Сын прэзідэнта Уганды запатрабаваў ад Турцыі мільярд даляраў і самую прыгожую жанчыну краіны сабе ў жонкі
Сын прэзідэнта Уганды, галоўнакамандуючы арміяй краіны Мухузі Кайнеругаба зрабіў у сацыяльных сетках шэраг рэзкіх і правакацыйных заяў у бок Турцыі.

Кайнеругаба сцвярджаў, што Турцыя нібыта не здолее супрацьстаяць Угандзе ў выпадку вайны і нават заявіў, што ў Стамбуле яго сустрэлі б як героя. Таму ён запатрабаваў ад Турцыі адзін мільярд даляраў і «самую прыгожую жанчыну краіны» сабе ў жонкі. А калі Турцыя адмовіцца, то Кайнеругаба прыгразіў закрыць турэцкае пасольства ва Угандзе.
Таксама Кайнеругаба выказаў іншыя дзіўныя ідэі, напрыклад, прапанаваў накіраваць вялікую колькасць людзей у Ізраіль нібыта для яго абароны.
Такія заявы могуць быць звязаныя з напружанымі адносінамі паміж Угандай і Турцыяй, у тым ліку з-за ўплыву ў Самалі. Уганда з 2007 года трымае свае войскі ў гэтай краіне ў рамках місіі Афрыканскага саюза. На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў угандскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў баях супраць групоўкі «Аш-Шабааб», неслі страты і значныя выдаткі. Турцыя ж з’явілася ў Самалі пазней, але, паводле меркавання Мухузі Кайнеругабы, зрабіла гэта вельмі эфектыўна. Яна пабудавала ў сталіцы краіны Магадзіша вайсковую базу, атрымала кантракты на кіраванне портам і аэрапортам, а таксама ўклала сродкі ў развіццё інфраструктуры краіны.
Дадаткова ўплывае і тое, што ўлады Уганды падтрымліваюць Ізраіль, у той час як турэцкае кіраўніцтва часта яго крытыкуе.
Падобныя выказванні Кайнеругабы ўжо не першы раз выклікаюць міжнародны скандал. Раней ягонаму бацьку, 81‑гадоваму прэзідэнту Уганды Яверы Мусявені, які кіруе аж з 1986 года, ужо даводзілася выбачацца перад іншымі краінамі за заявы сына.
Цяпер чытаюць
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары
Цікава ці стрымаецца Эрдаган каб жорстка на пажартаваць з гэтай усей крынжаціны?) А так канешне, свету як раз не хапала яшчэ адной вайны..
Як тут нехта вельмі трапна сказаў,што ў будучыні гісторыкі назавуць наш час - часам адмарозкаў ва ўладзе амаль па ўсім свеце.