«Не падайце духам, паручык Шпакоўскі». Як беларускія прапагандысты і аналітыкі рэагуюць на падзеі ў Сірыі
Паўстанцы захапілі Дамаск, Башар Асад даў лататы. Гэта вялікі геапалітычны ўдар па Расіі. Сабралі ацэнкі сітуацыі.
Гігін: «Падзенне Асада — моцны ўдар па Расіі. Але не смяротны»
Такое меркаванне ў сваім тэлеграм-канале выказаў Вадзім Гігін. Ён азадачаны праблемай захавання расійскіх баз у Сірыі:
«Асад усё. Расія зараз будзе вырашаць свае задачы ў Сірыі без яго. Складана, але не немагчыма. Зразумела, што ў першую чаргу стаіць пытанне аб расійскіх базах, а менавіта іх бяспецы і магчымым захаванні (пажадана) ці вывадзе».
Гігін бачыць, што з прадстаўнікамі «антыасадаўскіх сіл» можна дамаўляцца. І раіць «захоўваць халодную галаву і моцныя нервы».
«Падзенне Асада — моцны ўдар для Расіі. Але не смяротны. Адна з ключавых задач зараз, каб да ўлады ў Дамаску не прарваліся праамерыканскія марыянеткі», — піша Гігін.
Шпакоўскі: «Перамены могуць быць не толькі да лепшага, але і да горшага»
Аляксандр Шпакоўскі пра падзеі ў Сірыі выказаўся ўчора. Дарадца-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі і асабліва давераны чалавек рэжыму заўважае:
«Тое, што адбываецца ў Сірыі — адзін з элементаў той карціны глабальных перамен, якія адбудуцца ўжо ў бліжэйшы час».
Прапагандыст заўважае, што перамены могуць быць не толькі да лепшага, але і да горшага, і тлумачыць:
«У шэрагу выпадкаў чаканы глабальны кампраміс — гэта не толькі жаданыя поспехі (таксама абавязкова будуць), але таксама нарастанне схаваных і відавочных рызык, якія трансфармуюцца ў актуальныя пагрозы ў будучыні.
У гэтым сэнсе трыумф «прагрэсіўных джыхадыстаў» (як іх называе заходняя прэса) у Сірыі не абяцае нічога добрага. Нарастаюць тэрарыстычныя выклікі для Цэнтральнай Азіі, Ірана, Расіі».
Шпакоўскі заўважае, што прыклад «сірыйскай мадэлі перыяду Башара Асада» паказальны яшчэ і тым, што «замежная падтрымка не можа быць сталай гарантыяй існавання дзяржавы».
«Толькі ўласнае матываванае войска, праваахоўны блок і спецслужбы разам з шырокай грамадскай легітымнасцю здольныя забяспечыць дзяржаўны суверэнітэт», — адзначае прапагандыст і дадае, што для кіраўніцтва краіны «вельмі шкодна самазаспакойвацца ва ўтульным ложы «канструктыўных» справаздач чыноўнікаў і мілагучнай прапаганды».
Шпакоўскі прапануе «формулу абароны любой дзяржавы, якая падвяргаецца агрэсіі «моцных гэтага свету» — «сістэма перакрыжаванага кантролю, пастаянная крытыка і самакрытыка, акцэнт на праблемных пытаннях, няспынная баявая вучоба арміі і праваахоўнага блока».
«Застой у падобных выпадках падобны да смерці», — лічыць прапагандыст.
Дзермант: «Нельга спадзявацца на замежную ваенную дапамогу»
З Шпакоўскім салідарны Аляксей Дзермант. На сваёй старонцы ў тэлеграме сёння ранкам ён пакінуў кароткі пост наступнага зместу:
«Галоўная навука з Сірыі такая: ніколі нельга спадзявацца толькі на замежную ваенную дапамогу. Уласнае моцнае войска і спецслужбы — на гэтым нельга эканоміць. І ніколі нельга марудзіць з умацаваннем унутранага адзінства, калі ёсць на гэта час. Утрымаць краіну можа нават невялікае згуртаванае, ідэйна зараджанае ядро, але яно павінна ў вас быць».
Азаронак: «На Расію няма чаго наракаць»
Саліст беларускай прапаганды Рыгор Азаронак на працягу сённяшняга дня на сваёй старонцы ў тэлеграм пакінуў некалькі допісаў.
Першы ён распачаў з фразы «На Расію тут наракаць няма чаго». (ён напісаў па-расейску з памылкай: «пинять»). Ён мяркуе: за тое, што адбылося, нясе адказнасць кіраўніцтва Сірыі:
«За захаванасць улады і тэрыторыі адказвае вайскова-палітычнае кіраўніцтва краіны. Расія ў 2016 годзе Сірыю выратавала. Магчымасць ствараць магутнае войска была».
«Для нас адна навука — ніколі не самазаспакойвацца. Ніколі не верыць Захаду. Саюзніку верыць, але самім не кепсціцца. Рабіць войска, зброю і ідэалогію. І чакаць удару».
У наступным сваім пасце Азаронак тлумачыць: «Армія, беспілотнікі, арта, войскі, вывучка, добраахвотнікі, прапаганда, разведка і контрразведка, тэхніка, людзі».
І яшчэ раз дадае пра саюзніка: «Саюзнік дапаможа толькі тады, калі ты сам на нешта здатны».
«У Башара Асада быў час на ўсё гэта. Але ён паверыў у дамоўленасці з Захадам і прыгожыя справаздачы».
У наступным запісе прапагандыст заўважае: «Калі Захад вас прыгаварыў — то вы можаце хоць сто разоў з ім дамовіцца. Башар Асад вучыўся ў Брытаніі, меў бліскучыя адносіны з французамі. Як і Хусэйн, зброю якому для вайны з Іранам давалі Штаты. Як і Кадафі, які спансараваў Сарказі. Як і Мілошавіч, які «ўсё парашаў» з Захадам».
Насамрэч, Азаронак тут нацягвае рэчаіснасць на свае антызаходнія схемы. Захад ухіліўся ад вырашэння сітуацыі ў Сірыі — таму што Асад быў супраць таго, каб Захад браў у гэтым удзел. Абама чырвоную лінію правёў — і ўмыў рукі, калі Дамаск яе перайшоў. Лёс краіны вырашалі Расія, Іран, Турцыя — а Асад, наадварот, зрабіў стаўку на сілавое рашэнне, а не дамовы.
Азаронак прапануе не гараваць з нагоды пройгрышу Расіі ў Сірыі. Ён лічыць, што «глабальна» яна будзе ў пераможцах: «Расія прайгравала Крымскую вайну. Японскую. Сталін прайграваў Югаславію, Грэцыю, Іран. Але мы заўсёды ў выніку перамагалі глабальна. Не падайце духам».
Лазуткін: «Свет стаў бліжэйшым да канфлікту вакол Ірана»
На сайце БелТА і дзяржаўных СМІ навіны з Сірыі губляюцца сярод іншых падзей у свеце. БелТА і «Беларусь сегодня» перадрукоўвае паведамленні ТАСС, свайго меркавання, як і сваіх карэспандэнтаў Мінск не мае, глядзіць на свет праз падзорную трубу Масквы. З каментарыем выступіў толькі палітычны аглядальнік «Мінскай праўды» камуніст Андрэй Лазуткін.
Ён сцвярджае, што «ў бліжэйшы час Сірыя знікне як суб'ект міжнародных адносін. На карце застануцца старыя межы, але, як і Лівія, некалі адзіная дзяржава ператворыцца ў не звязаныя адна з адной зоны кантролю».
Па меркаванні Лазуткіна, «розных гульцоў у рэгіёне» аб'ядноўвала супольная мэта — ліквідаваць уладу Асада. Цяпер, калі яна дасягнутая, кожная групоўка паасобку будзе рэалізоўваць свае інтарэсы.
«Як правіла, зоны кантролю хутка фармуюцца вакол нафтавых радовішчаў і каналаў лагістыкі, таму ў кожнай узброенай банды хутка будзе свая вышка, сцяг і шэйх. Новай адзінай сілы, па тыпе ІДІЛ, там не з'явяцца, у сваёй масе гэта будуць курдскія, пратурэцкія і вахабіцкія фарміраванні».
Камуніст чакае, што Сірыю чакае крызіс кіравання на працягу некалькіх месяцаў. А Расія, хутчэй за ўсё, паспрабуе захаваць хаця б зону кантролю ў Латакіі, каб мець хаця б мінімальны інструмент для ўплыву на сітуацыю.
«Але нават у выпадку поўнага хаосу нейкая апорная група сярод насельніцтва ў Расіі застанецца — да расейцаў грамадзяне Сірыі ставяцца добра, многія кіраўнікі вучыліся ў савецкіх ВНУ, расейцам удзячныя за аказаную дапамогу. Так што, хутчэй за ўсё, у процівагу новай уладзе (пратурэцкім і вахабіцкім групоўкам) расейцы працягваюць шукаць падыходы да сірыйскага кіраўніцтва на месцах», — лічыць Лазуткін і дадае, што «з падзеннем Сірыі свет стаў адназначна бліжэйшым да лакальнага канфлікту вакол Ірана».
Характэрна, што Лазуткін, як і Гігін, і амаль усе, каму ў лукашэнкаўскіх СМІ дазволена гаварыць, не робяць розніцы між інтарэсамі Беларусі і Расіі. Для іх інтарэсы Масквы, у тым ліку і ў далёкай Сірыі — гэта і іх інтарэсы.
Незалежныя аналітыкі і журналісты незалежных СМІ, наадварот, мяркуюць, што беларускі інтарэс з расійскім разыходзіцца.
Фрыдман: «Будучыня Сірыі выглядае змрочна»
Такі погляд выказаў аналітык Аляксандр Фрыдман. На яго погляд, краіна мае ўсе шанцы «загразнуць на гады ў крывавым балоце грамадзянскай вайны і ператварыцца ў «новую Лівію».
Аналітык прагназуе, што «за радасцю ў Хомсе, Дамаску і Алепа вельмі хутка рушыць услед працверажэнне, а ў Еўропу накіруюцца натоўпы бежанцаў, якіх у гэты раз у ЕС, імаверна, не пусцяць».
Ён заўважае, што крах Асада наносіць сур'ёзны ўрон маскоўска-тэгеранскай «восі зла».
Паводле слоў Фрыдмана, амбіцыйны фундаменталісцкі Іран паказаў сябе слабой рэгіянальнай дзяржавай, а разгром іранскага пасольства ў Дамаску можа стаць прадвеснікам эпахальных перамен у самой Ісламскай Рэспубліцы, рэжым якой трымаецца на штыках Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і іншых карных падраздзяленняў.
Масква ж пацярпела, мабыць, самае гучнае замежнапалітычнае паражэнне за межамі постсавецкай прасторы з часоў войнаў у Югаславіі і яшчэ раз наглядна паказала, што з'яўляецца тыграм, але папяровым тыграм, піша Фрыдман.
Аналітык лічыць крах Асада знакавым для іншых дыктатараў.
«Лёс Асада (незалежна ад таго, загінуў ён у авіякатастрофе ці стане «новым Януковічам») яшчэ раз пацвярджае, што ход маятніка гісторыі можна запаволіць (як гэта робіць Пуцін усе апошнія гады), але яго нельга спыніць. Пуцін і Лукашэнка ніколі не зразумеюць гэтую простую аксіёму. Яны могуць і далей запасацца «арэшнікамі», але «арэшнікі» не выганяць з іх рэзідэнцый прывіду… прывіду зрынутага дыктатара Башара Асада», — дадае Фрыдман.
Гурневіч: «Што Пуцін выйграў у Сірыі?»
Гэтым пытаннем задаўся Дзмітрый Гурневіч. У сваім тэлеграм-канале журналіст заўважае, што падзенне рэжыму Асада ў Сірыі нагадала збітую формулу «Пуцін усіх перайграў», якую «вельмі часта паўтаралі, калі казалі пра Сірыю. Маўляў, ох, ох, якія геніяльны стратэг і тактык Пуцін. Злы, але геній».
Журналіст прыводзіць вялікі тэкст, напісаны ім яшчэ ў 2018 годзе пра міф пра «перамогі» Пуціна. У ім ён крытыкуе прапаганду, якая стварае вобраз расійскага прэзідэнта як моцнага лідара і хавае сапраўдны стан рэчаў. «Задаволены ад фразы «Пуцін усіх перайграў» можа быць толькі сам Пуцін», — лічыць Гурневіч.
Усе кіраўнікі, супраць якіх выступалі пратэстоўцы падчас Арабскай вясны 2011 года, сышлі ў мінулае. Асад стаў апошнім
Ізраіль нанёс авіяўдары па Дамаску. І заняў частку тэрыторыі Сірыі на Галанскіх вышынях
МЗС Расіі перастала называць сірыйскіх паўстанцаў тэрарыстамі — цяпер кажуць пра апазіцыю
Башар Асад пакінуў пасаду прэзідэнта Сірыі і краіну — МЗС Расіі
Каментары
Але нават атлумлены пачуцьцем зара здагадаецца:
Камуняны разгледзелі дыхатамію паміж спадаром Асадам і ісьлямскімі фундамэнталістамі і ўяўляюць яе, як супрацьстаяньне зла з дабром? А з гэтае нагоды зара сьвяткуюць перамогу дэмакратыі ў перадчуваньні павелічэньня надояў з бульбы кубічнай ў пераліку на адсотак працаўладкаваных адначасова зь немінуча надыходзячым ападзеньнем блых і мандавошакнак з працаадзінкавых тушак ў камунянскім калгасе за тры парсэкі ад Былога Асадлянду?
Ісьлямісты вышчымілі спадара Асада эрго і шкоднікі з камунянскіх палёў збягуць!