Сярод пачынальнікаў цэнтральнаэўрапейскіх нацый было многа літаратараў. І Беларусь стваралася літаратурай, узьнікаючы ў ёй як тэма, фабула, сюжэт. Адзін з доказаў таму — Вацлаў Ластоўскі.
Сярод пачынальнікаў цэнтральнаэўрапейскіх нацый было многа літаратараў. І Беларусь стваралася літаратурай, узьнікаючы ў ёй як тэма, фабула, сюжэт. Адзін з доказаў таму — Вацлаў Ластоўскі.
Вершы Ластоўскага нібыта і ня бог ведае што такое… Лепшымі могуць падацца зрыфмаваныя радкі ці ня кожнага сёньняшняга пачаткоўца. Але, калі задацца пытаньнем не пра тое, як, а пра тое, што і для чаго напісана, тады ўсё стае на свае месцы. Ластоўскі пісаў дзеля таго, каб пасьля яго зьяўляліся і былі, і былі, і ўжо ніколі не сканчаліся новыя і новыя пачаткоўцы. Каб імі ў ёй, ці ёю ў іх, жыла-была Беларусь.
Тое, што зроблена Ластоўскім, у небеларускім часе замглілася, а пасьля выплыла з імглы, як нязнаная навіна. Тэкстамі, якія ня кожнаму напісаць. Яны быццам бы простыя, аднак глыбінна простыя — такая проза Быкава. І ў Ластоўскага гэта найперш вершы ў прозе.
«На грудзе, акружаным глыбокаю вадой, я горад збудаваў. Змацаваў яго дубоваю сьцяной, байнiцамi, на зводах мост уздоймны палажыў.
У клецi зьвёз усякага дабра, — калi б на грод лягла аблога…
I вояў здрадных, лжывых я разьлiчыў, каб зь вернаю дружынай толькi дзялiць мой белы й чорны дзень…
I от нахлынуў вораг многi.
Ударыў я у звон трывожны.
Дзынеў патужна цяжкi сьпiж…
Аднак на клiк мой зоўны нiхто ка мне не пасьпяшыў:
У горадзе маiм — такiм мацоўным — адзiн я быў!..»
У чым гэта саступае сёньняшнім вершаказам, вэрсэтам?.. Ні ў чым. Яно і ня можа саступаць хоць бы таму, што было раней. У пачатку.
Ластоўскі, безумоўна, разумеў і тое, што ёсьць насамрэч паэзія, калі напісаў: «Сьлязьмі душы, уздрыгамі душы — пішы!..»
Адзін зь ягоных вершаў сьпявала некалі, як народную песьню, мая бабуля. І я, навучаны ёю, ня ведаючы, канечне, што гэта трохі перайначаны верш Ластоўскага або, можа, наадварот, ім перайначаная народная песьня, падпяваў:
Ідзе Вітаўт па вуліцы,
За ім нясуць дзьве шабліцы.
Слаўны князь Вітаўт,
Слаўны Гаспадару,
Слаўна наша Гаспадарства!
Шаблі літы, злотам біты,
Ручы скурай апавіты.
Слаўны князь Вітаўт,
Слаўны Гаспадару,
Слаўна наша Гаспадарства!
Адна шабля для спадара,
Друга шабля на татара.
Слаўны князь Вітаўт,
Слаўны Гаспадару,
Слаўна наша Гаспадарства!..
Песьню гэтую не маглі, мусібыць, не сьпяваць у маім Крэве, дзе ня толькі Крэўскі замак, але і камень кожны, і любы пагорак — усё нагадвала пра Вітаўта, пра Вялікую Літву. Пра якую Ластоўскі сказаў: «Крывёй сыноў Тваіх куплялі славу гучную на Грунвальда палёх».
Ластоўскі не здабыў сабе гучнай славы ў паэзіі, іншую займеў славу; тым ня менш, як паэт, як літаратар, ён вось да чаго імкнуўся:
Формаў трупехлых я вораг дасконны,
сьцежак стаптаных ня зношу тварэньнi;
новым iмкненьням даць новыя формы,
новыя словы i дум выражэньня
стаўлю я мэтай.
У гэтым імкненьні — на мяжы магчымага — Вацлаў Ластоўскі і прайшоў, спраўдзіў наканаваны яму шлях. Сказаўшы ў адным зь вершаў: «Чала я не хіліў прад сілай…» — і гэта таксама спраўдзіўшы.
Каментары