Грамадства22

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай

Інстытут «Палітычная сфера» прэзентаваў сваё даследаванне «Помнікі Мінска і вобласцяў: ці адпавядаюць яны нацыянальнай гісторыі і што кажуць пра ўзровень русіфікацыі?». Пры мэту і высновы працы распавялі яе аўтары дырэктар «Палітычнай сферы» Андрэй Казакевіч і гісторык Андрэй Мастыка, піша «Белсат».

Барэльеф на мануменце, які ўсталяваны на плошчы Перамогі ў Менску. Фота: Dan Kitwood/Getty Images
Барэльеф на мануменце, які ўсталяваны на плошчы Перамогі ў Мінску. Фота: Dan Kitwood/Getty Images

«Відавочны правал у гісторыі да XIX стагоддзя»

Даследаванне беларускіх помнікаў «Палітычнай сферы» падзеленае на дзве часткі. Першая праводзілася яшчэ ў 2023 годзе — гэта было вывучэнне помнікаў абласных цэнтраў. Сёлета даследаванне было пашыранае на Мінск, і далей плануецца далучыць да яго больш дробныя беларускія гарады. <…> збіралі інфармацыю з адкрытых крыніц — дзе знаходзіцца помнік, чаму ці каму прысвечаны, калі быў усталяваны, і аналізавалі гэта», — распавёў Андрэй Казакевіч.

У Менску былі прааналізаваныя 765 аб’ектаў, у пяці абласных цэнтрах — 868.

Аказалася, што большасць помнікаў, што ў Мінску, што ў рэгіёнах (хоць у рэгіёнах крыху менш) прысвечаныя гістарычным постацям і падзеям XX стагоддзя. У Мінску такіх мемарыялаў 86,7% ці 663 аб’екты. Усе астатнія перыяды гісторыі прадстаўленыя слаба: найноўшы час ад атрымання Беларуссю незалежнасці — 5,9% (45 помнікаў), XIX стагоддзе — 3,9% (30 помнікаў), часы да XIX стагоддзя — 3,5% (27 помнікаў).

«У Мінску відавочны абсалютны правал у тым, што датычыць помнікаў перыяду да XIX стагоддзя, і ў параўнанні з абласнымі цэнтрамі, і з тым, колькі гэтым перыядам адводзіцца месца ў гісторыі, у падручніках, у розных дыскусіях. У Мінску няма ніводнага помніка, які б быў непасрэдна прысвечаны перыяду Полацкага княства ці хоць нейкаму полацкаму князю», — кажа Андрэй Казакевіч.

Большасць помнікаў, якія датычаць перыяду да XIX стагоддзя, прысвечаныя культуры — літаратуры, музыцы, кнігадрукаванню, філасофіі (Кірылы Тураўскаму). На другім месцы — рэлігійныя помнікі. За імі са значным адрывам ідзе гісторыя эпохі ВКЛ і ранейшая. І маецца адзін помнік ваенна-палітычнаму дзеячу старажытнага перыяду гісторыі, але рускаму — Аляксандру Неўскаму. Калі яго ўсталёўвалі, то казалі пра тое, што жонка Неўскага была ж беларускай, маўляў, ёсць нейкая сувязь з Беларуссю, аднак агулам гэты помнік — гэта відавочна рускі ўплыў і руская памяць, зазначаюць даследчыкі.

«Помнікі Пушкіну ёсць амаль у кожным буйным горадзе»

У помніках, прысвечаных XIX стагоддзю, становяцца багацейшымі ўплывы розных гістарычных наратываў. Але, хоць мы бачым украінскі, полькі кантэксты, галоўным застаецца расійскі.

«У абласных цэнтрах у помніках, прысвечаны XIX стагоддзю відавочнае дамінаванне расійскага гістарычнага наратыву. <..> Гэта помнікі Гогалю, Пушкіну — яны ёсць амаль у кожным буйным горадзе, і т.п. У Мінску гэтая праява каланіяльнага расійскага ўплыву, што датычыць XIX стагоддзя, значна меншая. Напрыклад, з адносна новых помнікаў у Мінску — помнік выразна беларускім культурніцкім дзеячам Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу, устаноўлены ў 2016 годзе», — кажа Андрэй Мастыка.

Аднак у той жа час помнікаў класікам беларускай літаратуры вельмі мала, пачынальнікам, як Дунін-Марцінкевіч — адзінкі. Часцей ушаноўваецца памяць больш вядомых дзеячаў, як Янка Купала, якому ёсць помнікі ў розных гарадах Беларусі. Што здзівіла даследчыкаў — у Беларусі даволі шмат помнікаў украінскаму паэту і пісьменніку Тарасу Шаўчэнку — два ў Мінску і ёсць у абласных цэнтрах.

Танк Т-34 у Горадні. Фота: Michal Fludra/NurPhoto via Getty Images
Танк Т-34 у Горадні. Фота: Michal Fludra/NurPhoto via Getty Images

Большасць помнікаў, якія ўшаноўваюць падзеі XX стагоддзя, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. У той жа час, як вынікае з даследавання, у Мінску іх усяго траціна — 238 аб’ектаў. Далей ідзе культура і мастацтва (21,3%). Наступны буйны блок — навука і адукацыя — 13,7% (89 помнікаў).

«Калі іх спалучыць, атрымаецца значная колькасць, амаль як і помнікаў, прысвечаных падзеям ВАВ. Магчыма, гэта можна растлумачыць тым, што Мінск — усё ж сталіца, і што тут сканцэнтраваная значная колькасць устаноў культуры, адукацыі нацыянальнага маштабу», — зазначае Мастыка.

10% мінскіх помнікаў прысвечаныя Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года (65 помнікаў). Найменш (менш за 1%) — помнікі архітэктуры, вайне ў Афганістане, медыцыне і МУС. Амаль адсутнічае памяць пра Чарнобыль.

«У абласных цэнтрах дамінуе палітычны прасавецкі наратыў»

У абласных цэнтрах сітуацыя больш сумная — там ВАВ дамінуе абсалютна — ёй прысвечаныя 57,5% помнікаў (404). Другое месца з вялікім адрывам дзеляць паміж сабой культурніцкія помнікі і мемарыялы Кастрычніцкай рэвалюцыі (па 8,3% ці па 58 помнікаў). На трэцім месцы — вайна ў Афганістане — 4,3% (30 помнікаў).

Навуцы і адукацыі ў абласных цэнтрах прысвечаныя 3,3% помнікаў (23). У рэгіёнах з’яўляюцца помнікі падзеям 1939 года. Найменш рэлігійных помнікаў і тых, якія ўшаноўваюць памяць аб рэпрэсіях (0,7 і 0,6%).

«Таму можна сказаць, што ў абласных цэнтрах дамінуе палітычны прасавецкі наратыў», — зазначае Андрэй Мастыка.

У Мінску ёсць помнік Першай сусветнай вайне — брацкія вайсковыя могілкі. Мемарыялізацыю гэтага аб’екту ўзяла на сябе Праваслаўная царква. З гэтым былі спрэчкі, бо ўсё ж Беларусь — не настолькі монаканфесійная дзяржава, каб казаць толькі пра праваслаўных, але дамінацыя ў палітычнай прасторы дае Праваслаўнай царкве гэта прасоўваць. Помнікі пра Чарнобыль таксама найчасцей звязаныя з Праваслаўнай царквой.

Паводле нацыянальна-культурнай прыналежнасці памяці большасць помнікаў XX стагоддзя ў Мінску ўшаноўваюць памяць БССР — 75,2% (490). Далей ідзе агульнасавецкая памяць — 14,7% (96). 3,5% помнікаў (23) ушаноўваюць памяць савецкіх рэспублік, 2,8% (18) — уласна беларускую, 1,8% — габрэйскую (12 помнікаў). 1,2% — краін Еўропы (8), і 0,3% — Расіі.

У абласных цэнтрах на першым месцы таксама беларуска-савецкая памяць — 77,9% ці 517 помнікаў. На другім месцы — савецкая (12,2% — 81 помнік), на трэцім — беларуская (4,1% — 27 помнікаў). Расійскай памяці тут ужо крыху больш — 1,4% ці 9 помнікаў, габрэйскай — столькі ж — 1,8% (12 помнікаў). У рэгіёнах з’яўляецца польская памяць і яе 2,1% ці 14 помнікаў.

Брацкія вайсковыя могілкі ў Менску. Фота: planetabelarus.by
Брацкія вайсковыя могілкі ў Менску. Фота: planetabelarus.by

Русіфікацыя беларускай гарадской прасторы

У помніках пра вайну дамінуюць аб’екты, якія адлюстроўваюць гераічныя наратывы, вайсковыя дасягненні і славу. У Мінску крыху лепш прадстаўленая памяць пра ахвяраў вайны, аднак у агульным аб’ёме помнікаў, прысвечаных ВАВ, яны складаюць меншасць. Таксама заўважная прысутнасць вайсковых помнікаў, прысвечаных героям і ўдзельнікам вайны з былых савецкіх рэспублік.

Калі казаць пра ваенныя помнікі, то з іх 87,8% у Мінску прысвечаныя ўдзельнікам ВАВ, камандзірам, героям СССР, салдатам. 7,1% — ахвярам вайны, мірным жыхарам, палонным канцлагераў, 5% — ахвярам Халакосту. У абласных цэнтрах ахвярам Халакосту ўвогуле 2,5% помнікаў, а абсалютная большасць — удзельнікам вайны, салдатам.

«Новыя ваенныя помнікі таксама будуюцца ў савецкім мілітарысцкім стылі. Толькі дзякуючы Леаніду Левіну і палітыцы памяці аб ахвярах Халакосту ў Мінску ўзніклі помнікі кшталту мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы, якія крыху лепш рэпрэзентуюць гэтую гісторыю. Але агулам памяць шмат у чым застаецца савецкай», — кажа Мастыка.

Сярод помнікаў, прысвечаных найноўшай гісторыі, большасць звязаная з культурай, музыкай — 14,9%. Але яны не дамінуюць і заўважная больш шырокая тэматычная разнастайнасць, заўважаюць даследчыкі.

«Сёння шмат помнікаў ставіцца ў гонар МУС, МНС, памежнай службы, дзяржаўным дзеячам. Калі іх спалучыць разам, то відавочна, што дзяржаўная сфера і сілавых структураў пераважае — такіх амаль чвэрць аб’ектаў у Менску, а ў абласных цэнтрах яшчэ больш. Але ў той жа час нейкай яўнай камемаратыўнай палітыкі не прасочваецца. Пра гэта кажуць, напрыклад, помнікі завадчаніну каля прахадной ці сербскаму банкіру Карычу», — кажа гісторык.

А тая палітыка, што ёсць, актыўна спрыяе русіфікацыі беларускай гарадской прасторы, рэзюмуе Андрэй Казакевіч.

Друкаваная версія даследавання выйдзе да сярэдзіны снежня.

Каментары2

  • З гісторыі
    23.11.2024
    Беларуская народнасць і нацыя створана царызмам і бальшавізмам насуперак спробе пашырэння літоўскага праекта на ўсход ад Радашковіч. Таму ўсе савецкія помнікі для беларусаў - родненькія
  • Таксама з гісторыі
    24.11.2024
    З гісторыі, рабы і халуі заўсёды трымаюцца за свой ланцуг

«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго3

«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»48

У Мінску ад удару токам загінуў 16-гадовы падлетак1

«Гэта больш не зона свабоды і праўды». Сяргей Падсасонны пакідае «Белсат»73

Гэта цікава: ці адрозніваецца вада ў кране ад вады ў трубах ацяплення?3

Рэспекты ад дактароў і спецыфіка ў войску. Прынцыпова беларускамоўны юнак расказаў, як ён адслужыў9

Якім будзе надвор’е на наступным тыдні1

Стала вядома, колькі бонусных выплат атрымаў у 2024 годзе генеральны дырэктар «Беларуськалія»3

Да 4-5 сутак у чарзе. На выездзе з Беларусі ў Еўропу безліч аўто8

У Астравецкім раёне ў смяротнае ДТЗ трапіла аўто, у якім ехалі адразу пяцёра дзяцей. Загінула жанчына

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго3

«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго

Галоўнае
Усе навіны →