Беларуску пад міжнароднай абаронай адлічылі з польскай паліцэальнай школы, бо яна не змагла пацвердзіць атэстат
У Віталіны (імя змененае) статус дадатковай абароны ў Польшчы. У верасні 2024 года дзяўчына паступіла ў паліцэальную школу — у такіх установах дарослыя атрымліваюць прафесійную адукацыю. Але праз месяц адміністрацыя запатрабавала пацвердзіць беларускі атэстат. Віталіна не змагла гэтага зрабіць – і яе адлічылі з навучальнай установы. Сваёй гісторыяй яна падзялілася з MOST.
Каб пацвердзіць атэстат, Віталіне трэба было б паехаць у Беларусь і паставіць на яго апастыль. Але гэта немагчыма: статут міжнароднай абароны падразумявае, што замежніку небяспечна вяртацца на радзіму. Віталіна не мае права звяртацца нават у консульскія ўстановы Беларусі.
Адміністрацыя школы параіла дзяўчыне звярнуцца ў Раду адукацыі (кураторыум) Беластока.
— Хадзіла туды некалькі разоў, і кожны раз мне давалі новыя ўнёскі (заявы. — Заўвага MOST). У выніку аднесла туды ўнёскі, арыгінал і пераклад атэстата, ксеракопію карты побыту і рашэнне [аб прадастаўленні дадатковай абароны] як пацвярджэнне, што не магу атрымаць любыя іншыя дакументы ў Беларусі, — распавядае Віталіна.
Праз тыдзень беларуска даведалася, што яе дакументы перададзены на разгляд у Варшаву. Але прыкладна ў той жа час Віталіну адлічылі з паліцэальнай школы.
Яшчэ праз месяц дзяўчына атрымала ліст з кураторыуму Варшавы. Там таксама запатрабавалі прадставіць атэстат з апастылем, а таксама іншыя дакументы, у тым ліку інфармацыю аб навучальнай праграме сярэдняй навучальнай установы, якую яна скончыла ў Беларусі.
У рэшце рэшт разгляд яе справы прыпынілі.
— Сказалі, што мне трэба хаця б паспрабаваць звязацца з беларускім бокам па электроннай пошце, каб прыкласці да справы альбо адмову [у прадастаўленні інфармацыі], альбо адсутнасць адказу. Пасля гэтага трэба прыехаць у кураторыум Варшавы, і яны адновяць працу над прызнаннем атэстата.
Віталіна ўжо адправіла два лісты на розныя электронныя пошты Міністэрства адукацыі Беларусі. Па словах дзяўчыны, адно з іх не дайшло, а на другое яна ўсё яшчэ чакае адказу.
Тым не менш, дзяўчына працягвае барацьбу за права вучыцца ў Польшчы. Незалежна ад таго, ці будзе адказ з Мінадукацыі, яна плануе прыкласці да справы сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання за 2020 год і ліст аб залічэнні ў беларускую ВНУ.
— Па ідэі, у беларускую ВНУ мяне б не прынялі без сярэдняй адукацыі, — тлумачыць сваю логіку беларуска.
Ці можна звяртацца ў Міністэрства адукацыі Беларусі, маючы міжнародную абарону ў Польшчы
Міжнародная абарона мае на ўвазе, што асоба, якая атрымала гэты статус, не павінна падвяргаць сябе небяспецы: наведваць краіну паходжання і яе консульскія ўстановы і кантактаваць з органамі ўлады гэтай краіны.
Паколькі Міністэрства адукацыі Беларусі з'яўляецца дзяржорганам, кантакт з ім можа быць успрыняты польскімі ўладамі як дэманстрацыя, што пагрозы для асобы няма і яно не мае патрэбы ў абароне.
У чым праблема з беларускімі атэстатамі
MOST расказваў аб бюракратычнай праблеме, з якой сутыкнуліся абітурыенты і студэнты. У лістападзе 2023 года скончыўся тэрмін пагаднення паміж Беларуссю і Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, але яшчэ да таго Беларусь прыпыніла дзеянне гэтага дакумента. Пагадненне прадугледжвала ўзаемнае прызнанне атэстатаў і дыпломаў. Калі яна перастала дзейнічаць, ад беларускіх абітурыентаў у Польшчы сталі патрабаваць даведку, якая пацвярджае легальнасць атэстатаў. Але з яе атрыманнем у Беларусі ўзніклі праблемы.
Тады Польшча ўнесла змены, адмяніўшы неабходнасць прадстаўлення гэтай даведкі. Цяпер прызнанне дакументаў аб адукацыі ажыццяўляецца на аснове адміністрацыйнага рашэння. Аднак кураторыумы маюць права ўстанаўліваць свае крытэрыі прызнання атэстатаў і дыпломаў.
На практыцы гэта азначае, што многія кураторыумы патрабуюць ад беларускіх абітурыентаў апастыль ці сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання, якія сапраўдныя ўсяго два гады.
Як можна вырашыць праблему?
Дэмсілы абмеркавалі з польскім міністэрствам адукацыі рашэнне аб тым, што беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі будуць прызнавацца ў Польшчы на ўзроўні «матуры» — польскага атэстата сталасці. Іншыя патрабаванні да дакументаў абітурыентаў, якія цяпер адрозніваюцца ў залежнасці ад ВНУ і рэгіёну, будуць уніфікаваны.
У Мінадукацыі Польшчы адзначылі, што «падрыхтавалі прадпісанні, якія палепшаць працэс прызнання дакументаў беларусаў, якія паступаюць у польскія ўстановы адукацыі». Але падрабязнасцяў там не паведамілі.
Каментары
"Калі для рэалізацыі [нейкага, любога] права бежанца звычайна патрабуецца дапамога ўладаў замежнай краіны, да якой ён не можа звярнуцца, Дагаворныя Дзяржавы, на тэрыторыі якіх ён пражывае, павінны забяспечыць, каб такая дапамога была аказана яму іх уласнымі ўладамі альбо міжнародным органам."
в Суд польский и всё будет о-к, знаю случаи когда Беларусам пытались не давать гражданство Польши из-за отсутствия Свидетельства о браке. Суд всё разрешил, тк статус беженца запрещает обращаться в белорусские гос.органы. Иначе могут лишить. А для гражданства надо этот документ или решения Суда о разводзе.