«Раз’ятрана церабіўся». Новыя пераклады з габрэйскай і польскай выклікаюць, хутчэй, пытанні
«Д’ябал з сёмага класа» і «Левіятан з Вавілоніі. Скрадальнік лекаў» — пра дзве новыя кнігі расказвае Зося Лугавая.
Гэта вельмі розныя кнігі, і аб’ядноўвае іх хіба толькі тое, што выдаўцы заяўляюць іх як падлеткавыя.
«Д’ябал з сёмага класа» Карнэля Макушыньскага, які можна назваць рэтрадэтэктывам, з’явіўся на свет амаль 90 гадоў таму. Кніга выйшла напярэдадні Другой сусветнай вайны, а працяг гісторыі ўвогуле не быў выдадзены, бо рукапіс згарэў падчас аблогі Варшавы.
Другая кніга таксама не навінка, але значна маладзейшая: першую частку цыкла «Левіятан з Вавілоніі» ізраільская пісьменніца Гагар Янай выдала ў 2006 годзе. Гэта падлеткавае фэнтэзі, створанае на падмурку міфалогіі Старажытнага Усходу (шумерскай, акада-вавілонскай і ханаанскай цывілізацый).
Вядома, цешыць, што з’яўляюцца кнігі з прыцэлам на падлеткавую аўдыторыю ў перакладзе на беларускую. Бо такіх кніг мала. Да таго ж, у адрозненне ад дзіцячых кніг, якія перачытваюцца па шмат разоў, старэйшая аўдыторыя перачытвае кнігі значна радзей (хіба што гэта кніга кшталту «Гары Потэра»), то і навінак ім трэба болей. Але каб гэтыя навінкі напраўду чыталіся, яны мусяць быць захапляльнымі, якаснымі, сучаснымі — блізкімі сучасным беларускім дзеткам. Ці адпавядаюць кнігі Карнэля Макушыньскага і Гагар Янай гэтым патрабаванням? На мой погляд, толькі часткова.
«Д’ябал з сёмага класа» — гісторыя, не пазбаўленая чароўнасці, якую звычайна маюць кнігі, правераныя часам. Але ў якасці менавіта падлеткавага чытання яна наўрад ці будзе карыстацца шырокім попытам. І вось чаму.
Кніга напісаная даволі мудрагелістым стылем, які далёка не кожнаму юнаму чытачу прыйдзецца даспадобы. Асабліва калі гэты чытач звык да сучаснай мовы. Перакладчыца і рэдактарка відавочна гэта разумелі. Таму першая зрабіла спасылкі і каментары, каб патлумачыць незнаёмыя імёны, гістарычныя падзеі і выразы на лаціне. А другая — напісала ўступ, дзе параіла не страшыцца першых старонак, якія больш нагадваюць падручнік гісторыі, чым дэтэктыў, бо пасля будзе цікавей.
Так, гэтая кніга з тых, якая дазваляе сабе доўгі ўступ, не клапоцячыся захапіць увагу чытача з першага ж радка. Аўтар павольна вядзе нас да ключавой інтрыгі і перад тым, як прымусіць галоўнага героя, 17-гадовага Адама Цісоўскага, пачаць расследаванне, грунтоўна тлумачыць, як і чаму маладзён атрымаў мянушку «Д’ябал».
Адам — выхаваны, прыязны і кемлівы хлопец, які добра вучыцца і карыстаецца павагай як аднакласнікаў, так і выкладчыкаў. Мянушка ж прычапілася да яго таму, што ён умее назіраць і разважаць ды добра дае рады розным жыццёвым загадкам.
«Разважаючы з халодным спакоем, гэты хлопец умеў разблытаць найскладанейшыя загадкі. Ён умеў не толькі глядзець, але і бачыць. Са спакойнай, цярплівай заўзятасцю ён назіраў за ўсім і ўсімі. З дзівоснай спрытнасцю склейваў недагавораныя словы, абломкі здарэнняў, крошкі і ашмёткі і мог скласці з гэтага нішчымнага матэрыялу праўдападобнае цэлае. Ён меў жывую і вынаходлівую фантазію, якая апісвала велізарныя кругі; яна выбягала далёка наперад, умела адступіць у згусцелы змрок мінулага і бачыла там тое, чаго звычайныя блізарукія вочы разгледзець не маглі. Надзіва кемлівы, у вучобе ён таксама абганяў усіх, да таго ж меў выдатную памяць».
Праз адно школьнае здарэнне ён збліжаецца са сваім выкладчыкам гісторыі, прафесарам Гусоўскім. Прафесар — чалавек сталага веку, які думкамі жыве ва ўлюбёнай Напалеонаўскай эпосе, і толькі целам — у Варшаве 1930-х. Каб дапамагчы прафесару разблытаць адну сямейную загадку, Адам падчас летніх вакацый выпраўляецца ў фамільны маёнтак Гусоўскіх пад Вільню.
У кнізе называюцца канкрэтныя лакацыі, але геаграфія ў ёй падаецца мне даволі ўмоўнай. Героі спачатку знаходзяцца ў Варшаве, пасля едуць пад Вільню, але аўтар прапануе нам толькі апісанне старой сядзібы і некалькіх суседніх вёсак, а таксама пастаральныя пейзажы, якімі яны маглі быць у любым іншым пункце рэгіёна. Тое ж тычыцца мясцовых жыхароў, іх ладу жыцця і рысаў характару.
«Дом быў стары, нізкі і шырокі. Дзве драўляныя калоначкі ля ўваходу з неахвотным высілкам падтрымлівалі скрыўлены дах. Здавалася, што дом толькі таму не правальваецца ў пражэрлівую і ўсёпраглынальную зямлю, што яго падтрымліваюць зарасці дзікага вінаграду, які ахутвае ўсе сцены і намагаецца засланіць вокны».
«Ён мінаў вёскі, што з любасцю прытуліліся да неўрадлівай, але маляўнічай зямлі. Вясковыя дварнякі, якія спалі ў нагрэтым пыле дарогі, брахалі на яго цалкам паблажліва… Адась ішоў праз палі, «дзе жыта серабрыцца і залачоная калышацца пшаніца», праз плаціны ставаў, сонных і срэбна-зіхатлівых, у яркім сонечным святле, праз рэдкія бярозавыя гаі, поўныя ям ад выварачаных з каранямі дрэваў, залітых багністай вадой».
Гісторыя мае інтрыгу, якая сыходзіць карэннем у часы вайны з Напалеонам. Інтрыга не прымітыўная: я спачатку паставілася да яе паблажліва і была ўпэўненая, што ведаю разгадку, але памылілася. Вядома, будзе скарб, бо якая ж гісторыя пра Напалеона і без скарбаў? Будуць злыя людзі, небяспечныя прыгоды і выратаванне ледзь не ў апошні момант. То-бок можна будзе з асалодай пахвалявацца за лёс галоўнага героя.
У кнізе ёсць першае каханне, рамантычнае і троху экзальтаванае, таму для сучаснага падлетка яно можа выглядаць смешным. Але мне падаецца, што аўтар акурат меў на мэце дадаць дробку камедыйнасці свайму аповеду, таму і закаханасць свайго героя апісвае такім чынам. Іранічныя ноткі адчуваюцца таксама ў апісанні прафесара Гусоўскага і яго малодшага брата, які давёў сямейнае гняздо да стану галечы.
У кнізе шмат гістарычных падзей, звязаных з эпохай Напалеона Банапарта, і калі вы цікавіцеся напалеонаўскай вайной на нашых тэрыторыях, то вам дакладна не будзе сумна. Мяне асабіста гэты гістарычны перыяд не надта займае, затое мне было цікава паглядзець, як выглядала польская забаўляльная літаратура для моладзі ў другой палове 30-х, калі ўжо моцна адчувалася, што на Еўропу насоўваюцца хмары.
«Д’ябал з сёмага класа» для палякаў ужо класіка, і таму мае каштоўнасць. Як для нас «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. Але ці будуць гэтыя кнігі такімі ж важнымі і каштоўнымі для чытачоў на іншых мовах — пытанне. Вядома, для іх знойдзецца чытацкая аўдыторыя, але найхутчэй не тая, на якую разлічваў аўтар ці выдаўцы. На мой погляд, кніга Макушыньскага больш пасуе для дарослых узростам 40+, каб панастальгаваць па літаратуры дзяцінства. Альбо можна паспрабаваць чытаць яе разам з дзецьмі, акурат наперадзе доўгія зімовыя вечары.
Супярэчлівыя ўражанні ў мяне засталіся і ад «Левіятана з Вавілоніі». Анатацыя да кнігі падаецца спакуслівай, а імя Паўла Касцюкевіча ў якасці перакладчыка абяцае яркі і самабытны тэкст. Але па прачытанні ў мяне засталіся пытанні да ўсіх — ад аўтаркі да рэдактара.
Сюжэт у кнізе такі: Ёнатан і Эля — ізраільскія падлеткі, у якіх загадкава хварэе мама. Іх тата, які працуе на вялікую фармакалагічную кампанію, апантана спрабуе вынайсці лекі, каб дапамагчы жонцы. Але адбываецца напад на ягоную хатнюю лабараторыю, доктар Маргуліс аказваецца паралізаваным, распрацоўку крадуць, а дзеці сядаюць на хвост злачынцу і, скочыўшы ў ванну, трапляюць у паралельны з нашым свет — Вавілонскую імперыю. Гэта не старажытныя часы, а менавіта альтэрнатыўная нашаму свету прастора, дзе суіснуюць магія, архаічны лад жыцця і спецыфічныя навуковыя тэхналогіі. Там героі вымушана раз’ядноўваюцца і кожны сваім спосабам спрабуе разабрацца, каму тут могуць быць патрэбныя інавацыйныя лекі іх бацькі. Тым часам, у Вавілоніі ўсё складана — ёсць імператар, ёсць варажбіты, якія фактычна кіруюць жыццём імперыі, ёсць дзёрзкія і жыццялюбныя кантрабандысты, а яшчэ ёсць паўстанцы.
Задума ў Гагар Янай напраўду маштабная, але рэалізацыя — пасрэдная. Агульнае ўражанне ад кнігі такое, што аўтарка са сваёй задумай не справілася. Па-першае, ёй не хапіла экспертнасці ў апісанні фармакалагічных распрацовак і працы фармкампаніі. Вядома, гэта фэнтэзі, а не навуковая фантастыка, але ўсё, што звязаная з фармакалогіяй, апісана па-дылетанцку.
«Імануэль стаўся вядомы як вынаходнік «Эраса-ВМЕ-2», таблеткі, якая дазваляла самым пераборлівым і крытычна настроеным людзям закахацца. У дадатак ён быў намінантам на Нобелеўскую прэмію ў галіне медыцыны як распрацоўнік «Каіна Х7», магутнага антыбіётыку супраць віруса зайздрасці». Вам таксама муляе вока антыбіётык супраць віруса? Цікава, чыя гэтая недарэчнасць — аўтаркі ці перакладчыка з рэдактарам?
Да перакладчыка і рэдактара ў мяне ёсць яшчэ як мінімум адно пытанне. Пра выраз «церабіць шлях», які сустракаецца ў кнізе не раз, не два і нават не пяць. Такое адчуванне, што героі кнігі не могуць перасоўвацца іншым чынам, акрамя як церабіцца: «церабіў сабе шлях», «раз’ятрана церабіўся», «церабіла шлях сярод натоўпу», «загадаў расцерабіць шлях», «церабіла яму дарогу наверх», «паволі церабіў сваю кар’еру» і г.д. Прызнаюся, я моцна заінтрыгаваная, чаму менавіта «церабіў»?
Кніга выглядае збудаванай з кавалкаў, якія не надта добра сабраныя разам. У Вавілоніі Эля і Ёнатан разыходзяцца ажно на некалькі гадоў (і кожнага з іх чакае свой набор выпрабаванняў), каб напрыканцы раптоўна сустрэцца. Дзеянні герояў часта выглядаюць нелагічнымі і непаслядоўнымі. Напрыклад, кіраўнік паўстанцаў Гілель бэн Шахар, якога паплечнікі берагуць як вока, вырашае адзін пайсці на сустрэчу з кронпрынцэсай, якую дагэтуль ніколі не бачыў. З лагера ў гарах ён выходзіць у кампаніі толькі аднаго сябра. Удвух яны лёгка трапляюць у палац, які быццам бы строга ахоўваецца, а потым цягам месяцаў (калі мусіла б актыўна рыхтавацца паўстанне), Гілель жыве ў Вавілоне і рэгулярна прыходзіць да прынцэсы пагутарыць пра жыццё.
Адна з цэнтральных задумак аўтаркі — хвароба Цёмных Плям, якія адпавядаюць нашаму суму, расчараванасці, а на сур’ёзнай стадыі — дэпрэсіі. Менавіта з Цёмнымі Плямамі змагаюцца варажбіты, спрабуючы пабудаваць імперыю выключна радасных і бадзёрых людзей. Рэгулярныя праверкі, аздараўленчыя лагеры, прымусовае лекаванне і гаротны лёс тых, хто глыбока расчараваўся ў ладзе жыцця імперыі — гэта месцамі моцна трыгерыла. Але я ўвесь час лавіла сабе на думцы, што ўсё гэта ўжо дзесьці было апісана, і значна лепш.
«Ад хворых патрабавалі адкінуць ад сябе думкі пра ўсё пагрозлівае, гнятлівае, займацца спортам і трушчыць свежую гародніну. Ім раілі садзіць нарцысы і заводзіць канарэек. Халасцякам раілі ажаніцца, бо шлюб абяцае радасць і прыносіць у жыццё сэнс, старым — часцей прыгадваць маладосць, бо маладосць абяцае радасць і прыносіць у жыццё сэнс… Калі хворы выказваў глыбокую незадаволенасць сваёй сям’ёй і прызначанай яму гільдыяй, Некрасептус ужо ведаў, што перад ім — смяротна хворы. Вядома, варажбіты зладзілі ў краіне такі ўнутраны рэжым, які мог сам рэгуляваць і прадухіляць непарадкі і хваляванні. Бо адна з асноўных прычын самых глыбокіх пакут чалавека — мулкае і даўкае пачуццё неадпаведнасці абранага для яго лёсу.»
Такім чынам, кніга выглядае як 400-старонкавы чарнавік патэнцыйна цікавай фэнтэзі-гісторыі. Магчыма, яна цікавая як прыклад менавіта ізраільскага падлеткавага фэнтэзі, але як фэнтэзі само сабою яна падаецца мне даволі слабой. Зрэдчас у ёй трапляецца небанальная думка альбо трапная заўвага, але агулам героі і сітуацыі шаблонныя. Злая цётачка, якая вядзе загадкавы лад жыцця; найлепшы сябар бацькі, сапраўдны цяльпук, які акажацца ледзь не галоўным завадатарам; дзяўчынка, якая выдае сябе за хлопчыка; кананічны падступны «візір» (у свеце Гагар Янай — варажбіт); прыгожая і разумная прынцэса. Ну і напрыканцы намёк на любоўны ці то трохкутнік, ці то чатырохкутнік.
Адзіны, на мой погляд, моцны плюс кнігі, — гэта міфалагічны падмурак, на якім аўтарка спрабуе будаваць той сусвет. Дарэчы, перакладчык у кнізе выказвае падзяку даследчыцы сакральнай філасофіі і доктару тэалогіі Ірыне Дубянецкай за знаёмства з магічным светам старажытнагабрэйскай, ханаанскай, шумерскай і вавілонскай міфалогіі. Таму хочацца верыць, што прынамсі ў гэтых пытаннях ніхто нічога «не нацерабіў».
Пакуль я чытала «Левіятана з Вавілоніі», то не раз прыгадвала «Кнігу здольных» беларускай аўтаркі Святланы Аўдзейчык як прыклад глыбока прапрацаванага і захапляльнага падлеткавага фэнтэзі на ўзрост 12+. Першыя дзве кнігі якога, пакуль чакаем ад аўтаркі трэцюю, можна было б і перавыдаць. Як і «Сем камянёў» Аляксея Шэіна. Бо працы ў новыя пераклады і перакладчыкі, і выдаўцы ўклалі шмат, а ці варта яно было таго?
Карнэль Макушыньскі. Д’ябал з сёмага класа. — Кракаў: Gutenberg publisher, 2024. Пераклад з польскай мовы — Людміла Дрык
Гагар Янай. Левіятан з Вавілоніі. Выкрадальнік лекаў. — Логвінаў, 2024. Пераклад з іўрыту — Павал Касцюкевіч
«Не хачу шчыльнымі радамі». Альгерд Бахарэвіч знайшоў новую ноту для вечнага плачу аб старонцы
Як выжыць у хранічнай срацы? Жыццесцвярджальны бестсэлер пра чалавека на Марсе выйшаў па-беларуску
«Камуністаў тут не любілі». Кніга пра пасляваенны антысавецкі супраціў у Заходняй Беларусі
Лонданскі юрыст напісаў кнігу пра сваё дзяцінства і маладосць у Мінску
Каментары