«Камуністаў тут не любілі». Кніга пра пасляваенны антысавецкі супраціў у Заходняй Беларусі
У кнізе «Забіць упалмінзага» Зміцер Бартосік сабраў гісторыі супраціву калектывізацыі і савецкай уладзе ў тагачаснай Маладзечанскай вобласці, рассказвае Зося Лугавая.
«Забіць упалмінзага» — трэцяя частка «Падарожжаў свабоды». Дзве папярэднія — «Быў у пана верабейка гаварушчы» і «Клініка кітайскага дантыста» — выйшлі ў 2016 і 2018 гадах.
Гэтым разам да Бартосіка ў рукі трапіла папка з архіўнымі дакументамі ад гісторыка Міхася Чарняўскага. Па меркаванні таго, гэтыя дакументы мусілі былі знікнуць у закрытых архівах КДБ, але з нейкай прычыны трапілі ў звычайны раённы архіў, дзе гісторык іх выпадкова знайшоў. Але не паспеў апублічыць, з-за чаго моцна пераймаўся: «Гэта бомба! І я не паспеў яе рвануць!» Зміцер Бартосік закончыў гэтую справу.
Хто такі ўпалмінзаг? Шчыра кажучы, страшны чалавек. Дакладна страшнейшы за іншыя савецкія пасады кшталту камсорга ці зампаліта. Упалмінзаг — упаўнаважаны «Министерства заготовок», «той, хто, па сутнасці, рабаваў сялянскія сем’і ў самыя галодныя часы».
Далёка не ўсе жыхары Заходняй Беларусі імкнуліся ў калгасы. Але маштаб таго супраціву мала хто ўяўляе, бо пра гэта не пішуць у падручніках гісторыі, нідзе публічна не кажуць. Хоць гэта быў свядомы супраціў гаспадароў, якія баранілі сваю ўласнасць.
Зміцер Бартосік на канкрэтных прыкладах паказвае, што і як адбывалася з канца 40-х да канца 50-х гадоў у Маладзечанскай вобласці.
Вобласць была ўтвораная ў 1944 годзе (пераемніца Вілейскай вобласці, утворанай у 1939 годзе літаральна на некалькі месяцаў) і ліквідаваная ў 1960 годзе.
«Не хацелі ўступаць. Землі забралі, коні забралі, усё забралі. Мы не паддаваліся, як маглі. Даўней — о! Як гарсавалі! Зямля — гэта ж зямля! Мой бацька меў валоку зямлі. Багатыр які быў! Зямля… Таму і не паддаваліся», — каротка, але ёмка патлумачыць аўтару тое, што адбывалася, 90-гадовая спадарыня Ядвіга з вёскі Слабодка Астравецкага раёна.
І адразу ж хочацца працытаваць успаміны з іншага боку — былога кіраўніка смаргонскага райфінаддзела, 95-гадовага Канстанціна Пяцко, які працаваў у Маладзечанскім абкаме перад самай ліквідацыяй вобласці:
«Опасные были люди. Особенно сопротивлялись коллективизации. Коллективизация шла очень сложно. Часть уехала в Польшу, часть осталась здесь… Было ли страшно? Были правила перемещения госслужащих. Обязательное сопровождение двенадцати-пятнадцати человек, военнослужащих внутренних войск. Это для тех, кто из области приезжали. Люди штатные! Люди охранные! Тут рисковал каждый, кто приезжал из-за Минска».
Самому спадару Пяцко належаў толькі адзін ахоўнік.
Зміцер Бартосік сабраў пад адной вокладкай вельмі розныя гісторыі з той сотні судовых спраў, якія трапілі яму ў рукі. У асноўным яны тычыліся артыкулаў пра бандытызм і дапамогу бандытам, але не толькі. Ёсць тут і супраціў тых, каго падманулі, не даўшы апошні раз сабраць ураджай з іх уласнай зямлі, якая мусіла адысці калгасу. Альбо свядомая нясплата падаткаў, бо інакш сям’я будзе галадаць. А ёсць і амаль шэкспіраўскія жарсці: напрыклад, спроба праз данос пазбавіцца ад суперніка ці выправіць у Сібір жонку каханка.
Вось, напрыклад, справа Браніслава Скіпара, якому далі 6 гадоў за нясплату падаткаў, і які з турмы ўжо не вярнуўся. На старым фотаздымку Браніслаў выглядае вельмі імпазантна: хударлявы, у ладным пінжаку і белай кашулі, з дагледжанымі вусамі, з пранізлівым і крыху трывожным позіркам. У Браніслава было шасцёра дзяцей, і малодшая дачка, спадарыня Яніна 1930 года нараджэння, сама расказала аўтару пра бацьку.
«Тата, калі судзілі, казаў: «Калі я сплачу падатак, жонка і дзеці будуць галадаць. Я не магу яго сплаціць». А яму: «Кулацкая морда!»
Браніслаў Скіпар сядзеў у турме ў Воршы, адмаўляўся ад перадачаў і прасіў жонку адно дбаць пра дзяцей. «Бацька пісаў у пісьмах: «Ніякіх пасылак. Нічога. Я нічога есці не вазьму. Памру галоднай смерцю. Кармі дзяцей, каб дзеці сытыя былі». Так і выйшла».
Зміцер Бартосік адзначае, што суразмоўцы далёка не заўсёды адразу згаджаліся на размову. А калі згаджаліся, то гаварылі акуратна — так, каб не выдаць свайго сапраўднага стаўлення, нават цяпер, праз столькі гадоў.
«Былі тут бандыты і прыходзілі. Потым яны пагінулі. У Яшкавічах іх разаблачылі. Заснаваў іх нейкі Радзюк з Сярэдняга Сяла. Заснаваў гэтую банду. Толькі тады прыймалі, калі заб’е камуніста. А так не прыймалі. Камуністаў любілі тут не вельмі», — кажа старажылка вёскі Папкі спадарыня Здзіслава.
Скразная тэма кнігі — хутары і прырода хутарнога чалавека. Такі чалавек звыклы жыць сваёй працай і сваім розумам, ён ад нараджэння незалежны. Маладыя людзі, што былі нязгодныя з савецкім ладам, адчувалі ягоную несправядлівасць, ішлі ў лясы.
«Увесь Віленскі край — ён быў самы хутарскі. І данішчаныя яны былі за Брэжневым. Бо ўлады дачакаліся, калі старыя будуць паміраць, маладыя з’едуць… Хутар — гэта свабода… Ліквідацыя хутароў — гэта была ліквідацыя базы забеспячэння магчымых паўстанцаў».
Але на што спадзяваліся гэтыя людзі ў лесе? На гэта дае адказ адзін з суразмоўцаў Змітра Бартосіка:
«У Заходняй Беларусі чакалі высадкі амерыканскага дэсанту. І, калі б Амерыка ўмяшалася, я чэсна скажу, уся б Заходняя Беларусь, Літва, Заходняя Украіна палыхнулі б. Сорак дзявяты год. Тады, як калхозы рабілі. Што такое забраць зямлю? Ты ўяўляеш? Палыхнула б усё! І ўсе чакалі!.. «Зялёных» тады ў лесе было многа. І дурнямі яны не былі. Разлічваць справіцца з такой махінай, як Савецкая Армія! Яны не дурні. На што яны разлічвалі? На заходнюю дапамогу разлічвалі!»
Але спадзяванне на Амерыку было марным. Рана ці позна «лясныя» людзі гінулі альбо траплялі ў няволю. І гэта былі не толькі ўзброеныя партызаны, але і тыя, хто ім дапамагаў: пускаў у свае хаты, карміў, лекаваў. Бо часта лясныя хлопцы былі сынамі, пляменнікамі, сваякамі, суседзямі. За тое, што «не данеслі», у ссылкі ехалі маладыя маці, удовы, дзяўчаты, малодшыя браты альбо немаладыя ўжо бацькі.
Пры гэтым нават у новаўтвораных вёсках людзі працягвалі ўнутрана супрацьстаяць новаму, чужому для іх ладу жыцця. Напрыклад, праз жыццё «па польскім часе». Бартосік цытуе свайго сябра Змітра:
«Мне было незразумела, чаму дзед казаў «ужо дванаццатая зараз», калі гадзіннік паказваў дзве гадзіны дня. І не толькі ў нас так. Былі ў вёсцы два чалавекі, у якіх нават за Брэжневым гадзіннікі ішлі на дзве гадзіны назад. Па Варшаве. І гэта не была дэманстрацыя нейкай польскасці. Гэта была фронда. Непрыманне ўсяго савецкага».
Ад папярэдніх кніг аўтара гэтую адрознівае, як мне падалося, большая колькасць яго ўласных успамінаў. На іх, бывае, спатыкаешся, вымушана вяртаешся да пачатку раздзела, каб прыгадаць сутнасць справы і яе ўдзельнікаў. З другога боку, у гэтай кнізе столькі чалавечага болю, што разбавіць яго часам проста неабходна — каб мець сілы чытаць далей. Магчыма, аўтарская з’едлівая іронія акурат дапаможа камусьці не адкласці кнігу ўбок.
Падсумоўваючы сваю працу, Бартосік кажа пра надзвычайны маштаб пасляваеннага супраціву. Сапраўды, гэта быў складаны, змрочны час, дзе герояў было менш, чым ахвяр і было праліта нямала непатрэбнай крыві. Але былі і ў тым часе сумленныя душы і годныя ўчынкі.
А напрыканцы працытую словы аўтара, якімі ён распачынае кнігу:
«…не кожны чалавек здольны на ўчынак. Але кожны ўчынак варты памяці. Пагатоў здзейснены як акт свабоды ў несвабодным часе. І платай за які стала само жыццё. Нават безыменны герой працягвае жыць, калі памятаецца ягоны чын».
Зміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. Беласток: Фонд «Kamunikat.org», 2024
Каментары