Грамадства77

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Дакументамі, якія дэманструюць абсурдныя бізнэс-схемы ў сельскай гаспадарцы, з «Нашай Нівай» падзяліўся Белпол. 

У Беларусі ёсць такая рэч як стабілізацыйныя фонды. Гэта рэзерв сезоннай прадукцыі (белакачанная капуста, бульба, морква, буракі, цыбуля і яблыкі), якая складзіруецца ў спрагназаваным чыноўнікамі аб'ёме (сёлета і летась — 122,8 тысячы тон), каб зімой даставаць яе адтуль і пастаўляць у сеткі, бюджэтныя арганізацыі, установы харчавання.

Калі гэтыя запасы ў міжсезонне не паспяваюць выкарыстаць, то з дазволу аблвыканкамаў можна прадаць іх кудысьці яшчэ. Напрыклад, перапрацоўчым заводам ці за мяжу.

70% адгрузак у стабілізацыйныя фонды робяць прыватнікі, а не дзяржава, бо дзяржава сваю зямлю выкарыстоўвае пад іншыя культуры.

Дзяржава перажывае не толькі пра тое, каб у міжсезонне ў беларусаў было што паесці. Яна пячэцца яшчэ і пра тое, каб гэта было танна. Папулісцкай пастановай №713 ад 19 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка ўвёў абмежаванне максімальнай нацэнкі на сацыяльна значныя тавары, у пералік якіх трапляе і сезонная прадукцыя. 

І вось «Наша Ніва» атрымала ад «Белпола» некаторыя дакументы Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю (МАРГ), Міністэрства сельскай гаспадаркі і гандлёвых сетак, якія ілюструюць і прамежкавы вынік папулізму, і аб'ём намаганняў дзяржапарату для яго падтрымкі.

Мы перакажам гэтыя дакументы так, каб перадаць карціну пакут усіх удзельнікаў гандлёвага ланцужка і кантралёраў над імі. 

Фермеры адшываюць сеткі

Вось, напрыклад, адна буйная рытэйлавая сетка скардзіцца ў Мінгандлю, што да ўвядзення 713-й пастановы ёй удавалася закрываць 80% сваіх міжсезонных патрэб пастаўкамі са стабфондаў, дамовы аб чым складаюцца загадзя.

З кожным сезонам працэнт усё меншаў, у выніку падпісаны аб'ём на гэтае міжсезонне — усяго 12% ад запатрабаванага.

«На сёння бульба — 30%, капуста б/к — 15%, морква — 12%, бурак — 10%, цыбуля — 14%, яблыкі — 0%», — гаворыцца ў дакуменце.

Скардзіцца і іншая гандлёвая сетка: «Станам на 22 кастрычніка 2024 запасы на складах бульбы — на 2 дні, капусты — на 1 дзень, морквы — на 6 дзён […] Падчас перамоваў атрыманы адмовы ў пастаўках […]».

Сітуацыя небывалая. Вытворцы амаль ніколі не могуць дазволіць сабе «паслаць» сетку. Наадварот, у сённяшнім свеце ты толькі пры доступе да паліцы можаш нармальна планаваць сваю фінансавую будучыню.

Дык чаму так здарылася, што бульбы засталося на два дні? 

«Мы б рады пастаўляць у беларускі рытэйл, ды толькі эканамічнага сэнсу ў гэтым няма», — тлумачыць «Нашай Ніве» фермер і дадае кантэкст. 

Цёплая вясна 2024-га рана распружыніла вегетацыю раслін пасля зімы. Але ў маі па поўдні сярэдняй паласы Расіі прайшліся маразы і забілі раннія гатункі садавіны і агародніны, якія так несвоечасова загадзя пачалі квітнець.

Прыродная анамалія ўздыбіла цэны на сельгаспрадукцыю ў Расіі. У Беларусі, дарэчы, здарылася прыкладна такія ж праблемы, толькі ў меншым маштабе. І пастаўляць у беларускія сеткі было б не менш выгадна — бо лагістыка прасцейшая.

Але фермеры карыстацца кан'юнктурай не могуць — згодна з пастановай №713, памер гандлёвай надбаўкі абмежаваны. У выніку рэнтабельнасць не тая, якую хацелася б атрымаць. Таму тавар гоняць на Расію.

Сеткі застаюцца вінаватыя

«Нашай Ніве» расказваюць пра экстравагантныя схемы, калі вытворца фіктыўна пастаўляе сваю прадукцыю ў Расію, а потым, ужо з пажаданай для сябе маржынальнасцю, перапрадае гародніну з расійскай юрыдычнай асобы ў беларускую сетку.

Сама бульба пры гэтым нікуды з беларускага склада не выязджае, падарожнічаюць толькі дакументы. Сеткі разумеюць праблемы вытворцы і вымушаны мірыцца з такім станам рэчаў. Але і тут узнікае праблема.

У Беларусі існуюць патрабаванні да наяўнасці на паліцах беларускіх тавараў. Гэтак званы «абавязковы асартыментны пералік». І калі бульба на паліцы толькі па дакументах расійская, а па сутнасці — беларуская, гэта ўсё роўна парушэнне. Сетку будзе чакаць штраф ад Мінгандлю.

«Не дапускаць звужэння асартыменту бульбы, гародніны і яблыкаў айчыннай вытворчасці […] Пастрожыць кантроль за наяўнасцю ў гандлёвых аб'ектах садавіннай і гародніннай прадукцыі айчыннай вытворчасці», — гаворыцца ў атрыманым намі лісце ад МАРГ да рытэйлавых сетак.

Каб пазбегнуць штрафу, сеткі пішуць скаргі, што ім не пастаўляюць гародніну — страхуюцца, ходзяць першымі. 

Тады чыноўнікі праз сваіх калег у аблвыканкамах ціснуць на вытворцаў, каб тыя перадусім закладвалі прадукцыю ў стабілізацыйныя фонды для рэалізацыі ўнутры краіны, а ўжо ў другую чаргу думалі аб экспарце.

Вытворцам перакрываюць магчымасць свабодна экспартаваць у Расію — з кастрычніка «ў мэтах паўнавартаснага забеспячэння ўнутранага рынку ў міжсезонны перыяд вываз белакачаннай капусты, яблыкаў і цыбулі за межы краіны будзе ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях […] Упаўнаважаныя органы будуць прымаць рашэнні аб выдачы ліцэнзіі сыходзячы з аператыўнага аналізу свабодных рэсурсаў […]». 

Вытворцы вымушаны закладаць прадукцыю ў стабфонды і прадаваць яе беларускім сеткам. А толькі астатняе прадаваць на экспарт.

Праблема вырашана? Усё ж не зусім….

Гнілое, затое таннае

У адным з атрыманых дакументаў чытаем наступнае: «Пры ўзгадненні заяваў вытворцаў на экспарт капусты, цыбулі і яблыкаў кіравацца прынцыпам першачарговай закладкі якаснай прадукцыі таварных гатункаў у стабфонды на міжсезонны перыяд 2024/2025», — пастанаўляе МАРГ. 

Гэтую фразу трэба расшыфроўваць так, што вытворцы сталі складваць на зіму гародніну кепскай якасці, якой месца не там, а ў свіным карыце. Але вы просіце ў нас аб'ёмы — мы дамо вам аб'ёмы. А нармальнае ўсё роўна прададзім туды, дзе выгадна. Калі што — скажам, што само папсавалася.

Гэты хітрык, праўда, доўга не можа быць у тайне, таму што сезон ураджаю ўжо скончыўся, і пастаўкі вядуцца са стабілізацыйных фондаў. Але і даказаць ягоную намеранасць складана, трэба літаральна каб нехта стаяў і правяраў якасць. Затое цана адпавядае якасці.

Такім чынам, якая сітуацыя цяпер:

Мінсельгас павінен у жывым рэжыме наводзіць даведкі аб тым, ці ёсць у сельгасарганізацыях і ў фермераў свабодныя бульба, капуста, морква, бурак, цыбуля і яблыкі. А калі знойдзе іх, то інфармуе Мінгандлю, каб тое прымушала фермераў заключаць дамовы з сеткамі;

Аблвыканкамы павінны штотыдзень (па пятніцах) перадаваць даныя ў Мінгандлю аб тым, як заключаюцца дамовы і закладкі бульбы, гародніны і яблыкаў у стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд 2024/2025. А таксама правяраюць, ці не гнілую гародніну фермеры з помсты заклалі ў стабфонды;

Фермеры павінны — пад кантролем аблвыканкамаў — не змяняць умовы пастаўкі, не адмаўляцца ад паставак, не скасоўваць дамовы з сеткі на пастаўку прадукцыі, на якую дзейнічаюць максімальныя адпускныя цэны;

Нарэшце, сеткі павінны не дапускаць звужэння асартыменту бульбы, гародніны і яблыкаў айчыннай вытворчасці. 

Адным словам, усе пры справе, але ніхто не ў выйгрышы. 

Каментары7

  • Беня
    06.12.2024
    Распределители щедрот хотят оставаться на вершине пищевой цепи.
  • Крывянка
    06.12.2024
    Беня , Падсвiнак у хляве таксама лiчыў сябе вяршыняй, але пад Раство пайшоў на кiлбасу. Гэта будзе i з дзяржаўнымi падсвiнкамi.
  • Алекс
    06.12.2024
    "Только взялся за яйца, как сразу молоко пропало."

«Я сам усё рабіў правільна». Сын дыякана папрасіў пазбавіць візы дачку генерала — і трапіў у турму за палітыку

«Я сам усё рабіў правільна». Сын дыякана папрасіў пазбавіць візы дачку генерала — і трапіў у турму за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

Найлепшы гулец чэмпіянату Беларусі перайшоў у балгарскі клуб

Рыжанкоў сустрэўся з новым кіраўніцтвам Сірыі6

Арына Сабаленка выйшла ў фінал Australian Open7

Справу расійскага палітолага Суздальцава аб паклёпе на Лукашэнку вярнулі на даследаванне ў пракуратуру1

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні15

«Разбіраюць менш чым за гадзіну». Беларусы пачалі паляванне на пуцёўкі ў летнікі1

Маці асуджанага на 17 гадоў анархіста Францкевіча будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»2

Беларус даслаў 56 фатаграфій жонкі чыноўнікам, каб атрымаць ДНЖ у Польшчы7

На «Еўрабачанне» ад Ізраіля паедзе дзяўчына, якая выжыла падчас нападу ХАМАС на фестываль Nova3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я сам усё рабіў правільна». Сын дыякана папрасіў пазбавіць візы дачку генерала — і трапіў у турму за палітыку

«Я сам усё рабіў правільна». Сын дыякана папрасіў пазбавіць візы дачку генерала — і трапіў у турму за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →