ацэнак тады не было. У тым фільме, аздобленым акцёрскай гульнёй галоўнай зоркі — Хаакіна Фенікса, — нас знаёмяць з няўдалым комікам Артурам Флэкам. Ён жыве з маці, працуе клоўнам і пакутуе ад неўралагічнага разладу, што праяўляецца праз некантраляваны смех у напружаных сітуацыях.
З цягам часу ў Флэка развіваюцца і відавочныя ментальныя разлады. Ні ў першым, ні ў другім фільме не называюць яго дыягназ, але ў ягоных паводзінах прысутныя рысы цэлага букета хвароб — дэпрэсіі, нарцысічнага і антысацыяльнага разладаў асобы. Грамадства адрынае Артура з яго асаблівасцямі, і пад уплывам хэйту ды хваробаў мужчына ператвараецца ў серыйнага забойцу.
Частку сваіх злачынстваў ён робіць у вобразе клоўна: апранае яркі касцюм, фарбуе твар. Так Артур ператвараецца з сарамлівага, скажам адкрыта, няўдачніка ў нахабнага і цынічнага Джокера, які нібыта ўвасабляе ягоны цёмны бок.
У новым фільме Джокер — ці Артур Флэк — нібыта ачуньвае ад сваёй ментальнай хваробы, і прычына гэтаму — каханне. Флэк (зноў Хаакін Фенікс) знаходзіцца ў «Аркхэме», псіхіятрычнай клініцы для злачынцаў, і чакае суда за здзейсненыя забойствы. Яго адвакатка настойвае, што Флэк пакутуе ад раздваення асобы: маўляў, тыя траўмы, якія ён пераносіў у дзяцінстве, стымулявалі з’яўленне ў ім другой асобы, Джокера, і менавіта ён адказны за забойствы.
Тым часам Флэк прымае лекі і, здаецца, яны яму дапамагаюць, бо няма ў яго хваравітых прыступаў смеху, і дэпрэсіўныя настроі Флэк здольны загнаць усярэдзіну сябе. Больш за тое, у яго з’яўляюцца сілы, каб прыгледзецца да людзей навокал і заўважыць Харлі Куін (Лэдзі Гага), бландынку з вялікімі вачыма, якая таксама трапіла ў сцены «Аркхэма».
Паміж Флэкам і Куін узнікае прыцягненне, і новая каханая дапамагае Артуру збегчы з клінікі, хаця і зусім ненадоўга. Дзяўчына выходзіць на волю, а ў Флэка наперадзе маштабнае судовае разбіральніцтва з жывой трансляцыяй, перад якім ён яшчэ і кідае піць лекі — небяспечная камбінацыя.
Усё гэта адбываецца, не паверыце, з песнямі ды танцамі, бо новы «Джокер» — мюзікл.
І выглядае, што ў дачыненні да гэтай гісторыі выбраць фармат мюзікла было памылковай ідэяй, бо стужка нібыта гойсае паміж рознымі фарматамі і не дацягвае да выдатнасці ні ў адным з іх. Там ёсць і драматычныя, і трывожныя моманты, саспенс і псіхалагізм, але калі надыходзіць іх час, гучаць песні, і градус дзеяння непрабачальна моцна спадае.
Напрыклад, Артуру паведамляюць, што калі ён будзе прызнаны вінаватым, яго чакае электрычнае крэсла — простай мовай, «яго падпаляць». Флэк рэагуе на гэта песняй. Як вам?
Гэта не адзінае вымярэнне, у якім стваральнікі «Джокер: шаленства на дваіх» жадалі ад фільма занадта шмат і нібыта не ведалі, чым ён мусіць здавацца. Калі гэта гісторыя кахання, то непераканаўчая, бо хіміі, той самай магічнай іскры паміж Джокерам і Харлі, у стужцы няма.
Аповед пра шаленства? У назве фільма ёсць словы folie à deux, то-бок «шаленства на дваіх», але ж Харлі Куін застаецца таямнічай персонай. Няясна, хто яна — сапраўды дзяўчына з ментальным разладам, якая спаліла бацькоўскую кватэру, ці будучая псіхіятарка з маніпулятыўнымі здольнасцямі, апантаная асобай Джокера. Прасцей паверыць у другое, бо дзеянні каханай Джокера часам выглядаюць занадта прадуманымі і ў нечым безэмацыйнымі.
У стужцы ёсць свае загадкі, хаця яны і артыкуляваныя так нягегла, як і канцоўка гэтага фільма або сцэна сэксу паміж Джокерам і Куін.
І ўсё-такі новы «Джокер» не безнадзейны: як бы ні грамілі яго крытыкі, гэта хутчэй гісторыя пра няспраўджаныя чаканні, чым пра поўны правал па ўсіх франтах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары